Вы тут

Па эскізах Леанарда да Вінчы


У айчынным кінематографе плануецца экранізацыя рамана Людмілы Рублеўскай «Авантуры Пранціша Вырвіча». Пісьменніца падзялілася ўражаннямі ад працы на кінастудыі.


Падчас акцёрскіх проб.

— Гэта быў сапраўдны цуд, калі мне паведамілі, што сцэнар (які напісаў Валянцін Залужны) па маім рамане выйграў конкурс, абвешчаны Міністэрствам культуры, пасля чаго было прынята рашэнне здымаць па ім кіно на кінастудыі «Беларусьфільм».

Я з задавальненнем акунулася ў атмасферу свайго дзяцінства, бо вырасла на кінастудыі, здымалася ў масоўках практычна ва ўсіх фільмах — і пра Дзяніску Караблёва, і пра Пугачова, і ў «Браме неўміручасці» па Крапіве... Часта ў кадр траплялі і мама, і бабуля. Усё гэта адбывалася ў павільёне — і цяпер я зноў там пабывала. Толькі ў якасці аўтара, якога экранізуюць... Незвычайны досвед, цуд гэтага года.

Паміж тым, што ўяўляе аўтар, і тым, што ў рэшце рэшт з’яўляецца на стужцы, — такая прорва, што аўтар можа ў ёй патануць. Аляксандра Марыніна казала, што ніколі не ўдзельнічае ў тым, што адбываецца на здымачнай пляцоўцы. Я яе разумею, але ў мяне так не атрымалася. Мяне зацягнула ў гэты вір, бо, калі штосьці адбываецца датычна мяне, я мушу тое, што магу, рабіць сама — каб потым нікога не вінаваціць, калі атрымалася нешта не так... Хаця рэжысёр Аляксандр Анісімаў прафесіянал, я яму давяраю.

Сцэнар, дарэчы, напісаны даволі блізка да кнігі. Разбіты на сцэны, як і павінна быць. Але я дапрацоўвала, дадавала нейкія сакавітыя слоўцы, гумар, мяняла рэплікі з тым, каб максімальна захаваць гістарычны каларыт.

Была на ўсіх кастынгах, надзвычай цяжка аказалася падабраць акцёраў на дзве галоўныя ролі. Рэч у тым, што вакол рамана склалася сваё кола прыхільнікаў і яны маюць пэўныя ўяўленні — то бок, вобраз ужо замацаваны, трэба, каб героі яму адпавядалі. І вось аб гэты падводны камень і разбіваліся ўсе чоўны: былі добрыя артысты, якія вельмі стараліся, але фактурна не патраплялі, было нават нешта супрацьлеглае часам... Лёднік — змрочны, харызматычны, мужны. Пранціш — таксама не без пэўнай жорсткасці. Бывала, акцёр, здаецца, фактурна падыходзіць, але калі бачыш, як ён жыве ў кадры, разумееш: не тое... Бо на экране ён іншы: лірычны, мяккі, пяшчотны — і разумееш: за гэтыя межы ён не выйдзе... Спрабаваліся больш за два дзясяткі чалавек... Пакуты скончыліся, калі выклікалі з магілёўскага тэатра Івана Труса. Таксама не адразу патрапіў у ролю, але Іван — сапраўдны артыст, у яго ёсць тое, што хочуць убачыць у Лёдніку — пранізлівы позірк, мужчынская ўнутраная сіла...

Шмат спрабавалася маладзенькіх хлапцоў на ролю Вырвіча. Яны не сапсаваныя тэатральнымі прыёмамі, бо гэта не падыходзіць для кінематографа. Але ім не хапала жалезнага стрыжня. Вырвіч, хоць, на першы погляд, мілы і інфантыльны, — шляхціц, прадстаўнік вайсковага саслоўя: яго выхоўвалі як воіна, каб у любы момант мог пайсці на вайну, забіваць і быць забітым... Гэта хлопец, які можа і булку скрасці, і карчмарку сімпатычную ў цёмным куце пацалаваць, але ён вельмі добры і сумленны, што і прыхінае да яго Лёдніка... Георгій Пятрэнка падышоў на ролю, атрымаўся добры дуэт з Іванам Трусам. Пятрэнка родам з Маладзечна, Трус — з Узды, і гэта цудоўна. Галоўныя героі — беларусы з Беларусі. Увогуле, у фільме граюць толькі беларускія артысты.

Нельга ўявіць Гераніма Радзівіла лепш, чым сыграў акцёр Вячаслаў Паўлюць: у яго ёсць усё: і чорны гумар, і нейкая застрашлівасць, уласцівая ўладару Слуцкага замка.

