Вы тут

Алёна Бязручка: “Каб навесці парадак, патрэбны працавітасць і свядомасць”


Пра такіх раней казалі: камсамолка, спартсменка, актывістка. Знаёмцеся: Алёна Бязручка – намеснік начальніка аддзела кантролю за абыходжаннем з адходамі Брэсцкага абласнога камітэту прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. І сапраўды, Алёна Вітальеўна, акрамя работы па свайму накірунку, удзельнічае ў рэалізацыi праекта “Сімбія-Сіці-Брэст” і абрана старшынёй прафсаюзнай арганізацыі. Яе імя занесена на Дошку гонару Мінпрыроды.

Прыклад адказнага стаўлення да прыроды

Брэст – вельмі прыгожы горад. У цэнтры захавалася старая архітэктура, а новыя будынкі праектуюць вельмі ўдала і прадумана, каб не парушаўся агульны стыль. Абласны цэнтр вядомы вячэрнім рытуалам, калі адмысловы чалавек запальвае ліхтары на пешаходнай вуліцы. Розныя цікавосткі ў гэтым горадзе можна заўважыць амаль на кожным кроку. А яшчэ навокал – фірмовая беларуская чысціня. З гэтага мы і пачалі размову.

– Я родам з Пінску, але вучылася ў Брэсце, тут і засталася. Цяпер у мяне два родныя гарады, – кажа Алёна Вітальеўна. – Ведаеце, мне падабаецца мая праца тым, што амаль адразу бачыш вынік.

На Брэстчыне дзейнічаюць механізмы ўключэння другасных рэсурсаў у гаспадарчы зварот, у прыватнасці, сістэма паасобнага збору з наступнай здачай адходаў на прадпрыемствы-перапрацоўшчыкі. У вобласці пабудаваны два смеццеперапрацоўчыя заводы – у Брэсце і ў Баранавічах, наладжана дасартаванне адходаў у кожным адміністрацыйным раёне. Тут добра працуе сетка прыёмных нарыхтоўчых пунктаў збору другаснай сыравіны; на базе службы ЖКГ створаны пункты збору і месцы часовага захоўвання ртуцьутрымліваючых адходаў; арганізаваны збор адпрацаваных элементаў сілкавання з дапамогай стацыянарных пунктаў, размешчаных у аб’ектах гандлю, адукацыі, на ўчастках службаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Цяпер на прадпрыемствах вобласці захоўваюцца 4482 адзінкі выведзенага з эксплуатацыі ПХБ-абсталявання, у тым ліку сёлета выведзены 80 адзінак такога абсталявання. Пры гэтым створаны ўмовы для яго экалагічна бяспечнага захоўвання.

– У нас вельмі добры, працавіты і дружны калектыў, – распавядае Алёна Вітальеўна. – Мы самі падаем прыклад адказнага стаўлення да прыроды і свайго горада. Разумееце, навесці парадак не так складана, і грошай для гэтага шмат не патрабуецца. Мы з калегамі традыцыйна выходзім на суботнікі – чысцім лес, бераг рэчкі. Запрашаем вучняў старэйшых класаў і студэнтаў дапамагаць нам. Сваімі сіламі добраўпарадкавалі некалькі помнікаў героям Вялікай Айчыннай вайны. Зразумела, што мы ладзім рэйды на прадпрыемствы, і калі знаходзім парушэнні, то адпаведна рэагуем. Бо, паўтаруся, каб навесці парадак, патрэбны найперш працавітасць і свядомасць.

Але ў полі зроку эколагаў не толькі прадпрыемствы, а і насельніцтва. У вобласці 16 адміністрацыйных раёнаў. З аддзеламі ЖКГ кожнага з іх распрацаваны алгарытм работы па вывазу адходаў. Сёлета вырашана правесці эксперымент: адходы з Жабінкі і Брэсцкага раёна вывозіць на смеццеперапрацоўчы завод. Мэта вельмі простая: каб больш другасных матэрыяльных рэсурсаў ішло на перапрацоўку і менш – на палігоны.

