Вы тут

Кузьма Галіцкі. Легендарны камандарм


У 41-м ён, адступаючы з баямі, абараняў Беларусь, у 44-м — вызваляў

У кагорце таленавітых савецкіх военачальнікаў перыяду Вялікай Айчыннай вайны пачэснае месца належыць Герою Савецкага Саюза, генералу арміі Кузьму Мікітавічу Галіцкаму, якога многія салдаты і афіцэры 11-й гвардзейскай арміі называлі «легендарным камандармам». Так здарылася, што гэты военачальнік у якасці камандзіра 24-й Самара-Ульянаўскай Жалезнай стралковай дывізіі і камандзіра 67-га стралковага корпуса прыняў актыўны ўдзел у абарончых баях на тэрыторыі Беларусі ў чэрвені — жніўні 1941 года, а ў якасці камандуючага 11-й гвардзейскай арміяй 3-га Беларускага фронту стаў адным з вызваліцеляў нашай рэспублікі ад нямецкіх акупантаў у снежні 1943 — летам 1944 года. Узначальваемыя ім войскі ўдзельнічалі ў цяжкіх абарончых і наступальных баях пад Гроднам і Мінскам, у раёне Гомеля, у вызваленні Гарадка, Оршы, Барысава, Мінска, Маладзечна, Ліды і іншых гарадоў і населеных пунктаў. З лістапада 1943 года і да канца вайны Кузьма Мікітавіч быў камандуючым 11-й гвардзейскай арміяй 2-га і 1-га Прыбалтыйскіх франтоў (з мая 1944 года — 3-га Беларускага фронту), якая прыняла актыўны ўдзел у Гарадоцкай, Беларускай, Гумбіненскай і Усходне-Прускай наступальных аперацыях.


Вывеў з акружэння дзве трэці саставу

28 чэрвеня 1941 года 24-я дывізія пад камандаваннем Кузьмы Галіцкага трапіла ў акружэнне. Выходзілі з яго з баямі, ішлі лясамі, далей ад дарог, па якіх часцей рухаліся нямецкія войскі. 14 ліпеня 1941 года пасля начнога маршу выйшлі ў раён населеных пунктаў Азарычы, Карпілаўка, за 80 км на паўночны захад ад Мазыра. Гэта ўжо была тэрыторыя, якая кантралявалася партызанамі і войскамі Чырвонай Арміі. часці дывізіі пераадолелі амаль 500 кіламетраў па тыле ворага.

10 жніўня 1941 года ў перадавым артыкуле газеты «Правда» з'явіліся такія радкі:

«Дни и ночи шли храбрецы по лесам и болотам Советской Белоруссии, уничтожая немецкие обозы, сея панику, нападая с тыла на вражеские части и штабы. Когда бойцы израсходовали боеприпасы, они «перевооружились» отбитым германским оружием. Две трети личного состава своего соединения вывел генерал-майор Галицкий из окружения, нанеся врагу значительно большие потери, чем понёс сам».

Ужо ў ліпені 1941 года Кузьма Мікітавіч стаў камандзірам 67-га стралковага корпуса, які ў складзе 21-й арміі Цэнтральнага фронту ва ўпорных абарончых баях адбіваў наступленне нямецкіх войскаў пад Рагачовам і Жлобінам.

«Поўная ліквідацыя выступу фронту праціўніка»

Асобна варта расказаць аб удзеле 11-й гвардзейскай арміі і яе камандуючага Кузьмы Галіцкага ў вызваленні Беларусі ў снежні 1943 — ліпені 1944 года. У прыватнасці,
у Гарадоцкай наступальнай аперацыі войскаў правага крыла 1-га Прыбалтыйскага фронту ў раёне горада Гарадок Віцебскай вобласці з 13 да 31 снежня 1943 года.

У аперацыі ўдзельнічалі 11-я гвардзейская армія пад камандаваннем генерал-лейтэнанта К. М. Галіцкага, часці 4-й ударнай арміі на чале з генерал-лейтэнантам
В. І. Швяцовым, 43-й арміі генерал-лейтэнанта К. Д. Голубева, 3-й паветранай арміі генерал-лейтэнанта М. П. Папівіна, 1-ы, 5-ы танкавыя і 3-і гвардзейскі кавалерыйскі карпусы. Гарадоцкі выступ абаранялі нямецкія войскі 3-й танкавай арміі групы армій «Цэнтр» і паўднёвага крыла группы армій «Поўнач».

