Вы тут

Хто носіць небасхіл


Хіба не цуд, што ў наш прагматычны век, калі рэй вядзе культ матэрыяльнага дабрабыту, людзі не забываюцца на паэзію: раз-пораз у моры выдавецкай прадукцыі з’яўляюцца сапраўдныя паэтычныя «перлінкі» — зборнікі вершаў, да якіх пасля прачытання хочацца вяртацца раз за разам... І гэта даказвае: нягледзячы на ўсе складанасці і супярэчлівасці сучаснага жыцця, не страчваецца галоўнае — повязь з першаасновай, нейкай глыбіннай чалавечай сутнасцю, што лучыць са Стваральнікам. Бог-дэміург стварыў чалавека на сваё падабенства, значыць, і чалавек — творца... Стварае цуды:


СУЗІРАННЯ

Адной з лепшых паэтычных кніг, што сёлета пабачылі свет, стаўся зборнік пункціраў Алеся Разанава «Такая і гэтакі: талакуе з маланкай дождж» («Мастацкая літаратура»). Сапраўднае дзіва: творы А. Разанава — найлепшы сродак пашырэння альбо змянення свядомасці. Варта разгарнуць кнігу і ўдумліва пачытаць яе ад пачатку да канца, і эфект — ашаламляльны! Нездарма паэта параўноўваюць з Праметэем альбо са сталкерам: як рудакоп, заглыбляючыся ў пароду і здабываючы кіркай нешта карыснае для людзей, ён паглыбляецца ў метафізічную прыроду рэчаў і даследуе яе. Чым глыбей, тым больш здабычы, тым шырэйшая прастора сэнсаў, асацыяцый, алюзій, тым большая ўнутраная свабода.

***

 У старажытным парку

раптоўна ўзляцелі

гурмой вароны;

нібы жывая істота,

у галінах вагаецца крык

і ўспуджвае наваколле.

***

Лужына.

Захапіла

жоўты кляновы ліст

 і зашклілася лёдам:

е й н ы!..

Каб так адчуваць, мала глядзець толькі ўнутр сябе ці ў прастору. Трэба бачыць адначасова ўсё і паўсюль. У якасці вачэй мусіць выступаць усё ментальнае паэтычнае цела...

АДДАНАСЦІ

...Хіба не цуд, што сланечнік можна выгадаваць і ўзімку? Прынамсі, сланечнік як кветку паэзіі, дзе ў кветаложы, як у сэнсавым полі, спеюць вершы-семкі? Менавіта зімовыя асацыяцыіі выклікаў зборнік вершаў Міколы Маляўкі «Сланечнік» («Чатыры чвэрці»). Зіме, паводле крытыка Васіля Дранько-Майсюка, нададзена рамантычна-любоўнае гучанне, яна — як яскравая метафара незвычайнага кахання і вострай, нераспазнанай эратычнай эмоцыі, якую не можа перадаць ніводная іншая пара года.

Але не толькі каханне — тэматыка зборніка надзвычай шырокая: пад яго вокладкай сабраны вершы, санеты, балады, паэма, прытчы і байкі. Тут і сардэчная шчырасць, і любасць да блізкага, роднага. Лірыка М. Маляўкі мае пранізлівае патрыятычнае гучанне і высокі пафас:

Не ведаю, куды жыццё закіне,

ды Божа збаў памерці на чужыне.

Адна Радзіма — і адна любоў:

я нарадзіўся тут, і шчасце проста

вось так вяртацца, з кошыкам грыбоў,

 у родны свет сучаснікаў і продкаў.

