Вы тут

Насуперак плёткам: памкненні і дасягненні Магдалены Радзівіл


Ёсць у беларускай гісторыі постаці, прасачыўшы за лёсам якіх, можна апісаць і адметнасці часу, грамадства. Гэта людзі, што не жадалі заставацца ў цені яскравых падзей і знаных творцаў і імкнуліся зрабіць як мага большы ўнёсак у развіццё краю. Такая асоба, чыё імя — адна з найярчэйшых зорак на небасхіле беларускай гісторыі пачатку ХХ стагоддзя, — Магдалена Радзівіл. Мецэнатка. Палітык. Проста жанчына, дачка, маці, жонка, яна не толькі імкнулася сама стаць шчаслівай, але і клапацілася пра развіццё літаратуры, культуры, духоўнасці роднага народа.


Складана разважаць пра матывы дзеянняў пэўнага чалавека, асабліва калі ён — жыхар іншай эпохі, належыць да зусім іншага грамадства і часу, але паспрабуем хаця б наблізіцца да разумення, чаму Магдалена Радзівіл, энергічная адукаваная жанчына, якая валодала неверагоднымі багаццямі і мела ўсе шансы стаць шчаслівай на чужыне, укладала сродкі, уласныя сілы і час на «марную» справу — беларушчыну.

Адукацыя і ўплыў бацькі

Магдалена Радзівіл (у дзявоцтве Завіша) нарадзілася ў Польшчы ў 1861 годзе. На беларускіх землях у гэты час фармальна адмянілі прыгоннае права, але сяляне ўсё яшчэ заставаліся часова абавязаныя — залежалі ад землеўласнікаў. У Польшчы ж прыгон быў скасаваны яшчэ за часамі Напалеона. Аднак ні на беларускіх, ні на польскіх землях з гэтага часу сяляне, па сутнасці, вольнымі не сталі. Яны па-ранейшаму працавалі на зямлі памешчыкаў, плацілі натурай ці працай.

Яшчэ ў самым дзяцінстве дзяўчынка заўважыла розніцу паміж стаўленнем беларускіх і польскіх сялян да паноў. Калі ў Польшчы было цалкам натуральнай з’явай пераходзіць ад аднаго гаспадара на службу да іншага, быць ліслівымі і ўсяляк дагаджаць панам (нават насуперак уласнай годнасці і перакананням), то сялянебеларусы заставаліся верныя і паводзіліся з асаблівай годнасцю. Нярэдкія тут былі выпадкі, калі землеўласнікі плацілі былым прыгонным пенсію, утрымлівалі іх дзяцей, унукаў, клапаціліся пра сваякоў і сачылі, каб тыя не засталіся без жытла і мінімальнага дастатку.

Паколькі бацька Магдалены быў вельмі справядлівы, чалавечны (хоць і надзвычай строгі), гасцінны (у доме ніколі не ведалі, хто з нечаканых гасцей застанецца на абед ці вячэру), цалкам верагодна, што дзяўчынка пераняла гэтую любоў да беларусаў і беларушчыны менавіта ад яго. З дзяцінства яна не знаходзіла агульнай мовы з маці. Ва ўспамінах сама мецэнатка піша: «Мая маці была маленькай брунеткай, яна была вельмі прыгожай: нізкі прамы лоб, вельмі чорныя вочы, матавы колер твару, вельмі прыгожы рот… Яна ніколі не была дужай, але вельмі жывой, і хаця яна не вельмі турбавала сябе гігіенай, валодала магутным здароўем».

Магдалену не лічылі прыгожай, але яна прываблівала ўвагу розумам, жывасцю і дасціпнасцю. Мяркуюць, што гэтыя рысы яна пераняла ад бабулі па маці — жанчыны адукаванай, хоць і дзівакаватай. У яе была багатая бібліятэка твораў класікі на англійскай і французскай мовах, а паколькі выхаваннем і навучаннем Магдалены і яе сясцёр займаліся французскія ды англійскія гувернанткі, дзяўчынка шмат часу праводзіла сярод гэтых кніг.

У кампаніі маці Магдалена нудзілася. Сапраўдным выпрабаваннем для яе было бавіць час у бясконцых салонах і сачыць за прымеркай новых сукенак. Іх маці набывала ў вялікай колькасці і выдаткоўвала на ўборы неверагодныя сумы грошай. Бацька ж быў не супраць такой раскошы, ён увогуле лічыў, што жанчына ад прыроды не можа быць разумная, бо верыў, што жаночы мозг аж на 300 грам лягчэйшы, чым мужчынскі, таму шчыра захапляўся жонкамі сяброў, якія выдатна спраўляліся са справамі па гаспадарцы. «Мой бацька, пра якога мой муж казаў, што ён іграў ролю маці ў адносінах да сваіх дзяцей, падаецца зараз, быў блізкі да той дасканаласці, якой можа дасягнуць чалавек на зямлі», — так напіша ва ўспамінах Магдалена. Пра маці ж яна адгукалася з зусім іншым настроем: «Я да цяперашняга часу ўспамінаю пра тое пачуццё безнадзейнасці, калі скрозь прыадчыненыя дзверы прасоўвалася галава маёй мамы, якая клікала: “Марыя! — ці казала: — Я прыйшла за сваёй дзяўчынкай”, і знікала перш, чым я паспявала кінуцца да яе».

Дзяўчынка мела слабае здароўе, таму шмат часу бавіла з бацькам, на свежым паветры, а значыць, часта чула гаворку беларускіх сялян, бачыла тую павагу, з якой яны ставяцца да бацькі, і тую душэўнасць і спагаду, якой ён адгукаецца.

