Вы тут

Чаго добрага?


Чаго добрага? Астралагічны прагноз

Здавалася б, чаго добрага можа чакаць вытанчаная прыгажуня–Дзева ад Парсюка? Адно клопаты, бруд ды лішнія кілаграмы. Але не былі б Дзевы Дзевамі, калі б не ўмелі здзіўляць і знаходзіць выйсце з самых складаных сітуацый. Таму сімвал новага года не без цяжкасцей, але з задавальненнем падпарадкуецца прадстаўнікам гэтага знака. У крайнім выпадку, у інтэрнэце хапае рэцэптаў смачнай дамашняй каўбасы.

Скарпіёны апынуцца на ростанях, Шалі будуць трымаць раўнавагу, Авенам лепш не шукаць нагоды ўзбрыкнуць, а Стральцам рэкамендуецца дзяліцца здабычай. Што яшчэ каго чакае ў 2019 годзе? Чытайце незвычайны астралагічны прагноз ад аўтараў часопіса “Маладосць”.


Авенам — Алена Масла

Баранчыкі, будзьце пільныя! Надыходзячы год Свінні для вас можа стацца надзвычай важным або нават лёсавызначальным: у задыякальным карагодзе вось–вось замкнецца дванаццацігадовае кола, і праз год надыйдзе чарга Авенаў правіць баль. А пакуль ёсць час дарабіць усе недаробкі, падцягнуць усе хвасты, завяршыць пачатыя справы, давесці да ладу рукапісы, адаслаць выдаўцам — і чакаць свайго зорнага часу! У год дамавітай і спакойнай Свінні самы час гарачым Баранчыкам агледзецца на бакі, не матляць імпэтна рожкамі, не шукаць нагоды ўзбрыкнуць, не лётаць, ратуючы свет, а засяродзіцца на ўласных адчуваннях і бліжэйшым акружэнні. Магчыма, усё, што вы праглі палепшыць, дасягнула дасканаласці, і вам засталося гэта зразумець і атрымліваць асалоду ад жыцця і творчасці ўвесь наступны год.

Цяльцам — Раіса Баравікова

Цялец ёсць Цялец: працавіты, адказны, перад цяжкасцямі не спыняецца, а стараецца іх пераадольваць. Таму і спрыяе яму ўдача, таму і дасягае ён таго, да чаго імкнецца і што носіць у сабе як жаданні. Цялец нават здолеў скрасці Еўропу і перанесці яе праз хвалі, праз бурнае мора. Вельмі моцны знак. А Кабанчык — істота міралюбівая, таму для дужых загартаваных Цяльцоў, якія добра папрацавалі ў папярэднія гады, 2019–ы будзе вельмі спрыяльны і абернецца ўзнагародамі. Няхай Цяльцы чакаюць светлых пачуццяў і нечаканых фінансаў.

Блізнятам — Бажэна Мацюк

2019 год для Блізнят будзе поўны нечаканасцей: праблемы на працы ператворацца ў перспектывы кар’ернага развіцця, крыху сапсаваны праз неспадзяваныя фінансавыя ўкладанні ў будучыню настрой значна палепшыцца, а няшчаснае каханне дазволіць сустрэць чароўнага Прынца (ці Прынцэсу — варыятыўна). Варта толькі спачатку завесці ў сваім жытле сімвал года — Парсюка: ён зможа стаць і вашай асноўнай работай на ўвесь час (а хто казаў, што нельга займацца фермерствам у горадзе?) ці крыніцай вялікіх прыбыткаў напрыканцы года (вы ж не лічыце, што каўбаса расце на дрэвах?). А пра тое, што пацалаваць можна не толькі Жабку ці Шрэка, каб прыдбаць сабе палавінку, і нагадваць не варта (казлоў жа любяць, а чым горшы Парсюк?). Калі ж раптам нешта не атрымаецца, то заўсёды можна прадаць Парсюка і набыць у 2020–м Пацука — хаця б месца меней будзе займаць.