БЯЗМЕЖЖА

...Цуд — само жыццё. Чуць і бачыць яго такім, якім яно ёсць, штодзённа рабіць для сябе хай невялікія, але нечаканыя адкрыцці. З моманту стварэння першых літаратурных шэдэўраў пра каханне, здаецца, сказана ўсё, што можна было сказаць. Але яно — вечнае і будзе існаваць, пакуль існавацьме чалавецтва. Адпаведна, паэты напішуць яшчэ безліч паэм, санетаў і балад у гонар каханых. Балады Уладзіміра Арлова з кнігі «Паручнік Пятровіч і прапаршчык Здань» нарадзіліся не на мяжы, а на бязмежжы жанраў. Бо асоба аўтара шматгранная: ён і паэт, і гісторык, і вандроўнік. А галоўнае — археолаг уласнай душы, як пазначана ў анатацыі да зборніка. Балады, сабраныя пад яго вокладкай, не ўслаўляюць каханне як наймагутнейшую сілу, якая трымае сусвет, але яно, як жыццядайная крыніца, пульсуе ў радках, вобразах, метафарах паэта:

патрэба кахаць дзіця маё

таксама як патрэба быць каханым

праява чалавечага эгаізму

Як сіла-антыпод, якая, тым не менш, выступае ў якасці каталізатара для аднаго з самых моцных пачуццяў — кахання — смерць заўжды побач з ім. Эрас і Танатас... Гэтае спрадвечнае проціборства і немагчымасць існавання аднога без другога... У. Арлоў «спрашчае» смерць да шараговай побытавай з’явы:

потым ён памёр

памёр у сваім фатэлі

ложак быў толькі крыху даўжэйшы

у тыя часы спалі амаль седзячы

хацелі напалохаць смерць

маўляў я не сплю

нічога ў цябе спадарыня не атрымаецца

 быццам смерць не ведае такіх хітрыкаў

АСЭНСАВАННЯ

А цудоўнае плаванне паміж астравоў раскрытай душы — гэта пра жыццё. Менавіта такія асацыяцыі выклікае зборнік вершаў Ігара Пракаповіча «Астравы існасці», што нядаўна пабачыў свет у выдавецтве «Каўчэг». Аўтар атаясамляе ўласны космас з возерам, а самае істотнае ў жыцці — з выспамі. Іх чатыры, — столькі ў зборніку тэматычных раздзелаў. Лучыць іх любоў да жыцця і да зачараванай Айчыны, да філасофскага спазнання таямніц і сутнасці існавання:

Зямля — быццам шар,

А стаіш — на краі:

Над табой і ў табе

Незямны акіян...

Чалавек — цэлы сусвет, мікракосмас. З уласнымі планетамі, цэнтрамі прыцягнення, светлым і цёмным палюсамі. Ён існуе не сам па сабе, а ў судакрананні з іншымі сусветамі. У прасторы, шчыльна населенай імі. Таму і ёсць адзінота (інакш бы яна была нормай). Чалавек, калі прыйшоў у свет, вымушаны жыць у заўсёдным змаганні з ёю. А таксама з холадам, голадам, хваробамі... Але тым саладзейшыя рэдкія хвіліны ўсёпаглынальнага шчасця, імгненні ўсеабдымнай радасці, а самае вялікая эйфарыя — у чаканні і прадчуванні іх:

У прасторы, дзе сцелецца шолах травы,

Дзе, пульсуючы, сок ажыўляе кару,

Дзе з малітвай вяртання ляцяць журавы,

Я запальваю ціхай надзеі зару.

ВАНДРАВАННЯ

Адкрываць і спасцігаць цуды жыцця і таямніцы светабудовы не стамляецца і Алесь Камоцкі. Менестрэль, вандроўнік, філосаф. У новым яго зборніку «Не як так» («Кнігазбор») па-ранейшаму галоўны вобраз дарогі. Лірычны герой як вечны падлетак. Ён не шукае назаўсёды цеплыню, каханне і адносіны, у якіх было б добра... Для яго больш істотна заўжды ісці на святло недасяжнай зоркі, прывідны маяк; шукаць адказы на пытанні, якія не маюць адназначных адказаў у прынцыпе... І паўсюль — тонкая самаіронія, трапная назіральнасць, пачуццёвасць, але тут жа, побач, — халаднаватая рацыянальнасць:

Кульгавая мара складае гадзіны з імгненняў пустых.

Зірнуўшы навокал, я трохі шкадую, што побач не ты.

Альбо:

Складанасці абставінаў жыцця

Неспадзявана ўжо не засмучаюць...

Жывём не прадчуваннем адкрыцця,

А намаганнем выспацца начамі.

