Вы тут

Бліжэй да Паднябеснай


Сёння Кітай — прывабная для моладзі краіна. Да яе пралажылі сцежкі-шляхі студэнты амаль з усіх кантынентаў. Якім чынам лепш трапіць у Паднябесную з Беларусі, каб пераняць досвед у сферы міжнародных камунікацый — пра тое ведаюць у Інстытуце Канфуцыя ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце.


Усё пачынаецца з мовы 

Дырэктар Інстытута Канфуцыя ў МДЛУ Таццяна Дзям’яненка

Нашы адносіны з Кітаем сталі настолькі трывалымі ды цеснымі, што ствараецца ілюзія, быццам ён знаходзіцца побач, а кітайская мова — ненамнога складанейшая за беларускую. Гавораць жа на ёй больш за мільярд чалавек! І не ўсе — карэнныя носьбіты. Каб даведацца, як канкрэтна беларусы далучаюцца да кітайскай культуры, я адправілася ў Інстытут Канфуцыя ў Мінскім дзяржаўным Лінгвістычным універсітэце. З яго дырэктарам Таццянай Дзям’яненкай мы пра тое гаварылі, а таксама высветлілі, ці лёгка беларусам даюцца іерогліфы.

— Таццяна Андрэеўна, Інстытуты Канфуцыя — глабальная сетка культурна-адукацыйных цэнтраў у многіх краінах. Прычым, у адным горадзе можа быць некалькі філіялаў: кабінетаў, класаў, інстытутаў… Раскажыце, колькі іх у нас у Мінску ды ў цэлым па краіне?

— Усяго ў сталіцы — чатыры цэнтры. Самы першы — Рэспубліканскі інстытут кітаязнаўства імя Канфуцыя — паўстаў на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў 2006 годзе. Затым у верасні 2011?га адкрыліся мы. Праз тры гады Інстытут Канфуцыя з’явіўся ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце, а ў 2015?м — незалежны Клас Канфуцыя пры Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры. Акрамя Мінску ў снежні 2017 года адчыніў дзверы Інстытут Канфуцыя ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце. І філіялаў па краіне нямала. У школах, гімназіях і вышэйшых навучальных установах Беларусі ёсць свае інстытуты, класы, кабінеты…

— А чым яны адрозніваюцца паміж сабой і, дарэчы, хто ініцыюе адкрыццё новых культуралагічных цэнтраў, хто іх спансуе?

— Усе Інстытуты, незалежна ад іх назвы, маюць адзіную мэту — папулярызаваць кітайскую мову ды культуру. Гэта абавязкова. Аднак аб’ём фінансаў розны: у інстытутах ён, натуральна, большы, у класах — меншы. Але мы ўсе спансуемся кітайскім бокам. Сродкі на развіццё вылучае Дзяржаўная канцылярыя па распаўсюджванні кітайскай культуры Ханьбань, іх штаб-кватэра ў Пекіне. Яна кіруе ўсімі цэнтрамі ў свеце. Дарэчы, усяго іх больш за 1600. Ініцыятарам стварэння кітайскага кутка на базе МДЛУ, які, як вы бачыце, перарос у самастойны інстытут, выступіла наш паважаны рэктар і Старшыня праўлення Інстытута Канфуцыя Наталля Пятроўна Баранава. Яна прыклала максімум намаганняў для таго, каб паўстаў такі цэнтр. На яго адкрыццё ў 2011 годзе прыязджалі першыя госці з Паднябеснай. А класы ды кабінеты, як правіла, ствараюцца на базе школ, гімназій і працуюць у цеснай сувязі з вну. Мы, напрыклад, шэфствуем над класамі Канфуцыя ў Маладзечне, Смалявічах, Валожыне, Гродне, Магілёве, Барысаве.

Дэлегацыя прадстаўнікоў вышэйшай адукацыі з правінцыі Цзянсу ў Мінску

— Наколькі мне вядома, у беларускіх Інстытутах Канфуцыя розная скіраванасць. У БДУ, напрыклад, больш праводзяць навуковыя канферэнцыі, семінары. У БНТУ вывучаюць пытанні навукі ды тэхнікі. Чым займаецеся вы?

