Вы тут

Культурастваральны час


«Мы жывём сёння», — звычайна кажуць прагматыкі і робяць падлікі. «Мы пакідаем на зямлі сляды», — упэўнены рамантыкі і ствараюць. І адных і другіх аб’ядноўвае прыналежнасць да краіны і да той яе формы існавання, дзе нават лічбы могуць набываць рамантычную аўру. Гаворка пра культуру, сферу высокіх эмоцый, якія немагчыма апісаць лічбамі, пры тым, што яна мае свае паказчыкі — колькасныя і якасныя. Як стасуецца адно з другім? Ці залежыць ад месца праяўлення культуры? Ад таго, які год абвяшчае дзяржава? Адказы шукаем у першага намесніка міністра культуры Беларусі Наталлі Карчэўскай


— Абвяшчэнне Года малой радзімы дало імпульс развіццю культуры на месцах, і працяг гэтай акцыі на працягу двух наступных гадоў дае надзею на далейшы ўздым ва ўсіх рэгіёнах нашай краіны. Таму што культура — з’ява не толькі сталічная. Яна наогул шматгранная, датычыцца кожнага, дзе б ні жыў чалавек і кім бы ні працаваў. Асабліва калі гаворка пра радзіму, пра наш пачатак. У нас заўсёды падтрымлівалася народная форма культуры ў рамках фестываляў «Берагіня», «Кліч Палесся», «Дняпроўскія галасы ў Дуброўне», «Браслаўскія зарніцы» ды шэрагу іншых, якія ладзяцца ў рэгіёнах. Адпаведна, яны прыцягваюць увагу да асаблівасцяў культуры пэўнай мясцовасці, даюць штуршок развіццю ўсяго рэгіёна. Апроч таго, у 2018 годзе Міністэрствам культуры быў абвешчаны своеасаблівы конкурс «Горад культуры». Прычым удзельнічаць у ім маглі як абласныя ці раённыя цэнтры, так і аграгарадкі. Таму што ў кожнага свая малая радзіма: для кагосьці буйны горад, для некага невялікае мястэчка ці вёска. Трэба адзначыць, што з абвяшчэннем Года культуры людзі больш уважліва сталі ставіцца да таго, што робіцца непасрэдна побач з імі.

— Ці з’яўляліся ідэі па прасоўванні нейкіх мясцовых з’яў у якасці магчымых брэндаў для развіцця тэрыторыі?

— Мяркую, што гэты працэс ішоў і раней, але абвяшчэнне Года малой радзімы ўзняло статус гэтых ініцыятыў. Людзі сталі больш увагі звяртаць на аб’екты матэрыяльнай і нематэрыяльнай спадчыны, выказваць прапановы па наданні ім статусу аб’ектаў спадчыны, у тым ліку некалькі аб’ектаў прапанавалі для ўключэння ў Сусветны спіс культурнай спадчыны. Напрыклад, напрыканцы лістапада ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА быў уключаны Будслаўкі фэст, у гэтым быў вялікі ўнёсак саміх вернікаў. Калі з вуснаў адказных і паважаных асоб гучыць: «Звярніце ўвагу на сваё», — то людзі не стрымліваюць ініцыятыў. Многія даўно прыкладалі намаганні штосьці рабіць, проста якасны ўзровень можа значна палепшыцца, калі людзі адчуваюць маральную падтрымку.

Культурныя аб’екты ці падзеі часта становяцца горадаўтваральнымі. Мы можам назваць Нясвіжскі палацава-паркавы ансамбль, Мір, дзе праводзяцца розныя імпрэзы. Сам аб’ект, тыя падзеі, што ладзяцца ў гэтым месцы, прыцягваюць не толькі жыхароў рэгіёна, але і турыстаў — тут мы гаворым пра развіццё падзейнага турызму. Па-першае, трэба развіваць унутраны турызм (ён таксама культурны) для таго, напрыклад, каб жыхары Міншчыны пазнаёміліся з абрадамі ці дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам, якое ёсць у Брэсцкай вобласці. Акрамя таго, развіваць уязны турызм: мы цікавыя, калі ёсць тое, што нас адрознівае, а яно найярчэй ззяе ў люстэрку культуры. Рэгіянальныя асаблівасці сведчаць пра шматаблічнасць нашай культуры. Да таго ж культурныя падзеі аб’ядноўваюць нацыю.