Але, як бы ні было халодна і самотна, унутраны назіральнік, alter-ego, двайнік аўтара паднясе да вачэй скарынку празрыстага, як шкло, лёду і гляне скрозь яе ў бяздонне неба. Сфакусаваўшыся, сонечны прамень запаліць у яго душы новыя сэнсы і пакажа новыя далягляды, дзе абавязкова адкрыюць сябе нязведаныя яшчэ дзівосы...

ВЯРТАННЯ

 ...У кожнага з нас ёсць мясціна, дзе мы пачалі спазнаваць цуды гэтага свету: вёска, мястэчка, маленькі ці вялікі горад. І куды б ні закінуў лёс, чалавек заўжды імкнецца ў той запаветны кут. Альбо хаця б вяртаецца ў думках. Стварае ў душы «прытулак», дзе ёсць вуліца, знаёмая з маленства, родныя веснічкі, панадворак, бэз і півоні ў кветніку... І «хаваецца» там ад усіх жыццёвых нягод, набіраецца сіл, ачуньвае для новых выпрабаванняў... На высокай ноце гучаць прызнанні ў любові ў новым выданні «Зямля бацькоў, святая... Зборнік вершаў пра малую Радзіму» («Мастацкая літаратура»). «Тых, хто носіць небасхіл у сэрцы, / нельга ні уджаліць, ні забіць», — патрыятычны пафас Уладзіміра Караткевіча, аднаго з аўтараў зборніка, непаўторны: узнёсла-шчыры, эмацыянальны, лірычны... Паэты, чые вершы ўключаны ў выданне, геаграфічна прадстаўляюць усю Беларусь: Янка Сіпакоў, Навум Гальпяровіч, Віктар Шніп ды іншыя.

Любіць — значыць бескарысліва аддаваць сябе, трымаць адказнасць за тое, што любіш... Вялікі лёс складаецца з малых лёсаў гарадоў, мястэчак, вёсак. Зборнік вершаў пад прыгожай назвай «Зямля бацькоў, святая...» натхняе задумацца над тым, якой будзе наша зямля заўтра. Безумоўна, яна — цудоўная, але часам цуды — не толькі тое, што можна адкрыць альбо атрымаць як дарунак, але і тое, што можна і патрэбна зрабіць самому. У першую чаргу для саміх сябе, для тых, хто будзе пасля, для зямлі бацькоў...

СПАЗНАННЯ

Мінск як цуд. Шмат можна спрачацца з тымі, для каго беларускія гарады аднатыпныя. Але нават у архітэктурна падобных мястэчках — свая гісторыя, свая непаўторная атмасфера, свае цуды і легенды. Што ўжо казаць пра адзін з найстаражытнейшых, найбуйнейшы цяпер горад Беларусі. Ці не цуд ён? «Мінск назаўжды. Гарадскія апавяданні» («Янушкевіч») — плён праекта «10+10». У той час, як чытача закідваюць энцыклапедычнымі кнігамі, такая па-мастацку ўвасобленая канцэпцыя гісторый пра Мінск выглядае вельмі выйгрышна. Твор цікавы нешараговасцю поглядаў на сталіцу: апавяданні і абразкі 10 аўтараў-пачаткоўцаў і 10 вядомых пісьменнікаў зацікавяць чытача любога пакалення. Аўтары стварылі такія незабыўныя (а дзесьці нават казачныя) сюжэты, што на Мінск нельга не паглядзець іншымі вачыма, бо ты ўжо ведаеш: у скверах, кавярнях, крамах можна сустрэць каго заўгодна. На вуліцы можна знайсці Вулічніка, які будзе цэлую ноч вадзіць па сталіцы, дзелячыся цікавымі гісторыямі. У горадзе можна пазнаёміцца нават з лесуном ці цмокам. Але творы не толькі забаўляльныя — ёсць сапраўды сур’ёзныя, як, напрыклад, апавяданне У. Садоўскага «На крукі свае», у цэнтры якога — начны арышт органамі НКУС у 1930-я гг. Галоўны герой фатограф Міхаіл Пятроўскі неверагодным чынам пазбягае расстрэлу, мае магчымасць уратавацца, але чамусьці вяртаецца, каб дачакацца выканання прысуду. Настрой змяняецца з кожным творам.

