Вы тут

Чаму мігранты «атакуюць» Вялікабрытанію?


У Вялікабрытаніі занепакоены ростам колькасці нелегальных мігрантаў, якія спрабуюць трапіць у краіну праз Ла-Манш на надзіманых лодках. Як піша Іndependent, пачынаючы з Калядаў брытанскія і французскія ўлады перахапілі больш за сотню чалавек пры спробе дасягнуць берагоў «Туманнага Альбіёна». Газета адзначае, што адзінкавыя выпадкі незаконнага перасячэння мяжы назіраюцца з пачатку мігранцкага крызісу ў Міжземнамор'і ў 2014-м, але з лістапада мінулага года нелегалаў сталі ўсё часцей лавіць у Ла-Маншы. Міністр унутраных спраў Вялікабрытаніі Саджыд Джавід назваў тое, што адбываецца, «буйным інцыдэнтам» і выказаў апасенні, што такая сітуацыя можа прывесці да масавай гібелі людзей, перадае Бі-бі-сі. Пры гэтым чыноўнік адзначыў, што Хоум-офіс узяў сітуацыю пад кантроль, а сам ён атрымлівае штодзённыя зводкі. Чаму каралеўства накрыла магутная «хваля» нелегалаў?


Стратэгічны «рукаў»

Праліў, які злучае Паўночнае мора і Атлантычны акіян, утварыўся параўнальна нядаўна (вядома ж, па геалагічных мерках) — у перыяд плейстацэну — у выніку дзвюх мегапаводак (425 тысяч і 200 тысяч гадоў таму назад). З-за прарыву вады з возера, якое было абмежавана ледавіком у раёне сучаснага Паўночнага мора, змыла перашыек (хрыбет Уілд-Артуа), што злучаў у той час Брытанію і кантынент. Такім чынам і ўтварыўся Дуўрскі праліў — Па-дэ-Кале (самая вузкая — 32 кіламетры — частка Ла-Манша). Шырыня Ла-Манша на захадзе даходзіць да 250 кіламетраў. Праліў, які падзяляе ўзбярэжжа Францыі і Вялікабрытаніі, заўсёды адыграваў вельмі важную ролю ў гісторыі. Не дзіўна, што многія народы імкнуліся прад'явіць на яго свае правы — гэта знайшло адлюстраванне ў адрозненні назваў. Старажытныя грэкі называлі водны перашыек «Акіянус Брытанікус», партугальцы і іспанцы — каналам ды Манча, у італьянцаў назва гучала як Ла Манік, а ў нямецкіх землях праліў называлі Эрмельканалам. Цяпер ён шырока вядомы як Ла-Манш (ад французскага la manche — «рукаў»), а вось брытанцы дасюль нярэдка праліў называюць не інакш як Englіsh Channel («Англійскі канал»). Найбуйнейшыя астравы праліва — Уайт каля берагоў Вялікабрытаніі і Нармандскія астравы каля Францыі.

У добрае надвор'е з англійскага горада Дуўра ў падзорную трубу або бінокль відаць французскі горад Булонь. Паміж імі роўнядзь праліва. Нават не верыцца, што гэтая спакойная вада сваімі штормамі і туманамі шмат стагоддзяў палохала падарожнікаў. Гаю Юлію Цэзару з вялікай цяжкасцю ўдалося фарсіраваць праліў. Пры першай спробе яго спасцігла няўдача, і ён вымушаны быў вярнуцца. Праз тысячагоддзе нарманскі князь Вільгельм Заваёўнік, перапраўляючыся са сваёй дружынай праз Ла-Манш, страціў у яго хвалях столькі воінаў, што пад страхам смерці забараніў відавочцам пра гэта расказваць. Недалёка ад гэтых вод разам з Непераможнай армадай караля Філіпа ІІ знік прэстыж Іспаніі як вялікай марской дзяржавы.

Ла-Манш заўсёды адыгрываў важную ролю ў зносінах паміж Англіяй і кантынентальнай Еўропай. Велізарны паток грузаў перавозіўся з «вялікай зямлі» на востраў з дапамогай паромаў з самых старажытных часоў, так што пытанне аб новым відзе транспартных зносін паўстала яшчэ ў XІX стагоддзі. Амаль чвэрць стагоддзя таму — у 1994-м — пад Па-дэ-Кале паміж Дуўрам з брытанскага боку і Кале, адпаведна, — з французскага, быў пабудаваны тунэль (яго агульная даўжыня 52,5 кіламетра, у тым ліку 38 км пад дном праліва). Усяго ў тунэлі курсіруюць чатыры тыпы цягнікоў. Высакаскорасныя пасажырскія саставы TGV Eurostar злучаюць Лондан, Парыж і Брусель. У пасажырскія чаўночныя цягнікі Eurotunnel Shuttle можна пагрузіцца з уласным аўтамабілем, прычым пасажыры на час пасадкі застаюцца ўнутры машын. Акрамя гэтага, ёсць грузавыя саставы, якія перавозяць фуры і кантэйнеры. Па сушы састаў ідзе з хуткасцю 300 кіламетраў за гадзіну, а ў тунэлі рух запавольваецца да 160 км/г.