— Ці гатовыя мясцовыя органы ўлады падтрымліваць культурныя ініцыятывы?

— Усе разумеюць значнасць культуры. Нашым нашчадкам складана будзе меркаваць пра ўзровень грамадства ў гэты час на падставе таго, колькі грошай зараблялі людзі. А тое, што пасля нас застаецца, часцей за ўсё звязана са з’явамі культуры. Мясцовыя органы ўлады з цікавасцю ставяцца да ўсіх ініцыятыў, якія праяўляюцца, часам ім не хапае нейкай метадычнай падтрымкі, тады, натуральна, аказвае дапамогу Міністэрства культуры, спецыялісты з вядучых калектываў, рэжысёры… Я не магу сказаць, што ў нас развіццё культуры ў рэгіёнах моцна адстае ад таго, што адбываецца ў сталіцы. Часта праекты рэгіянальных музеяў, бібліятэк, канцэрты, якія ладзяцца ў абласцях, не саступаюць тым, што праводзяцца ў Мінску. Усе разумеюць, што гэта турыстычны і, перш за ўсё, чалавечы патэнцыял.

— Ці ёсць у нашай мастацкай культуры брэнды, пра якія можна сказаць, што яны прадстаўляюць краіну?

— Брэндам можа быць нават элемент абраду, які адрознівае беларусаў ад іншых народаў. Але мы прывыклі, што брэндам становіцца нейкая буйная ўстанова: Вялікі тэатр, Купалаўскі, хор Цітовіча, аркестр Жыновіча, «Харошкі», Дзяржаўны ансамбль танца… Буйныя музеі, такія як Нацыянальны мастацкі, замкі ў Міры і Нясвіжы… У нас ёсць, чым ганарыцца. Наша Нацыянальная бібліятэка — таксама культурны брэнд: паводле таго, што яна ўяўляе сабой на ўзроўні падыходу да кнігі, да слова. І на ўзроўні будынка таксама. Шмат якія замежнікі здзіўленыя абсталяваннем Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, тым, як яна функцыянуе.

— Наўрад ці дастаткова дзейнасці адной, нават добра абсталяванай бібліятэкі, каб падтрымліваць цікавасць да кнігі...

— У нас ёсць сетка бібліятэк, і вельмі часта ў аграгарадках ці невялікіх гарадах бібліятэка з’яўляецца культурным цэнтрам. Яна не проста месца, куды прыходзяць пачытаць ці ўзяць кнігу, запоўніўшы фармуляр. Гэта мультыпрофільны цэнтр культурнага жыцця, дзе праводзяцца сустрэчы з пісьменнікамі, перформансы, канцэрты, мерапрыемствы па папулярызацыі чытання. Не сакрэт, што многія цяпер чытаюць электронныя кнігі — гэта таксама тэкст, толькі зафіксаваны на іншым носьбіце. У развіцці цікавасці да чытання, мне здаецца, больш ініцыятывы могуць праяўляць самі пісьменнікі, іх праца не павінна заканчваецца на тым, калі напісана кніга. Добры прыклад таго, як пісьменнік можа прыцягнуць увагу да сваёй творчасці, — жыццё, якое віруе пры бібліятэцы імя Янкі Купалы. Таксама добрая літаратура становіцца асновай для рэінтэрпрэтацыі іншага віду мастацтва. Зараз ёсць зварот кіно да творчасці Людмілы Рублеўскай і яе «Авантураў Пранціша Вырвіча» — добры прыклад актуалізацыі цікавасці да творчасці сучасных беларускіх пісьменнікаў. Але наўрад ці будзе плён, калі нехта з Міністэрства культуры скажа: «Усім чытаць!..» Але я хаджу ў Нацыянальную бібліятэку і не бачу, каб там былі пустыя залы. Была і ў бібліятэках раённых гарадоў, там таксама ёсць рух.

