Вы тут

У Дзюдзеве бывала Аўрора Дзюдзеван, або Чаму вёска Маяком стала


У савецкія часы было модна мяняць назвы населеных пунктаў, якія не адпавядалі ідэалагічным лозунгам, карцінкам заможнага жыцця. З карты Беларусі знікалі Свінкі, Бычкі, Парсючкі, Козлікі, ды іншыя бяскрыўдныя жывёлы. Не пашанцавала і вёсцы Дзюдзева, што цяпер знаходзіцца на тэрыторыі Слуцкага раёна. У 1973 годзе яна перайменавана ў вёску Маяк.


Як парсюкі ўратавалі сяло

Дакладна сказаць, калі ўзнікла Дзюдзева, цяпер немагчыма. Паводле кароткага тапанімічнага слоўніка Беларусі прафесара Вадзіма Жучкевіча 1974 года выдання, найменне населенага пункта пайшло ад слова дзюдзя — парсючок. А вось па легендзе першыя сведчанні аб вёсцы адносяцца да часоў магутных Радзівілаў. Раней гэтыя мясціны пакрывалі густыя лясы, якія ахоўвалі тры леснікі — Мяцельскі, Санько і Хацько-Ведзяржбіцкі. Аднойчы Мяцельскі са сваімі сынамі лавіў людзей, якія без дазволу высякалі дрэвы. Слова за слова і справа дайшла да бойкі. Бацька і крыкнуў сынам: «Дуй яго, дуй!» Інакш: «Дай яму, дай». З таго часу хутар леснікоў пачаў называцца Дуева. На думку спецыялістаў, з цягам часу ў выніку дзеяння «дзекання» і «цекання», уласцівых беларускай мове, і атрымалася Дзюдзева.

Іншыя старажылы выказваюць зусім неверагодную версію паходжання населенага пункта. Калісьці князі Радзівілы запрасілі на паляванне французскую пісьменніцу Аўрору Дзюдзеван менавіта ў гэтыя мясціны. Паляванне ўдалося, і ў знак удзячнасці свецкая львіца падаравала кожнаму з леснікоў па стрэльбе. Адсюль і назва — Дзюдзева.

Але, па словах мясцовых жыхароў, свіней у гэтых краях заўсёды было значна больш, чым сабак. Яны вольна гулялі па вуліцы, валяліся ў гразі. У 1961 годзе прыехаў у вёску Георгій Дубінка, які пасля стаў дырэктарам мясцовай школы. У раённым аддзеле адукацыі яго папярэдзілі: не здзіўляйся, працаваць будзем у Дзюдзеве. І што б вы думалі, у першы дзень, калі настаўнік ішоў у школу па замеценай снегам вуліцы, сустрэў адкормленага, нахабнага парсюка. Давялося саступіць дарогу. Сапраўды, у вёсцы трымалі шмат свіней. Дзеці пасвілі іх на балоце. Раненька выганялі скаціну на пашу, а позна вечарам вярталіся дамоў. «Цікава нам было, хораша з гэтымі рахманымі жывёлінамі. Купаюцца яны ў лужыне, шукаюць сабе корм, а мы з равеснікамі дзелім тэрыторыю на «царствы», гуляем паміж сабой», — згадваюць мясцовыя жыхары, у якіх за плячыма шэсцьдзясят гадоў.

Падчас вайны кабанчыкі ратавалі не толькі ад голаду. Імі можна было адкупіцца ад паліцаяў, немцаў, гарнізон якіх стаяў у суседнім пасёлку Грэск. Тутэйшыя кармілі і партызан, што прыходзілі з лесу. Маладыя хлопцы заглядвалі да дзяўчат на вячоркі. Аднойчы хтосьці данёс пра гэта паліцаям. Народных мсціўцаў яны не засталі, але расстралялі трох мірных жыхароў. Калі фашысты адступалі, то палілі ўсё на сваім шляху. Старэйшыя жанчыны на ўскрайку сяла накрылі стол з самагонкай, рознымі свінымі пачастункамі. Самі з іконай у руках упалі на калені і адвялі ад усіх землякоў бяду.

Сапраўдная Беларусь

Дзюдзеўцы заўсёды жылі ў дастатку. Працалюбівых людзей карміла ўрадлівая зямля. Невыпадкова ў вёсцы было сем ветраных млыноў. Збожжа хапала не толькі для свіней, але і для сябе на муку. За гэта і паплаціліся дзюдзеўцы падчас калектывізацыі.

