Вы тут

Пра людзей. Навагодняя быль


Як паездка ў маршрутцы можа вярнуць веру ў добрае

На прыпынку на ўскраіне Баранавіч мінскую маршрутку ў першы дзень новага года чакала чалавек шэсць. Што яна з вакзала прыйдзе амаль запоўненая — ніхто не сумняваўся: назаўтра працоўны дзень, ехаць шмат каму трэба. На старэнькай іншамарцы да прыпынку пад'ехаў пажылы дзядзька, высадзіў маладую пару — па ўсім відаць, дачку і зяця. З імі быў чорны даўганогі сабака, пэўна, сямейны любімчык — з абсалютна шчаслівай мордай віляў хвастом, скакаў па мокрым снезе, спрабаваў лізнуць у гаспадыні то руку, то твар, радасна абнюхваў усіх прысутных на прыпынку. Усе ўсміхаліся: Новы год усё-такі, дый сабачка бяскрыўдны, чысценькі... Пакуль не высветлілася, што сабачка не праводзіць мінскіх гасцей, а сам едзе ў маршрутцы на правах пасажыра.


Вось тут і пачалося. У мікрааўтобусе, які падышоў у прызначаны час, месцаў хапала ўсім — яны рэзервуюцца загадзя, асоба пасажыра на ўваходзе ідэнтыфікуецца кіроўцам па імені і нумары тэлефона. Здавалася б, хвалявацца няма чаго. Але ж, самі ведаеце, хочацца сесці, дзе зручней. Тым больш два месцы спераду за спінай шафёра былі свабодныя. Усе, хто садзіўся на прыпынку, нацэліліся менавіта на іх. Але кіроўца першых, хто зайшоў, папрасіў іх не займаць, пакінуць для пасажыраў з сабакам (яны прапусцілі ўсіх перад сабой і цярпліва чакалі, пакуль уладкуюцца іншыя, каб не ствараць нязручнасцяў). І мы — трэба дык трэба — пасунуліся далей, на заднія сядзенні, якія, канешне, не такія зручныя, але ж ехаць усяго нейкія паўтары гадзіны.

Праўда, меркавалі так не ўсе. Маладая дзяўчына, нібы не чуючы просьбы кіроўцы, усперлася на пярэдняе сядзенне. Прычым зрабіла гэта дэманстратыўна і на ўсе просьбы прайсці далей у салон груба адказвала: «Дзе захацела, там і села, і нікуды пераходзіць не буду. І побач са мной сабака нават у намордніку не паедзе, я іх цярпець не магу, гэтых псін». Кіроўца нешта даводзіў ёй пра тое, што правілы перавозак не парушаюцца, але дзеўка сядзела, як капа, закапыліўшы губу і дэманстратыўна гледзячы ў акно. Пара з сабакам заставалася на вуліцы. Астатнія прыгаломшана за ўсім назіралі. «Нахабства — другое шчасце», — ціхенька ўздыхнуў хтосьці.

«Людзі, ды што ж мы, не людзі! — выдыхнула маладая дагледжаная жанчына. — Дзяўчына, у вас сумленне ёсць? Няўжо так цяжка перасесці на іншае месца?» — «Не буду!» — як дзяцел, дзяўбла яна сваё. «Можа, ёй блага становіцца ў дарозе, таму яна спераду села?» — спагадліва спытаўся дзядзька з вялікай валізкай на каленях. «Нічога мне не блага. Проста я гэта месца заняла, а сабак цярпець не магу. І нікуды не сыду. Справа прынцыпу», — адрэзала дзеўка і зноў адвярнулася да акна.

У маршрутцы ўсчаўся вэрхал. Хтосьці папракаў дзяўчыну ў адсутнасці спагадлівасці і сумлення, хтосьці абураўся, што маршрутка ніяк не паедзе, хтосьці прапаноўваў пасадзіць сабаку ў багажнае аддзяленне, аўтарка гэтых радкоў прапанавала сесці побач з сабакам, калі ўпартая пасажырка так яго баіцца. Кіроўца нешта тлумачыў, пачынаў нервавацца, маладыя гаспадары сабакі цярпліва маўчалі на вуліцы, сама жывёлка зазірала ім у вочы, не разумеючы, пэўна, што ўвесь гармідар з-за яе. Нарэшце ператасаваліся, памяняліся месцамі, цягаючы за сабой рэчы, вызвалілі два сядзенні не спераду, але разам, на якія і ўладкаваліся маладыя, пасадзіўшы паміж сабой гадаванца, які за ўсю дарогу пасля не выдаў нават шораху. Перамяшчэнне не пакінула раўнадушным нікога — нехта перасаджваўся, нехта саступаў, хтосьці пасоўваўся, хтосьці раіў, куды лацвей паставіць сумку. І ўсё ўжо было не напружана, нават весела: Новы год усё-такі. Толькі дзеўка на першым сядзенні сядзела як скала.

Ехалі (акрамя нашай незадаволенай спадарожніцы) таксама весела — размаўлялі, жартавалі адно з адным — вырашэнне агульнай праблемы расшавяліла і прымусіла зняць навушнікі, адарвацца ад экрана смартфона, зацікаўлена паглядзець на людзей вакол. Праз гадзіну ўсе ведалі, што сабачку завуць Лордам, што дзядзька з валізкай едзе віншаваць у сталіцу ўнукаў, якіх у яго «ажно шэсць», што жанчына, якая абуралася, чаму не едзем, спазняецца на дзяжурства — яна працуе санітаркай у бальніцы. Шчыра — такой харошай, цёплай паездкі ў маім вандроўным жыцці даўно не было. Можа, таму, што быў першы дзень Новага года?

У Мінску, выйшаўшы з маршруткі, злосная дзеўка паслізнулася і ўжо гатова была бразнуцца ў брудную снежную кашу. Яе ззаду, не даўшы ўпасці, падхапіў... гаспадар Лорда. «З Новым годам!» — весела сказаў ёй. А Лорд злаўчыўся і лізнуў яе ў нос...

Такая вось непрыдуманая навагодняя казка ў першы дзень 2019-га здарылася. Значыць, усё ў нас з вамі, людзі, будзе добра.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.