Вы тут

Макей: трэба неадкладна заняцца вырашэннем канфлікту ва Украіне


Неабходна неадкладна заняцца вырашэннем канфлікту ва Украіне, заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей 19 снежня ў інтэрв'ю японскай тэлерадыёкампаніі NHK, паведамляе сайт беларускага знешнепалітычнага ведамства.


— Мы лічым, што ўкраінскі канфлікт з'яўляецца сёння галоўнай пагрозай еўрапейскай рэгіянальнай бяспекі. Трэба неадкладна заняцца яго вырашэннем, - сказаў Уладзімір Макей. - Мы стараемся згуляць сваю ролю, не навязваючы ў пасярэднікі, як кажа кіраўнік беларускай дзяржавы, але мы стараемся прыкласці максімум намаганняў па вырашэнні гэтага канфлікту.

Дзякуючы сустрэчы ў "нармандскім фармаце", якая прайшла ў Мінску ў лютым 2015 года, было спынена актыўнае ўзброенае супрацьстаянне на ўсходзе Украіны. Беларусь забяспечвае рэгулярнае правядзенне трохбаковай кантактнай групы АБСЕ. Пасяджэння гэтай групы праходзяць два разы на месяц у Мінску.

— Мы праводзім рэгулярныя кантакты, у тым ліку на вышэйшым узроўні, з абодвума бакамі, спрабуючы пераканаць іх знаходзіць пункты судакранання, кропкі збліжэння, для таго каб спыніць гэта ўзброенае супрацьстаянне і забяспечыць мір і стабільнасць на ўсходзе Украіны, - дадаў міністр.

Прэзідэнт Беларусі ў свой час высунуў некалькі ініцыятыў, яшчэ ў 2014 годзе прапанаваў свае паслугі па большай уцягнутасці Беларусі ў вырашэнне гэтай спрэчкі. У прыватнасці, ён прапанаваў накіраваць узброены міратворчы кантынгент Беларусі. Зразумела, што з прыцягненнем іншых дзяржаў, каб забяспечыць кантроль на расійска-ўкраінскай мяжы і на лініі супрацьстаяння паміж усходам і астатняй часткай тэрыторыі Украіны.

Паводле слоў Уладзіміра Макея, Беларусь кроўна зацікаўлена ў тым, каб усе бакі праявілі шчырую зацікаўленасць у вырашэнні і ўрэгуляванні гэтага канфлікту. Нікому не трэба тут імкнуцца атрымаць нейкія палітычныя ці іншыя дывідэнды - ні да чаго добрага гэта не прывядзе, упэўнены ён.

— З улікам таго, што наша эканоміка адкрытая (мы прадаем 60-70% тавараў, якія вырабляем у Беларусі), мы вельмі залежым ад знешніх рынкаў. Таму мы хацелі б, каб у нашым рэгіёне і іншых рэгіёнах былі спакой, мір і стабільнасць, што дазволіла б нам эфектыўна гандляваць і працаваць на гэтых рынках. Таму філасофія нашай знешняй палітыкі заключаецца ў тым, каб сыходзіць ад гэтай сённяшняй канфрантацыі, - адзначыў міністр.

Паводле яго слоў, менавіта таму Прэзідэнт Беларусі яшчэ ў 2017 годзе высунуў ідэю так званага ўсёабдымнага дыялогу, які быў бы накіраваны на тое, каб усе канфліктуючыя бакі селі за стол перамоваў і замест таго, каб высвятляць адносіны на поле бою, за сталом перамоў пачалі б размову пра тое, як нам супрацьстаяць больш актуальным глабальным выклікам і пагрозам, якія мы назіраем сёння. Гэта і тэрарызм, і кібертэрарызм, і гандаль людзьмі, і міжнародная злачыннасць, і многае іншае. Мы лічым, што толькі праз дыялог, праз аб'яднальны, а не раздзяляльны міжнародны парадак дня мы можам дамагчыся міру, спакою ў нашым рэгіёне, а таксама ў глабальным кантэксце.

У інтэрв'ю таксама былі закрануты пытанні беларуска-расійскага ўзаемадзеяння. Уладзімір Макей адзначыў, што Беларусь і Расія маюць цесныя адносіны ва ўсіх сферах і галінах.

— Мы з'яўляемся саюзнікамі, якія супрацоўнічаюць і ў ваеннай сферы, і ў палітычнай, і ў гандлёва-эканамічнай, і ў гуманітарнай. У рамках Саюзнай дзяржавы, якая існуе з 1999 года, мы дасягнулі вельмі шмат, - сказаў ён. - Я лічу, што галоўным дасягненнем з'яўляецца забеспячэнне роўных правоў для грамадзян Беларусі і Расіі. Сёння грамадзяне Беларусі не адчуваюць сябе чужымі ў Расіі і, адпаведна, расіяне - у нашай краіне. Яны могуць спакойна вучыцца, працаваць, набываць нерухомасць, атрымліваць медыцынскую дапамогу і г.д. таму можна сапраўды казаць аб брацкіх адносінах паміж Беларуссю і Расіяй

Але гэта, на жаль, не азначае, што паміж дружалюбнымі дзяржавамі не могуць узнікаць спрэчкі і рознагалоссі, дадаў міністр. На вялікі жаль, часам у адносінах з'яўляюцца моманты, звязаныя, па яго словах, з павярхоўнай, штучнай бухгалтэрыяй, калі падлічваецца, хто і колькі паклаў на шалі ў той ці іншай сферы супрацоўніцтва і хто каму павінен.

