Вы тут

Стартаваў праект «Міншчына дзівосная»


— У Год малой радзімы ў цэнтральным рэгіёне стартаваў праект «Міншчына дзівосная». Такіх няма ні ў адной вобласці краіны, — расказала начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Таццяна Хмель. — Мы разумелі, што ў праекце неабходна аб'яднаць і турыстычны патэнцыял вобласці, і самабытнасць традыцый яе жыхароў, і культуру рэгіёна. Паказваем унікальнасць месцаў і аб'ектаў, здавалася б, даўно вядомых, але пры больш пільным знаёмстве яны адкрываюць новыя цікавыя факты, займальныя гісторыі. Нам ёсць чым ганарыцца, і перш за ўсё — гэта нашы людзі, якія штодзённай працай услаўляюць свой край.


Год малой радзімы стаў лейтматывам і для моладзі Міншчыны пры правядзенні абласных мерапрыемстваў: патрыятычнай акцыі «Мы — грамадзяне Беларусі!», форуму сельскай моладзі, фестывалю здаровага ладу жыцця «Васільковы вянок», адукацыйнага праекта «Моладзь оnlіnе», фестывалю камандаў вясёлых і знаходлівых на Кубак губернатара Мінскай вобласці, конкурсаў праектаў у сферы маладзёжнай палітыкі і «Малады лідар Міншчыны». Дабрабыт любога грамадства і яго росквіт у многім залежаць ад моладзі. Маладыя людзі займаюцца навукай, творчасцю, спортам, бізнесам, дабрачыннасцю. Гэтым яны робяць свой унёсак у сацыяльна-эканамічнае развіццё вобласці. Штогод на Міншчыне рэалізуюцца праекты, накіраваныя на павышэнне сацыяльнай і эканамічнай актыўнасці моладзі, фарміраванне кадравага рэзерву, папулярызацыю прафесіі. Адзін з такіх праектаў — адкрыты абласны форум сельскай моладзі, які збірае перспектыўных юнакоў і дзяўчат з усіх сфер дзейнасці.

У Год малой радзімы шмат робіцца для падтрымкі маладзёжнага прадпрымальніцтва. Безумоўна, росквіт рэгіёнаў, стварэнне рабочых месцаў, павышэнне дабрабыту насельніцтва немагчымыя без удзелу малога і сярэдняга бізнесу. І тут перш за ўсё ініцыятыва належыць моладзі. У сельскай мясцовасці дзяржава стварыла належныя ўмовы для развіцця рамесніцкай дзейнасці, агратурызму, рознічнага гандлю, грамадскага харчавання, аказання розных відаў паслуг. Кожны пяты жыхар цэнтральнага рэгіёна — малады чалавек ва ўзросце ад 14 да 31 года. Прыемна, што наша моладзь актыўная і імкнецца да рэалізацыі сацыяльна значных ініцыятыў. Мінская вобласць ганарыцца лаўрэатамі і стыпендыятамі фондаў па падтрымцы таленавітай і адоранай моладзі, пераможцамі рэгіянальных і абласнога этапаў агляду-конкурсу праектаў у сферы рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, пераможцамі конкурсу «Малады лідар Міншчыны».

Міншчына — край з багатай гістарычнай і культурнай спадчынай, разнастайнасцю нацыянальных традыцый, звычаяў, абрадаў, яркай палітрай фестываляў, свят, конкурсаў. Усе культурныя ініцыятывы і праекты, якія нараджаюцца сёння, шмат у чым абумоўлены культурна-гістарычнымі асаблівасцямі рэгіёна як адной з найважнейшых частак нацыянальнай самабытнасці Беларусі. Прымаюцца адпаведныя меры па захаванні і прымнажэнні гісторыка-культурнай спадчыны вобласці. У 2018 годзе Мінскім абласным саветам па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны прынята рашэнне аб наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці з аднясеннем да катэгорыі «3» культурнай каштоўнасці — магіле святой блажэннай Валянціны Мінскай (1966 год), размешчанай на тэрыторыі могілак вёскі Забалацце Дзяржынскага раёна. Увогуле, культурная спадчына нашай вобласці матэрыялізавана ў 664 матэрыяльных нерухомых аб'ектах: 301 помніку археалогіі, 201 — архітэктуры, 155 — гісторыі, 1 — горадабудаўніцтва, 4 — мастацтва, 2 — запаведных месцаў. Ажыццяўляецца мэтанакіраваная праца па правядзенні рамонтна-рэстаўрацыйных работ на аб'ектах спадчыны. Так, за кошт сродкаў мясцовага бюджэту летась на рэканструкцыю з рэстаўрацыяй касцёла Божага Цела ў Нясвіжы накіравана 500 тыс. рублёў, на капітальны рамонт будынка былога дома дваранскага сходу ў Слуцку — каля 900 тыс. рублёў.