— У асноўным, гэта розныя адукацыйныя й культурныя праекты. Акрамя таго, нам цікавая медыцынская тэматыка, а таму ладзім спецфорумы. Вядома ж, навучаем беларусаў кітайскай мове. У гэтым семестры ў Інстытуце Канфуцыя — больш за 200 слухачоў. Сярод іх ёсць бухгалтары, працаўнікі чыгункі, прыходзяць і з тэлебачання, і цэлыя прыватныя кампаніі… Самаму ж малодшаму слухачу сёлета споўнілася 8 год. Быў яшчэ ў нас адзін «малады кліент»: дзяўчынка 5–6 гадоў. Яна прыйшла ў МДЛУ з мамай здаваць міжнародны экзамен HSK, які кожны год арганізоўвае Інстытут Канфуцыя (далей: ІК — Аўт.). Пацешна было назіраць, як абедзве сядзелі, нешта пісалі… І паспяхова здалі першы ўзровень! Усяго іх шэсць.

Услед за Маркам Пола 

— Штогод ІК адпраўляе студэнтаў на стажыроўку ў Кітай, — працягвае мая суразмоўца. — Уключэнне ў культуру краіны, мову якой хочаш засвоіць, — і карысна, і займальна. Вучыцца наша моладзь у мясцовых універсітэтах амаль да года. Вядома, студэнты хацелі б там застацца і на даўжэй. Але правінцыя Цзянсу, у якой знаходзіцца наш кітайскі партнёр — Паўднёва-Усходні ўніверсітэт — ён і прымае нашых студэнтаў — славіцца якаснай адукацыяй, і туды імкнецца трапіць моладзь з усяго свету. Тым болей што стажыроўка, а гэта — харчаванне, страхоўка, пражыванне ды навучанне — цалкам аплачваецца кітайскім бокам. Але спачатку студэнту трэба прайсці адбор у нас, падаць заяўку на атрыманне стыпендыі, здаць вусны ды пісьмовы экзамены HSK, HSKK...

Вядома, беларусы вяртаюцца з Паднябеснай іншымі. Яны ўлюбляюцца ў Кітай. Па сабе ведаю: паедзеш туды на дзесяць дзён — і адчуваеш, як быццам змяняешся. Нацыянальная культура зачароўвае! Захапляешся шмат чым: нацыянальнай музыкай, многавяковымі традыцыямі, аўтэнтычным круглым сталом, які верціцца, палачкамі для ежы… Усё тое не можа не ўлюбіць у сябе. Студэнты прывозяць адтуль не толькі выдатнае веданне мовы, але таксама рэдкія сувеніры: сукенкі цыпао ды нацыянальныя касцюмы, чырвоныя ліхтары, парасоны, вееры… Дзіўна, што не найноўшыя гаджэты! Як прыедуць, ладзяць дома чайныя цырымоніі па-кітайску, поўныя ідэй і жадання ўвасабляць у жыццё сумесныя беларуска-кітайскія праекты. Ёсць студэнты, якія хацелі б выкладаць кітайцам нашу мову. Тым больш, што попыт на лінгвістаў у Беларусі толькі расце. Да нас звяртаюцца з «Вялікага каменя» ды іншых кітайскіх кампаній, з розных адукацыйных арганізацый: вельмі шмат школ, гімназій, якія хочуць увесці ў сябе навучанне кітайскай мове, а выкладчыкаў не хапае.

— Вось вы сказалі: некаторыя хацелі б выкладаць кітайцам нашу мову. А наколькі яна ім цікавая?

