Вы тут

Конкурс «Хто каго?»: найлепшае за 2018 год


Традыцыі нараджаюцца проста: нешта робіцца ўпершыню, а потым і альтэрнатывы як быццам няма: трэба вяртацца, рабіць яшчэ і яшчэ.

Так было са звяздоўскім «Народам на провадзе...», так — з рубрыкай «Хто каго?». Увесь прамінулы год (і гэта ж які ўжо — па ліку?!) чытачы, як той казаў, адрываліся: прыдумвалі вершаваныя подпісы да здымкаў, дасылалі ў рэдакцыю. Найлепшыя версіі друкаваліся ў традыцыйных аглядах конкурснай пошты, там жа называліся прозвішчы пераможцаў, адзін з якіх узнагароджваўся квартальнай падпіскай на «Звязду»...

Усё як быццам добра, але ж быў адзін недахоп: здымак друкаваўся раней, а той найлепшы подпіс — пазней, і такім чынам — як бы адставаў. Таму ў апошнім нумары года карціна ўжо цэлая: конкурс «Хто каго?». Найлепшае!».


«Везла сумкі, як падняць, — сустракаў з вагона зяць...»

Галя — не злачынца,

Галя — не зладзейка.

Маці навучыла

Берагчы капейку.

Тут жа тых капеек

Столькі накідалі...

Хопіць павячэраць —

І не раз — для Галі!

Віктар Сабалеўскі, г. Узда


У вёсцы з крана бруд бяжыць —

Ні памыцца, ні паліць,

Таму ў горад едзе Таня

Асвяжыцца ў фантане.

Соф'я Кусянкова, в. Лучын, Рагачоўскі раён


Забіралі з вёскі Дуню

І на сметнік яе чуні,

Следам боты і сандалі...

Туфлі новыя прыдбалі.

Дуня ведае цяпер:

Замаленькі быў памер.

Ногі сцерла да крыві,

Хоць на свеце не жыві...

Таму знайце, гараджане,

Дуня... лечыцца ў фантане.

Любоў Чыгрынава, г. Мінск


Калі не стане раптам газу,

Распалім вогнішча адразу.

Калі вады не будзе ў кране,

Памыем ногі ў фантане.

Калі ж святла, крый бог, не будзе,

Павыміраюць, мусіць, людзі,

Счарнее, згіне белы свет,

Бо не ўключыш... інтэрнэт.

Наталля Шкут, Светлагорскі раён


Везла сумкі, як падняць, —

Сустракаў з вагона зяць.

Дома ванну рыхтаваў

Торцік з чаем падаваў...

Дзе падзеўся той імпэт,

Як пры ёй пусты пакет?

Валерый Гаўрыш, г. Чавусы


«Мужчыны ў нас — на пералік, вось і шануем іх без меры...»

Во дзяўчо ахову мае —

Не сказаць, не апісаць!

Ці не золата зграбае,

Каб бюджэт наш папаўняць?

Мікола Кісель, г. Мінск


Не шкадуюць мужыка

Ў гэтай самай ПМК:

То ж пакуты

для Мікіткі —

Цэлы дзень глядзець

на лыткі!

Каб на іх камбінезон,

Ці ж курыў бы

столькі ён?

Валерый Гаўрыш, г. Чавусы


Былі, былі ў нас

перакуры —

Ды так, хвіліначак

на пяць...

А з тэлефонам

сёння здуру

І змену можна

прастаяць!

Любоў Чыгрынава, г. Мінск


Дзеўка грошыкі грабе

І вядома ж, пад сябе.

Каб падаткі

ўсе сплаціла, —

Сочыць дзядзечка

з мабілай.

А высокі самы з іх

Кантралюе... абаіх.

С. Півавараў,  г. Бабруйск


«...Жонак трэба выбіраць не па інтэрнэту!»

Што, малойчыкі, здранцвелі?

Й вы на Дошку захацелі?

Той Алімп, хоць і мясцовы,

Не прымае выпадковых:

На халяву — не ўзляцець,

Трэба добра папацець...

Дык смялей за працу, хлопцы:

Мёд збіраецца па дробцы.

Іна Алісевіч, Уздзенскі раён


Талкавалі ў народзе:

«Шукай жонку ў гародзе».

Але ўжо каторы год

Не ва ўсіх ёсць агарод...

Дзе ж цяпер знайсці «Яніну,

Працавітую дзяўчыну»?

— Выйсце ёсць, — прамовіў Лёва. —

Тут, на дошцы ганаровай!

Мікалай Старых, г. Гомель


Хто на дошцы, той у трэндзе —

Гэткая традыцыя:

Лепш на ёй быць, чым на стэндзе...

Вышуку з міліцыяй.