Падчас кастынгаў было весела: артысты імправізавалі, нешта блыталі. Так, адна актрыса, каб апраўдаць сваю ролю, пачала лавіць камароў. Пасля ёй нагадалі: дзеянне адбываецца ў лесе зімой... Пасля сцэн катавання Лёдніка кат, не выходзячы з вобраза, узвальвае ахвяру на плячо і нясе.

У нас цудоўныя артысты — я пераканалася ў тым падчас працы.

Будуць здымацца і каскадзёры, бо шмат трукаў (гэта ж прыгодніцкі фільм), будзе і камп’ютарная графіка (як інакш зняць полацкія сутарэнні, дзе і сцены абрушваюцца, і пліты ў падлозе правальваюцца?). Будзе і штурм замка... Здымкі плануюцца ў самых розных куточках Беларусі. Звязана гэта з тым, што ў нас вельмі мала захавалася аўтэнтыкі: без еўравокнаў, ліхтароў і трансфарматарных будак. Знайшлі пад Бабруйскам вельмі цікавы старажытны будынак (цяпер у ім сховішча гародніны). Беларусь будзе паказана старажытнай, без прыкмет сучаснасці. Будуць задзейнічаны і беларускія музыканты, прагучаць старажытныя беларуская музыка.

Шмат пытанняў было па гістарычных дэталях, бо па ХVІІІ стагоддзі на «Беларусьфільме» ўвогуле нічога не здымалася, ды й даследаванняў вельмі мала. Але прыводзілі ўсё ў адпаведнасць з гістарычнай праўдай. Так, вывяралі ўсе назвы: у правільнай паслядоўнасці ў назвах Статута спачатку ідзе раздзел, потым — артыкул, а не наадварот. Прывялі ў парадак прававы бок (якім чынам Лёднік мог патрапіць у рабства да шляхціца Вырвіча). Узнікла пытанне: ці маглі тады з парыком насіць вусы, бо адзін з артыстаў, які мусіў быць у еўрапейскім строі, адмовіўся згаліць вусы (яны яму дарагія як частка тэатральнага іміджу)... Вусы выратавалі...

А самы галоўны цуд звязаны з «жалезнай чарапахай»: па сюжэце яе стварыў па замове Гераніма Радзівіла нямецкі вынаходнік Пфальцман і вёз у Слуцкі замак здаваць заказчыку. Ён стварыў машыну па эскізах Леанарда да Вінчы і паставіў туды ўдасканалены паравы рухавік. На «Беларусьфільме» аднавілі гэтую «чарапаху» па эскізах, атрымалася рухомая мадэль, якая дзейнічае: ездзіць, стралаюць гарматы, унутры ёсць печка, дзе гарыць агонь, вонкі ідзе дым. Машына будзе рухацца ў кадры сваім ходам. Звонку рассоўваюцца шчыты, а ўнутры ёсць пляцоўка, дзе таксама можна здымаць. У рамане яе вязуць на велічэзным возе шасцёра коней, але калі махіну зрабілі, давялося рабіць і карэктывы: яна важыць 4 тоны, і ніводзін воз яе не пацягне. Вырашылі, што яна будзе на сваіх колах, але праз лес яе мусяць цягнуць коні, бо рухавік там не ўключаецца. Але калі патрэбны коні, да іх патрэбны і спецыяліст, які будзе за імі глядзець. Па сюжэце мужыкі, якіх Пфальцман наняў везці сваё стварэнне, убачылі жалезную пачвару (выпадкова разышлася накрыўка) і спалохаліся, палічыўшы, што гэта цмок, штосьці д’ябальскае... Яны кідаюць вынаходніка і ўцякаюць. Насамрэч сітуацыя такая: да шасці коней трэба некалькі чалавек, якія будуць імі кіраваць, таму іх усё ж прыйдзецца ўвесці. Вось так і сутыкаецца ўяўленне аўтара з жорсткай рэальнасцю.

Самае неверагоднае, што «жалезную чарапаху» я прыдумала шмат гадоў таму, адпачываючы на Нарачы. Там я пісала гэтыя сцэны і пасмейвалася: вось, калі б фільм знялі! Пасля яна стала прадметам жартаў: маўляў, зробяць «жалезную чарапаху»! І раптам... Праца над фільмам пачынаецца якраз з таго, што робяць гэту чарапаху! Такой нідзе ў Еўропе больш няма — гэта цуд Беларусі 2018!

Падрыхтавала Яна БУДОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.