Вы тут

Зоя Белахвосцік: «Трэба, каб ты сышоўся з тэатрам…»


Цуд, які нельга назваць нечаканым: актрыса Купалаўскага тэатра Зоя Белахвосцік напрыканцы года атрымала званне народнай артысткі Беларусі.


Яна належыць да акцёрскай дынастыі, якая служыць беларускаму тэатру амаль 100 гадоў: ад дзядулі, народнага артыста СССР Глеба Глебава, які пачынаў у 1920-х яшчэ на сцэне БДТ (цяпер Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы), якому прысвяціў усё жыццё. Яго дачка Вольга Глебава ў гэтым тэатры пазнаёмілася з будучым мужам, Валянцінам Белахвосцікам, бацькам іх дачкі Зоі. На гэтай жа сцэне ззяе сёння і самая малодшая прадстаўніца дынастыі Валянціна Гарцуева, дачка Зоі і Аляксандра Гарцуева, акцёра, рэжысёра, мастацкага кіраўніка РТБД. Сёння народная артыстка Беларусі Зоя Белахвосцік дзеліцца разважаннямі пра акцёрскую прафесію.

Папярэднікі

— Зусім маленькай дзяўчынкай пабачыла ў тэатры «Паўлінку» з удзелам дзядулі. Добры, светлы, сонечны, вельмі просты па сюжэце, гэты спектакль ідзе на нашай сцэне і сёння, ён стаў візітоўкай Купалаўскага тэатра. У ім шмат гумару, народнага слова, простых, зразумелых рэчаў, ёсць смешныя персанажы і, вядома ж, каханне. Мне не выпала бачыць дзядулю ў іншых спектаклях, толькі ў запісах і ў фільмах. Ён быў розны. Геніяльны камедыйны акцёр, ён бліскуча іграў складаныя, драматычныя ролі, напрыклад, Карэніна ў спектаклі паводле Талстога. Па расказах мамы, у яго выкананні гэта быў вельмі трагічны і неадназначны вобраз.

Што датычыцца таты, яму даставаліся гераічныя ролі і ў тэатры, і ў кіно. Ён быў такі тыпажны і ў жыцці: рэвалюцыянер, чалавек не зусім свайго часу. Ішоў часта насуперак прынятым канонам, казаў праўду ў твар, хоць некаторыя рэчы, напэўна, можна было б абыграць больш тонка, дыпламатычна. Яго паважалі за абсалютную праўдзівасць, таму што ведалі, што ён нічога не будзе рабіць у цябе за спінай. Мне пашчасціла працаваць з ім разам у спектаклях, на сцэне ён быў магутны, прыгожы.

...У маім характары шмат ад таты, але ўсе вострыя куты ўлагодзіла, змякчыла мама — натура пяшчотная і тонкая. Таму я магу сябе прымусіць зрабіць глыбокі ўздых і стрымацца, спыніцца. Мама была канцэртмайстарам, усё жыццё працавала ў кансерваторыі, а ў апошнія гады перайшла ў музычнае вучылішча. Маладыя вакалісты хацелі менавіта з ёй ездзіць на конкурсы, таму што ведалі, які яна надзейны чалавек і тонкі музыкант. Працавала з Тамарай Мікалаеўнай Ніжнікавай і з многімі іншымі вакалістамі.

Выбар

— Я не скончыла музычную школу, кінула, калі быў перыяд «хістанняў». Мама не настойвала. І дзякуй ёй за гэта, бо тады, у тым узросце, гэта было б бескарысна. Некаторы час я адначасова займалася і ў мастацкай, і ў музычнай школе. І фігурным катаннем, якое, праўда, кінула пасля траўмы. Сябравала і з харэаграфіяй: здольнасці, пачуццё рытму, пластыка заўсёды былі. Харэаграфію я вельмі люблю і цяпер. Наогул, я «пайшла ў артысткі», таму што ведала, што змагу спяваць і танчыць на сцэне, гэта было для мяне архіважна. Я заўсёды хацела быць актрысай, хоць павінна была захоўваць маўчанне, таму што ўсе былі супраць, асабліва тата. Таму што ў дзяцінстве яшчэ не ясная глыбіня здольнасцяў дзіцяці, не гаворачы пра талент. Да таго ж незразумела, як яно вытрымае маральныя і псіхалагічныя перагрузкі, звязаныя з тым, што ў тэатры нас увесь час выбіраюць. Быць «сыраежкай у пятым шэрагу», напэўна, не так ужо і страшна, але гэта залежыць ад амбіцый. Аднак ніхто з бацькоў не хоча, каб дзіця «боўталася» ў прафесіі, займаючы чыёсьці месца. А калі ты вучышся на акцёрскім, колькі слёз, колькі нявыказанага, пакуль скіроўваешся на дарогу...

