Вы тут

Пабачыў свет зборнік дакументаў, прысвечаны абвяшчэнню БССР


Навагоднія святы не заўсёды застаюцца проста часам для добрага адпачынку. Здараецца, якраз у гэтыя дні адбываюцца некаторыя лёсавызначальныя падзеі. Так, 1 студзеня 1919 года, роўна 100 гадоў таму, была абвешчана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Нядаўна ў Нацыянальным архіве Беларусі пабачыў свет зборнік дакументаў, які так і называецца «1 студзеня 1919 года. Часовы рабоча-сялянскі савецкі ўрад Беларусі».


Зборнік прысвечаны першаму ўраду маладой савецкай краіны. У ім апублікаваны пратаколы пасяджэнняў урада і Цэнтральнага бюро Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі, Маніфест аб абвяшчэнні БССР і іншыя матэрыялы. Прыведзены біяграфіі членаў кіраўніцтва і змешчаны іх патрэты. У асобным раздзеле «Хроніка» прадстаўлена гісторыя стварэння і дзейнасці ўрада.

Кандыдат гістарычных навук Уладзімір АДАМУШКА адзначыў:

— Вельмі добра, што нашы выданні выходзяць не толькі да юбілейных дат: першы зборнік пабачыў свет у 2005 годзе. Выдатна, што айчынныя архівісты ўзяліся за такую справу. Шмат добрых слоў варта сказаць пра Віталя Скалабана, які ў свой час зрабіў вялікую работу для зборніка. Аднак і без цяперашняй карпатлівай працы Вячаслава Селяменева гэта выданне, магчыма, не пабачыла б свет, бо ў ім знайшлі адлюстраванне дакументы не толькі беларускіх, але і расійскіх архіваў, дзе патрэбна было ўсё адшукаць і ўпарадкаваць для кнігі.

«Хачу зазначыць, што вытокі беларускай дзяржаўнасці ідуць у глыбіню вякоў, — дадае гісторык. — Цяпер, у сувязі са 100-годдзем вядомага перыяду ў гісторыі беларускай дзяржаўнасці, многія вучоныя мужы загаварылі, што гэта менавіта пачатак беларускай дзяржаўнасці — аднак у мяне іншая думка. Нашы вытокі палягаюць у Вялікім Княстве Літоўскім і яшчэ раней. Аднак БССР — асаблівы этап гісторыі Беларусі, з якога пачаўся сучасны перыяд нашай гісторыі».

— Я памятаю, як пачыналася работа над зборнікам, — працягвае гісторык. — У выніку атрымалася выдатная рэч. Мы запоўнілі тую белую старонку беларускага мінулага, пра якую ў кнігах амаль не пісалі, — нават у шматтомных выданнях, якія рабіліся Нацыянальнай акадэміяй навук, іншымі паважанымі ўстановамі. Заўсёды толькі згадвалася, што 1 студзеня створана БССР — і з гэтага выходзіць наша дарога. Але як стваралася ўсё, праз якія цяжкасці трэба было прайсці, як пераадольваліся ўсе тыя абставіны, якія існавалі навокал, — гэта была надзвычай вялікая праца. І зборнік дакументаў, якія пабачыў свет у 2005 годзе, паклаў аснову таго, аб чым мы гаворым сёння. Сярод іншага ў новае выданне дадалося чатыры пратаколы.

«Вельмі добра, што ў архіўнай галіне адзначаюць гэты этап у гісторыі нашай дзяржавы выданнем зборніка дакументаў. Сёння вядуцца шматлікія дыскусіі вакол гісторыі беларускай дзяржаўнасці. Таму чым больш мы дастанем дакументаў, чым больш пракаментуем іх — ісціна будзе бліжэй», — рэзюмуе Уладзімір Адамушка.

Варта дадаць, што зборнік пабачыў свет пры фінансавай падтрымцы маскоўскага фонду садзейнічання актуальным гістарычным даследаванням «Гістарычная памяць».

Васіль КАРАБЛЁЎ

Загаловак у газеце: З глыбіні вякоў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».