Вы тут

Каханне святое і грэшнае


У метро вагоны прасторныя. Праўда, днём гэтага амаль не заўважаеш — народу шмат, а вось позна ўвечары...

На лаўках ля процілеглай «сцяны» сядзіць (падлічылі) васямнаццаць чалавек (пустыя месцы таксама ёсць), шаснаццаць з іх — уткнуліся ў мабільнікі, адзін — у нейкі канспект.

На тое, што робіцца навокал, глядзець, як быццам, няма каму?


Пошук

Горад. Вуліца. На праезнай частцы — паток машын, на тратуары — людзей. Адна «спіна» дык нават знаёмая? Лена ці што? Але ж не, відаць, бо яна — маладая, незамужняя, заўжды на абцасах, а гэта жанчына — з палачкай...

Смела абганяем і ўслед сабе чуем:

— Э-э, пастойце!

Выходзіць, Лена?

У яе — расказвае — праблемы з нагамі: костачкі «павылазілі». Надоечы «паўаперацыі» перанесла, бо «паправілі» толькі левую нагу. Але ж досыць удала: яна і не кульгае, можна сказаць. А што з палачкай, дык гэта на ўсякі выпадак: з ёю па снезе зручней і нават... выгадней, бо месца саступаюць. І ў чэргах стаяць не даводзіцца — прапускаюць наперад. «А неяк адзін мужчына (прычым цвярозы!) дык нават сумку маю паднёс, — па сакрэце расказвае Лена. — Аж да самага дома! Жанаты, на жаль, таму ў госці не зайшоў. Але я праз пару месяцаў зноў да хірурга пайду — з другой нагою. Можа, яшчэ хто дамоў правядзе?»

І застанецца.

Ёсць прапанова...

Праспект. Скрыжаванне. Падземны пераход. На заснежаных прыступках мужчына-пабірака — з голай галавой, бо шапка ў яго каля ног, побач з кардонкай, на якой напісана кароткае: «На еду. Спасибо».

— Ну, хоць бы не падманваў! — праходзячы міма, абураецца нейкая цётка. — На выпіўку ж просіць — на твары напісана!

...Адзін з мастакоў-гумарыстаў нібы падслухаў яе: намаляваў акурат такога жабрака — з кардонкай: «Вып'ю за ваша здароўе».

Ёсць прапанова, значыць, будзе і попыт?

З ім і без яго

Нядзелька. Дом. Званок у дзверы. На парозе — суседка. Гэтым разам — з вялікім качаном капусты.

— Во, з рынка ледзь «прыкаціла», — хваліцца яна, кіруючы ў кухню і ўжо там цяжка апускаючы ношу на стол.

— Палавіну галоўкі, — расказвае, — хацела сабе пакрышыць, а палавіну — маме занесці. Нож — во гляньце — загнала па самае дзяржанне і не выцягну, хоць ты плач! Можа, Мікалаевіч паспрабуе?

— А што тут спрабаваць, — не разумее муж, — узяў ды выцягнуў. (Заадно разрэзаўшы качан.) Прычым ён — «гуляючы», адной левай...

Тое, што суседка не зрабіла дзвюма.

...Цяжка ёй без мужчыны. Але ж гэта — сама прызналася — разумееш потым, калі пажывеш. Бо спачатку, пішучы заяву на развод, менш за ўсё думаеш пра тое, як прывалачэш з рынку гародніну, як паправіш кран альбо памяняеш лямпачку...

Ці дастанеш нож — з вялікага качана капусты.

Мама выйшла замуж

Дом, вечар, тэлевізар — навіна з крымінальнай хронікі: у распусных дзеяннях у дачыненні да дзіцяці падазраецца айчым.

Гэта — што называецца — у кадры. За кадрам...

Маці гэтай дзяўчынкі, ну напэўна ж, разышлася некалі з яе родным бацькам (бо ён, відаць, дрэнны быў)...

Знайшла лепшага?

Мялі, васпане...

Юбілей, паводле слоўніка, — гадавіна, якая вылічваецца дзесяцігоддзямі. Іншыя даты, на тую ж «пяцёрку», больш правільна было б называць круглымі, прыгожымі, ганаровымі.

