Вы тут

Аптэчная сетка прапануе работу актыўным пенсіянерам


Чым старэйшы становіцца чалавек, тым больш ён адчувае сябе выключаным з грамадскага жыцця і тым часцей сутыкаецца з паблажлівым стаўленнем з боку маладзейшых, асабліва калі ён ужо не працуе. Многія і хацелі б знайсці работу на пенсіі, але пажылым людзям зрабіць гэта вельмі няпроста. Менавіта таму адна з аптэчных сетак вырашыла запусціць доўгатэрміновы праект «Старэйшы спецыяліст» і працаўладкоўваць людзей старэйшых за 50, якім з-за ўзросту адмаўляюць у рабоце.


«Аб'яўляем вакансію для мудрых правізараў і фармацэўтаў», — заявілі ў аптэчнай сетцы ADEL (холдынг «Аптэка Груп»). Тут гатовыя ўзяць людзей ва ўзросце, якія ўлюбёныя ў сваю прафесію, актыўныя і пазітыўныя. Ад саіскальніка чакаюць, што ён гатовы вучыцца новаму, глядзіць ролікі на «Ютубе», робіць зарадку раніцай і не «штурмуе» халадзільнік па начах. Яшчэ лепш, калі ён «любіць натхняць людзей, гатовы стаць прыкладам для тых, хто пакуль расце». «Нам патрэбен чалавек, які ўсім усё даказаў і цяпер можа проста быць сабой. А на пытанне: «Які час лепшы?» адказвае «У якім я цяпер», — гаворыцца ў вакансіі.

Ад саіскальнікаў патрабуецца закончаная вышэйшая або сярэдняя спецыяльная адукацыя па спецыяльнасці «фармацыя», адпаведныя веды і досвед працы з пакупнікамі. Вітаюцца адказнасць, высокая матывацыя, здольнасць да работы ў камандзе і гатоўнасць да навучання і прафесійнага развіцця.

Прэтэндэнты, якія пройдуць сумоўе, змогуць выбраць нагрузку — ад 0,25 і да 1 стаўкі. Ім таксама падбяруць аптэку блізка да іх дому. Зарплата — да 1500 рублёў у месяц.

«Мы хочам унесці ўклад у павышэнне сацыяльнай актыўнасці людзей старэйшага ўзросту. Вырашаючы адначасова праблему пошуку кваліфікаваных супрацоўнікаў, мы раскрываем патэнцыял і магчымасці людзей старэйшага ўзросту і хочам зруйнаваць існуючыя стэрэатыпы. Упэўнены, што вопыт, веды, погляд на жыццё людзей, якія не жадаюць старэць, будуць карыснымі і неацэннымі як для кампаніі, так і для пакупнікоў», — тлумачаць у аптэчнай сетцы.

Святлана БУСЬКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?