Вы тут

Што вабіць магілёўскіх юнакоў і дзяўчат у маладзёжны парламент?


Тут усё па-сур'ёзнаму, нягледзячы на тое, што гэтыя дэпутаты, па сутнасці, яшчэ дзеці. Але для актыўных і крэатыўных маладзёжны парламент — добрая пляцоўка для таго, каб паспрабаваць нешта рэальна змяніць. Плюс новы вопыт, карысныя веды і вельмі добры шанц заявіць пра сябе.


Маладзёжны парламент пры гарадскім Савеце дэпутатаў існуе ў Магілёве ўжо пяты год, летась прайшлі трэція выбары ў яго склад. У адрозненне ад «дарослага» парламента, тэрмін дэпутацкай дзейнасці тут абмяжоўваецца двума гадамі. У выбарах задзейнічаны школьнікі, пачынаючы з 9 класа, а таксама навучэнцы і студэнты ВНУ да трэцяга курса. Гэтым разам з болей чым 200 прэтэндэнтаў абрана 64 чалавекі. Большую актыўнасць на выбарах праявілі дзяўчаты — іх у маладзёжным парламенце трэцяга склікання аж 44.

Першая сесія адбылася якраз напярэдадні Новага года. На ёй быў зацверджаны склад парламента, план работы, спіс камісій, асноўныя кірункі дзейнасці.

— Плануем больш актыўна займацца сацыяльнымі праектамі і заканатворчай дзейнасцю, — удакладніў старшыня маладзёжнага парламента Яраслаў Грыгор'еў.
Зараз ён студэнт другога курса Беларускага інстытута правазнаўства, але яго дэпутацкі стаж «адлічваецца» яшчэ са школы. Прызнаецца, што грамадская работа зацвердзіла яго ў жаданні стаць юрыстам.

Падтрымаць маладых калег прыйшлі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Марзалюк і Вольга Петрашова.

Яраслаў Грыгор'еў прызнаецца, што ў парламент прыйшоў з цікавасці. Хацелася паспрабаваць сябе ў новай ролі. Сёння маладыя парламентарыі адны з галоўных удзельнікаў розных сацыяльных праектаў.

— Нядаўна ў Магілёве праходзіў тэлемарафон добрых спраў, мы таксама далучыліся, — прыводзіць прыклад Яраслаў. — Сабралі вялікую скрыню падарункаў — цацкі, канцылярскія прылады, развівальныя гульні. Падчас марафону хадзілі ў якасці валанцёраў у анкалагічнае аддзяленне абласной бальніцы, рабілі невялічкія прадстаўленні. З дэпутатамі гарадскога і абласнога Саветаў дэпутатаў наведвалі сацыяльныя ўстановы.

Для маладых людзей парламент гэта яшчэ і добрая адукацыйная пляцоўка.

— Мне цікава, як адбываецца кіраванне горадам, як фарміруецца той жа бюджэт, — кажа Яраслаў. — У нас ёсць магчымасць убачыць, дзе наша дапамога больш за ўсё патрэбна. Калі мы чуем, што на нешта не хапае грошай, пачынаем шукаць варыянты, дзе іх знайсці — еўрапейскія праграмы, гранты, нешта іншае. Усё гэта абмяркоўваем з дэпутатамі гарсавета. Калі ва ўсім гэтым варышся, з'яўляецца азарт і жаданне рабіць нешта карыснае.

Маладым парламентарыям лягчэй данесці да шырокай грамадскасці тыя праблемы, якія існуюць у іх асяроддзі.

— Падымалі, напрыклад, пытанне па інклюзіўнай адукацыі, — кажа Яраслаў. — У нашым парламенце ёсць прадстаўнікі «асаблівай» моладзі, якія агучваюць праблемы маладых людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Пра гэта мы размаўлялі з дэпутатамі Нацыянальнага сходу, абмяркоўвалі з імі, чаго не хапае і што для гэтага трэба зрабіць. І вельмі добра нас тут падтрымлівае дэпутат Вольга Петрашова.

У найбліжэйшых планах магілёўскага маладзёжнага парламента ўвесці ў курс справы навічкоў і разам з гарсаветам працаваць над сумеснымі праектамі.

— Ці цяжка быць старшынёй маладзёжнага парламента? Чым прыходзіцца ахвяраваць? — пытаюся ў суразмоўніка.

— Асабістага жыцця сапраўды няма, — усміхаецца Яраслаў. — Раней я яшчэ і спортам займаўся. Але пачаліся праблемы са здароўем. Зараз цалкам прысвяціў сябе вучобе і грамадскай дзейнасці. Пакуль усё атрымліваецца.


Андрэй Кіблоў, старшыня Магілёўскага гарсавета дэпутатаў:

— Асноўная мэта маладзёжнага парламента — гэта навучанне юнакоў і дзяўчат прынцыпам мясцовага самакіравання ў горадзе, падрыхтоўка будучых дэпутатаў і кіраўнікоў. Мы вітаем развіццё лідарскіх якасцяў, генерацыю ідэй на паляпшэнне жыццядзейнасці ў горадзе. Нам важна, каб маладыя людзі самастойна прымалі рашэнні. Моладзь праяўляе цікавасць да сацыяльных праблем, удзельнічае ў валанцёрскім руху, падтрымлівае ідэі інклюзіўнай адукацыі.

Дэпутацкая дзейнасць своеасаблівая, часта не хапае ведаў нават звычайным дэпутатам. Наш гарсавет падчас апошніх выбараў абнавіўся на 40 %. Я сам навічок у гэтай дзейнасці, і мне таксама прыйшлося чамусьці вучыцца. Усе павінны ведаць асновы дзейнасці дэпутата — нарматыўную базу, умець складаць планы работ, даваць справаздачу выбаршчыкам, правільна рабіць дэпутацкія запыты і звароты і гэтак далей. Таму мы вырашылі зрабіць школу дэпутата.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: Усё па-даросламу

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.