...Якраз такую, здаецца, святкуе вядомая артыстка тэатра і кіно — у прысутнасці гасцей, на тэлебачанні. Яна — як заўсёды — прыгожая, у прыгожым адзенні і ў кветках. А што да слоў, дык тут сам Бог загадаў: таленавітая (нават геніяльная), мудрая, самаахвярная... «Яна дапамагла...», «Яна прытуліла...», «Вывела ў людзі...».

І пры ўсім пры тым, як сама яна прызнаецца, быў перыяд, калі цяжка хварэла, калі, зусім не могучы, з сынам-падлеткам ішла выступаць, бо інакш ім проста не было б чаго есці...

Дзе тады былі гэтыя «прамоўцы» — калегі, вучні, сябры?

Ці язык без касцей. І гаварыць можна ўсё?

Есці не ехаць?

...Ну, ніякай логікі: і хлебапечка свая, і хлеб купляем, бо як жа ўстрымацца, калі ў крамах ён (гатовенькі, свежы) то з вельмі карысным, як пішуць, вотруб'ем, то з кменам-каляндрай, то з морквай, то з лёнам-часнаком (не кажучы ўжо пра арэхі, чарнасліў і курагу...), калі часам сама назва яго кажа, што вось гэты — «Ранак» — сама тое на снеданне, гэты — на абед (бо «Абедзенны»), а той — «Для стройнай фігуры» — відаць, на вячэру?

Не абы што — як трэба разумець — прадаюць і пад кідкай назваю «Гонар»? Тым больш што зверху, над назвай, яшчэ і шматабяцальнае «Знатны Пачастунак» (або-
два словы з вялікай літары).

А вось знізу ўжо — «Хлеб пшеничный зерновой нарезанный»...

Бо калі б «Пшанічны зерневы нарэзаны», то людзі не зразумелі б, ці што? Адмовіліся б купляць?

Аднак у тое ж метро, дзе ўсе абвесткі гучаць па-беларуску, яны чамусьці спускаюцца — ездзяць...

Дык, можа, і хлеб з'елі б?

Ёсць пытанне, як той казаў. Няма адказу.

Не ўсё тое сонца...

Некалі гарталі, перабіралі старонкі кніг, цяпер куды часцей — тэлеканалы.

На адным з расійскіх — блізкая тэма — будаўніцтва каркасных дамоў.

Пачыналі іх, трэба разумець, з падмуркаў, з вытворчасці тых самых каркасаў. Але гэта мы прапусцілі. Цяпер на экране — сам працэс зборкі і самі «зборшчыкі». Прыгожа працуюць! «Але ж бывае і брак?» — у аднаго з майстроў (і, вядома ж, па-руску) пытае вядучы. — «Не без яго», — прызнаецца будаўнік. — «І што тады?»

Адказ амаль даслоўны:

— Да известное дело: где-то клин, где-то мох... А иначе плотник ничего не заработал бы!

Адказ, па ўсім выглядае, разумны, шчыры, але ж мог быць яшчэ і прыгожы. Калі б гэты «плотнік» не абцяжарваў сябе перакладам, калі б сказаў: (як у сук уляпіў!) наша спаконвечнае — тое што, пэўна ж, чуў ад бацькі, ад дзеда ці ад тых, хто вучыў яго справе: «Каб не клін і не мох, цесля б з голаду здох».

Хай бы ўсміхнуліся і вядучы, і гледачы, хай бы даведаліся, што будаўнік гэты — родам з Беларусі. І славіцца яна не толькі біятланістамі ды прыгажунямі, але і мудрымі гумарыстамі, майстрамі, якіх зусім не выпадае называць простымі.

Часу — мала...

«Распродаж», «Акцыя», «Ліквідацыя калекцыі», «Зніжкі», «Дзве ўпакоўкі па цане адной»...

Іншымі словамі (і з усіх бакоў): «Калі ласка, зайдзіце! Калі ласка, купіце!»

Прычым зазывалы падпільноўваюць не толькі на вуліцы, за парогам дома, яны ўжо ўнутры, бо гэта раней тэлевізар ды інтэрнэт забіралі ў нас толькі час. Цяпер яны паціху «выцягваюць» грошы.