У 1923 годзе ў вёсцы стварылі калгас і назвалі яго «Чырвонае Дзюдзева», першым старшынёй абралі Аляксея Кіршчэню. Пасля вайны слава аб мясцовай гаспадарцы грымела на ўвесь Савецкі Саюз. Калгаснікі ўдзельнічалі ў Выстаўцы дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве, атрымлівалі высокія дзяржаўныя ўзнагароды. У сярэдзіне 1970-х калгас здаў пазіцыі, у 90-х стаў стратным. У выніку закрылася свінаферма на дзве тысячы галоў. Затым «Маяк» далучылі да СВК «Леткаўшчына», а Дзюдзева ў 1973-м перайменавалі ў Маяк: непадалёку знаходзіўся аднайменны пасёлак, які ўзнік у савецкія часы. Тады ніхто з жыхароў не выказваў незадаволенасці. Ужо пазней падымалася пытанне аб вяртанні Дзюдзеву гістарычнай назвы. Але мясцовыя актывісты, параіўшыся, вырашылі гэтага не рабіць.

У былым Дзюдзеве, цяперашнім Маяку, жывуць цікавыя людзі, сапраўдныя патрыёты свайго краю. Адна з іх — Ніна Зяневіч. Ніна Аляксандраўна нарадзілася ў гэтай вёсцы. Тут настаўнікамі працавалі яе бацькі. Пасля ўніверсітэта дзяўчына прыехала на малую радзіму, выкладала рускую і беларускую мовы. Затым выйшла замуж за ваеннага і паехала па месцы службы мужа ў Татарстан. У 1989 годзе сям'я вярнулася назад, каб даглядаць нямоглых маці і бацьку.

Мност­ва ўні­каль­ных да­ку­мен­таў і фо­та­здым­каў за­хоў­ва­ец­ца ў школь­ным му­зеі. Ся­род іх — пе­рад­ва­ен­нае па­свед­чан­не чле­на та­ва­рыст­ва Чыр­во­на­га Кры­жа  і парт­рэт пер­ша­га стар­шы­ні кал­га­са  «Чыр­во­нае Дзю­дзе­ва» Аляк­сея Кір­шчэ­ні.

— Мяне заўсёды цягнула ў Дзюдзева. Укладваю сына спаць і замест казкі расказваю яму, што ў Беларусі ёсць такая вёсачка, дзе свеціцца агеньчык, там жывуць яго дзядуля і бабуля. Мы часта прыязджалі ў вёску, і ён яе надта палюбіў. Выходзім з самалёта ў Мінску, а сын і кажа: «Хачу ў Беларусь». «Дык вось яна, Беларусь», — тлумачу яму. А ён у адказ: «Хачу ў Дзюдзева, у сапраўдную Беларусь!», Сын і застаўся тут жыць, працуе медыкам, жаніўся, гадуе траіх дзетак, — кажа Ніна Аляксандраўна.

Маці заўсёды прысылала дачцэ і зяцю ў Казань беларускія прысмакі: падсушаныя хатнія каўбасы, клінковы сыр, якімі частавалі сяброў, калег, знаёмых. Яны заўсёды здзіўляліся, як можна прыгатаваць такую смакату. У чарговы прыезд беларуская жанчына дала мясцовым жыхарам, як цяпер кажуць, майстар-клас. Навучыла не толькі рабіць свіную каўбасу, але і крывянку, вантрабянку, або, па-дзюдзеўску, — патрашанку. Калі Ніна Зяневіч прыехала з Казані на радзіму, то трымала трох парсючкоў.

Аляксандр і Зінаіда Мяцельскія жывуць у дыхтоўным, прыгожым доме на «Курыным праспекце».

— Тут раней было шмат свойскай птушкі, якая вольна гуляла па ваколіцы. Мабыць, таму і назвалі так вуліцу ў народзе, — усміхаюцца гаспадары. — Але і свіней было не менш у людзей. А падсвінакі вырасталі такія, што чатыры чалавекі ледзьве на ўслон усцягвалі. Зінаіда Мяцельская ведала сакрэт, як выгадаваць такога тлустага парсюка:

— Мне сястра параіла падліваць у ежу крыху алею, а затым дозу павялічыць да дзвюх сталовых лыжак. І так да самага забою. Тры разы на дзень карміла свінак, запарвала бульбу, дадавала гарбузы, пятрушку, зімой — сушаны кроп. Вось і раслі як на дражджах.

А цяпер у вёсцы не засталося ніводнага сімвала надыходзячага Новага года — звялі. Непадалёк знаходзіцца свінакомплекс Слуцкага мясакамбіната, і санітарнымі правіламі забаронена трымаць парсюкоў на асабістым падворку.

Камень, на якім адпачываў Бог

У гэтым упэўнены мясцовыя жыхары, расказваючы пра валун.

Пра гэ­ты ка­мень на ўскра­і­не вёс­кі  рас­каз­вае ста­рое пад­ан­не:  не­ка­лі на ім пры­сеў ад­па­чыць Збаў­ца.

