Вы тут

Янка Лайкоў. Некрануты куток


У пракаветнай нерушы Белавежскай пушчы пануе цішыня і спакой. Здаецца, што сама гісторыя дрэмле ў гушчарах апошняга вялікага лесу Еўропы, дзе задуменнымі сведкамі даўніны — высозныя хвоі, магутныя дубы, кашлатыя елкі.


Тут нашыя далёкія продкі, мужныя і свабодалюбівыя яцвягі, тысячагоддзямі нараджалі і выхоўвалі нашчадкаў, складалі легенды, паданні і казкі, верылі ў паганскіх багоў. Пушчанскія нетры не толькі давалі ім магчымасць здабываць ежу, будаваць жытло, але і напаўнялі душы пачуццём еднасці з прыродай, усведамлення сябе часткай Сусвету. Пагодзімся, сённяшняму чалавеку гэта незнаёма, бо імклівая тэхнагенная сучаснасць усё больш і больш аддаляе нас ад спаконвечнага, якое і ёсць сапраўдным.

Помняць гэтыя мясціны і князя Вітаўта Вялікага, які шэсць стагоддзяў таму спыняўся пад такімі ж дрэвамі на начлег са сваімі паплечнікамі, паляваў на лясную жыўнасць. Менавіта ён, гаспадар Вялікага Княства, разумеючы значнасць пушчы і неабходнасць захавання ляснога багацця, якое ўжо тады актыўна спажывалася чалавекам, усталяваў правілы аховы запаветнага кутка Айчыны.

Сёння на зайздрасць суседзям мы маем кавалачак некранутай гісторыі, сапраўдную нацыянальную скарбніцу. Нездарма ў 1992 годзе Белавежская пушча была ўключана ў Сусветную спадчыну ЮНЕСКА.

Тут час нібыта спыніўся. Па-ранейшаму праз пошум вершалін чуваць шэпт Лесуна, плюскоча ў лясной рачулцы «сівавусы, згорблены» Вадзянік, а беспрытульныя начніцы цёмначы блукаюць па ўзлесках, пужаючы выпадковага падарожніка ці занадта самаўпэўненага паляўнічага…

Пушча здаўна з’яўляецца невычэрпнай крыніцай натхнення для майстроў слова. Хто толькі не прысвячаў лясным абшарам высокапаэтычных, прасякнутых шчырай любоўю да роднага краю радкоў: ад Міколы Гусоўкага, які ўславіў у сваёй бессмяротнай паэме ляснога волата — зубра, фактычнага сімвала Беларусі, — да Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Уладзіміра Караткевіча…

Лес — гэта храм.

У ім акрыяе Хам.

Лес — гэта святарнае мейсца,

Для душаў аблудных меса.

Так пісаў Анатоль Сыс, паэт, які ўзвёў матыў вяртання да родных вытокаў у сапраўдны культ, калі чалавек ратуецца ад злыбедаў і спакус гэтага свету праз далучэнне да прыроды, праз трыадзінства «маці — мова — вечнасць».

Сусветнавядомыя «Песняры» адну са сваіх самых знакамітых музычных кампазіцый прысвяцілі Белавежскай пушчы, пасля гэтай песні яна стала неафіцыйным брэндам нашай краіны.

А зусім непадалёк, у Камянцы, шахматнай ладдзёй велічна застыла ў часе Белая Вежа — ахоўніца нашых земляў, айчынны талісман. Ладдзя не роспачы, а гонару і сілы…

Зімовая Белавежская пушча — гэта асобны сусвет. Пад снежнай коўдрай заснулі травы і дрэвы, у сваіх сховах стаіліся лясныя насельнікі — рысі, лісіцы, зайцы, алені, ласі…

І менавіта цяпер, сівернай і завірушнай парою, Белавежская пушча робіцца своеасаблівай Меккай не толькі для беларусаў, але і для іншаземных гасцей. Чаму? 15 гадоў таму тут паўстала Сядзіба беларускага Дзеда Мароза — унікальны комплекс, які штогод прываблівае да 100 тысяч турыстаў. Наведнікаў сустракаюць адметныя драўляныя скульптуры казачных персанажаў, навагодняя прыгажуня ёлка, разнастайныя забаўляльна-пазнавальныя праграмы. Усё разам гэта стварае незабыўную святочную атмасферу, дзякуючы якой сюды хочацца вяртацца.

Ну і, канечне, сам гаспадар сядзібы — добразычлівы, харызматычны Дзед Мароз. Свой радавод ён вядзе ад старажытнага ўсходнеславянскага бога марозу і холаду — Зюзі. «На Віцебшчыне жыве пастаўскі Зюзя, мой прапрадзед — распавядае беларускі Санта-Клаус, — з якім мы часта бачымся. Ён таксама апрануты ў незвычайны строй — футра альбо кажушок. Мароз трашчыць — гэта Зюзя Паазерскі грукае аб дол сваім посахам, уздымаецца завея, а ўсё вакол скоўваецца льдом...».

У кожнага чалавека ў душы ёсць некрануты куток, дзе жыве дзіця — чыстае, незаплямленае, незашоранае цывілізацыяй і ўмоўнасцямі гэтага свету. Такім кутком, толькі ў маштабах адной краіны, у нашым выпадку — сінявокай прыгажуні — падаецца Белавежская пушча. А незвычайная сядзіба з яе прыязным і гасцінным гаспадаром сведчыць пра тое, што дзяцінства ніколі не канчаецца, а ўсе мы — дзеці роднай маці Беларусі.

Янка ЛАЙКОЎ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.