Вы тут

Хітрыкі спадара, які кладзе навагоднія падарункі пад ялінку


Набліжаецца самае любімае свята — Новы год. А калі задумацца, за што мы яго так любім? За чаканне нейкіх перамен? Безумоўна. За святочны стол з рознай смакатой? Яшчэ б! Хто не любіць гэтыя салаты, мясныя стравы, заліўную рыбу і, хоць раз на год, ікру чорную і красную? Усе любяць, аб чым гаварыць. А ззянне гірлянд, ноч, таямнічасць — адразу ўспамінаецца музыка з балета «Шчаўкунок», чароўныя казкі, неверагодныя падзеі. Проста ўсярэдзіне ўсё замірае: а калі і са мной адбудзецца нешта асаблівае?

А што яшчэ? Што самае важнае забыта? Падарункі, сябры! За што мы любім з дзяцінства гэтае свята, дык гэта за падарункі, якія дорацца і дзецям, і дарослым. І ўсе чакаюць з нецярпеннем: чым парадуюць яго блізкія, чым здзівяць на гэты раз?

Задача сур'ёзная, і падыходзіць да яе трэба адказна. У кожнага з нас ёсць наконт гэтага сваё меркаванне, маецца ўласны вопыт, як дарыльшчыка, так і атрымальніка. Супрацоўнікі «Звязды» Сяргей Куркач і Сяргей Кулакоў вырашылі з гэтай нагоды падзяліцца сваімі думкамі. Спадзяёмся, і вам будзе цікава.


Трымай хвост абаранкам

С. Кулакоў: Як па мне, дык падарункамі трэба проста завальваць. Дзяцей, вядома, у першую чаргу. Але і для дарослых кашалька не шкадаваць. Не той выпадак, каб выязджаць па дробязі. Вядома, з якім радасным нецярпеннем усе чакаюць гэтага свята. І не трэба гэта чаканне падводзіць.

С. Куркач: Ага, завальваць. Гэта значыць, купляць усё, што ні пажадае маё дзіця? А ў мяне іх трое. І фантазія ў іх працуе — будзь здароў!
Я так не тое што адну зарплату патрачу, а мне і дзвюх не хопіць. А яшчэ жонка з яе асабістымі жаданнямі...

С. Кулакоў: Пачакай, пачакай. Па-твойму, атрымліваецца, наогул нікому нічога дарыць не трэба? Маўляў, толькі пачні, адразу згалееш. Лепш абысціся святочным сталом, цукеркамі, хлапушкамі на крайні выпадак — і ўвесь Новы год? А як жа чаканне сюрпрызу ад таты?
А на працягу года ты хіба нічога не абяцаў? Думаеш, яны не памятаюць і не чакаюць, што знойдуць нешта цудоўнае пад ёлкай? А ты наогул ёлку ставіш?

С. Куркач: Крыўдзіш! Вядома, стаўлю. Кажу ж, трое дзяцей. Без ёлкі ніяк. Прычым я аддаю перавагу ёлцы натуральнай, а не якой-небудзь штучнай, якую кожны год дастаеш з кладоўкі. А ведаеш, колькі яна каштуе, жывая? Дрэўца памерам да метра — да васьмі рублёў, ад метра да двух — 10 рублёў, два-тры метры — каля пятнаццаці рублёў. Гэта мінімальныя цэны. А зараз можна набыць яшчэ і ёлачкі ў кадках — лясныя гаспадаркі зрабілі такое новаўвядзенне. Уяўляеш, як выдатна! Увесну яе можна пасадзіць назад, у глебу. Каштуе гэта задавальненне ад 25 рублёў.

С. Кулакоў: Табе на тваё шматдзетнае сямейства двухметровая прыгажуня патрэбна. Але ты, нябось, сэканоміш, купіш галінку, не большую за метр?

