Вы тут

Вянок, які звіваў Майроніс


Літва і Беларусь паядналіся ва ўзнаўленні, перастварэнні спадчыны славутага літоўскага паэта


Майроніс (Йонас Мачуліс) — класік літоўскай літаратуры. Нарадзіўся ў 1862 годзе, памёр у Каўнасе ў 1932-м. Першы верш надрукаваў у 1885-м: “Літоўскі раб”. Першая кніга — “Гісторыя Літвы, альбо Апавяданні пра літоўскае мінулае”. Вучыўся ў Пецярбурзе. Як на паэта ўплыў на Майроніса мелі многія класікі рускай і польскай літаратур, у тым ліку — і звязаныя з Беларуссю Адам Міцкевіч, Юзаф Крашэўскі, Юліуш Славацкі. Літоўскі класік — аўтар вершаванай гістарычнай трылогіі: “Смерць Кейстута”, “Вітаўт у крыжакоў”, “Вітаўт — кароль”.

І хаця можна лічыць, што беларуска-літоўскія сувязі гістарычна знаходзяцца на высокім узроўні развіцця, аднак творчасць Майроніса не надта прывабіла раней беларускіх перакладчыкаў. (Магчыма, таму, што паэт, лібрэтыст быў яшчэ й тэолагам, каталіцкім святаром, а ў савецкі час літаратурнай творчасці такіх асобаў не надавалася вялікай увагі. — Рэд.) Цяпер жа ў Вільнюсе падрыхтавана да выдання кніга вершаў славутага паэта, пераствораных на беларускую мову.
Ініцыятар кніжнага праекта — літоўскі дзіцячы пісьменнік, публіцыст, перакладчык Вітаўтас Жэймантас, які да ўсяго — і сябар Саюза пісьменнікаў Беларусі. Доўгі час ён супрацоўнічаў з газетай “Звязда”, нават пазіцыянаваўся як уласны карэспандэнт выдання ў Літве. Вітаўтас даследуе гісторыю беларуска-літоўскіх літаратурных сувязяў, напісаў вялікі цыкл нарысаў пра повязі персанажаў беларускай гісторыі з Літвою, Вільнюсам, збіраецца выдаць кнігу на гэтую тэму.

Ідэя выдання спадчыны Майроніса па-беларуску, як расказвае сам спадар Жэймантас, нарадзілася ў яго ў Мінску, калі ў 2017-м Выдавецкі дом “Звязда” правёў “круглы стол” па пытаннях беларуска-літоўскіх літаратурных стасункаў. Тады да размовы далучыліся дырэктар выдавецтва “Адукацыя і выхаванне” публіцыст Мікалай Супрановіч, паэт і перакладчык Алесь Бадак, галоўны рэдактар часопіса “Вясёлка” Уладзімір Ліпскі, паэтэса Юлія Алейчанка, намеснік старшыні Беларускага Саюза мастакоў Юры Хмыроў. Ад Літвы ўдзельнічалі аташэ па культуры Амбасады Літвы ў Беларусі Міндаўгас Габрэнас, дырэктар выдавецтва “Тры зорачкі” Яронімас Лауцюс і сам Вітаўтас Жэймантас. Тады й прагучалі вершы Майроніса ў перакладзе на беларускую мову Юліі Алейчанкі, Яны Явіч, Вікторыі Радунь-Саротнік. “З перакладчыцамі й пачалося найперш маё абмеркаванне тэмы выдання Майроніса па-беларуску, — гаворыць Вітаўтас Жэймантас. — У Вільнюсе кансультантам у маіх клопатах па перастварэнні спадчыны літоўскага класіка на мову Купалы стала добрая знаўца беларускай літаратуры спадарыня Альма Лапінскене. Яна ж нагадала, што Майроніса раней перакладаў на беларускую мову Рыгор Барадулін. І дапамагла знайсці публікацыі тых перакладаў...” Некаторыя новыя перастварэнні вершаў Майроніса друкаваліся ў беларускай літаратурна-мастацкай перыёдыцы апошнім часам.

Цяпер кніга Майроніса “Вянок з руты” — на літоўскай і беларускай мовах — падрыхтавана да друку. Перакладчыкі — Юлія Алейчанка, Валерыя Радунь-Саротнік, Яна Явіч, Рыгор Барадулін. У дадатак да твораў класіка ў выданне ўвайшлі прадмова Вітаўтаса Жэймантаса, рэпрадукцыі выяў розных гістарычна-літаратурных матэрыялаў, прысвечаных жыццю й творчасці Майроніса. Ёсць спадзяванне: кніга пабачыць свет ужо сёлета. А яе першыя прэзентацыі пройдуць на кніжных выставах-кірмашах у Мінску й Вільнюсе на пачатку 2019 года.

Сяргей Шычко

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пастырскае Пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікдзень

Пастырскае Пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікдзень

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў у Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў у Беларусі

Ён прымеркаваны да Года малой радзімы.

Культура

Карэспандэнты «Звязды» сустрэліся са сваячкай Паўліны Мядзёлкі

Карэспандэнты «Звязды» сустрэліся са сваячкай Паўліны Мядзёлкі

12 верасня 1893 года ў сям'і Вінцэнта і Францішкі Мядзёлкаў нарадзілася дачка, якой далі прыгожае імя Паўліна. 

Культура

Вольга Падгайская: Калі праект і здараецца, то ў якасці ледзь не выключэння

Вольга Падгайская: Калі праект і здараецца, то ў якасці ледзь не выключэння

Гэта трэба, канешне, проста паслухаць — музыку аднаго з найдзіўнейшых сучасных беларускіх кампазітараў.