Крокі

— Я вучылася на курсе ў Лідзіі Манаковай і Зінаіды Браварскай. Усе шляхі ў прафесійным плане знаходзіла з іх дапамогай, але пры гэтым рабіла сябе сама. З аўтарытэтамі ў мяне наогул не вельмі… Галоўным аўтарытэтам у мяне была мама. Яна магла сказаць мне такія рэчы, якія ніхто б не адважыўся, — жорсткія. І толькі да яе меркавання — вельмі творчага і сумленнага чалавека — я прыслухоўвалася. Я сама для сябе аўтарытэт, бо так, як магу сябе лаяць я, не можа ніхто.

Далей, калі прыходзіш у тэатр, трэба каб ты сышоўся з ім, каб заўважылі, каб у цябе быў свой рэжысёр. Ты можаш быць нават вельмі здольны, але калі рэжысёр не «твой», ён не будзе ведаць, што з табой рабіць. Гэта так жа, як мы выбіраем «сваю» сукенку з многіх — менавіта тую, якая пасуе нам. Я заўсёды кажу сваім студэнтам: думайце, што вы дрэнныя, а не тыя, хто вас не выбірае…

Я прыйшла ў Купалаўскі на Паўлінку і іграла яе васямнаццаць гадоў, гэтая роля мянялася разам са мной. Але самы важны для мяне творчы момант — сустрэча з Мікалаем Пінігіным. З яго прыходам з’явіўся іншы погляд на шмат што ў нашай прафесіі, пачалося зусім іншае існаванне на сцэне. Лічу, што я стала сапраўднай артысткай дзякуючы яму. Ён вельмі цікава працаваў з артыстамі, не ўсім так шанцуе, мы супалі ва ўсім. Ім былі пастаўлены ў тыя гады «Дракон», «Тутэйшыя», «Жыццё Карыцына», «Ідылія» — спектаклі знакавыя для мяне.

Таксама і спектакль «Крывавая Мэры», з якім мы аб’ездзілі паўсвету, і «Івона, прынцэса Бургундская» — самыя для мяне магутныя і значныя пастаноўкі Аляксандра Гарцуева. Ён як рэжысёр пакідае вельмі маленькі зазор, як і ўсе сапраўдныя майстры, якія займаюцца рэжысёрскім тэатрам, які я вельмі люблю і паважаю. І я не лічу, што ў гэтым сэнсе магчымая самадзейнасць з боку акцёраў, таму што менавіта рэжысёр заводзіць усю машыну, ён прапануе рашэнні і хады. Але Саша дае паветра, таму што сам прапрацаваў артыстам доўгі час, ён заўсёды ўважліва слухае, глядзіць, шукае і не зробіць дрэннага выканаўцам. Таму з ім любяць працаваць артысты.

Дом

— Наогул цікава працаваць з рэжысёрамі, якія спрабуюць размаўляць з гледачамі на сваёй мове, праз нечаканыя формы. Запомнілася праца ў пастаноўцы «Піць, спяваць, плакаць» Каці Агароднікавай. Адметнымі былі пластычныя спектаклі Паўла Адамчыкава «Больш чым дождж» і «СВ». Гэта іншы досвед існавання на сцэне.

Дзе б ні ўдзельнічала, тэатр-дом для мяне — Купалаўскі з яго выдатнай трупай. Тут мне пашчасціла з партнёрамі. Добрым, чулым, разумным партнёрам для мяне быў Аляксандр Лабуш, з якім шмат «кахання» я іграла ў сваім жыцці. Выдатны партнёр Віктар Манаеў. Мы разам на сцэне з юнацтва. Калі я прыйшла ў тэатр, ён ужо працаваў. Ён мяне апекаваў падчас маіх першых гастроляў па вёсках, клапаціўся, каб мне было добра і зручна. Усё ў нас было: і «Тутэйшыя», і «Прыбытковае месца», і вадэвілі, дзе ён іграў Мікіту, а я — Зоську, многія спектаклі сыграны разам. У новым «Рэвізоры» мы іграем мужа і жонку, і ствараецца ўражанне, што мы доўга працавалі над «біяграфіяй» нашых адносін. Але з ім нічога не трэба загадзя прыдумляць, абмяркоўваць. Гэта чалавек, якога я добра ведаю, гэтак жа, як і ён мяне. Спадзяюся, што і я добры партнёр для яго.