Кітайскі дырэктар Інстытута Канфуцыя Шы Лін (злева)

— Нядаўна мы былі на прыёме ў Надзвычайнага і Паўнамоцнага Амбасадара КНР у Беларусі з нагоды святкавання Дня ўтварэння Кітайскай Народнай Рэспублікі. Дык вось спадар Цуй Цімін звяртаўся з прывітальнай прамовай да гасцей на беларускай мове. Гэта было так выдатна, так прыемна! Я чула: ён на розных сустрэчах імкнецца гаварыць па-беларуску. Прычым вымаўленне ў Амбасадара вельмі чыстае! Далёка не ўсе беларусы так гавораць. Мая калега — дырэктар Інстытута Канфуцыя з кітайскага боку Шы Лін — таксама патроху вывучае беларускую мову. А кітайскія студэнты часта пытаюцца, як тое слова па-беларуску гучыць, а як гэтае…

Форумы, сустрэчы, канферэнцыі…

Жыццё ІК у МДЛУ бурліць. Таму Таццяна Андрэеўна з вялікім задавальненнем расказвае пра шматлікія праекты. Да прыкладу, кожнае лета слухачы ІК з’язджаюць на два тыдні ў лагер — у горад Нанкін, сталіцу правінцыі Цзянсу. Там яны актыўна практыкуюць кітайскую мову, наведваюць майстар-класы па выразанні з паперы, пляценні дэкаратыўных вузлоў, каліграфіі, дэгустуюць стравы нацыянальнай кухні, знаёмяцца з Нанкінам ды яго наваколлем, ездзяць у Шанхай. Працаўнікі адукацыі — дырэктары ды іх намеснікі, педагогі — таксама бываюць у Кітаі. Яны слухаюць лекцыі пра Паднябесную, наведваюць экскурсіі. Калі вяртаюцца — запальваюцца, як і студэнты, жаданнем зрабіць нешта новае ў сферы прасоўвання культуры дружалюбнага народа ў нашай краіне. У МДЛУ часта прыязджаюць дэлегацыі з кітайскіх універсітэтаў. Яны зацікаўленыя ў тым, каб у іх адкрываліся цэнтры беларускай мовы й культуры. Некалькі такіх цэнтраў ужо працуе там.

Маштабны нацыянальны конкурс «Мост» арганізоўвае Амбасада КНР. Гэта шматступеньчатае спаборніцтва па кітайскай мове існуе ўжо 17 гадоў і праходзіць на базе МДЛУ. Конкурс складаны: спачатку трэба прайсці адборачны тур, у якім удзельнічаюць і школьнікі, і студэнты. Затым 10–13 паўфіналістаў на працягу 3–4 гадзін спаборнічаюць за права прадстаўляць сваю краіну ў Пекіне, дзе праходзіць фінал міжнароднага конкурсу.

Традыцыйна кожны год лепшыя з хлопцаў з усёй Беларусі атрымліваюць стыпендыю Амбасадара КНР — 1000 долараў — за высокія дасягненні ў вывучэнні кітайскай мовы.
У верасні ІК адзначае дзве важныя даты: Дзень нараджэння Інстытута — 18 верасня, ды ў канцы месяца — Дзень усіх Інстытутаў Канфуцыя. Сёлета святкаванне доўжылася ажно тыдзень. Традыцыйныя майстар-класы й сустрэчы са студэнтамі ў Студэнцкай вёсцы ў Цэнтры кітайскай мовы й культуры плаўна перацяклі ў грандыёзнае свята ў мінскай Ратушы. Яго сумесна арганізавалі ўсе Інстытуты й Класы Канфуцыя Беларусі. МДЛУ прадставіў студэнцкі тэатр «Мэйхуа», чые цудоўныя песні ды танцы пазнаёмілі гледачоў з мастацтвам Паднябеснай.

І, як вядома, ІК святкуе кітайскі Новы год.

Паколькі наступны год будзе абвешчаны Годам адукацыі як у Беларусі, так і ў Кітаі, падзей, прысвечаных беларуска-кітайскай дружбе, будзе яшчэ больш.

Калі праца па душы

— Таццяна Андрэеўна, раскажыце пра традыцыйную Сусветную канферэнцыю Інстытутаў Канфуцыя.

