Вы тут

Карункавы (к)рай, або Упрыгожым хату выцінанкамі


Хто з нас у дзяцінстве, напярэдадні Калядаў і Новага года, не любіў выразаць сняжынкі? У дзіцячым садку, у школе, дома. У ход ішлі сурвэткі, белая і каляровая папера, часам нават газеты. Зрэшты, тады мы нават не здагадваліся, што такім чынам прадаўжаем старажытную беларускую традыцыю вырабу выцінанкі. Жыве гэтая завядзёнка і сёння. Гэтымі днямі ў гарадах і вёсках раз-пораз бачыш вокны, заклееныя такімі знаёмымі элементамі. Падаецца, вырабы простыя і прымітыўныя, але, зробленыя ўмела, выглядаюць надзвычай яскрава і эфектна.


Майстар-клас па выразанні папяровых сняжынак для чытачоў «ЛіМа» зладзілі мастачка Наталля Сухая і яе дочкі Агата і Зоя.

Калі ў Беларусі пачалі выразаць з паперы? Чаму выцінаныя ўзоры ўсё часцей выкарыстоўваюцца ў дызайне? І як, не валодаючы мастацкімі здольнасцямі, з густам упрыгожыць вокны да свята? Гэтыя пытанні мы задалі мастачцы Наталлі Сухой, а таксама падгледзелі, як разам з дочкамі Зояй і Агатай яна рыхтуе святочае ўбранне кватэры.

— Памятаю, калі я была маленькая, то напярэдадні святаў было прынята на вокнах маляваць гуашшу. Пад уплывам модных навагодніх малюнкаў і паштовак мы малявалі вавёрак, Снягурку, Дзеда Мароза, — згадвае Наталля Сухая. — Але, мяркуючы па сучасных тэндэнцыях, традыцыя ўпрыгожваць хату да свята была шырока распаўсюджаная ў нашых продкаў. Этнаграфічных звестак пра гэта амаль не захавалася: вывучэннем выцінанкі спецыялісты заняліся досыць позна. Калі, напрыклад, у Польшчы і ва Украіне ўжо ў 1950—70-я гады выйшлі грунтоўныя манаграфіі, то ў нас першая навуковая публікацыя Яўгена Сахуты па гэтай тэме з’явілася ў навуковым часопісе «Мастацтва» толькі ў 1988-м. Тады ўпершыню быў уведзены і тэрмін «выцінанка». За гэты час была праведзена вялікая праца па вывучэнні мастацтва выцінанкі.

Наталля расказала, што калі яна ў 2001 годзе скончыла Акадэмію мастацтваў і збіралася паступаць у аспірантуру, працаваць па гэтай тэме, то навуковы кіраўнік папярэдзіў: не хопіць матэрыялу. Але праца пачалася. Майстры арганізоўвалі конкурсы, ладзілі выстаўкі, у выніку выйшла манаграфія Яўгена Сахуты, дзе прадстаўлены работы самых яскравых майстроў-выцінаншчыкаў. Спецыялісты мяркуюць: тое, што сёння выцінанка трывала ўвайшла ў наша жыццё, — сведчанне захавання генетычнай памяці. Уменні, закладзеныя глыбока ў падсвядомасці, пры невялікім намаганні пачынаюць зноў развівацца. Гэта вельмі сцвярджальны, аптымістычны фактар.

— Выцінанка ў хаце сумяшчала дэкаратыўную і ўтылітарную функцыі. Цяпер яна стала дэкорам і выходзіць на ўзровень мастацтва, часам сутыкаецца з графікай, — кажа Наталля Сухая. — Выцінанку «загналі ў рамку», але ёсць мастакі, якія выходзяць за гэтыя межы, ствараюць вялікія кампазіцыі. Усё пачыналася яшчэ з працы Вячаслава Дубінкі, які ствараў так званыя ручніковыя вырабы памерам у некалькі метраў.

