Вы тут

Волаты з Налібоцкай пушчы


Праграма развіцця ААН робіць жыццё зубра — беларускага ляснога сімвала — куды больш камфортным 


Мы ў Налібоцкай пушчы — старажытным лесе ў цэнтры Беларусі, дзе 25 гадоў таму зубры былі ўпершыню адпушчаныя ў свабоднае жыццё. Так, зубр — адзін з самых вядомых сімвалаў Беларусі. Прычым даўні. Яшчэ ў эпоху Адраджэння беларускі паэт Мікола Гусоўскі склаў «Песню пра зубра». Да пачатку ХХ стагоддзя эпічнага звера ў краіне не засталося, але паспяховае адраджэнне віда зноў зрабіла яго візітнай карткай краіны — зубр на марках, цукерках, бігбордах і сувенірах, галоўны дзіцячы лагер «Зубраня». Зубр Волат нават стаў сімвалам сусветнага хакейнага чэмпіянату ў 2014 годзе.

— Зубр — самае буйное наземнае млекакормячае Еўропы і наш нацыянальны здабытак, — кажа загадчык лабараторыі навукова-вытворчага цэнтра па біярэсурсах Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Васіль Шакун. — На пачатак года ў нас мелася 1824 зубры, амаль усе жывуць на волі. З 2005 года мы па агульнай колькасці зубраў знаходзімся на другім месцы пасля Польшчы. А з 2011 года — лідыруем па колькасці вольнажывучых зубраў. І я думаю, што ў бліжэйшыя гады нас ніхто не дагоніць. Нам засталося, па-мойму, 49 зубраў, каб дагнаць па агульнай колькасці Польшчу, гэта літаральна год-два.

У Налібоцкай пушчы зубры жывуць на вольным выпасе. У якасці эксперыменту сюды ў 1994 годзе прывезлі 15 зубраў з Белавежскай пушчы. Яны прыжыліся, але потым нешта пайшло не так.

Васіль Шакун:

— Дзесьці ў 2012–2013 гадах пачалі з'яўляцца праблемы. Парушыўся так званы тэрытарыяльны кансерватызм. У сувязі з пагаршэннем натуральнай кармавой базы зубры пачалі разбівацца на групы і разыходзіцца па ўсёй тэрыторыі заказніка. Гэта ўсё звязана з тым, што пагоршыліся ўмовы.

Як высветлілася, чалавек не заўсёды прыносіць прыродзе толькі шкоду. За стагоддзі суіснавання некаторыя віды дзейнасці сталі жыццёва важнымі, у тым ліку, і для дзікіх жывёл. У беларускіх вёсках цяпер ужо амаль не трымаюць жывёлу, У выніку пашы хутка зарастаюць кустоўем, а значыць, і зубры застаюцца без корму. Нездарма плануецца аднавіць амаль пяцьсот гектараў зарослых кустамі і забалочаных лясных лугоў.

Акрамя аднаўлення натуральных кармавых угоддзяў па праекце «Ветландс» зубрам могуць дапамагчы старажытныя туры і тарпаны, папуляцыі якіх беларусы збіраюцца аднавіць у краіне. Мяркуецца, што ў сакавіку з Латвіі, якая ў сваю чаргу атрымала гэтых жывёл у Галандыі, у Беларусь будзе завезена па 25 асобін кожнага віда.
— Тарпаны і туры — звяно, якое выпала, замененае каровамі і коньмі, якіх з кожным годам усё менш у сельскай гаспадарцы, — распавядае Аляксандр Казулін, навуковы каардынатар праекта «Ветландс».

Першыя вынікі праекта па паляпшэнні ўмоў пражывання еўрапейскага зубра ў Рэспубліканскім ландшафтным заказніку «Налібоцкі» прадстаўлены грамадскасці. Яны абнадзейваюць. З пачатку 2018 года ў заказніку адноўлена 146 гектараў лугавых угоддзяў. Усяго ў межах пяцігадовага праекта «Ветландс» тут плануюць аднавіць амаль пяцьсот гектараў такіх угоддзяў.

Як распавёў Аляксей Арцюшэўскі, кіраўнік праекта «Ветландс», у Налібоцкай пушчы ствараюцца кармавыя ўгоддзі сярод суцэльных лясных масіваў. Гэта дазволіць у нейкай ступені аднавіць натуральныя для зубраў умовы і асяроддзе пражывання. А для таго, каб кіраванне адноўленымі лугамі было ўстойлівым, паводле праекта была закуплена і перададзена адміністрацыі заказніка спецыяльная тэхніка.

Журналістам прадэманстравалі працу тэхнікі ва ўрочышчы Цякова. Яшчэ позняй вясной усё тут было пакрыта хмызняком вышынёй больш за два метры. Калісьці створаная меліярацыйная сістэма нават не праглядвалася. Сёння хмызняковая расліннасць цалкам выдалена, гідралагічны рэжым аптымізаваны. З’явілася новая вышка для назірання за жывёламі. Яе можна выкарыстоўваць у тым ліку і ў халодную пару года.