У памяшканні Інстытута Канфуцыя — адметны кітайскі каларыт

— Яна праходзіць у снежні ў адным з кітайскіх гарадоў. Я вельмі люблю гэтыя сустрэчы й заўсёды чакаю іх. Нягледзячы на тое, што на форум з’язджаецца велізарная колькасць людзей, мы ўсе — як сям’я: добра ведаем адзін аднаго, тужым і з радасцю сустракаемся. Спачатку кожны дзеліцца сваімі дасягненнямі, затым сумесна абмяркоўваем праблемы, пераймаем досвед адзін у аднаго. А яшчэ ў маі праводзіцца рэгіянальная канферэнцыя. У 2017 годзе яна праходзіла ў Афінах. У той раз пытанне аўдыторыі да мяне ўзнікла адносна якасці выкладання кітайскай мовы. І гэта прыемна здзівіла. Бо раней важным было хоць неяк навучыць гаварыць і разумець па-кітайску. Цяпер ужо ідзе гаворка пра павышэнне ўзроўню выкладання. Агалілася яшчэ адна праблема: у кітайцаў не хапае рускамоўных выкладчыкаў. У асноўным, усе гавораць па-англійску.

— На гэтай канферэнцыі, наколькі я ведаю, не толькі абмяркоўваюцца надзённыя справы інстытутаў, але й прысвойваюцца званні, статусы?

— Сапраўды, ў 2013 годзе наш маленькі кітайскі «востраў» стаў лепшым Інстытутам Канфуцыя года. А ў 2014–2015 гадах мая папярэдніца Ларыса Аркадзеўна Трыгубава атрымала званне чалавека, які ўнёс вялікі ўклад у развіццё Інстытута Канфуцыя ў МДЛУ. Такіх званняў па ўсім свеце даецца штогод толькі дзесяць.

— А вы калі сталі дырэктарам? Ці складана кіраваць міжнародным праектам разам з напарніцай Шы Лін?

— Паўтары гады займаю гэтую пасаду. Калі была намесніцай дэкана факультэта англійскай мовы па выхаваўчай працы, то шмат супрацоўнічала з Інстытутам. Урэшце адміністрацыйную падрыхтоўку прайшла добрую! І цяпер яшчэ выкладаю англійскую мову. Так што мой стаж працы ў сценах МДЛУ — амаль 25 гадоў. Летась ездзіла на васьмідзённую стажыроўку дырэктараў ІК у Пекін. Акрамя навучання непасрэдна рабоце ў ІК, акцэнт рабіўся на тым, каб правільна будаваць адносіны з кітайскім дырэктарам. Аказваецца, у свеце складваюцца самыя розныя сітуацыі на памежжы розных культур. На шчасце, у нашым тандэме з Шы Лін усё выдатна. Думаю, калі любіш свою працу, калі яна табе ў радасць, то любыя цяжкасці лёгка пераадольваюцца. Сам Канфуцый казаў: выберы сабе працу па душы, і табе не прыйдзецца працаваць ніводнага дня ў сваім жыцці.

— Кітайскую мову абавязкова ведаць беларускаму дырэктару Інстытута Канфуцыя?

— Абавязковая ўмова працы тут — веданне англійскай мовы. Кітайскі дырэктар па-руску ды па-беларуску не гаворыць. Я кітайскую мову цэлы год вывучала, але цяпер зрабіла паўзу, займаюся самастойна. Гэтая мова складаная, патрабуе вельмі шмат часу й высілкаў. У кітайскіх словах яшчэ й розныя тоны ёсць: можна адно й тое ж напісанне вымавіць з розным тонам — і мяняецца сэнс.

— Што скажаце пра сучасную моладзь? Ці адрозніваюцца замежныя студэнты ад беларускіх?

— Усе маладыя людзі выглядаюць аднолькава: носяць сучасную вопратку, джынсы з моднымі разрэзамі, слухаюць поп-музыку. Адрозніваюцца яны ад папярэдніх пакаленняў хіба што матывацыяй сваіх учынкаў. Калі мы ішлі за поклічам сэрца: хачу — буду, не хачу — значыць, не буду, то сучасная моладзь добра разумее, што выгадна, перспектыўна. Туды яна і курс трымае. Таму, па-мойму, у нас і папулярнае вывучэнне кітайскай мовы сярод студэнтаў. Яны разумеюць: авалодаўшы ёю, можна добра ўладкаваць сваё жыццё.

Аліса Красоўская

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».