Вы тут

Сустрэчы, якія ўражваюць


У фондах Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі — нямала прадметаў мастацтва, якія маюць не толькі еўрапейскую, але і сусветную каштоўнасць. У большай ступені гэта датычыцца жывапісу: работ як айчынных мастакоў, так і прадстаўнікоў іншых краін, чые карціны ў свой час былі набытыя музеем. Там ёсць што паглядзець сапраўдным знаўцам — і ў пастаяннай экспазіцыі, і на выставах, што праходзяць рэгулярна, калі ўвазе наведнікаў прадстаўляюцца лепшыя работы з музейных запаснікаў.


Для беларускага мастацтва імя Язэпа Драздовіча ўнікальнае і сімвалічнае. Дзейнасць гэтага мастака была звязана з Заходняй Беларуссю. Сучаснікі параўноўвалі Драздовіча з Леанарда да Вінчы па ўніверсальнасці яго інтарэсаў і захапленняў. Драздовіч вывучаў гісторыю, археалогію, этнаграфію Беларусі. Ён займаўся графікай, скульптурай, жывапісам, літаратурай, вёў дзённікі, выкладаў. Менавіта ў Вільні (сучасным Вільнюсе) у 1930-я гады Язэп Драздовіч ствараў свае касмічныя серыі. Дбайна вывучаў астранамічную літаратуру ў бібліятэцы Віленскага ўніверсітэта і распрацоўваў свае тэорыі ўзаемадзеяння планет і праекты лятаючых касмічных апаратаў і ракет.

У той час лічылася, што ўсе планеты заселены. Сваю задачу, як мастака, Драздовіч бачыў у тым, каб падрабязна расказаць нам пра жыццё на іншых планетах. У музейнай экспазіцыі прадстаўлены дзве яго жывапісныя работы з серыі «Жыццё на Сатурне». Мастак стварае пейзажы, у якіх падрабязна паказваецца свет, убачаны ва ўяўных касмічных падарожжах. Архітэктура, прырода, геаграфічныя асаблівасці на іншых планетах, адлюстраваныя аўтарам, шмат у чым нагадваюць зямныя пейзажы. У вугле карціны мастак абавязкова ставіў знак ці сімвал планеты, на адвароце дэталёва апісваў само месца.

Сёння для даследчыкаў работы Язэпа Драздовіча — гэта ўнікальны прыклад навуковай фантастыкі, якая існавала ў беларускім мастацтве. Прыклад таго, як творчая асоба здольная перайначваць атрыманыя веды і ствараць новы нябачаны свет.

Карціна народнага мастака Беларусі Мая Данцыга «Мой горад старажытны, малады», якая прадстаўлена ў пастаяннай музейнай экспазіцыі, напісаная аўтарам у 1972 годзе. Яна адрозніваецца вялікімі памерамі, сакавітасцю фарбаў, манументальнай кампазіцыяй і незвычайным ракурсам, узятым нібы з вышыні птушынага палёту. У гэтым творы жывапісец захаваў від цэнтральнай часткі Мінска, у якім ён нарадзіўся і вырас. Відавочна, што Май Данцыг імкнецца асэнсаваць гістарычны і псіхалагічны змест гарадской тэмы, да якой звяртаўся на працягу ўсёй сваёй творчасці. Заўважаеш, як жывыя фарбы штодзённасці, рух людзей, машын адушаўляюць халодную прыгажосць формаў новай архітэктуры. У выбраным мастаком ракурсе бачныя адначасова і старажытныя, і сучасныя будынкі. Адлюстраваная вуліца Няміга вядомая з XII стагоддзя. Яе назва паходзіць ад рэчкі аднайменнай, якая з часам абмялела і на працягу XIX — пачатку XX стагоддзяў была ўзята ў калектар. Да пачатку 1970?х гадоў Няміга ўяўляла з сябе вуліцу, забудаваную пераважна старажытнымі будынкамі. На жаль, пры рэканструкцыі самой вуліцы была знішчана вялікая колькасць помнікаў архітэктуры, у тым ліку і гатычная Халодная сінагога, якая адлюстравана на карціне ў правым ніжнім вугле каля будынка, які ўзводзіцца.