— Калісьці даўным-даўно ішоў Бог па Зямлі. Дайшоў ён да нашага краю. На полі ляжаў вялікі камень, і Бог на яго абапёрся локцем, каб адпачыць. На ім нават след застаўся. З таго часу валун сталі называць Святым. Людзі хадзілі пакланіцца гэтай святыні, памаліцца каля яе. І дапамагала, асабліва дзецям. Калі людзі хварэлі на перапуд ці мелі праклён, то клалі на камень тое, што ў каго было: каласок, абаранак, сыр пасушаны, — расказала Ніна Аляксандраўна.

Гэты камень і сапраўды незвычайны. Калі будавалі дарогу, то паспрабавалі яго разбіць, на будматэрыялы. Але гэта не ўдалося. Адбілі толькі адну пласціну, як дошчачку. Незвычайны ён і па працягласці свайго жыцця, яму ўжо 1000 гадоў. Так лічаць навукоўцы. У 2004 годзе яны прыязджалі ў вёску. Фіксавалі памеры валуна, кожнай дзірачкі, распытвалі ў старэйшых людзей аб ім.

— Шкада, што цяпер пра гэты святы камень мала хто ведае, забыліся і пра існаванне крыжа каля Святога каменя. Нават сам камень зрушылі са звыклага месца, — уздыхае мая суразмоўніца. — Цімох Санько трактарам прывалок яго пад сваю хату. Кажуць, што ўсё ж такі ўдалося яго разбіць на тры часткі. Адна з іх ляжыць у канцы вёскі Маяк. Да яе прыходзяць дзеці — пагуляць, дакрануцца рукамі, бо яна цёплая нават у зімовую сцюжу. Тут малыя набіраюцца розуму і моцы.

Мясцовыя школьнікі, як сцвярджае педагог Іна Гапановіч, добра ведаюць гісторыю сваёй малой радзімы, традыцыі і культуру продкаў. У школе створана сялянская хатка — своеасаблівы музей. Тут сабраны прадметы тутэйшага побыту, народных рамёстваў. Шмат рарытэтных экзэмпляраў. Напрыклад, самаробны драўляны ложак, які выпрасіла для музея Ніна Аляксандраўна ў Соф'і Санько. Жанчына пайшла з жыцця, не засталося нават і следу ад яе хаты, падворка. «Стану перад гэтым ложкам ды пагавару з ёй: «Каб ты ведала, Соф'я Пятроўна, што твой ложак, які ты крыху шкадавала аддаваць, захаваўся», — кажа Ніна Аляксандраўна.

«Та­кія вы­шы­ва­ныя строі на­дзя­ва­лі дзю­дзеў­скія дзяў­ча­ты ў даў­ні­ну», — па­ве­да­мі­лі нам у школь­ным края­знаў­чым му­зеі ву­ча­ні­цы Ка­ра­лі­на Кар­пе­е­ва і Ксе­нія Дзе­рыг­ла­за­ва.

На сённяшні дзень вёска не тая, што была. Раней у школе вучылася пяцьсот дзяцей у дзве змены, цяпер — семдзесят чатыры. У населеным пункце налічваецца крыху больш як дзвесце жыхароў. Ёсць тут крама, фельчарска-акушэрскі пункт, Дом культуры. Дырэктар установы Ганна Кіршчэня сабрала ва ўстанове летапіс роднай вёскі. І, як сцвярджае, культурнае жыццё тут па-ранейшаму віруе. Працуюць творчыя дзіцячы і дарослы калектывы, ладзяцца выстаўкі народнай творчасці, розныя конкурсы, святы вёскі, дажынкі. Самадзейныя артысты выступаюць у населеных пунктах з канцэртамі пад адкрытым небам, не забываюць заехаць з канцэртам і да бабулек, адзначаюць усе святы. Словам, мясцовая ўстанова ніколі не пустуе і збірае поўную залу. Жыццё ў Дзюдзеве працягваецца.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як «маленькая «Заря» распальвала партызанскі рух на Брэстчыне

Як «маленькая «Заря» распальвала партызанскі рух на Брэстчыне

У 1943—1944 гадах легендарнай Хаваншчыны (Івацэвіцкі раён) немец баяўся як агню.

Культура

Андрэй Куціла: У параўнанні з ігравым  дакументальнае кіно — несумленнае

Андрэй Куціла: У параўнанні з ігравым дакументальнае кіно — несумленнае

Заўтра ў харвацкай сталіцы пачынаецца міжнародны фестываль дакументальнага кіно ZаgrеbDох, у асноўны конкурс якога адабраны і фільм беларускага дакументаліста Андрэя Куцілы Summа.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Піць — хваробу лячыць...

Эканоміка

Ці паўплываюць буйныя спартыўныя спаборніцтвы на кошт арэнды жылля ў Мінску

Ці паўплываюць буйныя спартыўныя спаборніцтвы на кошт арэнды жылля ў Мінску

Рынак нерухомасці заўсёды нестабільны перад значнымі мерапрыемствамі, якія прыцягваюць турыстаў.