Ракам — Леў Глушыцкі

Свіння — свойская жывёла, што, безумоўна, імпануе заўсёдным дамаседам Ракам. Таму наступны год амаль ідэальны для гэтага знака. Вы зможаце ўволю набыцца з сям’ёй (разам са сваякамі гатуючы свінцы паесці), а таксама зрабіць сваё жыллё яшчэ больш утульным (не забыўшыся пра свінчын хлеўчык, якому таксама можа спатрэбіцца касметычны рамонт). У Ракаў з’явіцца магчымасць вырашыць праблему, якая ўжо не першы год парушае такі жаданы імі спакой. Да таго ж, свіння сваім рохканнем прагоніць усіх, каму раптам заманецца папіць піва з варанымі ракамі. Але тым не менш, шаноўныя Ракі, будзьце пільныя і трымайце клюшні вострымі: усё ж вы маеце справу са свіннёй, а ад яе можна чакаць рознага.

Львам — Ігар Запрудскі

Леў — гэта кошка, якая харчуецца, у шэрагу іншага, і Парсюкамі, нават і жоўтымі. Як вядома, у показках Леў мае завядзёнку збіраць усіх звяроў і паведамляць дзве навіны… Аднак па прыродзе сваёй рашучыя і дужыя Ільвы страшэнныя гультаі. Таму прадстаўнікам знака ў наступным годзе рэкамендуецца набрацца цярплівасці, а не толькі пакладацца на ўласную харызму. 2019–ы абяцае Ільвам належны плён ад папярэдняй мазольнай працы, але пры ўмове клапатлівасці не выключна пра сваю асобу, але і пра блізкіх, сяброў, знаёмых і ўвогуле ўсіх людзей, якія жывуць у адзін з імі час. А лепш за ўсё ў Год Парсюка кахаць! І будзе вам дадзена.

Дзевам — Кацярына Захарэвіч

Здавалася б, чаго добрага можа чакаць вытанчаная прыгажуня–Дзева ад Парсюка? Адно клопаты, бруд ды лішнія кілаграмы. Але не былі б Дзевы Дзевамі, калі б не ўмелі здзіўляць і знаходзіць выйсце з самых складаных сітуацый. Таму сімвал новага года не без цяжкасцей, але з задавальненнем падпарадкуецца прадстаўнікам гэтага знака. У крайнім выпадку, у інтэрнэце хапае рэцэптаў смачнай дамашняй каўбасы.

Шалям — Адам Глобус

Народжаныя пад знакам Шалі, як і заўжды, будуць шукаць і знаходзіць раўнавагу. Год магутнага Парсюка, ці, як кажуць беларусы, вялізнага Дзюдзі, прынясе Шалям шмат пачастункаў і спакой адпачынкаў. Вядома, каб атрымліваць, давядзецца і плаціць. Таму Шалям варта цягам году рабіць падарункі і дарыць добры настрой блізкім людзям. Вялікі Дзюдзя, як і ўсе малыя дзюдзькі, можа крыху насвінячыць, набрудзіць і напэцкаць, але Шалі і ў такіх малапрыемных з’явах убачаць магчымасць праявіць любоў да чысціні і пакажуць усім прыклад, як трэба наводзіць парадак у сваім доме.

Скарпіёнам — Ірына Мяцеліца

На пачатку года Скарпіёнам трэба дома бываць часцей: тых прадстаўнікоў знака, чыё роднае карэнне — у вёсцы ці на літоўскім хутарку, можа чакаць смаленне вепрука і дзяльба кабанчыка. У канцы красавіка некаторыя Скарпіёны апынуцца на ростанях, і гэты перыяд стане для іх часам трывожнага шчасця і пошукаў будучыні. Ён будзе доўжыцца да той пары, пакуль Леаніды не вернуцца да зямлі. У першай палове ліпеня зорка Венера будзе знаходзіцца ў моцнай пазіцыі. Гэта спрыяльны час для таго, каб па сцежках–дарожках выправіцца ў краіну райскай птушкі, Чазенію ці пабываць за морам Хвалынскім. Восеньскія месяцы для прадстаўнікоў знака стануць найлепшым часам, каб думаць вершы. Ну, а напярэдадні навагодніх свят Лявоніха на два тыдні зафіксуецца на арбіце. Для ўсіх Скарпіёнаў гэта перыяд адпачынку: трэба браць дудку беларускую, смык беларускі і спяваць песню пра зубра — тады ў душы тутэйшых запануе ідылія.