Праз праліў на каноэ

Нягледзячы на ўсе перавагі падземнага перамяшчэння, рух па водных «трасах» застаецца надзвычай актыўным. Асноўныя сучасныя порты — Портсмут, Саўтгемптан, Гаўр, Шэрбур. Ла-Манш зараз насамрэч лічыцца адной з найбольш загружаных водных магістраляў сусветнага суднаходства. Аднак апошнім часам праліў стаў сапраўднай «гарачай кропкай». Тут адзначана істотнае павелічэнне колькасці спроб мігрантаў трапіць у Брытанію па моры. Рост колькасці такіх небяспечных падарожжаў актывізуецца арганізаванымі мафіёзнымі і крымінальнымі структурамі, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Францыі, кажа Інгрыд Пар, прадстаўнік берагавой аховы, якая базуецца ў горадзе Шэрбур-Октэвіль на паўночным захадзе краіны. Аднак большасць спроб правалілася з-за таго, што плаўсродкі аказаліся занадта маленькімі: у асноўным мігрантаў перавозяць у каноэ, надзіманых або самаробных лодках. Усяго некалькі маршаў праз Ла-Манш было арганізавана на прагулачных яхтах і хуткасных катарах, якія ўсё часцей зганяюць. Па словах Інгрыд Пар, галоўнае зараз — не дапусціць масавай гібелі людзей у моры.

Супрацоўнікі пагранслужбы і службы берагавой аховы называюць калядны «набег» мігрантаў беспрэцэдэнтным і адзначаюць катастрафічную непадрыхтаванасць нелегалаў да небяспечнага падарожжа: лодкі, якім трэба будзе перасекчы адзін з самых напружаных марскіх праліваў на планеце, не ўкамплектаваныя ні сігнальным абсталяваннем, ні рацыямі, ні выратавальнымі камізэлькамі, яны перагружаныя, а самі нелегалы апранутыя не па надвор'і. Ніхто не ведае дакладную колькасць лодак, якія выправіліся ў небяспечны шлях, таму немагчыма сказаць, колькі з іх перакульваюцца, тонуць або трапляюць пад вялікія караблі ў праліве. Брытанская паліцыя нават параўнала гэтае падарожжа са спробай перабегчы лонданскую кальцавую магістраль M25 у час пік.

Член парламента Чарлз Элфіке называе рост колькасці спроб дабрацца да Вялікабрытаніі на лодках беспрэцэдэнтным. Паводле яго слоў, памежнікам неабходна выдзеліць больш сродкаў на арганізацыю дадатковых патрулёў. Чарлз Элфіке таксама адзначае, што колькасць мігрантаў, выяўленых у грузавіках, якія перасякаюць мяжу, вырасла больш чым на трэць пасля закрыцця ў 2016 годзе лагера для бежанцаў у Кале. У той жа час Брыджэт Чапман з дабрачыннай арганізацыі графства Кент Kent Refugee Actіon Network адзначыла, што цяперашняя сітуацыя стала вынікам таго, што брытанскія ўлады ўзмацнілі іміграцыйны кантроль на выездзе ў французскім партовым горадзе Кале. «Мы паставілі вялікую агароджу, каб людзі не маглі прабрацца да цягнікоў і аўтафургонаў, таму яны звяртаюцца да іншых метадаў, каб дабрацца сюды», — сказала яна ў інтэрв'ю Бі-бі-сі. Адзін з нелегальных мігрантаў, якія спрабавалі пераплысці Ла-Манш у лодцы кантрабандыстаў, аднак затрыманы ў нейтральных водах і вернуты назад французскай памежнай службай, сказаў газеце Telegraph: «Лепш патануць у моры, чым вяртацца ў Францыю».

«Брус Лі» і іншыя

Як паказала ўласнае расследаванне, праведзенае Бі-бі-сі, кантрабандысты падганяюць нелегальных мігрантаў, сцвярджаючы, што тым трэба спяшацца, паколькі пасля выхаду Брытаніі з ЕС межы «закрыюцца надзейна». Большасць нелегальных мігрантаў — з Сірыі і Ірана. Больш за пяць мільёнаў сірыйцаў пакінулі сваю краіну з пачатку там грамадзянскай вайны ў 2011 годзе, а за апошнія два гады іранскія грамадзяне падалі ў Брытаніі больш прашэнняў аб атрыманні прытулку, чым прадстаўнікі якой-небудзь іншай нацыі.

