Вы тут

Якія перавагі мае электронны натарыят?


Наколькі беларусы гатовыя да таго, каб зрабіць даступнымі больш звестак пра сябе, якія пакуль з'яўляюцца натарыяльнай тайнай, і як пры гэтым абараніць персанальныя даныя? Як увогуле функцыянуюць электронныя і папяровыя дакументы? Над гэтымі і іншымі пытаннямі разважалі натарыусы і дэпутаты на выязным пасяджэнні, дзе на прыкладзе вопыту работы натарыяльнай канторы Жодзіна разгледзелі, як праходзіць інфарматызацыя натарыята і дзейнічаюць электронныя натарыяльныя пасведчанні.


Інфарматызацыя камунікацыі людзей і дзяржавы

З 1 студзеня 2017-га ў натарыяльных канторах і бюро створана адзіная электронная сістэма ўліку натарыяльных дзеянняў і адкрытых спадчынных спраў. Яна з'яўляецца часткай адзінай інфармацыйнай сістэмы (АІС) і пастаянна дапаўняецца. Напрыклад, унесены звесткі пра ўсе засведчаныя з 1 студзеня 2014 года даверанасці, спадчынныя справы, адкрытыя з 2009-га, завяшчанні, зацверджаныя з 2010-га, і шлюбныя дагаворы, заключаныя з 1999-га.

У канцы мінулага года ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу паступіў законапраект, палажэнні якога скіраваны на ўдасканаленне працэсу інфарматызацыі.
У ім прапануецца вызначыць формы ўзаемадзеяння АІС натарыята з дзяржаўнымі інфармацыйнымі сістэмамі, а таксама вызначыць спосабы доступу суб'ектаў інфармацыйных адносін (за выключэннем натарыусаў) да інфармацыі, што змяшчаецца ў АІС. Дакумент атрымаў шэраг заўваг і накіраваны на дапрацоўку.

— Для далейшага развіцця інфарматызацыі натарыяльных бюро і кантор неабходна ўкараненне сучасных формаў арганізацыі дзейнасці натарыусаў і стварэнне роўных магчымасцяў атрымання якасных паслуг натарыуса незалежна ад месца жыхарства чалавека. Пры гэтым нельга забывацца на яго правы, каб не зрабіць звесткі, якія сёння з'яўляюцца таямніцай, агульнадаступнымі. Такія «людскія таямніцы» (адвакацкая і натарыяльная) павінны быць абаронены, нягледзячы на прасоўванне сучасных тэхналогій, — заўважыла Наталля ГУЙВІК, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па заканадаўстве, падкрэсліваючы важнасць тэмы, якая абмяркоўвалася.

Мэтай інфарматызацыі натарыусы бачаць развіццё эфектыўнай і празрыстай сістэмы дзяржаўнага кіравання праз укараненне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій ва ўсе сферы дзейнасці. А таксама забеспячэнне зручнасці камунікацыі паміж грамадзянамі, бізнесам і дзяржавай шляхам пераводу гэтых стасункаў у электронную форму і фарміраванне адзінай інфармацыйнай прасторы для аказання электронных паслуг, адзначыла Наталля БАРЫСЕНКА, старшыня Беларускай натарыяльнай палаты (БНП):

— Адзіны электронны рэестр уліку натарыяльных дзеянняў і спадчынных спраў, які ўжо працуе, не дасць тых магчымасцяў, што адкрые комплексная электронная сістэма натарыята. Паколькі ўсе звесткі пра натарыяльныя дзеянні і адкрытыя спадчынныя справы ўносяцца ў АІС натарыята і пераходзяць у сферу электроннай камунікацыі, яго хуткасць і аб'ёмы ўзрастаюць. Тым самым павялічваецца неабходнасць у абароне правоў грамадзян. І мы б хацелі, каб натарыят стаў гарантам забеспячэння абароны гэтых правоў і распрацоўшчыкам сучасных публічных сэрвісаў і натарыяльных паслуг.

«Спадчына без межаў»

Праз электронныя публічныя сэрвісы можна, напрыклад, праверыць факт адмены даверанасці або даведацца, куды звяртацца па пэўнай спадчыннай справе.

