Вы тут

Суцін: крокі вяртання


Падарунак да 125-годдзя мастака

Яшчэ адзін твор ураджэнца Смілавічаў Хаіма Суціна цяпер вярнуўся ў Беларусь: палатно «Якая заснула з кнігай. Мадлен Кастэн» набыў у карпаратыўную калекцыю Белгазпрамбанк. Твор прадстаўлены ў праекце «Суцін. Жыццё пасля смерці», што працуе ў галерэі «Арт-Беларусь». Праект прымеркаваны да 125-годдзя творцы, якое адзначаецца сёлета ў студзені.

Мастак парыжскай школы Хаім Суцін быў у пэўны перыяд у сяброўскіх адносінах з мужам і жонкай Кастэн. Ён гасцяваў у маёнтку Марселена і Мадлен, яны апекавалі мастака, спрыялі ў продажах яго твораў і самі сталі яго калекцыянерамі. Карціна «Якая заснула з кнігай. Мадлен Кастэн» створана ў 1937 годзе. Прыглядзелі яе на адным з аўкцыёнаў Вялікабрытаніі, набылі за больш чым 300 тысяч долараў. Пасля ранейшых набыткаў работ «Вялікія лугі ў Шартры, ля віядука» і партрэта «Ева» гэта трэці твор мастака Парыжскай школы Хаіма Суціна, які знаходзіцца ў карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка.

Але падарункам для прыхільнікаў творчасці мастака стаў яшчэ адзін новы твор у калекцыі — бронзавы бюст Леона Індэнбаўмана «Партрэт Хаіма Суціна». Творца, чый экспрэсіўны погляд на свет уражвае і ў ХХІ стагоддзі, становіцца больш зразумелым для нас. Яго спадчына належыць свету, а творы знаходзяцца ў музеях і калекцыях у розных краінах. Каб ведаць яе лепш, ёсць задума стварыць сусветную інтэрактыўную карту творчасці Суціна: кожны можа падзяліцца інфармацыяй, у якіх музейных зборах сёння захоўваюцца творы мастака.

Марыя АСІПЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».