СЛОВА

Гэта тое, што адлюстроўвае змену эпох перш за ўсё. Мы не заўжды прыкмячаем яго каштоўнасць, але толькі валоданне ім у поўнай ступені дае нам пачуццё свабоды. Так склалася, што сапраўднаму — гучнаму, праўдзіваму, шчыраму — слову не заўсёды было месца ў гісторыі. І калі яно ў рэшце рэшт з’яўляецца, ці не цуд гэта? Тэме несвабоды слова прысвечаны «Нарысы гісторыі і цэнзуры ў БССР у дзвюх кнігах» пад агульнай назвай «Чырвоны аловак». Сёлета выйшла другая частка пра перыяд 1943—1991 гг. Галоўная каштоўнасць «Кнігі другой» — дакладная рэканструкцыя гісторыі існавання цэнзуры ў БССР. Аўтар пачынае разбор аб’ектаў цэнзурнай палітыкі з літаратуры, працягваючы аглядам дзейнасць сродкаў масавай інфармацыі. Вядома, што літаратурная творчасць пад наглядам перажывала розныя перыяды, але адзначаецца, што горш за ўсё было ў першае пасляваеннае дзесяцігоддзе. Тут і агонія сталінскага рэжыму, і ганебныя ідэалагічныя кампаніі. Менавіта ў той перыяд з верша Максіма Багдановіча «Цемень» выкінулі радкі: «Не глядзіць на мяне ясны выраз Хрыста». У 1945 г. цэнзура прымусіла Кандрата Крапіву перапрацоўваць яго арыгінальную камедыю «Мілы чалавек», імкнучыся звесці яе да ўзроўню тагачаснай параднай літаратуры. Пазней і Васіль Быкаў на сваім досведзе даведаўся, што такое ідэалогія «развітога сацыялізму», калі ў выданнях былі забаронены нават згадкі пра аповесць «Мёртвым не баліць».

ЖЫЦЦЯ

Жыццё — сапраўдны цуд, тут ужо ніхто спрачацца не будзе. Хоць цуд даволі няпросты. Нават на працягу ўсяго знаёмства з нашай літаратурай міжволі напрошваецца выснова: беларусы пераадольваюць жыццё. Часам тыповы жыхар ідзе менавіта шляхам пераадолення, увогуле цудам існуючы. Зборнік «На парозе раю» («Чатыры чвэрці») Зінаіды Дудзюк — якраз пра гэта. У кнізе сем твораў: дзве аповесці («Рэванш» і «Вольны палёт»), дзве кінааповесці («На парозе раю» і «Жорсткая ініцыяцыя») і тры апавяданні («Жалезная логіка», «Ворагі народа», «Чапля»). Яснасць вобразаў і ўчынкаў персанажаў, якім можна шчыра суперажываць, — цяпер не такая частая з’ява. Але лёсы герояў адлюстраваны на фоне моцных грамадска-палітычных узрушэнняў розных часоў — пераломных падзей першай паловы ХХ ст. і канца 1980— 1990-х гг., што не можа пакінуць абыякавым. Персанажы імкнуцца пераадолець як неспрыяльныя знешнія абставіны (а гэта частыя выпрабаванні ў ваенны і пасляваенны час, наданне кляйма «ворага народа», вымушанае беспрацоўе і безграшоўе, беспрытульнасць), так і сямейныя і асабістыя крызісы: развод, здрада, нешчаслівае каханне. Адметна, што большасць герояў кнігі — жанчыны: маладыя і сталага ўзросту, нават зусім юныя дзяўчаты. Магчыма, З. Дудзюк лягчэй распрацоўваць менавіта гэты тып персанажаў. Тым больш яны традыцыйна выклікаюць больш шчымлівых пачуццяў.