У былыя часы захаваны ў творы раён засяляла пераважна яўрэйская бяднота. У гады Другой сусветнай вайны на тым месцы размяшчалася Мінскае гета. А вось за будынкам Белпрампраекта, які будуецца, у карціне адлюстраваны помнік архітэктуры XVII стагоддзя — храм, які захаваўся да нашых дзён. Месца, дзе ён размяшчаецца, сёння называецца вуліцай Кірылы і Мяфодзія. Першапачаткова ж гэты будынак быў касцёлам Дабравешчання і належаў жаночаму манастыру бернардзінак. У 1870 годзе манастыр быў перададзены праваслаўнай царкве. Пасля Другой сусветнай вайны былы касцёл стаў праваслаўным Свята-Духавым кафедральным саборам. За ім у творы Мая Данцыга можна ўбачыць будынак самога манастыра. Ён добра захаваўся і ў пасляваенны час выкарыстоўваўся пад жыллё. У пачатку 1990?х гадоў яго перадалі праваслаўнай царкве.

Адлюстраваны ў карціне архітэктурны комплекс знаходзіцца ў Верхнім горадзе, які захоўваў вядучую ролю ў жыцці Мінска аж да сярэдзіны мінулага стагоддзя. Яго архітэктурны ансамбль, які сфарміраваўся на працягу доўгага часу, з’яўляецца ўнікальным запаведнікам горадабудаўнічага мастацтва з рысамі готыкі, рэнесансу, барока і класіцызму.

Лёгка зрабіць выснову, што пранікаючы ў гісторыю, Май Данцыг імкнецца сінтэтычна ахапіць сутнасць горада. Гэта не проста панарамны пейзаж з шэдэўрамі старажытнага дойлідства, які сведчыў бы пра захапленне мастака даўніной і нацыянальнымі традыцыямі. У дадзеным творы майстрам робіцца акцэнт, перш за ўсё, на працягласці жыцця архітэктуры ў часе, біяграфіі горада. Май Данцыг нібы імкнецца да пераадолення факта ў вобразнай перадачы паняццяў дзеля выражэння свайго светапогляду. Няма сумненняў, што аўтарскае вырашэнне гэтага твора з’яўляецца ўнікальным у выяўленчым мастацтве Беларусі. У кампазіцыйнай прасторы спалучаюцца манументальная выразнасць і экспрэсія формы, даведзенай аўтарам да «звінячай» цэласнасці й остасці, дэкаратыўнасць колеравых вырашэнняў і нечаканыя ракурсы. У гэтым праяўляецца своеасаблівасць творчай манеры Мая Данцыга, якая непарыўна звязана з жывапісным мысленнем майстра.

У адной з залаў Нацыянальнага мастацкага музея

А побач у музейнай зале — карціна «Мой дом», дарэчы, напісаная тады ж, у 1972 годзе, заслужаным дзеячам мастацтваў Беларусі Васілём Сумаравым. Яна таксама ўвайшла ў шэраг маштабных твораў нацыянальнага жывапісу, якія даюць магчымасць сцвярджаць, што беларуская мастацкая школа займала прыкметнае месца ў разнастайнай панараме савецкага мастацтва 1970?х гадоў. На Усесаюзнай выставе ў Маскве твор, які стаў пасля адной з самых вядомых работ Васіля Сумарава, адразу ж прыцягнуў увагу шырокага кола гледачоў. Неўзабаве пасля выставы жывапісец быў уключаны ў лік маладых мастакоў з розных рэспублік Савецкага Саюза, творчыя партрэты якіх выдавецтва «Савецкі мастак» рыхтавала для серыі публікацый «Новыя імёны».