С. Куркач: А вось і не адгадаў. Я куплю метра паўтара. Але сэканомлю, тут ты маеш рацыю. Я яе 31 снежня куплю, пасля абеду. Яны тады ва ўлёт ідуць — за паўцаны! Дзеці маю гэтую хітрасць ведаюць і рыхтуюцца. Да 31-га Новага года ўсё роўна ж няма, а напярэдадні — сапраўднае свята. Пах ігліцы, усе разам прыбіраюць ялінку, весялосць, жарты — што яшчэ трэба?

С. Кулакоў: Ну добра, тут усё зразумела. Але дзеці твае чагосьці асаблівага чакаюць...

С. Куркач: Мы з жонкай увесь год прыслухоўваемся да нашых дзяцей, якія заяўляюць аб сваіх жаданнях: аднаго ім хочацца, другога... Бывае, што і купіш, калі ёсць неабходнасць. Але калі гэта нешта нятаннае ці не вельмі важнае, можам сказаць, што гэта занадта дорага. А самі запамінаем і пакідаем такія пакупкі да любімага свята. Напрыклад, мая сярэдняя дачка, 15-гадовая Насця, займаецца танцамі. Ёй для заняткаў, і не толькі, хочацца займець новыя красоўкі — толькі пра іх думае. Дык вось, я іх куплю. А каштуюць яны як зімовыя боты. Усё роўна куплю! Таму што для справы.

С. Кулакоў: Калі б проста пахваліцца перад сяброўкамі — не купіў бы?

С. Куркач: Вядома не. А для 10-гадовага сына ў мяне ёсць гульня — «Манаполія». Яна мне наогул бясплатна дасталася, прэзентавалі па працы. Пашанцавала. Але я яе схаваў. А першага студзеня мы ў гэтую гульню разам пагуляем.

С. Кулакоў: Па прынцыпе «галоўнае, каб гэта спатрэбілася»?

Паспех — людзям на смех

С. Куркач: Вядома. А навошта, каб гэты падарунак дзесьці запыліўся? Вось, мне падарылі каменьчыкі са стэатыту, для астуджвання віскі, нятанныя, між іншым. Прыгожыя каменьчыкі, скрыначка з лакіраванага дрэва. Любата. А карысці? Не вельмі. Ну, астудзіў я адзін раз гэтымі каменьчыкамі нешта, а потым пра іх і забыўся. Тым больш што лёд ёсць пад рукой. Ляжыць цяпер гэты прыгожы бескарысны падарунак на паліцы, і не ведаеш, што з ім рабіць.

С. Кулакоў: Не, камяні для віскі — выдатны падарунак. Ты, напэўна, ніколі віскі добры не піў. Для чаго гэтыя камяні, ведаеш? Для таго, каб пры астуджванні напой не губляў градус. А што твой лёд? Разбавіў, як вадой, і ўжо не віскі, а кампот.

С. Куркач: Добра, забудзем пра камяні. А вось мне падарылі падсвечнік дзіўнай формы і вялізнага памеру. Калі дарылі, я па традыцыі выказваў вялікую радасць. Але потым не ведаў, што з гэтым падарункам рабіць. Зусім недарэчная і бескарысная рэч. Так і ляжыць у кладоўцы. Выкінуць шкада, а выкарыстоўваць немагчыма.

С. Кулакоў: Зараз зразумела, адкуль у цябе гэтая рацыянальнасць. Сумны вопыт атрымання падарункаў?

С. Куркач: І гэта таксама. І нежаданне расходаваць лішняе — калі можна абысціся меншым з большай карысцю.

С. Кулакоў: Усё ты эканоміш, эканоміш. Не, каб размахнуўся і ўсім ад душы, не лічачыся з выдаткамі. Цяпер столькі магчымасцяў: у краму зойдзеш — вочы разбягаюцца. Зайшоў, набраў усім поўныя сумкі — і прыйшоў дадому, як Дзед Мароз. Уяўляеш, колькі ў тваіх дзяцей будзе шчасця?