Палітычная пазіцыя і ўплыў мужа

Магчыма, цікавасць да беларускай культуры і мовы Магдалене прывіў яе другі муж Мікалай Вацлаў Радзівіл, афіцэр царскай арміі. Ён быў амаль на дваццаць гадоў маладзейшы за жонку, глыбока цікавіўся беларускім фальклорам. Магдалена выйшла за яго замуж, ужо маючы дарослую дачку Людвіку. У той час хадзілі чуткі пра лёгкі нораў князя Мікалая, пра яго любоў да маладых прыгожых дзяўчат, шматлікія здрады і сваркі з жонкай. Аднак злыя языкі і насмешлівыя шэпты хутка змаўкалі, калі пара з’яўлялася на чарговым прыёме разам, у добрым гуморы і было відавочна, што паміж сужэнцамі панавала згода. Магдалена падтрымлівала вельмі цёплыя стасункі з дачкой, ужо жонкай Адама Чартарыйскага, якая з уласнай сям’ёй жыла ў Польшчы. Магчыма, адмоўны прыклад уласнай маці спрацаваў у адваротным кірунку, і жанчына імкнулася быць добрай і спагадлівай, як бацька, а не халоднай, як маці.

Разам з Мікалаем Радзівілам Магдалена развівала эканамічнае жыццё ў радавым маёнтку Кухцічы. Каб наладзіць лесанарыхтоўку, пабудавалі ў гэтай мясцовасці чыгунку. Успамінаюць, што Радзівілы нават мелі ўласны вагон і часам на ім па сваёй чыгунцы выпраўляліся на балі і сустрэчы ў Мінск. Менавіта Мікалай апекаваўся ўсімі выдавецкімі справамі, якія фінансавала Магдалена. Сама жанчына не была надта абазнаная ў гэтай сферы.

Магдалена Радзівіл з унукам Людвікам, унучкай Тэрэзай і праўнукам Антонам.

Пра мецэнацкую дзейнасць Магдалены Радзівіл можна распавядаць шмат. Яна падтрымлівала выдавецкую суполку «Загляне сонца і ў наша аконца», Беларускае выдавецкае таварыства. Дзякуючы яе фінансаваму спрыянню пабачылі свет кнігі Максіма Багдановіча, Канстанцыі Буйло, працягвала існаванне газета «Наша Ніва». А прыбытак ад продажу аднаго з самых каштоўных яе брыльянтавых калье — а гэта 15 тысяч долараў (на той час — вельмі вялікія грошы) — быў перададзены кляштару айцоў-марыянаў у Друі.

На жаль, Мікалай Радзівіл загінуў у пачатку Першай сусветнай вайны. Мяркуецца, жалобны вагон прыбыў да станцыі Негарэлае, адтуль сяляне на руках неслі труну амаль 16 кіламетраў да месца пахавання. А на жалобнай цырымоніі ў ліку іншых выступіў ксёндз і паэт Аляксандр Астрамовіч, вядомы пад псеўданімам Алесь Зязюля.

Пасля смерці мужа Магдалена цэлы месяц правяла ў адзіноце, не прымала гасцей і сама не наведвала сустрэч. Аднак пазней стала сапраўдным арганізатарам нацыянальнага і культурнага руху ў сталіцы. У яе кватэры, што месцілася непадалёк ад касцёла св. Сымона і Алены ў Мінску, збіралася палітычная і творчая эліта, сама Магдалена не шкадавала сродкаў і сіл на развіццё ўсяго беларускага. Магчыма, справа ў прыроднай упартасці і жаданні не станавіцца закладніцай часу і плётак аб антыпольскім настроі.

На жаль, Першая і Другая сусветная войны паступова спусташалі сямейныя маёнткі Магдалены Радзівіл і яна была вымушаная пакінуць беларускія землі. Жыла ў Польшчы, Літве, Германіі, з 1932 года — у швейцарскім Фрыбуры, дзе і памерла ў 1945 годзе ва ўзросце 83 гадоў.

Магдалена: вяртанне

Яшчэ дзесяцігоддзі таму імя Магдалены Радзівіл маглі назваць хіба толькі даследчыкі, якія вывучаюць гісторыю Беларусі і нашай літаратуры пачатку ХХ стагоддзя. Назваць адно ў сувязі з мецэнацкай дзейнасцю, вычытаць ва ўспамінах сучаснікаў згадкі пра вечары ў яе салоне, пра неверагодна шчодрыя ахвяраванні на карысць беларускай культуры і адукацыі. Аднак сёння Магдалена Радзівіл і яе спадчына фізічна і духоўна сталі нам бліжэйшыя. Так, амаль год таму яе прах, у адпаведнасці з тастаментам, напісаным незадоўга да смерці ў швейцарскім Фрыбуры, перазахаваны ў Мінску. Наведаць новую магілу славутай мецэнаткі можна на тэрыторыі касцёла Найсвяцейшай Тройцы на Залатой Горцы ў Мінску. А не так даўно публіцы прэзентавалі грунтоўнае даследаванне Віктара Хурсіка «Vale!», прысвечанае нашай зямлячцы. Пад адной вокладкай сабраныя ўспаміны сучаснікаў, вытрымкі з архіўных дакументаў, шматлікія фотаздымкі і лісты.

Якім будзе наступны крок? Хочацца спадзявацца, што жыццёвы шлях нашай сённяшняй гераіні натхніць і творцаў — на стварэнне белетрызаванай біяграфіі ці спектакля, дакументальнага ці мастацкага фільма. Каб прыклад Магдалены яркай зоркай свяціў сучаснікам і наступнікам.

Марына ВЕСЯЛУХА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.