Вы тут

Беларускае Палессе — іх родны дом


Аб тым, як міжнародны экалагічны праект, які рэалізуецца ў Беларусі, дапаможа захаваць адну з рэдкіх птушак Еўропы


Гаворка ідзе пра тое, каб аднавіць у беларускіх заказніках «Спораўскі» ды «Званец» месцы, дзе жыве вяртлявая чаротаўка — адзін з рэдкіх відаў птушак, якая знаходзяцца пад пагрозай поўнага знікнення. А дапаможа ў гэтай высакароднай справе праект «Ветландс», які фінансуецца Глабальным экалагічным фондам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН у партнёрстве з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі.
Вяртлявая чаротаўка — сёння адна з самых рэдкіх ў Еўропе пеўчых птушак. Раней жа яна жыла ў больш чым 20 еўрапейскіх краінах. Аднак толькі за мінулае стагоддзе сусветная папуляцыя гэтай птушкі скарацілася на 95 % у выніку асушэння амаль усіх нізінных балот. Месцы гнездавання вяртлявай чаротаўкі захаваліся толькі ў Беларусі, Украіне, Польшчы, Літве ды Германіі. Пры тым у нашай краіне — амаль палова яе сусветнай папуляцыі.

Значныя ў міжнародным сэнсе беларускія заказнікі «Спораўскі» ды «Званец» выбраны праектнымі тэрыторыямі «Ветландс» не выпадкова. Бо яны адносяцца да ключавых месцаў гнездавання для найбуйнейшай папуляцыі вяртлявай чаротаўкі ў Еўропе.

Большую частку заказніка «Спораўскі», што ў Брэсцкай вобласці, займаюць нізінныя балоты. Па сутнасці, балота Спораўскае — адно з найбуйнейшых у Еўропе пойменных нізінных балот, якія захаваліся ў стане, блізкім да натуральнага. На тэрыторыі заказніка зарэгістраваныя 52 віды жывёлаў і 22 віды раслінаў з Чырвонай кнігі Беларусі, у іх ліку — віды, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення: вялікі арлец, вяртлявая чаротаўка, дупель, вялікі вераценнік, кроншнеп, еўрапейская выдра, еўрапейская чарапаха, карлікавая страказа. Папуляцыя вяртлявай чаротаўкі там складала ад 500 да 700 самцоў у розныя гады.

Асноўнай пагрозай для глабальна значнай біяразнастайнасці апошнім часам стала зарастанне адкрытых нізінных балот дрэвамі, хмызнякамі й трыснягом з-за спынення традыцыйнага іх выкарыстання — для скошвання й выпасу жывёлы. У выніку плошча адкрытых балот скарацілася на чвэрць толькі з-за распаўсюджвання хмызнякоў. Адным жа са спосабаў захавання відаў балотных экасістэм, дзе жыве тая ж вяртлявая чаротаўка ды іншыя віды, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення, з’яўляецца выдаленне й наступнае выкарыстанне біямасы балотнай расліннасці: трыснягу, дрэваў, кустоў і травы.

У рамках праекта «Ветландс» ужо запланаванае набыццё тэхнікі для арганізацыі поўнага тэхналагічнага ланцужка па ўборцы й далейшым выкарыстанні расліннай біямасы балот. Будуць выдалены дрэвы й хмызнякі з плошчы не менш 1200 га, прычым атрыманая біямаса стане прымяняцца ў выглядзе паліўнай дранкі, сена, подсцілу, біяасновы для ўгнаенняў. Акрамя ўсяго, у выніку рэалізацыі праекта ў заказніку «Спораўскі» будуць створаны новыя працоўныя месцы. Гэта, так бы мовіць, сацыяльны складнік праекта.

Там жа плануецца пакос травы на тэрыторыі плошчай амаль у дзве тысячы гектараў з наступным выкарыстаннем нарыхтаванай масы ў сельскай гаспадарцы й мясцовых кацельнях. Біямасу, атрыманую ад скошвання, і насенне балотнай травы будуць таксама скарыстоўваць для паскоранага аднаўлення нізінных балот на асвоеных раней тарфяніках на іншым эксперыментальным участку — балоце Дакудаўскае.

А цяпер перанясемся ў заказнік «Званец». Там — не толькі найбуйнейшае ў Еўропе нізіннае асокавае балота, але й найбуйнейшае ў свеце месца гнездавання вяртлявай чаротаўкі. Усяго на тамтэйшай тэрыторыі гняздуецца больш за чвэрць глабальнай колькасці гэтага знікаючага віду. Зрэшты, там ёсць таксама іншыя рэдкія птушкі — вялікі арлец, дупель, вялікі краншнеп. Растуць і рэдкія віды раслін, такія, напрыклад, як плавунец найшырэйшы.

Але стан тамтэйшага месцапражывання імкліва пагоршваецца з-за зарастання адкрытых асокавых балот трыснягом і хмызняком, што звязана ў першую чаргу з парушэннем гідралагічнага рэжыму, а таксама з поўным спыненнем выкарыстання забалочанай мясцовасці для касьбы. Гэта негатыўна адбіваецца не толькі на мясцовай папуляцыі вяртлявай чаротаўкі, але й на стане віду ў цэлым у глабальным аспекце.

Ужо вядома, што ў рамках праекта «Ветландс» будзе арганізаваны тэхналагічны ланцужок па скошванні й выкарыстанні расліннай біямасы ў заказніку «Званец». Трыснёг і хмызнякі выдаляць з плошчы амаль у пяць тысяч гектараў і, як і ў «Спораўскім», атрыманая біямаса знойдзе ўжыванне ў выглядзе паліўнай дранкі, сена, подсцілу й пры вытворчасці біяўгнаенняў. Але галоўнае, што ў выніку прынятых мер, як чакаецца, да канца праекта павялічацца папуляцыі рэдкіх відаў птушак, якія знаходзяцца пад пагрозай іх глабальнага знікнення.

Уладзімір Міхайлаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як праходзіў ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812»

Як праходзіў ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812»

Трэці раз ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812» на два дні перанёс пасёлак больш чым на два стагоддзі назад. 

Грамадства

Ці заўсёды выгадна афармляць бальнічны

Ці заўсёды выгадна афармляць бальнічны

Сярод знаёмых у мяне ёсць шмат жанчын, якія звяртаюцца да ўрача пры любым занядужанні і пры кожнай магчымасці афармляюць бальнічны ліст. 

Культура

Чаму сучаснае беларускае кіно «невялікае»?

Чаму сучаснае беларускае кіно «невялікае»?

Пісьменнік і дысідэнт Андрэй Сіняўскі, калі расказваў пра ўтрыраваную дробязнасць савецкай «цывілізацыі», прывёў у прыклад аповесць Міхаіла

Грамадства

Беларусь і Расія зблізілі пазіцыі па праграме рэалізацыі дагавора аб Саюзнай дзяржаве

Беларусь і Расія зблізілі пазіцыі па праграме рэалізацыі дагавора аб Саюзнай дзяржаве

Аб гэтым заявіў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч на сустрэчы са старшынёй Савета Федэрацыі Валянцінай Мацвіенка.