Валянціна Гудачкова, г. Жыткавічы


— На заводзе наш дырэктар

Зараз вельмі рэдкі госць.

Паглядзім хоць на партрэце:

Тут напісана, што ёсць...

Віктар Сабалеўскі, г. Узда


У краіне й не калісьці

Дошкі ГОНАРУ вяліся.

А цяпер каторы год

Замест гонару — «почет».

Пэўна, гэта нездарма,

Можа... гонару няма?

Сужэнцы Астроўскія,

г. Мінск


«Мала твор намаляваць — трэба і людзям паказаць...»

Зіма забавілася дзесьці:

Прыйсці да нас —

не блізкі свет.

Але ж адправіла прынесці

Тым, хто чакае,

свой партрэт.

Валянціна Гудачкова, г. Жыткавічы


Зноў сіноптыкі ў праколе,

Таму й твары пахавалі:

Ні сняжыначкі на полі

(Яны гурбы абяцалі)...

Ну й цярплівы мой народ.

Бо вось так — не першы год.

Валерый Гаўрыш, г. Чавусы


Закаханы ў дзяўчыну,

Маляваў мастак карціну.

Толькі дзеўка не прымае,

Бо сцяны такой не мае.

Л. Савосцік, г. Бабруйск


Мегаполісны пейзаж

Хлопцы ажывілі,

Саматужны вернісаж

Да Каляд адкрылі.

Малявалі тры гады,

Неслі — пешым ходам

Даказалі: сапраўды

Мастакі — з народам!

Іван Сіманёнак, г. Паставы


«Дзяўчаты, — кажа двортэр'ер, — ды майце ж вы сумленне!»

Калісьці быў дзіцячы бум:

Ля крам стаялі чэргі, шум...

Цяпер такога не чутно,

Бо адзяваць няма каго...

Штодня сумуюць небаракі —

І прадавачкі, і сабакі.

Мікалай Старых, г. Гомель


У гэтай крамцы, як здаецца,

І сабака прадаецца!

Бо цяпер жа ўсё часцей

Іх купляюць для дзяцей...

А яшчэ — замест дзяцей,

Бо з сабакамі прасцей.

Сужэнцы Астроўскія, г. Мінск


— Пачакай

ля той вітрыны, —

Жонка

загадала, —

Я скуплюся

за хвіліны...

І... паўдня

прапала!

Знерваваўся —

Больш не быць

«Рыцарам

у смокінгу»:

Воўкам

хочацца завыць

Ад такога

шопінгу!

Іван Сіманёнак, г. Паставы


Прамільгнуць нябачным ценем

За вясною лета, восень...

Прадавалася адзенне,

А цяпер — ніхто не просіць.

Зарастаюць сукні пылам,

Павуцінне наступае...

І Кардэн-Дзіёр нямілы,

Калі грошыкаў не маеш...

Віктар Сабалеўскі, г. Узда


«Закахаўся Верчын Саўка ў спакусніцу-русалку...»

Ля скульптуры над вадой

Любка тармазнула,

Між наядай і сабой

Еднасць душ адчула.

Прыліла да сэрца кроў,

Успаміны — хваляй:

— Ну й круціла ж я любоў!..

Як цяпер... педалі!

Іван Сіманёнак, г. Паставы


— Ты, Русалка, раскажы,

Ад чаго нашы мужы

Ля цябе ўсё рыбу вудзяць?

Можа, вабяць

твае грудзі?

— Не, у іх палаюць

вочы,

Калі бачаць

стан дзявочы...

Пахудзееш,

станеш стройнай —

Вось тады й

жыві спакойна.

Сужэнцы Астроўскія,  г. Мінск


Вусны, грудзі,

стан дзявочы —

Хочацца спаткання!

Зверху ўніз сігаюць вочы:

Хвост?!

Расчараванне!..

Аляксандр Матошка, г. Расоны


Паглядзіце, як сядзіць

Цаца ганаровая...

А сукенка хоць блішчыць,

Ды зусім храновая.

Любоў Чыгрынава, г. Мінск


— Я ў мароз без паліто —

Слёзы

капаюць:

Не кахае

аніхто —

Толькі

лапаюць.

Галіна Пятроўская,  в. Ардашы, Смаргонскі раён


Апошні (у прыватнасці, сёлета) агляд конкурснай пошты і, адпаведна, здымак, да якога патрабуецца подпіс, змешчаны 21 лістапада. Многія з чытачоў ужо даслалі свае прапановы, многія, хочацца верыць, яшчэ дашлюць, бо конкурс, як вы зразумелі, працягваецца і далучыцца да кагорты ўдзельнікаў ніколі не позна.

Пішыце!

Валянціна ДОЎНАР

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: «Конкурс — гэта вам не гулі з рыфмаваннем пэўных слоў...»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.