Але час ідзе наперад і нельга ўсіх вярнуць да друкаванага выдання. Хутчэй за ўсё будзе іншая форма чытання ці чалавек можа купіць поўны тэкставы доступ. Важна, каб у любога грамадзяніна нашай краіны была магчымасць чытаць, а якім чынам — гэта іншае пытанне. Кніга сама па сабе ў друкаваным выглядзе можа існаваць як твор мастацтва. Нездарма ёсць цікавасць да альбомаў, мініяцюрнай кнігі. Сама кніга, аформленая асаблівым чынам, — сінтэтычны праект, а не толькі тэкставая інфармацыя.

— Як папаўняюцца бібліятэчныя фонды сучаснымі кнігамі?

— Фонд папаўняецца пастаянна, на гэта выдаткоўваецца фінансаванне. У адпаведнасці з нарматывамі — не менш за 12 % ад бюджэтнага фінансавання, і гэты нарматыў выконваецца як цалкам па краіне, так і ва ўсіх абласцях.

— Якую кнігу, на ваш погляд, можна назваць уводзінамі ў беларускую культуру?

— Я не магу назваць адну кнігу, так, як кажуць пра «Яўгена Анегіна», што гэта энцыклапедыя рускага жыцця. Але жыцця ўсё ж таго часу. У нас такой кнігай можа быць «Новая зямля» Якуба Коласа, але і ён пісаў пра свой час. А цяпер літаратура наогул змянілася, мы гэта абмяркоўвалі з дырэктарамі і супрацоўнікамі літаратурных музеяў. Іншая эпоха, мяняюцца самі пісьменнікі і іх падыходы да адлюстравання рэчаіснасці. Мала хто піша маштабныя творы, раманістыку, развіваюцца іншыя жанры. Невядома, як пісалі б Купала, Колас і Багдановіч, калі б жылі цяпер. Стваралі б яны паэмы, пісалі б малую прозу альбо наогул сышлі б у блогі? Таму не думаю, што знойдзецца аўтар, які ў наш час напіша твор, што стане ўводзінамі ў беларускую культуру. Жыццё шматграннае, нехта будзе адлюстроўваць культуру вясковага жыхара, а нехта — культуру горада ці творчай інтэлігенцыі альбо тэхнічнай. Гэта розныя пласты, яны перасякаюцца, але ніхто з пісьменнікаў, напэўна, не напіша кнігу, якая дасць адказы на ўсе пытанні чалавечага жыцця, падобна Бібліі.

— Ад творчага прадукту, у які ўкладваюцца сродкі, звычайна чакаюць аддачы. Ці заўсёды яна павінна быць фінансавай?

— Гэта складанае пытанне. Ёсць брэндавыя з’явы для любой краіны, якія немагчымыя без падтрымкі альбо дзяржавы, альбо спонсараў. Альбо тэрмін акупляльнасці некаторых творчых праектаў даволі вялікі. Альбо нематэрыяльныя выгоды перасягаюць тое, колькі грошай у выніку атрымана. Самая акупляльная масавая культура. Аднак мы не можам развіваць толькі яе кірункі. Ёсць прыклады высокамастацкіх твораў, якія таксама акупіліся, — «Бетон», які атрымаў Нацыянальную тэатральную прэмію як лепшы эксперыментальны спектакль. Няма нічога заганнага ў тым, каб імкнуцца акупіць частку выдаткаў. Я сутыкалася з такім падыходам: нам далі грошы, а далей не важна, ці будуць у нас гледачы. Якасны прадукт, нават калі ён вельмі наватарскі і эксперыментальны, свайго гледача знойдзе. Так, буйныя тэатры наўрад ці могуць быць самаакупляльныя, бо гэта пацягне павелічэнне цаны квітка, не ўсе слаі насельніцтва змогуць мець доступ да мастацтва, і мы трапім ў сітуацыю, калі тэатр балета ці оперы будзе даступны толькі эліце.

— Самае масавае мастацтва — кіно. І тут усе гледачы зацікаўлены ў выніку, калі грошы ўкладае дзяржава.