13 снежня 1943 года 11-я гвардзейская і 4-я ўдарная арміі пры падтрымцы танкаў і артылерыі пачалі штурм нямецкіх пазіцый. 14 снежня на правым флангу 11-й гвардзейскай арміі былі ўведзены ў бітву 1-ы танкавы корпус і 83-я стралковая дывізія. Да 20 снежня 1943 года было вызвалена больш за 500 населеных пунктаў. 24 снежня 1943 года часці 11-й гвардзейскай арміі вызвалілі Гарадок.

У мемуарах генерала арміі Кузьмы Галіцкага «Гады суровых выпрабаванняў. 1941—1944» ёсць такія радкі:

«У баях за Гарадок гітлераўцы страцілі толькі забітымі да 2500 салдат і афіцэраў. Акрамя таго, намі было захоплена 29 гармат, 2 танкі, 48 мінамётаў, 41 аўтамашына, шмат стралковай зброі і некаторая колькасць боепрыпасаў...

Ваенны савет арміі з першага ж дня вызвалення Гарадка дапамог мясцовым партыйным і савецкім арганізацыям у наладжванні нармальнага жыцця...

Узяццем Гарадка 11-я гвардзейская армія завяршыла выкананне задачы поўнай ліквідацыі гарадоцкага выступу фронту праціўніка...

Увечары 24 снежня Масква салютавала войскам, якія вызвалілі Гарадок».

«Трывала замацаваў за сабой Маладзечна, на падыходзе да Валожына»

Найбольш поўна ваенны талент Кузьмы Галіцкага раскрыўся ў час аперацыі «Баграціён».

Напярэдадні гэтай аперацыі ў склад 11-й гвардзейскай арміі ўваходзілі дзевяць стралковых дывізій, адна танкавая брыгада, чатыры танкавыя палкі, адзін танкавы корпус. Праціўнік — 256-я і 78-я нямецкія пяхотныя дывізіі. Пярэдні край — населеныя пункты Касцеева, Вінакорна-1-е і далей, па заходнім беразе ракі Чарніцы, Бабінавічы, рака Верхіта, Пратасава. Востраў-Юр'еў, Загвоздзіна. 11-я армія была павінна нанесці ўдар у паласе аўтамагістралі на ўчастку Талачын — Барысаў, разграміць аршанска-багушэўскую нямецкую групоўку і пасля дзясятага дня аперацыі выйсці на раку Бярэзіну ў раёне Барысава і на поўнач ад горада. Меркавалася ўвесці ў прарыў 2-і танкавы корпус, якому пасля выхаду ў раён на захад ад Оршы нанесці ўдар на поўдзень і пасля чацвёртага дня аперацыі авалодаць Стараселлем. Адначасова 11-й арміі належала быць у гатоўнасці, з раніцы трэцяга дня забяспечыць увод і прарыў 5-й гвардзейскай танкавай арміі ў напрамку Барысава. Армію павііны былі падтрымліваць галоўныя сілы 1-й паветранай арміі.

Даволі яскравае ўяўленне аб ваенным таленце К. М. Галіцкага і аб дзеяннях 11-й гвардзейскай арміі ў час Беларускай наступальнай аперацыі даюць успаміны прадстаўніка Стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандуючага на 1-м Прыбалтыйскім і 3-м Беларускім франтах, Маршала Савецкага Саюза Аляксандра Васілеўскага, які меў сакрэтны псеўданім «Уладзіміраў». Ён прыводзіць цытаты са сваіх данясенняў Вярхоўнаму Галоўнакамандуючаму: «4 ліпеня я пісаў: «Пяхота Галіцкага да таго ж часу была на фронце Вязы, Радашковічы, маючы ў раёне Маладзечна 3-і кав. корпус...»

У 11 гадзін 45 хвілін 5 ліпеня 1944 г. я накіраваў І. В. Сталіну наступнае данясенне пра падзеі за 4 ліпеня: «Для авалодання Маладзечнам Галіцкі павярнуў адзін стралковы корпус, які да раніцы 5.7. сумесна з Аслікоўскім (камандуючым конна-механізаванай групай 3-га Беларускага фронту. — Э. І.) вёў бой на паўднёвы ўсход і на захад ад Маладзечна...»

У 12.35 6 ліпеня было накіравана наступнае данясенне І. В. Сталіну аб становішчы на фронце: «...армія Галіцкага, высунуўшыся сваім правым флангам на 18 км на захад ад Маладзечна, трывала замацавала за сабой горад, сваім левым флангам на падыходзе да м. Валожын».