Зручны для людзей горад

У горадзе створана рабочая група па распрацоўцы і ўкараненні канцэпцыі “Сімбія-Сіці-Брэст”, у дзейнасці якой непасрэдны ўдзел прымае Алёна Бязручка.

– Гэта вельмі цікавы праект. Дзякуючы яму наш горад стане больш зручным для людзей і больш “зялёным”, – кажа яна. – У нашай канцэпцыі “Сімбія-Сіці-Брэст” сем накірункаў: гарадская мабільнасць, адходы, энергія і клімат, водазабеспячэнне і водаадвядзенне, азеляненне і ландшафт, архітэктура і бяспека, адукацыя і культура. І гэта не выпадковы набор, усё ўзаемазвязана. Напрыклад, чым больш людзей перасядзе на ровары, тым болей зберажом энергарэсурсаў, і тым чысцей будзе паветра.

Удзел у праекце даў магчымасць Брэсту атрымаць міжнароднае фінансаванне і працягнуць добраўпарадкаванне, у прыватнасці, паркаў і набярэжнай. Таксама ў горадзе з’явіліся веладарожкі.

– У наступным годзе Брэст адзначыць сваё 1000-годдзе, – працягвае Алёна Вітальеўна. – Зразумела, што да такога юбілею трэба добра падрыхтавацца. Таму вядуцца работы па стварэнні ў горадзе сучасных зон сямейнага адпачынку.

Так, напрыклад, ужо закладзены Парк 1000-годдзя Брэста.

Спецыяліст адзначыла, што ў камітэце прыродных рэсурсаў вельмі цікава працаваць. Перш за ўсё таму, што кіраўніцтва ў асобе старшыні Тамары Анатольеўны Ялкоўскай зацікаўлена ў прафесійным росце супрацоўнікаў, якія наведваюць курсы павышэння кваліфікацыі, выязджаюць на стажыроўку за мяжу.

– А яшчэ мне вельмі падабаецца прынцып нашай працы і ўзаемаадносінаў у калектыве, – кажа Алёна Бязручка. – Як у мушкецёраў: адзін за ўсіх, усе за аднаго. Напрыклад, калі мы выступаем у навучальных установах, кожны супрацоўнік можа распавесці не толькі пра свой накірунак дзейнасці, але і пра ўвесь камітэт, адказаць на пытанні. “Мая хата з краю” – гэта не пра нас!

Як любіць Беларусь нашу мілую

– Вельмі лёгка ўзначальваць прафсаюз, калі працоўны калектыў лёгкі на пад’ём, – дзеліцца Алёна Вітальеўна. – Да таго ж, у нас надзвычай стабільны і моцны кадравы склад. Я тут 13 гадоў, і ніводнага разу не было нават думкі змяніць месца працы.

Як прафсаюзны лідар, Алёна Бязручка арганізоўвае розныя мерапрыемствы для адпачынку. Сёлетні "Дзень без аўтамабіля" брэсцкія эколагі адзначылі велапрабегам у Прыбугскае Палессе.

– Гэта малады біясферны рэзерват, – тлумачыць Алёна Вітальеўна. – Ён знаходзіцца на перасячэнні межаў Беларусі, Украіны і Польшчы. Прыгожая, нават крыху таямнічая некранутая прырода вельмі нас уразіла. Тут жывуць чаплі, качкі і лебедзі. Мы не толькі любаваліся наваколлем, але і цікавіліся гісторыяй гэтых мясцін.

Напрыканцы нашай сустрэчы Алёна Вітальеўна запрасіла на прагляд відэароліка, які спецыялісты мясцовага тэлебачання знялі па замове абласнога камітэту. Шчыра скажу: я шмат падарожнічала па Брэстчыне, але і нешта новае даведалася. А прыгажосць якая! І згодна я з маёй гераіняй, якая кажа: “Не ўяўляю, як можна не любіць гэту зямлю!”.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Фота аўтара і з асабістага архіву Алёны Бязручка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?