СМЕХУ

Нягледзячы на тое, што гумар цяпер паўсюль, мы перасталі ставіцца да яго наўпрост: без прэтэнзій, без крыўдаў. Часам абразіць можна нават лёгкай усмешкай. Вядома, усе розныя, ды што казаць: пачуццё гумару — сфера вельмі суб’ектыўная. «Нішто не выдае чалавека, як тое, з чаго ён смяецца», — некалі заўважыў Гётэ. Можа, таму з-за гэтай відавочнай адноснасці пачуцця гумару шчырага смеху ў нашым жыцці становіцца ўсё менш? І ці не цуд ён ужо? Не ўсе будуць аднолькава смяяцца, чытаючы зборнік апавяданняў «Матрошкі з малаткамі» («Чатыры чвэрці») Васіля Найдзіна. Як і ў кожнай кнізе, тут свае вартасці і недахопы. Вядома, вельмі цяжка падаць той ці іншы выпадак у выглядзе гісторыі з доўгімі апісаннямі, разважаннямі, роздумамі і высновамі, бо найпрасцей выказацца шляхам стварэння дыялогавых сітуацый, што мы звычайна сустракаем у анекдотах. Гэтым шляхам пайшоў і В. Найдзін. Апавяданні складаюць дыялогі калег, сяброў, сваякоў, аўтара з рэдактарам, можна сустрэць і ўнутраныя маналогі герояў. Знаёмыя кожнаму тэмы ставяць у адзін шэраг аўтара і чытача. Тут і ўсе супярэчнасці ў адносінах з жанчынамі, і цікавыя выпадкі з роднымі і калегамі, і праблемныя сітуацыі на працы. Напрыклад, спазненне як нагода для стварэння пацешнай тлумачальнай. Такіх варыянтаў можа быць колькі заўгодна, мы бачым гэта амаль кожны дзень (бо ўсё гэта нібыта паўтарае жыццё) у тэлеперадачах, серыялах. Фармат так званага скетч-шоу ўвогуле мае шмат падобнага з творамі В. Найдзіна. У чым жа цікавасць? Ды хаця б у звароце да такого тыпу апавядання ў беларускай літаратуры, поўнай апісанняў горычы і пакут, у спробах гумарыстычнага асэнсавання нашай рэчаіснасці, якога вельмі не хапае, у адстутнасці боязі паказацца нясмешным, дзіўным ці незразумелым.

ЗВЫКЛАГА

Двухмоўная кніга, праваднік па Беларусі, толькі не па славутасцях, а па своеасаблівых «традыцыях» нашай краіны, якія мы ніколі не ўспрымалі не тое што як традыцыі, а ўвогуле як штосьці адметнае. Выданне Марты Чарновай і Марыі Чараковай «Гэта Беларусь, дзетка!» («Харвест») — інструкцыя па жыцці ў Беларусі, шчодра аздобленае коміксаміілюстрацыямі, было створана дзвюма дзяўчынамі, якія выраслі за межамі нашай краіны і таму глядзяць на яе вачыма іншаземцаў.

Іх праект пачынаўся як блог пра Беларусь і ў выніку стаў кнігай для таго, каб растлумачыць іншаземцам цікавасці, адметнасці і складанасці, уласцівыя нашай краіне. Тое, пра што мы ніколі не задумваліся — грамадскі транспарт, чэргі ў паліклініках, бульба, адключэнне гарачай вады ўлетку, — тлумачыцца вельмі падрабязна і асабліва. Гэта быццам вывучаць сваю родную мову як замежную — глядзіш на звыклыя рэчы як на нешта невядомае. Дапамагае задумацца аб тым, як мы ўсе жывём, як на нас глядзяць замежнікі — да кожнай часткі ў кнізе прыводзяцца каментары, якія людзі з розных краін пакідалі да запісаў у блогу аўтарак — і проста ўздымае настрой. Часам усім карысна паглядзець на сваю штодзённасць вачыма іншых — гэта рэанімуе пачуццё гумару і дапамагае ўбачыць цуды вакол сябе.

ЭЛЕКТРОННЫ

Зусім нядаўна ў сучасную беларускую літаратуру ўварвалася дэтэктыўная аповесць Камілы Цень «Я прыду за табой у аўгусце»(«Янушкевіч»), якая мела адразу дзве асаблівасці, здольныя паставіць у тупік раней, чым убачыш сам твор. Папершае, твор існуе толькі ў электронным выглядзе, яго можна за невялікія грошы спампаваць у інтэрнэце. Па-другое, дэтэктыў напісаны трасянкай.