Дырэктар Рэспубліканскага ландшафтнага заказніка «Налібоцкі» Васіль Гуркоў растлумачыў, што сярод іншага сетка высокапрадуцыйных кармавых угоддзяў у лясным масіве дазволіць пазбегнуць канфліктаў з мясцовымі сельскагаспадарчымі арганізацыямі і насельніцтвам. Яны ўзнікаюць з?за шкоды, якую наносяць зубры, выходзячы на сельскагаспадарчыя ўгоддзі ў пошуках ежы. Такія выхады адбываюцца з?за міграцыі жывёл, выкліканай дэградацыяй першапачаткова вызначанай для іх у Налібоцкай пушчы натуральнай пашы.

Па словах Васіля Гуркова, дзякуючы праекту палепшаны і турыстычны патэнцыял заказніка. Сюды штогод прыязджае мноства беларускіх і замежных турыстаў для назірання за зубрам у дзікай прыродзе. Ужо створана адпаведная інфраструктура, якая ўключае тры назіральныя пляцоўкі. Гэта дазваляе забяспечыць гасцям заказніка камфортныя ўмовы назірання за зубрам у месцы яго пражывання цэлы год.

Дарэчы, аглядаючы падкормавую пляцоўку ва ўрочышчы Цякова, журналісты заўважылі свежы след буйнога воўка. Каментуючы гэта, супрацоўнікі заказніка адзначылі, што ў Налібоцкай пушчы жывуць усе прадстаўнікі так званай вялікай пяцёркі беларускіх чырвонакніжнікаў: зубр, мядзведзь, рысь, лось і вялікі падорлік. Гэта сведчыць аб высокім прыродаахоўным і турыстычным патэнцыяле тэрыторыі.

У 2018 годзе Налібоцкую пушчу наведала каля сотні замежных турыстаў. У асноўным яны прыязджалі на сафары з агляднай экскурсіяй па заказніку. Гэта былі пераважна фотапаляўнічыя. А нядаўна ў пушчы ўпершыню пабывалі турысты з Кітаю. Ім вельмі спадабалася. На думку Васіля Гуркова, заказнік гатовы прымаць штогод дзве-тры сотні замежных турыстаў, а таксама каля дваццаці тысяч беларускіх. Такую колькасць гасцей тут маглі б абслужыць на самым высокім узроўні.

У будучым размяшчаць турыстаў мяркуецца ў аграсядзібах, што ёсць у прылеглых да пушчы вёсках. Іх каля трыццаці. Акрамя таго, у Валожыне ўводзіцца новы адміністрацыйны будынак заказніка. Там будзе створаны свайго роду візіт-цэнтр для турыстаў.

…Галоўны «прыз» чакаў журналістаў на падкормавай пляцоўцы каля вёскі Яцкава. Тут пашчасціла ўбачыць не толькі сляды жыццядзейнасці зубраў, але і цэлы статак гэтых велічных жывёл! Трое цялятаў і шэсць дарослых асобін далі сфатаграфаваць сябе з бяспечнай для чалавека дыстанцыі. Пры першай спробе знаёмства яны пусціліся наўцёкі, але ў другі падыход сталі ў шэраг, дэманструючы сябе ва ўсёй сваёй магутнай красе.

Васіль Гуркоў адзначыў, што гэта нагляднае пацвярджанне паспяховасці рэалізуемага праекта. Ён таксама паведаміў, што ў заказніку неўзабаве пабудуюць некалькі жывалавушак для зуброў. З іх дапамогай плануюць сабраць не менш за дзесяць пробаў біяматэрыяла. На аснове малекулярна-генетычных даследаванняў адабраных проб будуць падрыхтаваны генетычныя пашпарты, якія адлюструюць генетычную разнастайнасць і патэнцыял Налібоцкай мікрапапуляцыі еўрапейскага зубра.

У сваю чаргу загадчык лабараторыі навукова-вытворчага цэнтра па біярэсурсах Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Васіль Шакун растлумачыў, што атрыманыя вынікі стануць асновай для правядзення генетычнага аздараўлення Налібоцкай папуляцыі.

Акрамя таго, у межах праекта «Ветландс» ужо праведзены рэтраспектыўны аналіз фарміравання гэтай мікрапапуляцыі еўрапейскага зубра, пад час якога навукоўцы ацанілі шматгадовую дынаміку яго колькасці і ўзнаўлення.

Бадай, да цяперашняга часу навукоўцы не могуць адназначна аднесці зубраў ні да палявых, ні да лясных жывёлін. Між тым, царам пушчы ў аднолькавай ступені для паўнавартаснага жыцця патрэбныя і лес, дзе яны знаходзяць прытулак, і палеткі, дзе расце даступны травяны корм. Таму стварэнне мазаічных лугавых угоддзяў сярод суцэльных лясных масіваў, запланаванае ў Налібоцкай пушчы, мае вялікае значэнне ў цэлым для развіцця папуляцыі еўрапейскага зубра.

Уладзімір Міхайлаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пераможцы конкурсу «Сям'я года — 2019» пра галоўнае ў сямейным шчасці

Пераможцы конкурсу «Сям'я года — 2019» пра галоўнае ў сямейным шчасці

Алена і Сяргей Нікалаевы, а таксама іх пяцёра дзяцей усё яшчэ пад уплывам сваёй трыумфальнай перамогі.

Эканоміка

Падаткі на зямлю і нерухомасць трэба заплаціць да 15 лістапада

Падаткі на зямлю і нерухомасць трэба заплаціць да 15 лістапада

Тым, хто пратэрмінуе або забудзе ўнесці падатак, пагражаюць штраф, пені і ў выключных выпадках вас могуць не выпусціць з краіны.