У «Маім доме» адлюстраваны від Мінска з вышыні птушынага палёту. Цэнтральнае месца ў карціне займае чырвоны двухпавярховы драўляны дом. Менавіта ў ім, у доме, які знаходзіўся паблізу ад чыгункі, нарадзіўся і вырас мастак. У тыя гады карціна дзякуючы святочнай атмасферы ўспрымалася як аптымістычны лозунг.

У шматлікіх, увасобленых, як кадры з фільма, сцэнках Васіль Сумараў прадстаўляе свет свайго дзяцінства. У адным з вокнаў дома адлюстраваны суседзі, якія святкуюць вяселле, у другім — хтосьці сушыць рыбу… На вуліцы героі карціны гутараць, займаюцца фізкультурай, чытаюць кнігу. У некаторых дзіцячых вобразах мастак адлюстраваў самога сябе. Свет роднага дома насычаны падрабязнымі дэталямі побыту, якія запомніў дзіцячы позірк. Жывапісец апускае ўсё сумнае, што захоўваецца ў памяці, і паказвае нам чысціню дзіцячых надзей, памкненняў і ўвагу старэйшых, якая сагравае душэўным цяплом.

Асаблівай увагі заслугоўвае драўляная рама твора. Яна была выканана Васілём Сумаравым уласнаручна. Кампазіцыя рамы арганічна спалучаецца з прасторай карціны, дапаўняючы яе на сэнсавым і фармальным узроўнях. На ёй мастак намаляваў сябе, а таксама сваіх бацькоў.
Карціна «Мой дом» пазней мела некалькі аўтарскіх паўтораў.

Між тым, большая частка творчай біяграфіі жывапісца была звязана з работай з адоранымі дзецьмі. Адразу ж пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (цяпер — Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў) Васіль Сумараў стаў кіраўніком адной з самых вядомых дзіцячых студый выяўленчага мастацтва пры мінскім Палацы тэкстыльшчыкаў. Праца з дзецьмі, якая доўжылася многія гады, зрабіла ўплыў на творчы метад мастака. Яго спецыфіка заключаецца ў тым, што ў творах жывапісца прысутнічае і тэатральна-гульнявы пачатак, і элементы фальклору. У цэлым жа, мастак імкнецца прытрымлівацца традыцый рэалістычнага мастацтва.

Крочым далей па залах музея. Адна з іх цалкам прысвечана рускаму выяўленчаму мастацтву. Тут варта зрабіць невялікі экскурс у гісторыю. Мастацкае жыццё Расіі мяжы ХIX–ХХ стагоддзяў носіць складаны, часам супярэчлівы характар. Праблема пошуку гармоніі й прыгажосці кожным мастаком вырашаецца па-свойму, творчыя метады многіх з іх унікальныя і часцяком не могуць разглядацца ў рамках якога-небудзь напрамку. Менавіта на мяжы стагоддзяў ствараецца небывалая колькасць творчых аб’яднанняў. Сярод іх можна вылучыць такія, як «Мир искусства», «Союз русских художников», «Бубновый валет», «Голубая роза».

Адной з прыкметных фігур мастацкага жыцця Расіі гэтага перыяду быў Барыс Кустодзіеў, які меў надзвычай арыгінальны, толькі яму ўласцівы стыль. У кожнай карціне майстра адчуваецца прысутнасць свята, радасці жыцця. Відаць, таму адным з любімых кустодзіеўскіх сюжэтаў стала вясёлая, шумная і гасцінная Масленіца. Атмасфера раздольнага гуляння захапляе нас амаль адразу. У бясконцай «сумятні» шматлікіх сюжэтаў карціны можна адкрываць усё новыя і новыя павароты. Святочны настрой узмацняе пейзаж. Горад прыгожы і прыбраны, нібы цацачны. Прырода захапляе незвычайным багаццем яркіх фарбаў.

Назіральнасць, іронія, уменне знайсці радасць у малазначным, шчырыя і ветлівыя адносіны да людзей вызначылі характар творчасці мастака. Крытыкі пісалі: «Яго цікавіць жыццё — жывое, кіпучае, разнастайнае, рознакаляровае». Нездарма творы Кустодзіева нясуць у сабе зарад дзіўнай энергіі, прамяністага адчування паўнаты жыцця.