Брытанскія выданні апісваюць схему, якую кантрабандысты прапануюць змешчаным на тэрыторыі Францыі мігрантам, якія хочуць трапіць у Брытанію. Sunday Telegraph на прыкладзе 38-гадовага Махмуда з Ірана расказвае пра тое, як вечарам 26 снежня той атрымаў СМС-паведамленне з адрасам, па якім яго павінен быў забраць чалавек на машыне
і адвезці на бераг, дзе будзе чакаць лодка. Яго брат, які знаходзіцца ў Іране, загадзя паклаў тры тысячы фунтаў на рахунак кантрабандыстаў, якія яны атрымаюць толькі ў выпадку, калі Махмуд дабярэцца да брытанскіх берагоў.

У той жа вечар Махмуда і яшчэ дзесяць мігрантаў пасадзілі ў разлічаную на семярых гумовую шлюпку, якой кіраваў кантрабандыст, што назваў сябе «Брусам Лі», піша газета. Ён давёз іх да паловы шляху, затым перасеў у маторную лодку, якая рухалася за імі, дзе знаходзіўся ягоны напарнік, і, прыстрашыўшы пісталетам, загадаў мігрантам рухацца далей самім у бок Брытаніі. У нейкі момант лодку заўважылі рыбалавецкія судны і паромы, апавясціўшы французскіх памежнікаў, якія выслалі патрульны карабель і вярнулі нелегалаў у Кале. Па даных Daіly Telegraph, толькі толькі за мінулы тыдзень мігранты на 12 лодках паспрабавалі перасекчы Ла-Манш.

Флот супраць нелегалаў

Брытанскія ўлады асцерагаюцца, што ў найбліжэйшыя тыдні колькасць спроб пераплысці Ла-Манш будзе нарастаць. Сваю ролю таксама адыграе не па сезоне спакойнае надвор'е на моры. Міністр унутраных спраў Вялікабрытаніі Саджыд Джавід нават перапыніў свой калядны адпачынак, які ён праводзіў разам з сям'ёй у Афрыцы, і тэрмінова вярнуўся дадому, каб неадкладна заняцца вырашэннем складанай сітуацыі.

Як стала вядома, днямі краіны па абодва бакі праліва дамовіліся аб узмацненні сумеснага патрулявання і пашырэнні сістэмы сачэння ў Ла-Маншы, каб справіцца з патокам мігрантаў. Саджыд Джавід узгадніў сумесны план дзеянняў са сваім французскім калегам. План прадугледжвае спыненне дзейнасці арганізаваных злачынных груповак, якія займаюцца перавозкай нелегалаў, а таксама правядзенне тлумачальнай работы сярод саміх мігрантаў з мэтай расказваць ім пра рызыкі, якія чакаюць пры спробе перасекчы Ла-Манш. Таксама кіраўнік брытанскага МУС звярнуўся да міністра абароны Вялікабрытаніі Гэвіна Уільямсана з просьбай падключыць Каралеўскі ваенна-марскі флот у праліве, каб дапамагчы вырашыць крызіс з мігрантамі. Як бачым, аперацыя ў Ла-Маншы разгортваецца насамрэч маштабная.

Захар БУРАК

Загаловак у газеце: Марш праз Ла-Манш

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У 72-м аб'яднаным вучэбным цэнтры юнакі атрымліваюць і грамадзянскія спецыяльнасці

У 72-м аб'яднаным вучэбным цэнтры юнакі атрымліваюць і грамадзянскія спецыяльнасці

72-і аб'яднаны вучэбны цэнтр, што ў Печах, — самая вялікая воінская часць у Беларусі. 

Грамадства

Распавядаем, як арганізавана меддапамога ў Паставах

Распавядаем, як арганізавана меддапамога ў Паставах

Самым аддаленым ад абласнога цэнтра раёне краіны.

У свеце

Чаму Дональд Трамп захацеў набыць Грэнландыю?

Чаму Дональд Трамп захацеў набыць Грэнландыю?

Цяпер гэтая аўтаномная тэрыторыя ўваходзіць у склад Каралеўства Данія.

Грамадства

Школы Гомельшчыны прайшлі праверку на гатоўнасць да навучальнага года

Школы Гомельшчыны прайшлі праверку на гатоўнасць да навучальнага года

Сё­ле­та ў да­школь­ныя ўста­но­вы ра­ё­на прый­дзе 2 700 ма­лых.