С. Куркач: Ніяк ты не можаш зразумець. Я сам жыву рацыянальна і дзяцей сваіх спрабую гэтаму навучыць. Дарэчы, жонцы сваёй падару пыласос. Наш стары зусім нешта мне не падабаецца.

С. Кулакоў: Ты яшчэ жонцы пантофлі падары на дзень нараджэння. І прас на 8 Сакавіка! Вельмі рамантычныя падарункі.

Усё жыццё — гульня

С. Куркач: Добра, пыласос так куплю, без нагоды. А для дзяцей я яшчэ вось што прыдумаў. Падарункі дорацца не проста з рук у рукі, а ляжаць пад ёлкай. Але зноў жа, усё не так проста. Бярэш скрынку, адчыняеш, а там запіска. Такі своеасаблівы квэст, у духу часу. Што нам ад дзяцей адставаць? У запісцы паказаны след, дзе шукаць наступную падказку. Часам знайсці падарунак бывае даволі складана. Затое як дзецям цікава! І колькі радасці, калі дабяруцца нарэшце да таго, што шукалі. Інакш кажучы, часам важны не толькі падарунак, але і тое, як яго ўручыць.

С. Кулакоў: Але і зноў ты эканоміш. Бо можна заказаць Дзеда Мароза, які выдатна справіцца з гэтай задачай.

С. Куркач: Разумны! Бачыў я ў інтэрнэце, колькі каштуе гэтая радасць. Цэны скачуць у залежнасці ад часу заказу, працягласці і тыпу праграмы. Танней за ўсё можна было заказаць з'яўленне чароўнай кампаніі да 20—25 снежня. У апошнія дні перад Новым годам цэннік, як правіла, большы на 20—40 %. Самыя высокія цэны на паслугі Дзеда Мароза і Снягуркі традыцыйна 31 снежня, асабліва ўвечары. Дык вось, віншаванне ад казачных персанажаў працягласцю 15—20 хвілін абыдзецца ў 40—100 рублёў, дзе максімум —
100 рублёў — будзе 31 снежня. А віншаванне даўжынёй у гадзіну будзе каштаваць 140—400 рублёў. Як табе такое?!

С. Кулакоў: Уражвае. Можа, ты часам і маеш рацыю. Але ўсё ж такі блізкім людзям хочацца зрабіць падарунак ад душы... Дарэчы, а пра бацькоў мы з табой забыліся. Вось мой бацька, чалавек старой загартоўкі, не прывык да падарункаў. І заўсёды казаў, што яны яму не патрэбныя, тым больш на Новы год. Але калі я падарыў яму, журналісту з 45-гадовым стажам, раскошны штодзённік у скураной вокладцы і стыльную ручку, ён быў крануты да слёз. І цэлы вечар не выпускаў падарунак з рук.

С. Куркач: Выдатна. Залік табе. А мае бацькі жывуць у іншым горадзе. На Новы год мы стэлефаноўваемся, віншуем адно аднаго з гэтым святам — і ўсё. Але гэтым разам я вырашыў падрыхтаваць ім сюрпрыз. Напісаць ліст і адправіць па пошце. Але ліст незвычайны. Кожны член нашай сям'і будзе віншаваць маму і тату (для маіх дзяцей — бабулю і дзядулю) асобна, і кожны напіша тое, што лічыць важнымі і патрэбным. Гэта будуць і словы віншавання, і добрыя пажаданні, і справаздача аб дасягнутым за год. Кожны падзеліцца з імі чымсьці патаемным... Проста званок па тэлефоне забудзецца, а ліст будзе перачытвацца шмат разоў.

С. Кулакоў: Зноў выкруціўся. А ў прынцыпе, думка выдатная! Калісьці мы толькі так і віншавалі адно аднаго. Мае лісты і паштоўкі з арміі да гэтага часу ў бацькоў захоўваюцца.

Сяргей КУРКАЧ

Сяргей КУЛАКОЎ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: Святочныя цуды для тых, каго мы любім

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».