Каханне святое і грэшнае

Блытае людзей сусветная павуціна! Ці самі яны ў ёй блытаюцца? Была, казалі, жанчына, як жанчына: мела мужа, дзяцей, добрую работу, нават пасаду...

З-за яе — як думаў муж — і «дома не стыкаецца»: позна прыходзіць, усё нейкія паперы піша, за камп'ютарам сядзіць.

Здавалася: што ў тым дрэннага, пакуль, напісаўшы заяву на звальненне, яна не стала пакаваць чамадан ды казаць, што каханне знайшла — сапраўднае, незямное, узаемнае, а таму — пытанне жыцця і смерці — павінна ляцець...

З месяц яе дома не было (муж чорны хадзіў), а потым — вярнулася: нешта не зраслося з каханнем тым...

Дзеці, вядома ж, рады былі, муж — прыняў, работа знайшлася (хоць ужо і з меншым заробкам). Калегі, як народ інтэлігентны, у роспыты не кідаліся — соль на раны не сыпалі.

Але ж праўду кажуць, што волас сівее, галава шалее: зноў «аб'явіўся» той самы каханы, закідаў лістамі — ды з такімі пяшчотнымі словамі, з такімі абяцанкамі-цацанкамі...

Жанчына яшчэ раз звольнілася і яшчэ раз, як той матылёк, паляцела на агонь, да чорта на рогі.

Гэтым разам крылцы абгарэлі хутчэй: дамоў (бо куды ж яшчэ, калі дзеці...) праз два тыдні вярнулася.

Муж яшчэ раз прамаўчаў. Хіба на работу не пусціў (ды яна і не хацела, бо сорамна...).

Удваіх цяпер жывуць (дзеці вучыцца паступілі). Яна больш гаспадаркай займаецца — у інтэрнэце ўжо не сядзіць. Іншае захапленне мае: хустачку на галаву і за пяць вёрст у царкву — можа, каяцца, можа, маліцца — за дзяцей сваіх і... мужа, чые пачуцці зразумела толькі цяпер, «пасля ўсяго», на 20-м годзе сумеснага жыцця.

Пяць капеек

«Купіць зямлю, прыдбаць свой кут...» — гэта цяпер не праблема, калі грошы ёсць.

У прыяцелькі іх было мала, а лецішча набыць хацелася, побач... з Мінскам.

З яе тады многія смяяліся: маўляў, нічога ў цябе не выйдзе. А яна працягвала шукаць і такі знайшла! Праўда, цяпер — увесь час «будуецца»...

З драбязы пачынала: з прыбіральні, з ганка, з агароджы. А пад восень, можа, і лазню ўжо згарусцілі б, аднак тут, як на ліха, веранда ад хаты «ад'ехала». Гаспадар з сынам сталі падмурак мацаваць, гаспадыня — бульбу збіраць (дажджом на гародзе вымыла).

...Што цікава — не толькі яе. Пад нагамі ў жанчыны штось бліснула, яна падняла: манета — старая.

— Э, хлопцы, можа, мы не там капаем? — спытала ў сваіх мужчын. — Можа, трэба вось тут?

Сышліся, усе разам разгледзелі знаходку — пятак... На жаль, не залаты, але ж мінулае стагоддзе, трыццаць пяты год!

— Можа, прададзім? — загарэлася гаспадыня.

Мужчыны тут жа зазірнулі ў інтэрнэт, высветлілі, што ўтаргуюць зусім няшмат — аўчынка вычынкі не варта.

— Ну, тады я на памяць яе пакіну, — вырашыла жанчына. — З сабой буду насіць: ледзь што — у мяне пяць капеек.

Валянціна ДОЎНАР

...Вось і ў мяне яны «з сабою» — з нейкай нагоды пяць, з нейкай мо тры...

Часам яны збіраюцца разам — у падборкі «Простай мовы» (і нават у дзве аб'ёмныя кніжкі!), часам — незваротна губляюцца. І думаеш: не, каб запісаць! Адразу... І надрукаваць — пад той жа рубрыкай — «Пяць капеек»? Раптам яны некаму спатрэбяцца — на ўсмешку, на роздум... Ці проста так?

Спроба не хвароба, як той казаў: дагнаў не дагнаў, а прабегчы можна.

Цікава, што на гэта скажа чытач.

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.