Выстава-прэзентацыя вышэйшых навучальных устаноў правінцыі Цзянсу прайшла ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце. У складзе замежнай дэлегацыі былі прадстаўнікі 19 адукацыйных цэнтраў аднаго з усходніх рэгіёнаў Кітая.
У холе актавай залы МДЛУ стала шматлюдна задоўга да пачатку ўрачыстага адкрыцця выставы. Маладыя людзі гуртаваліся каля прэзентацыйных стэндаў, уважліва вывучалі брашуры з іерогліфамі, размаўлялі з прадстаўнікамі замежных універсітэтаў, праглядалі відэаролікі, запісвалі свае кантактныя дадзеныя. Бясспрэчна: вывучаць кітайскую грамату шмат хто жадае. Такую выснову пацвярджае й той красамоўны факт, што ў 2017 годзе ў Лінгвістычным універсітэце адкрыўся факультэт кітайскай мовы, на якім цяпер навучаюцца 300 студэнтаў.
Урачыстую сустрэчу беларусаў з кітайскімі прадстаўнікамі сферы адукацыі вяла дырэктар Інстытута Канфуцыя Таццяна Дзям’яненка, а дапамагалі ёй студэнты МДЛУ, яны выступалі ў якасці перакладчыкаў.
Актавая зала хутка запоўнілася. Гледачамі былі, у асноўным, студэнты. Іх цікавасць да вучобы за мяжой відавочная. Гэта падкрэсліла і выконваючая абавязкі рэктара Лінгвістычнага ўніверсітэта, прарэктар па навуковай працы Ларыса Тарасевіч. Яна выказала надзею, што партнёрства ды сяброўства паміж Беларуссю й Кітаем будзе ў далейшым умацоўвацца.
Пра перавагі вучобы ва ўсходнім рэгіёне падрабязна распавяла намеснік начальніка Упраўлення міжнародных сувязяў Дэпартамента адукацыі правінцыі Цзянсу спадарыня Хан Сяоцзе. Гэты край — адзін з самых паспяховых у Кітаі: там развітая эканоміка, высокі ўзровень адукацыі ды культуры. «У нас — проста скарбніца таленавітых людзей», — кажа Хан Сяоцзе. У правінцыі Цзянсу навучаюцца студэнты з розных кантынентаў. У 2017 годзе іх было 40 тысяч з 180 краін. «Накіроўвайцеся за Маркам Пола!» — так выказалася Хан Сяоцзе, запрашаючы беларускіх студэнтаў у Кітай, і дадала, што адносіны Беларусі ды Кітая развіваюцца імкліва, наглядны прыклад — індустрыяльны парк «Вялікі камень», які шырока рэкламуецца ў Паднябеснай. Інвестары хочуць і гатовыя ўкладваць сродкі ў развіццё беларускіх праектаў. Таму, атрымаўшы адукацыю ў Кітаі, у маладых беларусаў узрастаюць шанцы на добрую працу на радзіме.
Анатоль Красуцкі, галоўны спецыяліст упраўлення міжнароднага супрацоўніцтва Міністэрства адукацыі Беларусі, нагадаў усім пра шэраг сустрэч Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі з прадстаўнікамі кітайскай улады, мэта якіх — умацаванне ўсебаковага супрацоўніцтва. Ён згадаў і пра заяву Міністра адукацыі Ігара Карпенкі, які казаў пра неабходнасць вывучэння кітайскай мовы як навучальнага прадмета. А яшчэ абвясціў, што 2019 год у Беларусі ды Кітаі будзе Годам адукацыі.
Студэнтку факультэта кітайскай мовы Ганну Ярышкіну запрасілі на сцэну падзяліцца ўражаннямі пра Усходнюю краіну: там яна праходзіла стажыроўку. Яе аповед прагучаў на кітайскай мове! А перакладаў выступленне дзяўчыны на рускую — кітайскі студэнт. Вось такі тандэм двух моў, дзвюх культур…
Афіцыйная частка цырымоніі адкрыцця Выставы-прэзентацыі скончылася невялікім канцэртам. Студэнты выконвалі вядомыя англійскія кампазіцыі на кітайскай мове, танцавалі ва ўсходніх нацыянальных касцюмах. Фінальным акордам, самым яркім і запамінальным, было выступленне усёй кітайскай дэлегацыі. Дэканы ды іх намеснікі, прадстаўнікі прыёмных камісій універсітэтаў Кітая ды педагогі хорам выканалі песню «Язмін» на роднай мове. Яны стараліся спяваць зладжана пад узмахі рук дырыжора. І гэта было кранальна! Таму ў фінале зала выбухнула воплескамі з крыкамі «Брава!».
Аліса Красоўская
Фота аўтара
Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.
Прафесійна, аператыўна, па-добраму.