Вы тут

На Волзе — з беларускім акцэнтам


Стварыць своеасаблівы даведнік беларусаў, для якіх Самарская вобласць стала другой  радзімай, — такую ініцыятыву вылучылі нашы супляменнікі ў Самары, праводзячы  ў чарговы раз конкурс-фестываль мастацтваў “Беларусь — мая песня!”


Танец “Беларускія зоркі” выконвае харэаграфічны калектыў “Мозаика”

Беларускі конкурс-фестываль мастацтваў “Беларусь — мая песня!” — з ліку тых, што займаюць асаблівае месца ў культурным жыцці Самарскай вобласці Расіі. Шмат прыхільнікаў і сяброў мае творчы форум — як на самарскай зямлі, так і ў іншых рэгіёнах Расіі, замежжы: бо з 2015-га набыў статус міжнароднага. Дзякуючы конкурсу-фестывалю, які ўключае й завочны адборачны тур, паўдзельнічаць у ім, далучыцца да самабытнай беларускай культуры змаглі сёлета творчыя калектывы, юныя салісты з Масквы, Армавіра, Томска, Мінска й Бабруйска, ды яшчэ Латвіі, Малдовы, Украіны... Асабліва шырока прадстаўлена была ў конкурсных праграмах Самарская вобласць, у тым ліку й сяло Борскае. Дарэчы, у гады Вялікай Айчыннай вайны ў ім для эвакуяваных дзяцей з Беларусі, Ленінграда, іншых месцаў быў адкрыты дзіцячы дом — працаваў аж да 1954 года. Так што й праз яго беларусы, выхадцы з Беларусі апынуліся на самарскай зямлі — пра тое цяпер ведае актыў Самарскай абласной грамадскай суполкі беларусаў і выхадцаў з Беларусі “Руска-Беларускае Братэрства 2000”.

Рыхтуючы сёлетні творчы форум “Беларусь — мая песня!”, сябры моладзевага аддзялення суполкі выступілі з ініцыятывай: стварыць своеасаблівы даведнік беларусаў, для якіх Самарская вобласць стала другой радзімай. Запісаны першыя сямейныя гісторыі пра тое, як нашы суайчыннікі прыжываліся на берагах Волгі. Наталля Фаміна, вядомая ў Самары журналістка, распавядае: “Першай з нашых у Самары пусціла карані прабабуля мая, Ганна Вайцэхоўская: у 1914-м з двума братамі ледзь не пехатою прыйшла ў Самару з Гродна. Беглі ад голаду, ад вайны. Як Ганна пазнаёмілася з будучым мужам — таго не ведаю. Ён быў відны жаніх: служыў на чыгунцы, нядрэннае жалаванне... У 1924-м нарадзілася мая бабуля, дзяўчынка Лёля. У ліпені 1941-га, ведаю, арыштавалі прадзеда: за перапіску са сваякамі з Беларусі, якая была на той час акупаваная. Паўгода прабабка не ведала пра яго лёс нічога, потым ён уначы, нечакана, з’явіўся на парозе, дзе ўпаў і памёр, ледзь дачакаўшыся, калі адчыняць дзверы... Мая будучая бабуля ў 1945-м заканчвала інстытут, калі на танцах у Доме афіцэраў пазнаёмілася з маім будучым дзядулем. Дзед быў ваенны лётчык, камандзіраваны на пасаду вайсковага прадстаўніка пры Заводзе імя Фрунзе. У 51-м нарадзілася мая мама”.

Свой непаўторны шлях у Самару мелі родныя, блізкія многіх удзельнікаў адборачнага тура фестывалю “Беларусь — мая песня!”, які 18 лістапада праходзіў у абласным Доме дружбы народаў. А ў зале панавала дзіўная атмасфера свята й цяплыні, дружбы і яднання, ветлівасці й гасціннасці. “Тэматыка фэсту мела сёлета ярка выражаны патрыятычны характар — бо ў 2019-м будзе адзначацца 75-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, — гаворыць прэзідэнт суполкі “Руска-Беларускае Братэрства 2000” Ірына Глуская. — У намінацыі “Мастацкае слова” гучалі творы беларускіх класікаў і сучасных паэтаў, а ў намінацыі “Вакальнае выканальніцкае мастацтва” была асобная тэма, прысвечаная памяці знакамітага кампазітара Ігара Міхайлавіча Лучанка”. Больш за 50 паэтычных нумароў прагучала са сцэны адборачнага тура — гэта былі творы пра вайну Янкі Купалы і Якуба Коласа, Максіма Танка і Аркадзя Куляшова, Петруся Броўкі ды іншых класікаў беларускай літаратуры, а таксама вершы Міхаіла Матусоўскага і Мікалая Флёрава, Віктара Качаткова і Таццяны Лаўровай, Уладзіміра Высоцкага ды іншых паэтаў.

З вялікай любоўю да Беларусі чытаў верш Ніла Гілевіча “Я — беларус” навучэнец 176-й самарскай школы Мацвей Сакалоў. Журы, прысутныя ў зале гледачы дзякавалі выканаўцу, яго настаўніцы Алене Аляксееўне Балвашэнкавай за такое выкананне працяглымі апладысментамі. 

Заснавальніца фестывалю Ірына Глуская звяртае ўвагу й на харэаграфічныя гурты — яны здзіўлялі журы адметнымі пастаноўкамі беларускіх народных і эстрадных танцаў. Штогод у конкурсе ўдзельнічаюць і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў — як сваю культуру зберагаюць, так і з цікавасцю вывучаюць культуру беларускую. У намінацыі “Харэаграфія” было прадстаўлена больш за 20 нумароў. І больш за 80 песенных кампазіцый спаборнічала ў намінацыі “Вакальнае мастацтва”. Сярод іх — кранальная песня “Балада” (спяваў заслужаны вакальны ансамбль “Каданс”) з такімі словамі: “Барані сцяжынкі там, дзе мы хадзілі,/ Дзе спявала наша зорная вясна,/ Барані каханне, барані Радзіму,/ Барані святую: ў нас яна адна...”. Песню “Полька беларуская” выканаў гурт “Сузор’е”. Гучалі таксама іншыя песні пра Беларусь: “Беларусачка”, “Зямля з блакітнымі вачамі”, “Жытнёвае поле”... Дарэчы, Ірына Глуская ў захапленні, як цудоўна й на чыстай беларускай мове выканала песню “Зямля з блакітнымі вачамі”, прадставіўшы вакальны й сцэнічны вобраз чароўнай беларусачкі, Аіда Акперава — дзяўчына з азербайджанскай сям’і.

Свята беларускай культуры на Самарскай зямлі завяршылася. А ўзнагароджанне лаўрэатаў Беларускага фестывалю мастацтваў “Беларусь — мая песня!” пройдзе пад час канцэртнай праграмы “Свята разам з сябрамі”: яе складуць лепшыя конкурсныя нумары творчага форуму. Арганізуе і правядзе канцэрт у хуткім часе суполка “Руска-Беларускае Братэрства 2000”.

Мікалай БОЙКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».