Вы тут

У Гродне дэпутаты абяцаюць падтрымаць маладых парламентарыяў


Маладзёжны парламент пры Гродзенскім абласным Савеце дэпутатаў правёў першую сесію чацвёртага склікання, на якой былі агучаны новыя праекты і абраны лідар.


Маладыя дэпутаты сабраліся ў зале пасяджэнняў у аблвыканкаме. Менавіта тут праходзяць усе важныя сходы, у тым ліку сесіі абласнога Савета дэпутатаў. Урачыстасці надала і прысутнасць гасцей — членаў Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па адукацыі, культуры і навуцы, якую ўзначальвае Ігар Марзалюк. Ён упэўнены, што маладзёжны парламент здольны арганізаваць вакол сябе многіх для добрых спраў. Бо дзіцячыя абраннікі па-даросламу прайшлі некалькі тураў выбараў, маюць свае праграмы, а галоўнае — грамадзянскую пазіцыю.

— Маладзёжны парламент — гэта добрая магчымасць для ініцыятыўных маладых людзей навучыцца фармуляваць свае думкі, працаваць у камандзе і браць адказнасць на сябе. Важна даць магчымасць маладым сябе рэалізаваць, — зазначыў Ігар Марзалюк. — Адной з такіх формаў і ёсць маладзёжны парламент. Дзейнасць такіх структур падтрымліваецца ў нашай краіне і паўсюдна ў свеце. Вельмі важна, калі моладзь разумее, што ад яе многае залежыць.

На думку дэпутата, маладзёжны парламент — гэта свайго роду індыкатар сучаснага жыцця моладзі. Бо юныя абраннікі могуць прапанаваць сваё бачанне заканатворчай дзейнасці. І такія прыклады ёсць. Ігар Марзалюк прызнаўся, што яго 16-гадовы сын Альгерд, які таксама нядаўна выйграў выбары, стаў старшынёй камісіі па самакіраванні і рэформе школы ад Магілёва. Дык вось, ён лічыць, што павінна быць пяць абавязковых дысцыплін для агульнага навучання, а ўсе астатнія — па выбары. Ці спраўдзяцца такія смелыя ідэі маладых дэпутатаў — пакажа час.

Амаль дарослыя праекты

Дэпутаты Гродзенскага маладзёжнага парламента накіроўваюць сваю ўвагу на актуальныя праблемы жыцця. Старшыні розных камісій расказалі аб кірунках сваёй дзейнасці. Напрыклад, Яўгена Шэндзіка з Ваўкавыска хвалююць праблемы дзяцей-сірот. Таму ў сваёй перадвыбарнай праграме ён асноўнай задачай бачыць валанцёрскую дзейнасць. А дапаможа ў гэтым атрад, які Яўген мае намер стварыць з ліку сваіх аднадумцаў.

Кацярына Янголь са Смаргонскага раёна выступіла з праектам па прафілактыцы алкагольнай і наркатычнай залежнасці. Яна прывяла такі факт: да 80 % дарослых алкаголікаў пачалі злоўжываць спіртным падлеткамі. Гэтак жа і наркаманія. Кацярына лічыць, што для актывізацыі прафілактычных мер трэба задзейнічаць шосты школьны дзень. Праводзіць у суботу адпаведныя акцыі, сустрэчы з профільнымі спецыялістамі. Дзяўчына склала падрабязны план дзейнасці на бягучы год.

Мабільную праграму прапануе стварыць Таццяна Жукавец з Гродна, якая ўзначальвае камісію па вучнёўскім самакіраванні і падтрымцы дзіцячай ініцыятывы. Распрацаваць яе бяруцца студэнты ГрДУ імя Янкі Купалы. Такая праграма стане добрай дапамогай замежным студэнтам і ўвогуле турыстам, бо будзе даступная на чатырох мовах праз мабільныя тэлефоны без аўтарызацыі.

Да спартыўнага праекта прапанаваў далучыцца Ягор Сідзельнік са Шчучынскага раёна. Ён — аматар спорту і ўзначальвае камісію па арганізацыі вольнага часу і папулярызацыі фізічнай культуры. Яго мэта — уладкаваць як мага больш баскетбольных пляцовак. Такі праект, лічыць хлопец, па сілах ажыццявіць і маладзёжнаму парламенту. Ёсць і канкрэтныя ідэі: прыцягнуць да рэалізацыі прадпрыемства па выпуску гумовага пакрыцця, якое вырабляецца са старых шын. На адну пляцоўку, па яго падліках, трэба 26 тысяч рублёў.

На спонсараў разлічвае ў сваім праекце гродзенскі дэпутат маладзёжнага парламента гімназіст Натан Шамсутдзінаў. Ён прапануе маштабны праект па ўзнаўленні яўрэйскага квартала ў Гродне ў раёне дзеючай харальнай сінагогі. Ужо ёсць інвестары, якія гатовы набыць два будынкі старога горада і ўзнавіць іх. Натан расказаў, што яго каманда шукае гранты, партнёраў, зацікаўленых асоб. Разлічваюць ініцыятары праекта і на культурны дабрачынны фонд, створаны на базе сінагогі. Дарэчы, гэты праект на конкурсе ідэй прызнаны адным з найлепшых у мінулым годзе.

Вынікі і новы фармат

Як расказала начальнік аддзела выхаваўчай і сацыяльнай работы галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Таццяна АСМАЛОЎСКАЯ, маладзёжны парламент у вобласці працуе ўжо шэсць гадоў. За гэты час рэалізавана 400 знакавых крэатыўных праектаў.

