Вы тут

Абноўленая радзільня адкрылася ў Лельчыцах


У Лельчыцах напярэдадні Новага года адбыліся адразу дзве значныя падзеі: пасля капітальнага рамонту адкрылася абноўленае радзільнае аддзяленне і заселены 40-кватэрны жылы дом сацыяльнага карыстання. Пра гэта паведамляе раённая газета «Светлае жыццё».


Жанчыны, якія збіраюцца стаць матулямі, гэтай падзеі чакалі з нецярпеннем, паколькі найбліжэйшая радзільня знаходзіцца за 75 кіламетраў ад райцэнтра — у Мазыры. Былі выпадкі, калі жанчынам даводзілася ехаць нараджаць і ў Гомель. А наваспечаным мамам аднаго з самых аддаленых населеных пунктаў Лельчыцкага раёна — Дзяржынска, неабходна было пераадолець шлях 150 кіламетраў да Мазыра і больш за 300 да Гомеля.

— Пасля капітальнага рамонту ў Лельчыцкім радзільным аддзяленні створаны сучасныя ўмовы, як для медперсаналу, так і для мам з нованароджанымі. Перспектыва развіцця любога раёна немагчымая без рашэння сацыяльна значных пытанняў. А функцыянаванне радзільні ў Лельчыцкім раёне, з улікам аддаленых сельскіх населеных пунктаў, — гэта перш за ўсё магчымасць нараджэння будучага пакалення тых, якія прыйдуць пасля нас, — адзначыў старшыня райвыканкама Анатоль Гапонік.

Дарэчы, пры Лельчыцкай цэнтральнай раённай бальніцы радзільня адкрылася 25 снежня 1992 года. За 26 гадоў будынак ні разу не рамантаваўся. Таму 2 мая 2018 года рашэннем раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі яго закрылі на рамонт. Грошы ў суме 98 тысяч рублёў былі выдзелены з абласнога бюджэту. Па словах галоўнага ўрача Лельчыцкай цэнтральнай раённай бальніцы Аляксандра Гусака, адкрыццё абноўленага радзільнага аддзялення набліжалі ўсім калектывам: практычна кожнаму давялося папрацаваць на гэтым важным аб'екце, які ўплывае на павышэнне дэмаграфічнага ўзроўню.

Лельчыцкая радзільня разлічана на 15 ложка-месцаў. Іх хопіць для прыёму парадзіх з усяго раёна. Медыцынская ўстанова забяспечана медперсаналам у поўным аб'ёме, ёсць таксама кувез, абсталяваны сучаснай апаратурай для нованароджаных. Пакуль ішла апошняя падрыхтоўка да адкрыцця радзільні, у ёй ужо з'явіліся на свет трое малых — дзве дзяўчынкі і хлопчык. Так што парадзіхам, якія чакаюць папаўнення, ужо не давядзецца ехаць нараджаць за межы раёна, іх дзеці з'явяцца на свет на малой радзіме.

Днём пазней, 27 снежня, ключы ад 40 новых кватэр атрымалі тыя, хто адносіцца да катэгорыі сірот, а таксама шматдзетныя сем'і і сем'і, у якіх выхоўваюцца дзеці-інваліды. Будаўніцтва дома пачалося ў красавіку мінулага года, і ўжо пад канец 2018-га — 26 снежня — былі падпісаны акты ўводу ў эксплуатацыю. Жылы дом мае агульную плошчу больш за 2000 «квадратаў», і згодна з рашэннем райвыканкама, усе кватэры заселеныя ў поўным аб'ёме.

З навасёламі адразу ж заключылі дагаворы на забеспячэнне газам, электраэнергіяй, на водаадвядзенне і водазабеспячэнне, камунальныя паслугі. Затым з кожным уладальнікам жылля складуць дагаворы найму.

Дом пабудавалі ў новым раёне. Побач — паліклініка, бальніца, школа, дзіцячы садок, крамы, што вельмі зручна для шматдзетных сем'яў.

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.