Вы тут

Ці было месца навагоднім святам падчас вайны?


Адзіны ў свеце мемарыяльны комплекс партызанскай славы «Хаваншчына» (Івацэвіцкі раён) абзавёўся ўласным Дзедам Марозам. Праўда, каб пазнаёміцца з лясным героем, наведвальнікам трэба спачатку яго адшукаць. Карэспандэнты «Звязды» паназіралі за тым, як музейшчыкі з рэгіёна спалучаюць навагодні настрой з патрыятычным выхаваннем.


Па балотах, праз гушчар

Ні на новых, ні на даваенных картах гэтыя мясціны не пазначаныя. Маленькі востраў сярод палескіх балот і канавак схаваны пад высокімі векавымі соснамі і дубамі. У гады Вялікай Айчыннай вайны немцы так і не змаглі знайсці Хаваншчыну. Ды і ў наш час трапіць туды без «сувязных» нерэальна.

У прызначаны час на ўзлеску побач з самай аддаленай вёскай мы сустракаемся з дырэктарам Івацэвіцкага гісторыка-краязнаўчага музея Раісай Горбач і навуковым супрацоўнікам Палінай Арцёмчык. Праўда, тут больш дарэчна называць іх «сувязнымі» — бабай Раяй і Полюшкай.

— Зберагчы Хаваншчыну атрымалася дзякуючы самім партызанам, іх жонкам і дзецям, якія жылі тут у 1943—1944 гадах. Пасля вызвалення Івацэвіцкай зямлі ад захопнікаў жыхары ляснога пасялення дамовіліся штогод вяртацца сюды напрыканцы мая, каб ушанаваць памяць загінулых і ўспомніць былое. Раней Хаваншчына «ажывала» толькі ў цёплае надвор'е — турысты маглі ўбачыць побыт партызанаў з красавіка да верасня. Але пасля таго, як у нас пасяліўся Дзед Мароз, з'явілася магчымасць паказваць партызанскі побыт і ў зімовы перыяд.

Музейныя супрацоўнікі кажуць, што многія дарослыя, якія суправаджаюць дзяцей падчас навагодняга квэсту, задаюцца пытаннем: «Хіба на вайне адзначалі Новы год?»

— Вядома, — упэўнена Раіса Іванаўна і, каб не быць галаслоўнай, тлумачыць: — Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў Брэст прыехала маладая пара — беларускі афіцэр і настаўніца з Тулы. Прыгожыя, закаханыя, з вялікімі планамі на будучыню. Здавалася, наперадзе іх чакае доўгае шчаслівае жыццё да сівізны ў валасах. Аднак у першыя ж дні наступлення нямецкіх войскаў афіцэр загінуў, абараняючы Брэсцкую крэпасць. Марыя — так звалі дзяўчыну — кінулася ўцякаць з захопленага горада. Жыла ў навакольных лясах, а пасля трапіла ў партызанскі лагер. Паколькі за плячыма ў дзяўчыны быў педагагічны досвед, мясцовыя камандзіры прызначылі яе піянерважатай для дзяцей партызанаў. І яна была пры справе, і ў малых занятак з'явіўся. Тыя, хто жыў у партызанскім лагеры, успаміналі: менавіта Марыя прапанавала адзначыць у лагеры новы 1943 год. На Брэстчыне гэтая традыцыя замацавацца не паспела (Заходняя Беларусь да 1939 года ўваходзіла ў склад Польшчы), а вось у савецкай Туле, адкуль прыехала дзяўчына, спраўляць Новы год з ёлкамі і Дзедам Марозам пачалі яшчэ ў 1936-м.

З зязюляй у разведку не хадзі

Перш чым адпраўляцца на пошукі самога Дзеда Мароза, маленькія турысты праходзяць партызанскую экспрэс-падрыхтоўку:

— Ідзём за мной след у след. Навокал дрыгва, таму нават маленькі крок улева ці ўправа можа абярнуцца бядой, — дае інструкцыі Полюшка.

Летам, калі ўзровень вады падымаецца, на востраў можна трапіць толькі па доўгім тонкім мосціку. Зімой, наадварот, мосцік становіцца небяспечным (пакрываецца льдом), таму ісці прыходзіцца па купінах. Адным словам, поўнае пагружэнне ў мінулае.

Першае заданне для наваспечаных народных мсціўцаў — незаўважна прабрацца на востраў. Шасцікласнікі з Баранавіч, разам з якімі мы трапілі на Хаваншчыну, ідучы па мяккай багне, ледзь стрымліваюць эмоцыі. Радасці няма межаў! Для хлопчыкаў і дзяўчынак, якія растуць у каменных джунглях, прагулка па палескіх балотах — ужо прыгоды.