І вось з’явілася ўжо другая кніга Камілы Цень «Сакрэт фірмы», нягледзячы на тое, што прайшло зусім мала часу пасля выхаду першай. З чым гэта звязана: з поспехам першай аповесці або з тым, што электронныя кнігі рыхтуюцца хутчэй, чым папяровыя? Так ці інакш, адназначна адмысловая для беларускай літаратуры з’ява.

Другая кніга прыняла ў спадчыну ад папярэдняй дзве асаблівасці і галоўную гераіню — кантралёрку грамадскага транспарту Зінаіду Юр’еўну.

Гэтым разам на трасянцы напісана толькі адна з частак — ёсць яшчэ адна па-руску і адна па-беларуску. Герой аповесці трапляе ў сапраўды цудоўную сітуацыю: ён знаходзіць працу, на якой не трэба рабіць літаральна нічога. І, нягледзячы на неблагі заробак, адчувае, што ў гэтым усім прыхавана нейкая таямніца. І за гэтую самую таямніцу бярэцца Зінаіда Юр’еўна.

Мінскі каларыт ствараюць дасціпныя апісанні мясцін Заводскага раёна, гумар і самае галоўнае — пакручастая сюжэтная лінія, разблытваць якую можа быць не менш цікава, чым у класічных кнігах дэтэктыўнага жанру.

АРЫГІНАЛЬНАСЦІ

Выданне часам спалучае на старонках зусім далёкія рэчы, ставіць пытанні, якія падаюцца бязглуздымі, няёмкімі, незвычайнымі. Такая магічная якасць з’яўляецца вызначальнай для кнігі Паўла Касцюкевіча «Бульба ў райскім садзе» («Логвінаў»). Яна аб’яднала ў сабе Беларусь і Стары Запавет. Гэта зборнік з пятнаццаці эсэ, прысвечаных самым адметным на погляд аўтара эпізодам са Старога Запавету. Лёгка і захапляльна аўтар злучае далёкія часы, галоўную кнігу тысячагоддзяў і Беларусь. У выданні і ва ўсіх рэцэнзіях на яго акцэнтуецца, што ў Бібліі слова «смех, смяяцца» ўжыта толькі адзін раз, але аўтар распавядае пра ўсё жартаўліва, што набліжае Біблію да чытача, — а на гэта патрабуецца пэўная смеласць.

Матывацый выдання кнігі, магчыма, было мінулагодняе святкаванне пяцісотгоддзя беларускага кнігадруку, што нядзіўна, але прымушае правесці паралель. Лёгкі стыль і гумар — хіба гэта не тая мова, на якой размаўляе сучасны чалавек? Ці не на гэтай мове асветнік павінен выкласці найвышэйшую мудрасць для нас?

ТВОРЧАСЦІ

Што такое літаратура і што такое творчасць? У чым яе прырода, адкуль яна — з глыбінь мікраці макракосмасу? Як нараджаецца твор у галаве аўтара і на паперы і як стварыць яго якасным? Сёння існуе вялізная колькасць выданняў рознай якасці пра тое, як займацца літаратурнай творчасцю. Але кніга ўкраінскага літаратара Расціслава Сэмківа «Як пісалі класікі» («Янушкевіч») адрозніваецца ад усіх, бо складальнікі практычных парад, змешчаных у ёй, — Рэй Брэдберы, Агата Крысці, Джордж Оруэл і іншыя, чые кнігі мы бачым на паліцах кожнай кнігарні ў раздзеле «Замежная класіка».

«Слухайце іх — і яны скажуць» — так называецца прадмова аўтара, і з першых старонак становіцца зразумела, што гэтая кніга — цуд сустрэчы з аўтарамі, сустрэчы, якая сапраўды здольная чамусьці навучыць.

Матэрыялы паласы падрыхтавалі Яна БУДОВІЧ, Яўгенія ШЫЦЬКА і Дар’я СМІРНОВА

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.