Вы тут

Фінансавы кансультант Міхаіл Грачоў: сітуацыя з грашыма стабільная


Характарызуючы адыходзячы 2018-ы, можна казаць, што фінансы ў нашай краіне стабільныя

Такога пункта гледжання прытрымліваецца фінансавы кансультант Міхаіл ГРАЧОЎ. На працягу года кошт валютнага кошыка Нацыянальнага банка мінімальна знізіўся (-1,15 %). Долар падаражэў за год прыкладна на 9,5 %. Еўра таксама стаў даражэйшы — на 5 %. Расійскі рубель, наадварот, знізіўся ў цане на 9,3 %. Змены адпавядаюць дынаміцы вагання гэтых валют на пазабіржавым рынку Форэкс і ў большай ступені выкліканы знешнімі фактарамі.


А вось стабільнасць на ўнутраным валютным рынку, на думку аналітыка, была забяспечана ўзважанай палітыкай Нацбанка, які заканчвае фінансавы год са стаўкай рэфінансавання 10 % і змяненнем шырокай грашовай масы прыкладна на 9—10 %. Золатавалютныя рэзервы краіны складаюць 7,440 мільярда долараў, інфляцыя паводле вынікаў года чакаецца не вышэй за 5,5 %.

У надыходзячым годзе асноўныя выклікі для фінансавай сістэмы краіны будуць фарміравацца з вонкавага боку, у першую чаргу ад асноўнага эканамічнага партнёра. Бо з 1 студзеня ў Расіі павышаецца стаўка ПДВ да 20 %, што ўжо прывяло да павелічэння цэн. Гэта можа прывесці да павышэння экспартных паступленняў, але аўтаматычна прывядзе і да падаражання імпарту з гэтай краіны.

Але ёсць і іншы фактар, у выглядзе пачатку ў Расіі так званага падатковага манеўру. Сутнасць гэтай тэхналогіі ў замене ўнутры Расійскай фіскальнай сістэмы падатку на экспарт нафты падаткам на здабычу прыродных выкапняў. Да 2024 года гэта прывядзе да таго, што вытворцы сырой нафты будуць плаціць прамы падатак у расійскі бюджэт, а вытворцы паліва (бензін і дызель) атрымаюць датацыю для падтрымання нізкіх цэн на ўнутраным рынку. У Беларусі гэта прывядзе да страты экспартных паступленняў і павышэння цэн на сыравіну для мясцовых нафтаперапрацоўчых заводаў. Ужо ў 2019 годзе айчынны бюджэт можа недалічыцца нейкіх паступленняў, што не падтрымае фінансавую сістэму. Як унутраны рынак абсарбуе гэтую праблему, стане зразумела ў другой палове года.

Астатнія вонкавыя фактары будуць насіць лакальны характар і не павінны прывесці да істотных ваганняў на нашым валютным рынку. Можна чакаць мінімальнага росту абменнага курсу да долара і еўра, а таксама працягу зніжэння курсу расійскага рубля, мяркуе эксперт.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Вынікі і прагнозы на будучыню

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?