Такім чынам, з імем камандарма-11 Кузьмы Мікітавіча Галіцкага звязана вызваленне ў 1943—1944 гадах шэрагу гарадоў і мноства населеных пунктаў Беларусі. Сярод іх былі Гарадок, Орша, Барысаў, Мінск (2-і гвардзейскі Тацынскі корпус пад камандаваннем генерала А. С. Бурдзейнага, які першы на світанні 3 ліпеня 1944 года ўварваўся ў Мінск, у той час падпарадкоўваўся К. М. Галіцкаму. У той жа час да горада падышлі перадавыя атрады 11-й гвардзейскай арміі. — Э. І.), Лагойск, Маладзечна, Валожын, Ліда, мястэчкі Радашковічы, Краснае, Ашмяны, Гальшаны, Крэва, Лебедзева, Трабы, Баруны.

Менавіта ў аперацыі «Баграціён» 11-я гвардзейская армія прарвала абарону праціўніка і ва ўзаемадзеянні з 5-й арміяй разграміла Багушэўска-аршанскую групоўку праціўніка, з баямі прайшла 600 км, фарсіравала рэкі Бобр, Бярэзіну, Нёман і ўнесла значны ўклад у разгром групы армій «Цэнтр».

Камандаванне 3-га Беларускага фронту і асабіста адзін з самых таленавітых савецкіх палкаводцаў, камандуючы войскамі гэтага фронту Іван Данілавіч Чарняхоўскі высока ацэньвалі дзеянні войскаў 11-й гвардзейскай арміі ў час аперацыі «Баграціён». У адным са справаздачных дакументаў штаба фронту яны былі ахарактарызаваны наступным чынам:

«11-гвардзейская армія, якая несла асноўны цяжар прарыву найбольш трывалай і шчыльна занятай праціўнікам абароны на Аршанскім напрамку, своечасова выкарыстала абазначаны на яе правым флангу поспех. Бесперапынна навісаючы з поўначы над Аршанскай групоўкай немцаў, яна адкінула рэшткі яе ў лясы на поўдзень ад Оршы і адкрыла для нашых войскаў асноўны аперацыйны напрамак у паласе фронту на Барысаў, Мінск».

Вечарам 28 чэрвеня 1944 года К. М. Галіцкаму патэлефанаваў І. Д. Чарняхоўскі і павіншаваў яго з прысваеннем звання генерал-палкоўніка. Сімвалічна, што гэта адбылося на беларускай зямлі ў час правядзення аперацыі «Баграціён».

Ганаровы грамадзянін Ліды

За ўмелае камандаванне 3-й ударнай і 11-й гвардзейскай арміямі, асабістую мужнасць і гераізм 19 красавіка 1945 года Кузьму Мікітавічу Галіцкаму было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Пасля вайны ён камандаваў войскамі Прыкарпацкай, Адэскай ваенных акруг, войскамі Маскоўскага раёна супрацьпаветранай абароны, Паўночнай групы войск, Закаўказскай ваеннай акругі.

З 1964 года Кузьма Мікітавіч быў старшынёй Ваенна-навуковага таварыства пры Цэнтральным Доме Савецкай Арміі.

У 1955 годзе К. М. Галіцкаму было прысвоена званне генерала арміі.

Сярод яго баявых узнагарод былі тры палкаводчыя ордэны (Суворава 1-й ступені, Кутузава 1-й ступені, Багдана Хмяльніцкага 1-й ступені), 4 ордэны Леніна, 4 ордэны Чырвонага Сцяга, ордэн Чырвонай Зоркі, шмат медалёў, а таксама замежныя ордэны.

К. М. Галіцкі быў ганаровым грамадзянінам горада Ліды.

Кузьмы Мікітавіча не стала 14 сакавіка 1973 года — на 76-м годзе жыцця.

Беларускі народ захоўвае ўдзячную памяць аб адным са сваіх вызваліцеляў — таленавітым палкаводцу, Героі Савецкага Саюза, генерале арміі К. М. Галіцкім. Яго імем названы вуліцы беларускіх гарадоў — Гарадка, Ліды і Маладзечна.

У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў зале «Пачатак Вялікай Айчыннай вайны» прадстаўлены комплекс матэрыялаў генерала арміі К. М. Галіцкага: гімнасцёрка, кабура, рэмень, компас (які выкарыстоўваўся ў час выхаду з акружэння ў 1941 годзе. — Э. І.), якія Кузьма Мікітавіч перадаў гэтаму музею ў 1969 годзе.

Матэрыялы аб яго дзейнасці захоўваюцца ў Мінскім абласным краязнаўчым музеі.

Эмануіл ІОФЕ, ваенны гісторык, доктар гістарычных навук

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».