Вы тут

З чым звяртаюцца на прамую лінію жыхары Міншчыны?


Старшыня Мінскага абласнога Саветаў дэпутатаў Наталля Якубіцкая ў рабоце са зваротамі грамадзян дэманструе свой адметны почырк. Не стала выключэннем і чарговая прамая тэлефонная лінія, якая прайшла днямі.


— Пытанні, якія мне задаюць, стараюся вырашаць адразу: тэлефаную кіраўнікам раёнаў, структурных падраздзяленняў вобласці, старшыням раённых Саветаў дэпутатаў. Я пазбягаю адкладваць нейкую праблему на потым, — расказала Наталля Віктараўна. — А пытанні паступаюць самыя розныя: па добраўпарадкаванні, навядзенні парадку на зямлі, дарогах, могілках. І мы стараемся працаваць на апераджэнне. Такія задачы стаўлю і перад старшынямі райсаветаў.

Дастаткова шмат пытанняў па рабоце спажыўкааперацыі. У прынцыпе мы і на сесіі разгледзелі і павялічылі пералік тэрыторый сельскіх населеных пунктаў, якія падпадаюць пад дзеянне Указа Прэзідэнта і маюць прэферэнцыі па гандлёвым абслугоўванні на сяле. Лічу, што гэты дакумент дапамагае выходзіць з сітуацыі. Летась надта актыўна дэпутаты, старшыні раённых Саветаў дэпутатаў займаліся рэалізацыяй Дэкрэта № 1 «Аб садзейнічанні працоўнай занятасці насельніцтва». З гэтай мэтай стварылі ў раёнах і горадзе Жодзіне 23 камісіі. Яны працуюць эфектыўна і накіраваны ў першую чаргу на тое, каб забяспечыць людзей рабочымі месцамі. Акрамя таго, у раёны паступілі базы працаздольных не занятых у эканоміцы, і мы карпатліва пераправяраем спісы, каб сюды не трапілі выпадковыя людзі. Зразумела чаму: у далейшым грамадзяне працаздольныя, але не занятыя ў эканоміцы, будуць плаціць 100 % тарыф на гарачую ваду.

Чарговая тэлефонная лінія таксама была напружанай. Нягледзячы на святочныя клопаты, сюды звярнулася каля дваццаці чалавек. Не толькі з Мінскай вобласці, але і сталіцы, якія маюць у цэнтральным рэгіёне дачы, зямельныя ўчасткі, домікі.

Ала Іванаўна з аграгарадка Косаўка Бярэзінскага раёна даглядала адзінокую 95-гадовую суседку. Жанчына не дажыла два дні да атрымання чарговай пенсіі. Ала Іванаўна хацела б атрымаць гэтыя грошы, але не дазваляе заканадаўства. Звярталася яна і да старшыні Капланецкага сельвыканкама, але і тая не дапамагла, за што заяўніца ў вялікай крыўдзе на кіраўніка. Маўляў, я пахавала бабулю як належыць і засталася ў даўгах, хто мне кампенсуе затраты?

— Разбяромся, — рэзюмавала Наталля Віктараўна, уважліва выслухаўшы скаргу, і звязалася са старшынёй сельскага Савета дэпутатаў Любоўю Забаронак.

— Як я зразумела са слоў Алы Іванаўны, нібыта сельвыканкам устараніўся ад пахавання пенсіянеркі, не аказаў дапамогу? — запыталася Наталля Якубіцкая ў падначаленай.

— Бабулі прапаноўвалі паслугі сацыяльнага работніка, яна адмовілася. Так, суседка даглядала яе. Але ж пенсія памерлай ішла ў агульны бюджэт: у доме зрабілі рамонт, паставілі шклопакеты. Бабуля аформіла дароўную на свой дом на гэтую жанчыну. Цяпер яна хоча яго прадаць. А тое, што прыняла ўдзел у пахаванні, то яна атрымала грошы ад дзяржавы. Што датычыцца пенсіі, то Ала Іванаўна не мае права на яе атрыманне.

— Мне зразумелая сітуацыя. Вам трэба дзейнічаць у межах заканадаўства, — падсумавала Наталля Якубіцкая.

Вольга Яўгенаўна купіла зямельны ўчастак у Чэрвеньскім раёне на аўкцыёне. Але не можа пачаць будаўніцтва, паколькі няма электрычнасці. «Дапамажыце, парайце, куды звярнуцца», — прасіла жанчына.

Старшыня абласнога Савета дэпутатаў пацікавілася, дзе знаходзіцца ўчастак: у населеным пункце або ў раёне індывідуальнай забудовы, якая адлегласць да найбліжэйшага трансфарматара, ці ёсць магчымасць да яго падключыцца. «Будзем разбірацца з сітуацыяй. Мяркую, пры вашым долевым удзеле пытанне вырашыцца».

Уладзімір Міхайлавіч — пенсіянер, аддаў дзецям гарадскую кватэру, а сам пасяліўся ў бацькоўскім доме ў Пухавіцкім раёне. Побач з вёскай знаходзіцца некалькі дачных масіваў. І на зіму гаспадары перабіраюцца ў Мінск, а хатніх жывёл кідаюць на волю лёсу. Мужчына шкадуе няшчасных валацуг, корміць іх, у яго жывуць дванаццаць катоў, сабака. Панадзіўся да яго хадзіць чужы цюцька, разумее, што тут не пакінуць яго галодным. Аднойчы пенсіянер не вытрымаў і пайшоў пасарамаціць мінчаніна, калі той завітаў на лецішча. Але замест размовы атрымаў кухталёў. Мужчына напісаў заяву ў міліцыю, быў суд, які выпісаў забіяку штраф у 500 рублёў. Ды заяўнік незадаволены і хоча, каб на яго крыўдзіцеля завялі крымінальную справу. «Для таго каб прыцягнуць яго да крымінальнай адказнасці, вам неабходна было зняць пабоі, — растлумачыла Наталля Якубіцкая. — Ды і наогул я не маю права ўплываць на рашэнне суда. Мужчыну пакаралі рублём. І думаю, для яго гэта будзе ўрокам. Цяпер, перш чым распускаць рукі, ён падумае».

Але гэтым разам былі не толькі «праблемныя» званкі. Людзі віншавалі старшыню абласнога Савета са святамі, дзякавалі за дапамогу, уменне прафесійна вырашаць пытанні. А адзін мужчына, які не пажадаў назваць сябе, выказаў Наталлі Якубіцкай падзяку за ўмелае кіраўніцтва дэпутацкім корпусам, за тое, што адстойвае інтарэсы жыхароў вобласці. «У вас прагматычны почырк, ваша пазіцыя на баку простых людзей. Хочам пажадаць, каб вашы планы і задумы збываліся», — сказаў ён.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».