Вы тут

Як сустрэць Новы год?


Ёсць такая прымаўка - "як сустрэнеш, так і правядзеш". Адсюль і традыцыя ў навагоднюю ноч ладзіць багаты стол з мноствам складаных і дарагіх страў. Мы ж прапануем варыянты, альтэрнатыўныя «ціхаму сямейнаму святу», і запрашаем распачаць іншую традыцыю — сустрэць Новы год у новай кампаніі, а ў святочную ноч абавязкова выйсці з зоны камфорту і распачаць год з выкліку самому сабе. І гэты выклік можа быць розны.


Танцавальны

Што? Вось ужо чацвёрты раз у сталіцы адбудзецца навагодняя ноч танцаў. Тут па завядзёнцы збяруцца аматары паспяваць і патанцаваць у добрай кампаніі сяброў і аднадумцаў. Гэта ж тыя самыя традыцыйныя вячоркі, але ў фармаце гарадской клубнай вечарынкі! Будзьце гатовыя танчыць усю ноч: з 22.00 да 6 раніцы. Летась удзельнікі вечарыны, кіруючыся дэвізам «Набітыя навагоднія шышкі не баляць!», станцавалі больш як 60 танцаў. І гэта яшчэ не мяжа! Не ўмееце столькі? Не ўмееце? Хутка навучыцеся: гапак, полька, вальсы — фактычна частка генетычнай памяці беларусаў. Пажадана мець зменны абутак, унёсак у выглядзе стравы ці пітва для агульнага стала і — абавязкова — выдатны настрой. Таксама па традыцыі на вечарыне будзе працаваць ананімны Дзед Мароз, праз якога можна перадаць падаруначак сябру. Дарэчы, на свята можна завітаць і з дзецьмі. Для малых будзе абсталяваны адмысловы пакойчык для гульняў і адпачынку.

Дзе? Студыя DanceFly (вуліца М. Багдановіча, 142).

Калі? З 22.00 31 снежня да 6.00 1 студзеня.


Спартыўны

Што? Клуб аматараў бегу запрашае сустрэць Новы год літаральна на бягу. Удзельнікам свята прапануюць у святочную ноч пераадолець дыстанцыю ў 8,5 км. Распачнецца забег каля цэнтральнага ўвахода ў Палац спорту, скончыцца непадалёк — каля навагодняй ёлкі, устаноўленай на пляцоўцы Палаца.

Дзе? Цэнтральны ўваход Палаца спорту.

Калі? З 23.30 31 снежня да 00.30 1 студзеня.


Масавы

Што? Існуе прыкмета, што тых, хто сустракае Новы год на свежым паветры, чакаюць вялікія змены і сюрпрызы. Натуральна, змены да лепшага. Таму досыць распаўсюджаная завядзёнка ў навагоднюю ноч выходзіць на галоўную плошчу горада і літаральна растварацца ў натоўпе вясёлых незнаёмцаў і далучацца да агульнага святкавання. Ці працуе прыкмета? Невядома, але варта хаця б раз паспрабаваць. Праграма «З Новым годам, сталіца!» абяцае быць яскравай і запамінальнай, аздобленай святочным феерверк-шоу.

Дзе? Галоўная навагодняя пляцоўка Мінска размесціцца каля Палаца спорту.

Калі? З 23.00 31 снежня да 04.00 1 студзеня.

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.