Вы тут

Адкрылася выстава, прысвечаная 50-годдзю тэлерадыёкампаніі «Гродна»


Менавіта яго фотарэпартаж з калгаса адкрыў першы тэлевізійны эфір Гродзенскай абласной тэлестудыі. Праграма выйшла ў эфір у апошнія дні 1968 года, і гэтым самым было завершана стварэнне рэгіянальнага тэлебачання ў абласных цэнтрах краіны.


На тры дні — у калгас

У той час Барыс Мешчаракоў ужо меў вопыт работы. А майстэрству вучыўся ў школе фотакарэспандэнтаў у Мінску. У 60-я гады востра не хапала такіх спецыялістаў, таму ўрад арганізаваў курсы фотакараў для работы ў раённых, абласных і рэспубліканскіх газетах. Маладога спецыяліста накіравалі ў шклоўскую раённую газету «Ударны фронт». Пасля арміі вярнуўся ў родны горад Гродна і якраз трапіў у працэс стварэння рэгіянальнага тэлебачання. Барыс Сямёнавіч з энтузіязмам далучыўся да дружнай каманды. Для падрыхтоўкі першага фотарэпартажу яго на тры дні камандзіравалі ў перадавую гаспадарку.

— Мяне на тры дні накіравалі ў калгас «Авангард» Гродзенскага раёна (цяпер імя Дзеншчыкова). І ўсе тры дні мяне старшыня калгаса асабіста вазіў па розных аб'ектах — на фермы, да механізатараў, у клуб, нават на наваселле. Праўда, наваселле было арганізавана. Урэшце атрымаўся фотарэпартаж з 15 кадраў.

У той час навіны выходзілі фотаздымкамі. На адзін сюжэт патрэбна было тры-пяць фота, на больш пашыраны — сем-восем. У гэты час ішоў тэкст за кадрам. Ніводзін выпуск навін не абыходзіўся без сельскагаспадарчай тэмы. Вобласць займала перадавыя пазіцыі ў галіне, і гэты факт трэба было абавязкова адлюстраваць. Увогуле, тэлебачанне поўнасцю падпарадкоўвалася мясцовым уладам і з'яўлялася структурным падраздзяленнем аблвыканкама. Таму кантэнт праграмы праходзіў узгадненне з партыйнымі органамі.

— Кожны абзац прыходзілася ўзгадняць, аўтары самі хадзілі да начальства. Трэба было рабіць гэта даволі часта, асабліва калі ўносіліся нейкія праўкі. Толькі поўнасцю ўзгоднены тэкст мог выйсці ў эфір. Хоць ніякай крамолы ў тэкстах не было, наадварот, суцэльныя рапарты аб дасягненнях, — успамінае Барыс Сямёнавіч.

Гарэлі на рабоце і мясілі будоўлю

Вядома, першыя нашы выпускі могуць падацца сёння прымітыўнымі, разважае Мешчаракоў, але тады ніхто так не лічыў. А работа на тэлестудыі зрабіла маладога хлопца вядомым на ўвесь двор. Літаральна на другі дзень пасля выхаду праграмы суседзі сталі глядзець на яго, як на нейкае дзіва. Усе запынялі з адным пытаннем: «Гэта вы былі ў тэлевізары?». Хоць, як вядома, у кадры былі толькі здымкі з прозвішчам аўтара.

— Першая праграма выйшла з актавай залы аднаго з вучылішчаў горада, — кажа Мешчаракоў. — Студыя яшчэ не працавала, яе толькі дабудоўвалі, наводзілі там парадак. Туды мы пераехалі ў пачатку 1969 года.

У хуткім часе атрымалі кінакамеры і ўсё неабходнае абсталяванне. Яно, вядома, было зусім іншым, чым сёння. Усе працэсы рабілі ўручную — ад праяўкі кінаплёнкі да мантажу. Дамоў іншы раз траплялі апоўначы, аўтобусы ўжо не хадзілі, а тут была гарадская ўскрайка. Але гэта была новая, цікавая справа, і ўсе літаральна «гарэлі» на рабоце.