Стральцам — Алесь Суша

Стральцы нарэшце патрапяць у сваю жаданую мішэнь. Год вялікага кітайскага Парсюка абяцае тлустую і годную здабычу. Ён прынясе пачуццё раней невядомай Стральцам сытасці. Але народжаныя напрыканцы года ваяўнічыя Стральцы сваім паляваннем на сімвал года могуць прыспешыць завяршэнне перыяду дабрабыту, бо далей чакаецца Год нясмачнага Пацука. У сувязі з гэтым раім Стральцам зрабіць нарыхтоўкі і падзяліцца сваёй здабычай з сябрамі і блізкімі. Тады вынікі палявання на тлустага Парсюка дапамогуць з гонарам перанесці ўсе цяжкасці Года Пацука.

Казярогам — Навум Гальпяровіч

Казярогам! У студзені вас чакаюць вельмі прыемныя падзеі: сябры і знаёмыя прынясуць вам кветкі і падарункі. Такая масавая дэманстрацыя любові скончыцца, на жаль, ужо ў лютым. Затое вас чакаюць любімая праца і здзяйсненне задум і планаў. Увесь год пройдзе пад знакамі любові і кахання. Наперадзе шмат усмешак і прыемных размоў. Праца над рукапісамі дасць адпаведны плён: некаторым нават пашанцуе надрукавацца ў «Маладосці», а тыя, каму з гэтым не пашанцуе, выдадуць кнігу ці надрукуюцца ў іншых часопісах. Для вас заўсёды будуць адкрыты Фэйсбук і іншыя сеткі. Тварыце, здзяйсняйце!

Вадалеям — Пятро Васючэнка

Вадалеі вылучаюцца летуценнасцю, творчымі якасцямі і майстэрствам будаваць замкі і замэчкі з паветра. Гэтыя будыніны не абарочваюцца для іх асабнякамі на сотні квадратных метраў, але жыць можна, бо Госпад ім спрыяе. Гэты год можа абярнуцца, аднак, для Вадалеяў не толькі маральнымі, але і матэрыяльнымі дабротамі: ганарарамі, грантамі, прэміямі, у тым ліку і Нобелеўскімі. Але ім трэба павучыцца працавітасці і настойлівасці ў Вепрука, пра якога ходзіць пагалоска, што ён моцны сваім лычам, якім дбайна ўзворвае нетры зямныя. Дабрыні, працавітасці, ахвярнасці Вепруку не пазычаць. Працуйце ў згодзе з Вепрукамі, развітайцеся з некаторай уласцівай вам лянотай, шаноўныя сёстры і браты па крыві, Вадалеі, не пералівайце з пустога ў пустое, як вучыў у паэме «Кругі» Уладзімір Дубоўка, — і 2019 год абернецца для вас прыемнымі неспадзяванкамі.

Рыбам — Леанід Лаўрэш

Агульнавядома, што Рыбы — вельмі творчыя асобы. Галоўная сфера іх дзейнасці — літаратура, мастацтва, навука. Рыбы — гэта пісьменнікі, акцёры, мастакі, музыканты, але з іх паходзяць і лепшыя інжынеры! У наступны, 2019 год Рыбы будуць надзвычай актыўныя: ён прыйдзе да іх з новымі ідэямі кніг, вершаў, сайтаў, праектаў і напрацовак. Не дзіва, бо Рыбы добра папрацавалі ў 2018 годзе і трэба ім толькі замацоўваць свой поспех.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».