Вы тут

...І складзецца кніжны збор


Літаратары Гомельшчыны адгукнуліся на зварот старшыні Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзіміра Гаўрыловіча ўзяць удзел у дабрачыннай акцыі «Кнігі для Клімаўскай сельскай бібліятэкі».


Загадчыца бібліятэкі Антаніна Жыгалава і старшыня Гомельскага абласнога аддзялення СПБ Уладзімір Гаўрыловіч.

Так сталася, што падчас пажару бібліятэка была пашкоджана, пацярпеў і кніжны фонд. Дарэчы, Клімаўская сельская бібліятэка — адна з лепшых і ў раёне, і на Гомельшчыне. Дзякуючы яе загадчыцы Антаніне Жыгалавай, тут часта ладзіліся літаратурныя святы, у тым ліку і з удзелам пісьменнікаў.

Пачуўшы пра бяду, кіраўніцтва абласнога аддзялення вырашыла падтрымаць як установу культуры, так і яе апантанага загадчыка.

— Да акцыі далучыліся больш як 30 творцаў і прынеслі ў офіс аддзялення каля 800 цікавых выданняў з уласных бібліятэк, — адзначыў Уладзімір Гаўрыловіч. — Некаторыя літаратары падаравалі кніжніцы ўласныя кнігі з аўтографамі. Некалькі аўтараў асабіста перадалі кнігі сельскай бібліятэцы. Акцыя будзе працягнута.

Савет абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі звярнуўся з просьбай падтрымаць кніжніцу як у Прэзідыум Саюза пісьменнікаў Беларусі, так і ва ўсе абласныя арганізацыі творчага саюза. І гэтая просьба гамяльчан была пачута. Выданні для папаўнення кніжнага фонду сельскай бібліятэкі цяпер збіраюцца ў Мінску, у апараце СПБ. А ў лютым, пасля Міжнароднай кніжнай выстаўкі, у якой возьмуць удзел і літаратары Гомельшчыны са сваёй прэзентацыяй, бібліятэчка, сабраная намаганнямі творчай пісьменніцкай сям’і краіны, будзе дастаўлена ў Гомель, а пасля — ва ўжо адрамантаваную бібліятэку. Там, як адзначыў кіраўнік абласнога аддзялення СПБ, запланавана правесці вялікае кніжнае свята для вясковых чытачоў з удзелам вядучых літаратараў Гомельшчыны.

Дзяніс ІВАНОЎ, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.