Сам лагер нагадвае маленькую вёсачку: хаткі з бярвення, зямлянкі, буданы. Семдзясят пяць гадоў таму тут знаходзіліся штаб Брэсцкага партызанскага аб'яднання, рэдакцыя газеты «Зара», абкам партыі і камсамолу, санчасць. Была нават лясная школа. Цяпер кожны з гэтых пунктаў стаў часткай квэсту. Дзеці бегаюць па сцяжынках, заглядваюць у домікі ў пошуках шыфровак і новых заданняў. Закідваюць «Гітлера» шышкамі і сняжкамі, расказваюць антыфашысцкія вершы, спяваюць песні ваеннай пары. З аднаго боку, гэта проста гульня. З іншага, лепшых заняткаў па патрыятычным выхаванні не прыдумаеш. Падчас інтэрактыву сярод дзяцей абавязкова знаходзіцца той, хто шэпча «сувязным» на вушка: «Добра, што няма вайны».

Большасць «прыезджых» на Хаваншчыну «партызанаў» правальваюцца на апошнім баявым заданні. Апынуўшыся ў пераднавагоднім лесе, яны чуюць зязюліна «ку-ку» і бягуць на яго. Думаюць, быццам гэта сігнал ад самога Дзеда Мароза. Як бы не так!

— Такая неасцярожнасць каштавала групе партызан жыцця. Яны ўзялі «кукаванне» за апазнавальны сігнал, але не ўлічылі, што зімой зязюлі злятаюць у вырай. Затое здагадлівы нямецкі афіцэр асаблівасці мясцовай фаўны ведаў добра і, пачуўшы ў студзені «ку-ку», хутка вылічыў нашу разведку. Пасля трагічнага выпадку пазыўны замянілі на «ухканне» савы, — расказала баба Рая.

Паблукаўшы па лесе яшчэ крыху, школьнікі пачулі працяглыя глухія гукі. Першым заўважыў Дзеда Мароза шасцікласнік Улад Адамовіч.

— Ён стаяў у глыбіні лесу, далекавата ад нашай сцежкі. Калі б не чырвоная стужка на шапцы, мы б прайшлі міма. У яго нават барада не белая, а шэрая. Такога персанажа ў нашых лясах, дзе ўзімку снегу можа не быць, так проста не выгледзіш, — падзяліўся ўражаннямі хлопчык.

Партызанскі Дзед Мароз сваім знешнім выглядам адначасова і здзіўляе, і выклікае павагу. Кажух падпяразаны кулямётнымі стужкамі, штаны-галіфэ, валёнкі... Быццам не да дзяцей збіраўся, а на чарговае баявое заданне.

Святочная ёлка таксама прыцягвае незвычайнасцю. Упрыгожваюць яе цацкі з дрэва і бяросты, саломы, старых нямецкіх газет, пафарбаваных сокам з буракоў і зялёнкай. А на верхавінцы — пяціканцовая зорка, выразаная з кансервы і абцягнутая чырвонай тканінай.

Тульскі пернік па-партызанску

Якое свята без пачастункаў? Набегаўшыся па зімовым лесе, пасля вершаў, песень і карагодаў каля ялінкі, самы час пакаштаваць духмянай гарбаты. Гатуюць яе на шасці травах па рэцэпце, які берагуць на Хаваншчыне яшчэ з ваеннага часу. У дадатак ідзе сапраўдная партызанская смаката — цукар-рафінад упрыкуску, сухары і легендарныя пернікі ад Марусі.

— Як сапраўдная тульчанка, да Новага года настаўніца з Тулы задумала спячы пернікі ў нашым лагеры. Сабраўшы на лясной кухні ўсё, што магло пайсці ў ход, — іржаную муку, мёд, сухія ягады, мак і арэхі, — яна замясіла цеста. Па старой тульскай традыцыі яно выспявала два тыдні. Печак у лагеры не было. Цеста ў строгай сакрэтнасці даставілі ў вёску, там выпякалі пернікі і ўжо гатовыя вярталі на востраў. Захапіўшыся справай, Марыя нават хацела зрабіць свае пернікі фігурнымі — выпякаць на спецыяльнай дошцы. Але партызанскі камандзір дзяўчыну спыніў: «Пачакай. Пераможам у вайне, тады і пернікі фігурныя будуць, і халва, і цукеркі», — расказвае Раіса Іванаўна, якая ў наш час адрадзіла старадаўні рэцэпт.

Дзіўна, але сучасныя дзеці, якія прызвычаіліся мець на стале ўсё, што пажадаюць, на Хаваншчыне з'ядаюць «пачастункі ад Марусі» да апошняй крошкі.

Ганна КУРАК

Фота Андрэя САЗОНАВА

Мінск — Івацэвіцкі раён — Мінск

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».