— Цяпер спадчынныя справы афармляюцца ў межах адной акругі, дзе можа быць шмат натарыусаў. Каб дапамагчы нашчадкам зразумець, у якую кантору і да якога спецыяліста звярнуцца, на сайце БНП на адпаведным лісце пра адкрытыя спадчынныя справы трэба ўвесці імя завяшчальніка. Калі справа існуе, адкрыецца інфармацыя па ёй: кім заведзена, з кім звязацца, — заўважыла старшыня БНП. — Часам здаралася, хоць і рэдка, што пасля аднаго памерлага заводзіліся дзве спадчынныя справы. Электронная сістэма дазваляе выключыць такое задваенне. У будучыні мы хацелі б арганізаваць работу па прынцыпе «спадчына без межаў». Нашчадкі змогуць звярнуцца да натарыуса незалежна ад таго, дзе жыў завяшчальнік. Такі вопыт ужо ёсць у Гродне і Брэсце.

— Мы хочам вывесці з паняцця «натарыяльнай таямніцы» больш звестак, каб зацікаўленыя правяралі даверанасць на яе сапраўднасць. Гэта дазволіць гарантаваць грамадзянам чысціню здзелкі на падставе гэтага дакумента, аднак не дасць убачыць яго змест, — падзялілася думкамі Наталля Барысенка. — Такі прыклад існуе ў Расіі, дзе дзяржорганы праз адсканаваную выяву могуць праверыць нават змястоўную частку даверанасці. Мы гатовыя рэалізаваць гэта і ў нас, і не трэба баяцца, што інфармацыя выйдзе за межы натарыяльнай таямніцы.

А вось ці гатовае наша грамадства выстаўляць у агульны доступ тое, што сёння лічыцца таямніцай? Жанна ЗАХАРАВА, начальнік упраўлення натарыята і загсаў Міністэрства юстыцыі Беларусі, назвала ініцыятыву натарыяльнай палаты добрай і правільнай:

— Мы маем шмат прапаноў ад банкаў наконт доступу да зместу даверанасці. Шмат выпадкаў існавання падложных даверанасцяў, бо ўзровень падробак даволі высокі, і доступ да зместу дакумента будзе добрым крокам. Аднак трэба рухацца асцярожна, каб вытрымаць баланс паміж тым, што мы маем, і менталітэтам беларусаў. Каб не даць зашмат інфармацыі пра чалавека для агульнага прагляду ўсімі грамадзянамі.

Прысутныя пагадзіліся, што ў кампетэнцыі менавіта дэпутатаў паразважаць, што яшчэ можна вывесці з паняцця таямніцы. Напрыклад, падумаць, ці дазволіць бачыць, колькі разоў чалавек быў у шлюбе ці што прапісана ў яго шлюбным дагаворы. Такая практыка — рэестр шлюбных дагавораў як агульнадаступны рэсурс — існуе ў Прыбалтыцы. Мясцовыя кажуць, што так яны абараняюць інтарэсы крэдытораў, бо ёсць розніца паміж сумесна нажытай маёмасцю і асабістай.

Пакуль натарыусы працуюць і з электроннымі, і з папяровымі дакументамі.

— Мы дагэтуль не адышлі ад папяровых носьбітаў, і няясна, ці трэба гэта будзе рабіць увогуле. Трэба яшчэ наладзіць працу сервераў для захоўвання інфармацыі, парадак яе ўтрымання, — паразважала Жанна Захарава. — Натарыяльная палата сумесна з Нацыянальным банкам цяпер рэалізоўвае тэхнічную магчымасць учынення дзеяння ў электронным выглядзе. Як атрымліваць такія дакументы, перадаваць іх далей. Пакуль не зусім ясна, наколькі здзейснены электронны выканаўчы надпіс будзе мець абарачальную здольнасць у дакументаабароце іншых органаў.

Тым не менш, нягледзячы на тое, што работы ў натарыусаў стала больш, электронны дакументаабарот палегчыў іх жыццё, бо ўнесеныя аднойчы ў сістэму звесткі застануцца ў ёй ужо назаўжды.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Успаміны бортмеханіка верталёта пра Афганістан

Успаміны бортмеханіка верталёта пра Афганістан

У лётнай кніжцы Сяргея Пацкевіча — 970 гадзін налёту.