Вы тут

Беларусы Латвіі перадалі 7-метровы вышываны ручнік Раймандсу Веёнісу


Актывісты Саюза беларусаў Латвіі ўрачыста перадалі 7-метровы беларускі вышываны ручнік Прэзідэнту гэтай краіны Раймандсу Веёнісу


Раймандс Веёніс прымае ў дар беларускі ручнік

Пра вялікі супольны “ручніковы” праект Саюза беларусаў Латвіі, этапы ягонай прыгожай рэалізацыі не раз пісала газета “Голас Радзімы”. Падрабязна пра задуму расказваў на самым пачатку справы Барыс Піскуноў, намеснік галоўнага рэдактара газеты беларусаў Латвіі “Прамень” (“Родныя сэрцу ўзоры” — ГР, 22.06.2016). Сутнасць жа ініцыятывы такая: ва ўсіх 15-і аб’яднаннях, што ўваходзяць у Саюз беларусаў Латвіі, лепшыя майстрыхі супольна, па чарзе вышывалі сяміметровы льняны Ручнік.

Як вядома, у беларускай культуры вельмі важнае месца займаюць ручнікі. Цесна й непарыўна спалучаны яны з народнымі традыцыямі. Не раз пра тое пісалі й беларускія паэты. Скажам, у творцы з глыбінкі Аркадзя Нафрановіча (які жыў у мястэчку Камаі Пастаўскага раёна, працаваў там настаўнікам) ёсць пра ручнікі такія вершаваныя радкі: “На іх ад розных бед замовы, / Ва ўсе часы для нас яны — / Як сімвал матчынай любові, / Як знак людское дабрыні”. У побыце беларусаў ручнікі й сёння — заўсёды побач, да таго ж па-ранейшаму выконваюць разнастайныя абрадавыя функцыі. Ручнікамі, мы ж ведаем, спрадвеку ўпрыгожваюць чырвоны кут з абразамі ў хатах, у ручнік загортваюць дзіця пры хрышчэнні, ручнік завязваюць цераз плячо свату на вяселлі, хлебам-соллю на ручніку сустракаюць маладых з царквы, ручнік даюць як абярэг у падарожжа, на ручніках і праводзяць чалавека ў апошні шлях — апускаюць у магілу труну...

У ручніках нашых, варта прыгледзецца, пераважаюць геаметрычныя ўзоры, у асноўным ромбы: гэта старажытная выява Зямлі-маці ды ўрадлівасці. А маленькія ромбы азначалі заклінанні-пажаданні пра добры ўраджай, маленне пра ўдачу, здзяйсненне жаданняў. Дарэчы, на сучасным Дзяржаўным сцягу Беларусі таксама ж адлюстраваны гэты арнамент. Усе вышыўкі на беларускіх ручніках выконваюцца чырвоным колерам на белым фоне, бо чырвань — гэта знак Сонца, а значыць і Жыцця.

Рыхтуючыся да 100-годдзя Латвійскай Рэспублікі, а таксама 15-годдзя Саюза беларусаў Латвіі, 15 культурна-асветніцкіх таварыстваў СБЛ вырашылі супольна вышыць ручнік — як дар Латвіі, як сімвал дружбы й яднання нашых народаў. Сумесна са спецыялістамі з мінскага прадпрыемства “Тэатральныя майстэрні” ініцыятары праекта распрацавалі як ідэю вышыўкі, так і арнаменты малюнкаў, спланавалі размяшчэнне іх на сяміметровым палатне. Майстрыхі з розных беларускіх суполак вышылі на ім сваю назву і горад пражывання, змясцілі беларускі арнамент. Праца гэтая карпатлівая ішла два гады, і за яе ходам пільна сачыла ўся беларуская дыяспара.

І вось 27 кастрычніка, на заключнай імпрэзе Дзён беларускай культуры ў Латвійскай нацыянальнай бібліятэцы, Ручнік упершыню быў разгорнуты ва ўсёй сваёй прыгажосці перад шырокай публікай. Тады ва ўсхваляванай цішыні Станіслаў Валодзька, беларускі паэт з Даўгаўпілса, прачытаў свой верш, прысвечаны гэтай падзеі. А 23 лістапада, калі праходзіў Латвійскі форум нацыянальных меншасцяў “Ад інтэграцыі да аб’яднанага грамадства”, у Прэзідэнцкім палацы адбылася ўрачыстая перадача Беларускага Ручніка латышскаму народу — як сімвалічнага пажадання міра і дабрабыту яму, а таксама ў гонар 100-годдзя Латвійскай Рэспублікі, 15-годдзя Саюза беларусаў Латвіі. Дар ад латышскіх беларусаў прымаў Прэзідэнт Латвіі Раймандс Веёніс. Беларускую дэлегацыю на ўрачыстасці ўзначальвалі старшыня Саюза беларусаў Латвіі Валянціна Піскунова і аўтар ідэі Алёна Лазарава. У склад святочнай дэлегацыі ўваходзілі прадстаўнікі таварыстваў “Уздым” (Даўгаўпілс), “Прамень” (Рыга), “Спатканне” (Екабпілс), “Мара” (Ліепая).

Прэзідэнт шчыра і сардэчна падзякаваў актывістам Саюза беларусаў Латвіі за цудоўны падарунак. Ён пры тым адзначыў, што беларусы жывуць у Латвіі на працягу многіх стагоддзяў, і гэтая зямля ім — не чужая. Што беларусы — сумленныя працаўнікі, а таксама й добрыя суседзі. Раймандс Веёніс выказаў упэўненасць, што і надалей у нашых народаў будуць добрыя ўзаемаадносіны, пажадаў усім прадстаўнікам беларускай дыяспары ў Латвіі здароўя і дабрабыту.

Ад рэдакцыі. Спецыялісты мяркуюць: у мінулым, верагодна, ручнік сам па сабе быў своеасаблівым язычніцкім абразом, магічным сімвалам роду, сям’і, з дапамогай якога мацаваліся повязі беларусаў з нашчадкамі ды продкамі. Гэтыя ручнікі пераходзілі з роду ў род, з пакалення ў пакаленне. У многіх беларускіх сем’ях такая традыцыя захоўваецца й сёння.
Увогуле ручнік — гэта, можна сказаць, цэлы Сусвет розных сімвалаў, знакаў, значэнняў, сэнсаў. А паэт Змітрок Марозаў выказаўся так: “Саматканыя ручнікі:/ Радасць, смутак, бяссонне вёсак./ Размаўляюць са мной вякі,/ Пакаленні людскія, лёсы./ Неба весняга жаўрукі/ І валошкавая прахалода.../ Саматканыя ручнікі — Твор крынічнай душы народа”.

З 28 мая 2016 года Ручнік са сталіцы Латвіі пачаў шлях па розных гарадах краіны: Ліепая, Вентспілс, Даўгаўпілс, Екабпілс, Елгава, Рэзэкнэ, Краслава, Прэйлі, Віляны, Дагда, Лудза, Зілупэ, Ліваны.

Калі ішла праца над беларускім Ручніком, то сябры з СБЛ паведамлялі ў рэдакцыю: паралельна будзе рабіцца і другі аналагічны Ручнік. Меркавалася, што ён, гатовы, будзе падораны ў адзін з музеяў Беларусі. Так што — чакаем навін з Латвіі.

Алёна Міцкевіч,  член праўлення Саюза  беларусаў Латвіі

Загаловак у газеце: Латвійскаму народу ў дар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».