Працяг

— За дачку Валю не хвалююся, калі яна на сцэне. Па першым часе, калі яна толькі прыйшла ў тэатр, хваляванне было, вядома. Цяпер яна самастойны творчы элемент, цікавая асоба, разумная артыстка. Яна драматычная, глыбокая, часам вельмі жорсткая, хутчэй, нават трагічная актрыса… І я ніколі не была лірычнай артысткай. Сацыяльныя гераіні — так, у «блакітных» персанажах мне заўсёды трэба было знайсці нейкую глыбіню ці нюансы характару, за якія можна зачапіцца.

…Акцёрскіх тэхнік існуе шмат, але ў нашай школе гэта называецца «тэхніка перажывання». Гэта метадалагічна паступальны рух і навучанне. А як па-іншаму? Навошта гледачам «дуб» на сцэне? Артыст павінен уключацца «на раз», ведаць усе «кнопкі». На ўступных іспытах у акадэмію мастацтваў адразу відаць, хто ўмее «над выдумкай слязамі аблівацца», хто можа быць выразны, тонкі, успрымальны. Мы не набіраем неэмацыянальных наогул.

…Ці дапамагаюць акцёрскія прыёмы ў штодзённым жыцці?.. Мне здаецца, гэта не патрэбна. Артысты настолькі эмацыянальныя, што ім увогуле нічога не трэба ў побыце спецыяльна ўключаць.

Што датычыцца мяне, я сацыяпат, для мяне любы паход куды-небудзь, размова з касірам, напрыклад, даецца цяжка, я ўсяго гэтага баюся. Таму і працую ў тэатры... Калі сур’ёзна, я, безумоўна, інтраверт ад прыроды і мне складана кантактаваць з незнаёмымі людзьмі, хадзіць кудысьці па канторах і нешта рабіць. Звычайна гэта робяць за мяне, але калі трэба ісці менавіта мне, я, вядома, зраблю, але гэта заўсёды спалучаецца з велізарным стрэсам…

Уражанні

— Мяне вельмі ўразіў спектакль «Кар’ера доктара Рауса» у РТБД, гэтак жа, як і наш «Рэвізор», прэм’еру якога я не бачыла з залы, паколькі была на сцэне. Я ў захапленні ад «Багемы», пастаўленай у оперным тэатры. Мне складана злавіць катарсіс у драме, таму што я бачу, як гэта зроблена. Я магу захапляцца асобамі, выдатнымі артыстамі і іх працай, але я застануся прафесіяналам, які на сёння бачыць нюансы. А ў оперы мяне ўсё радуе, я не чапляюся ні да чаго, я гатовая на ўсё заплюшчыць вочы: абы для мяне спявалі і ігралі.

Шчыра кажучы, я не паспяваю многае паглядзець з-за таго, што ў мяне ўвечары свае спектаклі або рэпетыцыі. Я не ведаю, якая функцыя сёння ў тэатра, баюся, што забаўляць, таму што людзі ідуць да нас адпачываць. Аднак, па вялікім рахунку, у тэатр заўсёды ідуць па жывую энергію, якая патокам б’е са сцэны…

Заўсёды адчуваю гледачоў. Яны могуць дапамагчы акцёрам або сапсаваць спектакль цалкам — сваім непадключэннем, неразуменнем. Гэта адчуваецца маментальна па дыханні залы. Калі збіраецца нейкая колькасць людзей абазнаных, зацікаўленых і ў нас ідзе, напрыклад, «Чайка», адчуваеш з першай секунды, як людзі чытаюць гумар, якога вельмі шмат у спектаклі. Бывае і такое, што нехта рагоча ўголас з жарту, які прагучаў са сцэны, што нам, дарэчы, вельмі падабаецца, а яго суседзі па зале абрываюць: «Як вы сябе паводзіце!..». А глядацкія эмоцыі вітаюцца: дыханне залы, рогат, воплескі. Вось збіраецца такая зала: жывая, разумная, адукаваная, якая ідзе насустрач, — і спектакль атрымліваецца. Наогул, беларускія гледачы — добрыя людзі, вельмі ўдзячныя.

Вольга САВІЦКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».