— Мы зыходзім з таго, што мы - брацкія, дружалюбныя дзяржавы i, працуючы ў рамках і Саюзнай дзяржавы, і Еўразійскага эканамічнага саюза, павінны імкнуцца да стварэння ў ЕАЭС адзінай эканамічнай прасторы, якая дазволіла б забяспечыць свабоднае перамяшчэнне тавараў, паслуг, капіталу і працоўнай сілы, - сказаў Уладзімір Макей.

— Але не трэба разглядаць гэтыя рэчы як трагічныя. Мы знаходзімся ў пастаянным дыялогу, і жыццё паказвае, што мы заўсёды вырашалі гэтыя пытанні ў рамках адкрытага, шчырага дыялогу з нашымі расійскімі сябрамі. Мы маем намер працягваць курс на далейшае паглыбленне і развіццё адносін з Расійскай Федэрацыяй. У любым выпадку бакі заўсёды будуць ўзаемавыгадна вырашаць праблемныя пытанні, якія часам узнікаюць, - упэўнены кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства. Расія і Беларусь з'яўляюцца адзін для аднаго галоўнымі гандлёва-эканамічнымі партнёрамі.

У той жа час Уладзімір Макей падкрэсліў, што Беларусь, як любая незалежная дзяржава, імкнецца праводзіць і праводзіць знешнюю палітыку, гандлёва-эканамічную палітыку зыходзячы з уласных нацыянальных інтарэсаў.

— Мы зыходзім у нашай палітыцы з таго, што неабходна нашай краіне, што важна для нашага народа, - сказаў ён. - Беларусь як незалежная, суверэнная дзяржава заўсёды імкнулася праводзіць і будзе праводзіць абсалютна незалежную знешнюю палітыку, якая накіравана на карысць народа.

Спыталі ў міністра і пра беларуска-японскія адносіны.

— Японія ўяўляе для нас найвелізарную цікавасць. Так, у нас развіваецца ў пэўнай меры гандлёва-эканамічнае ўзаемадзеянне - дзесьці каля $120 млн таваразварот за дзесяць месяцаў гэтага года, але мы лічым, што наш патэнцыял далёка не выкарыстаны. Мы зацікаўлены ў больш цесных кантактах паміж бізнесам Беларусі і Японіі, - сказаў Уладзімір Макей. - мы ўсе ведаем, якая моцная Японія ў аўтамабілебудаванні, вытворчасці бытавой тэхнікі, у сферы высокіх тэхналогій. Таму мы зацікаўленыя ў тым, каб нашы адносіны развіваліся больш актыўна і глыбока. Мы гатовыя даць максімальныя прэферэнцыі для японскага бізнесу ў выпадку яго рашэння прыйсці ў Беларусь.

Трэба таксама падумаць над актывізацыяй палітычнага дыялогу, у тым ліку на вышэйшым узроўні, над чым цяпер і вядзецца праца, дадаў міністр.

У пачатку гэтага года Беларусь прыняла рашэнне даць японцам права ўязджаць без візы і знаходзіцца на тэрыторыі краіны на працягу 30 дзён. Японія ўваходзіць у лік каля 80 краін, якія былі ўключаныя ў спіс бязвізавага ўезду на 30 дзён у мэтах турызму, бізнесу, гуманітарнага ўзаемадзеяння і г.д.

— Мы сёння вельмі шчыльна ўзаемадзейнічаем па пытаннях пераадолення негатыўных наступстваў атамных катастроф. Мы ўдзячныя японцам за тое, што з дапамогай адпаведных праграм мы рэалізавалі амаль 40 сацыяльных праектаў па чарнобыльскай праблематыцы. У сваю чаргу мы падалі Японіі пэўную матэрыяльную дапамогу пасля аварыі на Фукусіме. Мы штогод прымаем парадку 130-150 японскіх дзяцей на аздараўленне, летам яны адпачываюць у нашым піянерскім лагеры "Зубронак", - дадаў Уладзімір Макей.

У інтэрв'ю была закранутая тэма і ўзаемадзеяння Беларусі з Кітаем. Для развіцця супрацоўніцтва з гэтай краінай трэба пераходзіць ад простага гандлю да прамога крэдытна-інвестыцыйнага супрацоўніцтва, упэўнены кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства.

— Мы цяпер працуем вельмі шчыльна над рэалізацыяй падобнага роду праектаў як у нашай краіне, так і ў Кітаі. Адна з галоўных задач складаецца таксама ў тым, каб умацоўваць міжрэгіянальнае супрацоўніцтва, - сказаў ён. - Наша краіна - невялікая, дзесяць мільёнаў - гэта маленькая вёсачка ў Кітаі, скажам так, калі параўноўваць па маштабах. Таму мы вельмі актыўна цяпер працуем з рэгіёнамі гэтай краіны, трэба сказаць, вельмі і вельмі паспяхова. зараз назіраецца сур'ёзны рост нашага экспарту ў Кітай, у першую чаргу сельскагаспадарчай прадукцыі.

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.