Канец ХІХ — пачатак ХХ стагоддзя лічыцца перыядам уздыму мастацтва выцінанкі. Папера стала шырока даступная і хаты больш не цеплілі «па-чорнаму» — дым з печы ўжо выходзіў адразу праз комін і сажа не асядала на сценах і вокнах. Нашы продкі выцінанкамі зазвычай упрыгожвалі хату напярэдадні святаў — Каляд і Вялікадня, выразалі таксама сурвэткі, фіранкі, аздаблялі вокны, дзверы, іконы па перыметры. Маглі стварыць спецыяльную рамку для лямпы-газоўкі — каб на сцены і столь ад яе падалі прыгожыя карункавыя цені. Тэкстыльныя вырабы ў той час, асабліва пасля вайны, былі досыць дарагія і не даступныя простым сялянам. Існуюць сведчанні, што нават труну ўпрыгожвалі выцінанкай, але ўзоры выразаліся не з паперы, а з паркалю — таннай тканіны.

Дарэчы, дагэтуль на Любаншчыне і сёння захавалася традыцыя выразання і размалёўвання фіранак з паркалю. Яе захоўвае народны майстар Наталля Адзінец.

— Папера — матэрыял танны. Можна вучыцца, псаваць, выкідваць, спрабаваць мноства разоў, пакуль не атрымаецца тое, што меркавалася, — з аптымізмам заўважае спадарыня Наталля, але з сумам дадае: — З-за такой даступнасці матэрыялу людзі не асабліва беражліва ставяцца да гатовых вырабаў. Нашто захоўваць старыя, калі налета можна стварыць новыя?

Даследчыкі адзначаюць таксама, што ў экспедыцыях знайсці аўтэнтычную выцінанку — вялікая рэдкасць. Мясцовыя здзіўляюцца: а навошта вам гэтае смецце? Цяпер у крамах усё ёсць. Дарэчы, з паляпшэннем умоў жыцця звязаны і пэўны заняпад выцінанкі: асартымент у крамах стаў багацейшы, а самі вырабы для ўпрыгожвання — больш даступныя. Зрэшты, назіраецца і адваротны працэс: мастацтва адраджаецца, набывае новыя формы і выкарыстоўваецца ў новых сферах. Так, у пачатку 2000-х сцэна «Славянскага базару ў Віцебску» была ўпрыгожаная ў стылі выцінанкі. Вельмі папулярныя сёння календары, аздобленыя выразанымі ўзорамі, моладзь падтрымала праект «выцімаек», а самі выцінанкі можна пабачыць у афармленні кніг, дываноў. Дарэчы, гэтыя вырабы не рэкламуюцца шырока, іх нашы суайчыннікі з задавальненнем набываюць, кіруючыся проста парывамі душы. Гэта таксама сведчанне генетычнай памяці беларусаў. Мы выбіраем, набываем і падтрымліваем сваё.

Марына ВЕСЯЛУХА

Фота Кастуся Дробава

Падказкі ад мастачкі Наталлі Сухой

Калі вы яшчэ ніколі не спрабавалі самастойна выразаць сняжынкі і дрэўцы на вокны ці спрабуеце далучыць да гэтага ўсю сям’ю, дарэчы будуць гэтыя практычныя парады:

  • Памятайце: каб стварыць выцінанку, неабавязкова валодаць мастацкай адукацыяй. Не варта адразу спрабаваць выразаць нешта складанае. Можна пачаць з простага — набору сняжынак. Яшчэ лепш атрымаецца, калі ў гэтым працэсе паўдзельнічаюць дзеці.
  • Лепш упрыгожваць акно да свята сняжынкамі рознага маштабу. Падрыхтаваць трэба квадраты белай паперы некалькіх памераў — большыя і меншыя. Дарэчы, зручней і эфектыўней будзе планаваць вырабы вялікага памеру, буйных формаў. Пры іх вырабе не патрэбна звяртаць шмат увагі на дэталі, дробныя элементы, а з вуліцы на акне яны будуць выглядаць больш ярка і заўважна.
  • Плануючы ўпрыгожваць вокны да свята, лепш спрабаваць стварыць абстрактныя стылізаваныя, выразныя і спрошчаныя вобразы дрэваў, аблокаў. Сілуэтныя рэалістычныя кампазіцыі не зусім характэрныя для беларускай культуры, яны прыйшлі да нас з Заходняй Еўропы, дзе выцінанка — хутчэй від прафесійнага мастацтва, а не архаічная каранёвая традыцыя.
  • У працэсе працы лепш выкарыстоўваць нажніцы рознага памеру. Маленькія дзірачкі, мініяцюрныя элементы выразаць манікюрнымі нажнічкамі. Хоць у Польшчы аўтэнтычныя майстры-выцінаншчыкі дагэтуль карыстаюцца толькі вялікімі «старадаўнімі» нажніцамі. Такія ці падобныя і сёння ў вёсках часта выкарыстоўваюць для стрыжкі авечак.
  • Эскіз сняжынкі на паперы перад выразаннем маляваць неабавязкова. Усё залежыць ад досведу і жадання майстра. Калі кампазіцыя складаная або каб паказаць зусім маленькім дзецям, як працаваць зручней, можна пазначыць некалькі базавых элементаў вырабу. У народных майстроў поўны эскіз заўсёды быў у галаве, нават калі яго прамалёўвалі часткова.
  • У працэсе стварэння такога святочнага дэкору для дома могуць браць удзел не толькі дзяўчынкі, але і хлопчыкі. Дарэчы, кажуць, што некаторыя хлопцы робяць гэтую справу больш ахвотна і спрытна, чым дзяўчынкі. Мяркуюць, гэта звязана з адметнасцямі мужчынскай псіхалогіі: калі жанчыны прывыклі кіравацца традыцыямі і выконваць працу ў адпаведнасці з правіламі, пераймаць, то мужчыны спрабуюць працэс аптымізаваць, вынайсці новыя шляхі. І часта дасягаюць поспеху!
  • Каб выразаць сняжынку, трэба скласці паперу ў некалькі разоў — у залежнасці ад колькасці ражкоў, што будзе мець выцінанка. Іх можа быць 6, 8 або 12. Варта сачыць, каб згібы не былі надта тоўстыя (у адваротным выпадку дзірачкі атрымаюцца няроўныя і неаднолькавыя па памеры і форме), а таксама пераходы паміж імі не былі надта тонкія — так сняжынка можа разваліцца.
  • Дрэўцы, аблокі, сняжынкі і выразаныя з паперы ёлачныя цацкі пры жаданні можна размаляваць алоўкамі ці фламастарамі. Так кампазіцыі стануць больш яскравыя
  • Адвечнае пытанне многіх гаспадынь: чым лепш прымацоўваць гатовыя сняжынкі на вокны? Варыянтаў некалькі: клей, мыла, скотч. Дасведчаныя майстры раяць усё ж аддаць перавагу скотчу. Так сняжынкі не папсуюцца ад вільгаці і будуць лепш трымацца. А мыць шыбы ўсё роўна давядзецца!
  • Каб сняжынкі былі больш роўныя і не было заўважна, што папера згіналася, іх можна папрасаваць ці на некалькі дзён пакласці пад тоўстыя кнігі. Але некаторыя майстры адмыслова пакідаюць вырабы рэльефнымі — так яны выглядаюць больш жывымі, бачна, што перад намі — выцінанка, а не проста малюнак.
  • Сняжынкі-выцінанкі — упрыгожванне часовае, іх лёгка зняць і пры жаданні замяніць на новыя вырабы. Хоць жартам кажуць, што аздабляць вокны яны могуць аж да Вялікадня — наступнага вялікага свята.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».