Духоўным і культурным капіталам незаменнай каштоўнасці з'яўляюцца нематэрыяльныя праявы творчасці чалавека. Статус гісторыка-культурнай каштоўнасці нададзены 12 аб'ектам нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Паказчыкам прэстыжу і гонару для Мінскай вобласці з'яўляецца ўключэнне каляднага абраду «Цары» вёскі Семежава Капыльскага раёна і ўрачыстасці ў гонар ушанавання абраза Маці Божай Будслаўскай «Будслаўскі фэст» аграгарадка Будслаў Мядзельскага раёна ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.

Дынамічнае развіццё ў Мінскай вобласці мае адзін з галоўных складнікаў нацыянальнай культуры — традыцыйная народная творчасць. Усю жанравую палітру народнага мастацтва Міншчыны аб'ядноўвае абласны фестываль народнай творчасці «Напеў зямлі маёй» у Мар'інай Горцы. Сінтэзам народнай музыкі, фальклорнага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з'яўляецца абласное свята «Нясвіжскі фэст» у Нясвіжы. Традыцыі народнай гульні і музыкі, гумару і весялосці дэманструе абласны фестываль гульні і гумару «Капыльскія пацехі» ў Капылі. Своеасаблівым сімвалам самабытнай традыцыйнай культуры з'яўляецца абласны фестываль-кірмаш «Дажынкі», які штогод праводзіцца ў адным з гарадоў рэгіёна. У Мінскай вобласці эфектыўна падтрымліваюцца, адраджаюцца і развіваюцца народныя мастацкія рамёствы. На далучэнне насельніцтва да вытокаў народнага мастацтва, мастацка-рамесных традыцый рэгіёна накіравана правядзенне абласных культурных мерапрыемстваў: свята народных мастацкіх рамёстваў «Слуцкія паясы» ў Слуцку, свята-конкурсу па ткацтве «Матчыны кросны» ў Старых Дарогах, свята-конкурсу майстроў ганчарства «Гліняны звон» у Івянцы Валожынскага раёна, свята-конкурсу майстроў драўлянай манументальнай скульптуры «Сонечная цеплыня дрэва». Штогод на тэрыторыі вобласці арганізуецца звыш 7 тысяч выставак, якія адлюстроўваюць разнастайную палітру народных мастацкіх рамёстваў рэгіёна: ткацтва, вышыўка, салома- і лозапляценне, ганчарства, пляценне паясоў, разьба па дрэве, выцінанка, бондарства. Важкі ўклад у вывучэнне і асэнсаванне гісторыі і культуры малой радзімы ўносяць дзяржаўныя музеі Мінскай вобласці. Вялікую цікавасць у наведвальнікаў музеяў выклікаюць пастаянныя экспазіцыі, сярод якіх «Гісторыя Міншчыны з самых старажытных часоў да пачатку ХХ ст.» Мінскага абласнога краязнаўчага музея, «Матэрыяльная і духоўная культура беларуса-сакуна пачатку ХХ стагоддзя» Старадарожскага гісторыка-этнаграфічнага музея, «Гісторыя вайны 1812 года на Барысаўшчыне. Бярэзінская пераправа» Барысаўскага аб'яднанага музея.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Міншчына ўнікальная

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».