У гэтым сезоне змяніўся фармат — парламент стаў двухпалатным. Акрамя школьнікаў, яго членамі сталі студэнты ВНУ і навучэнцы сярэдніх прафесійных устаноў. Усяго ў дэпутацкі корпус увайшлі больш за 120 чалавек, якія абраны шляхам прамога закрытага галасавання па аналогіі з «дарослымі» выбарамі.

— На сесіі прадстаўлены пяць найлепшых праектаў — па адным ад кожнай камісіі, — якія прыняты дэпутатамі, мадэратарамі камісіі. Праекты будуць рэалізаваны ў рамках работы будучага парламента, — адзначыла Таццяна Асмалоўская.

Разлічваюць маладыя парламентарыі і на шэфства «дарослага» дэпутацкага корпуса. Старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Ігар Жук зацікаўлены ў падрыхтоўцы будучага рэзерву:

— Мы працуем па многіх кірунках з моладдзю, выяўляем таленавітых, адораных дзяцей, зацікаўлены, каб іх ініцыятывы былі рэалізаваны — ад гэтага будзе карысць усім.

«Усё залежыць ад нас»

На пасаду старшыні маладзёжнага парламента прапанавалі некалькі кандыдатур. Удзельнікі сесіі большасцю галасоў абралі ліцэістку Таццяну Жукавец. Магчыма, усіх падкупіла яе яскравая прэзентацыя і той запал, з якім яна выступіла. Адразу пасля галасавання Таццяна шчыра адказала на пытанні аб тым, якой яна бачыць сваю работу ў новым парламенце.

Вучань гімназіі № 5 Гродна Натан Шамсутдзінаў і вучаніца ліцэя № 1 Таццяна Жукавец.

— Ці стала для вас абранне на пост старшыні маладзёжнага парламента нечаканасцю?

— Па праўдзе, так. Мне здавалася, што пераможа Натан са сваім цікавым праектам яўрэйскага квартала.

— Магчыма, адыграў ролю не толькі праект, але і нейкія лідарскія якасці? Як вы бычыце сваю будучую дзейнасць?

— Я нават зараз бачу, што частка парламента даволі пасіўная. У нас на выбарах было 11 прэтэндэнтаў, з якіх рэальна дастойнымі я назвала б палову. Астатнія вельмі блыталіся, выказвалі свае думкі штампамі. Каму гэта цікава слухаць, а тым больш падтрымліваць? Трэба выказваць думкі выразна, імкліва. Мы — моладзь, у нас кроў кіпіць у жылах, чаму мы павінны разменьвацца на доўгія і нудныя размовы і абмеркаванні, калі можна ўсё выказаць па сутнасці. Маладзёжны парламент — гэта адна з формаў праяўлення нашых ініцыятыў, але іх трэба ажыўляць. Галоўнае — магчымасць, усё астатняе залежыць ад асабістых якасцяў.


Аляксандр СЯГОДНІК, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па адукацыі, культуры і навуцы, намеснік старшыні камісіі па сацыяльнай і маладзёжнай палітыцы, навуцы, культуры і гуманітарных пытаннях Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі:

— Калі весці гаворку аб вытоках маладзёжнага парламентарызму, то ўсё зараджалася ў рэгіёнах, гэта значыць, што пачатак паклалі мясцовыя органы ўлады. Напрыклад, мы стваралі Гродзенскі маладзёжны парламент пры абласным Савеце дэпутатаў у 2011 годзе (на той час Аляксандр Сягоднік узначальваў упраўленне адукацыі аблвыканкама. — Заўв. аўт.), і такая работа праводзілася па ўсіх рэгіёнах. Мэта стварэння такіх парламентаў — сфарміраваць органы самакіравання ў маладзёжным асяродку, далучыць моладзь да вырашэння праблем перш за ўсё рэгіянальнага ўзроўню, менавіта тых, што датычацца рэалізацыі маладзёжнай палітыкі. Між іншым, сярод другіх задач, якія паўстаюць перад гэтымі інстытуцыямі, мы бачылі яшчэ і актывізацыю ініцыятывы, каб маладыя людзі не толькі ўплывалі на вырашэнне праблемных пытанняў, але і ўзнімалі іх. Акрамя таго, яны могуць далучацца і да іншых праектаў, якія ім па сілах: валанцёрскага руху, удзелу ў добраўпарадкаванні сваіх населеных пунктаў ды іншых.

Яшчэ некалькі слоў аб стварэнні маладзёжнай палаты пры Парламенцкім сходзе, якая з'явілася ў 2018 годзе па ініцыятыве двух старшынь — Вячаслава Валодзіна і Уладзіміра Андрэйчанкі. Яе стварэннем займаліся дзве камісіі — наша камісія па сацыяльнай і маладзёжнай палітыцы, навуцы, культуры і гуманітарных пытаннях і па заканадаўстве і рэгламенце. Яна складаецца з маладых парламентарыяў Беларусі і Расіі — па 20 ад кожнай краіны. У Брэсце на летняй сесіі была зацверджана структура, органы кіравання, прынята палажэнне і пачалася работа. На мінулай 55-й сесіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі была дадзена першая справаздача з боку кіраўніка Маладзёжнай палаты і агучаны планы на 2019 год.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота БЕЛТА і Мікалая ЛАПІНА

Загаловак у газеце: Пляцоўка для ініцыятыўных

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».