— Праз маю біяграфію прайшло ўсё жыццё вобласці. Усё расло на маіх вачах. І гэта «ўсё» знаходзіла адлюстраванне ў нашых фота- і кінасюжэтах, — нагадвае Барыс Мешчаракоў. — Будаваліся «Азот», «Хімвалакно» — мы там, лічы, кожны дзень штосьці здымалі. Абувалі боты і «мясілі» гэтую будоўлю.

Перадаць эмоцыі людзей

Яркія моманты Барыс Сямёнавіч імкнуўся захаваць на фотаздымках. Ён неаднаразова станавіўся пераможцам рэспубліканскіх і міжнародных фотаконкурсаў. У Год абароны прыроды атрымаў першы прыз ад французскага пасольства за фотаздымак, на якім рыбакі сядзяць на лёдзе, а побач ходзяць прыгожыя гусі. Здымак з норкай, якая цягнецца да мікрафона, аўтар называе «фірменным», бо звязаны з яго працай на АНТ. Уласным карэспандэнтам тэлекампаніі Мешчаракоў працаваў 11 гадоў, быў пераможцам конкурсу прафесійнага майстэрства.

Вядомыя работы і некаторыя новыя ўвайшлі ў экспазіцыю выстаўкі, якая адкрылася ў галерэі народнага фотаклуба «Гродна». Дарэчы, старшыня клуба Аляксандр Ласмінскі — калега Мешчаракова, доўгі час працаваў журналістам на Гродзенскім тэлебачанні і ведае, як важна перадаць эмоцыі людзей. Па яго словах, Мешчаракоў шукае менавіта такія кадры ў сучасным жыцці.

— Яшчэ Дастаеўскі пісаў: самае галоўнае у рабоце фатографа — злавіць унікальную фізіяномію твару ў момант не гульні. Калі чалавек пазіруе — ён нецікавы, а калі ён жывы, штосьці выказвае — тады цікава. І такія здымкі вельмі цэняцца.

— Адзін з фотаздымкаў Мешчаракова нават трапіў у праграму «Вакол смеху», якая выходзіла на цэнтральным савецкім канале. Вёў яе паэт і гумарыст Аляксандр Іваноў. Тады фотаздымкі паказвалі ў эфіры пад рубрыкай «Што б гэта значыла», а гледачы ў зале і тэлегледачы прыдумвалі назву.

— У мяне быў фотаздымак, які я зрабіў падчас вандравання па Літве. Аднойчы сустрэлі па дарозе велатурыста, які ехаў з плакатам за плячыма «Не ўпэўнены — не абганяй». Гэта было вельмі выразна, я зрабіў здымак, як ён ад'язджаў з гэтым плакатам на плячах. Здымак выклікаў рэзананс на праграме «Вакол смеху», — расказаў Мешчаракоў.

У гонар юбілею

У калекцыі фотамайстра нямала партрэтаў вядомых людзей, артыстаў, палітыкаў, грамадскіх дзеячаў, якія былі і героямі тэлесюжэтаў. У выстаўку ўвайшлі таксама работы, зробленыя падчас спартыўных перамог, свят, цікавых сустрэч. Можна сказаць, што ўсе здымкі так ці інакш звязаны з гісторыяй тэлерадыёкампаніі «Гродна».

— Сваю выстаўку «Дакументальны праект», які прадстаўлены ў жанры рэпартажу, я прысвячаю 50-годдзю Гродзенскай студыі, дзе працаваў амаль 35 гадоў. Яшчэ раз хачу нагадаць гродзенцам аб тым перыядзе, калі ў горадзе з'явілася сваё тэлебачанне і пачала мяняцца медыйная прастора, — зазначыў Барыс Мешчаракоў.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота Барыса МЕШЧАРАКОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».