Як вядома, у 1910 годзе ў Маскве з вялікім скандалам прайшла першая выстава маладых мастакоў, якія аб’ядналіся ў творчую садружнасць пад назвай «Бубновый валет». На ёй паказалі свае карціны Аляксандр Купрын, Пётр Канчалоўскі, Васіль Раждзественскі, Роберт Фальк, Арыстарх Лянтулаў, Ілья Машкоў, Міхаіл Ларыёнаў, Наталля Ганчарова. Вернісаж выклікаў абурэнне публікі і мастацкай крытыкі, якая адгукнулася пра ўбачанае так: «Гэта нейкі кашмар, трызненне, галюцынацыя вар’ятаў. Удзельнікі выставы ўсё прыгожае, дзеля чаго варта і трэба жыць, вырашылі знішчыць дашчэнту, затаптаць і апляваць слінай злосці і адчаю перад сваім бяссіллем спазнаць сапраўдную прыгажосць. Яны пагрэбавалі ўсімі законамі творчасці!» 
Але перш за ўсё мастакі «Бубнового валета» хацелі вярнуць жывапісу характэрныя толькі яму ўласцівасці — колер, лінію, пластыку формаў і аб’ёмаў, надаць яму новае гучанне. І больш за іншых дасягнуў у гэтым менавіта Ілья Машкоў.

Калі ёсць што паглядзець

У зборы Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі знаходзіцца дзесяць твораў Ільі Машкова. Набытыя ў свой час у сям’і мастака і прыватных калекцыянераў, яны з’яўляюцца гонарам музейнай калекцыі рускага жывапісу.

А адзін з лепшых твораў Ільі Машкова — «Нацюрморт з дынямі і гарбузамі» 1914–1915 гадоў. Што цікавага бачна ў ім? На фоне сіне-зялёнай драпіроўкі, якая ляжыць прыгожымі складкамі, раскладзены і расстаўлены фарфоравыя і шкляныя вазы з яблыкамі і слівамі, гарбузы, кавун, кветкі ў гліняных гаршках. Інтэнсіўным, насычаным колерам мастак выяўляе «канструкцыю» кожнага прадмета. Яго захапляе разнастайнасць формаў, іх першародная моц, пластычная дасканаласць, выразнасць ліній. Нацюрморт напісаны з такім магутным жывапісным тэмпераментам, што ўзнікае адчуванне, быццам перад намі кветкі і плады першых дзён тварэння, як бы «першаўзоры» рэчаў. Карціна ўспрымаецца як урачысты гімн вялікім творчым сілам Прыроды.

На гэтым мы, бадай што, прыпынім наша падарожжа па залах музея да наступнага разу. Бо сапраўдных шэдэўраў там яшчэ шмат.

Веніямін Міхееў

Выбар рэдакцыі

Культура

Як  мастак Май Данцыг ствараў свае карціны

Як мастак Май Данцыг ствараў свае карціны

Наватар, «шасцідзясятнік», ваяўнічы аптыміст — гэта ўсё пра яго.

Грамадства

Як ператварыць звычайны ўрок беларускай літаратуры ў творчую майстэрню?

Як ператварыць звычайны ўрок беларускай літаратуры ў творчую майстэрню?

Настаўнікі ўпэўнены: ці будуць вучні чытаць, у многім залежыць ад іх саміх. 

Эканоміка

Петришенко: Называть ЕАЭС экономическим союзом сегодня можно только авансом

Петришенко: Называть ЕАЭС экономическим союзом сегодня можно только авансом

Однако наша страна надеется, что это временные трудности.

Грамадства

Апублікаваны поўны тэкст Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі Беларусі

Апублікаваны поўны тэкст Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі Беларусі

Дзяржаўным органам і іншым арганізацыям даручана кіравацца палажэннямі канцэпцыі ў практычнай дзейнасці.