— Мастацтва — не матэматыка, дзе вынік заўсёды дакладны. Тут вынік можа адрознівацца ад таго, што было задумана. Я асабіста спадзяюся на экранізацыю «Авантураў Пранціша Вырвіча» і праект, які звязаны з Купалам, — добра, што мы звяртаемся да гэтай тэмы. Зараз на студыі ўсе ўмовы для таго, каб наладзіць вытворчасць якаснага кіно, а не так, каб зрабіць адзін праект і сядзець склаўшы рукі. Акрамя таго, ніхто не перашкаджае прыватным вытворцам удзельнічаць у конкурсе кінапраектаў. Ён прадугледжвае тэмы, якія будуць мець грамадскае значэнне і выклічуць цікавасць гледача. Міністэрства як орган, што ажыццяўляе дзяржаўныя ўладныя паўнамоцтвы ў сферы культуры, фармулюе гэтыя тэмы. Прыватным студыям трэба навучыцца працаваць у гэтых умовах. Так існуе свет: заяўляецца тэма, і хто перамагае ў конкурсе, той і атрымлівае права на вытворчасць фільма. Адкрытыя пітчынгі праводзяцца паўсюль. Ужо ў свеце няма практыкі, калі нехта некаму дае грошы пад вытворчасць фільма, — павінна быць канкурэнтная барацьба.

У кіно мы імкнёмся выходзіць на капрадукцыю, каб мінімізаваць выдаткі, вывучыць досвед іншых вытворцаў. Глядзім на ўсходні вектар: вялікі рынак па продажах — Кітай, Блізкі Уход. Перамовы ідуць увесь час, інтарэс да магчымасцяў кінастудыі вялікі.

Міністэрства культуры і кінастудыя зацікаўлены ў маладым поглядзе. Стараемся захоўваць такіх мэтраў, як Нікіфараў і Волчак, але і даваць магчымасць тым, хто праявіў сябе на «кароткім метры», як Мітрый Сямёнаў-Алейнікаў, што ўдала паказаў сябе ў рамках альманаха. Цяпер абмяркоўваецца магчымасць яго «поўнага метра». Дзверы кабінета дырэктара кінастудыі Уладзіміра Карачэўскага адчыненыя для ўсіх, хто гатовы штосьці рэальна рабіць, а не прыходзіць з абстрактнымі прапановамі і без мінімальнага досведу. Пагадзіцеся, даць адразу бюджэтнае фінансаванне чалавеку, які не мае рэальнага досведу ці адукацыі, — вялікая рызыка.

— Ёсць не надта папулярныя кірункі, дзе моладзі складаней за ўсё…

— Найбольш за ўсё творчых конкурсаў, як ні дзіўна, у класічнай музыцы, у тым ліку міжнародных. «Музыка надзеі ў Гомелі», конкурс імя Глебава і іншыя... Таксама ёсць фінансаванне ўдзелу нашых музыкантаў у міжнародных конкурсах. Той жа Міхаіл Радунскі ці Паліна Чарнецкая — зусім маладыя людзі, якія выйгралі конкурсы і сталі вядомыя. Іншая справа, што не ўсе, хто праявіў сябе, стануць зоркамі і гастралюючымі салістамі. Але калі яны нават сядаюць у аркестр, то паляпшаюць якасць яго гучання, — варта паслухаць аркестр гімназіі-каледжа пры Акадэміі музыкі ці гімназіі-каледжа імя Ахрэмчыка.

Лічу, што ствараюцца ўмовы, пры якіх маладым таленавітым людзям будзе тут добра. Дзеля гэтага вядзецца работа спецыяльнага фонду прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. Прызначаюцца надбаўкі ўжо пасля заканчэння навучальнай установы. Пасля за творчым лёсам талентаў сочыць Міністэрства культуры. Таму што чалавечы патэнцыял — гэта аснова, на якой трымаецца наша мастацтва.

— Самае моцнае ваша культурнае ўражанне?..

— Я шчаслівы чалавек: амаль кожны тыдзень атрымліваю такія ўражанні. Зусім нядаўна — ад новай рэдакцыі балета «Рамэа і Джульета». Спектаклі Купалаўскага тэатра робяць вялікае ўражанне, «Бетон». Новыя экспазіцыі музеяў могуць узрушыць. З гастрольных падзей запомніўся канцэрт Кшыштафа Пендэрэцкага (не ўяўляла, як можа гучаць яго музыка ў жывым выкананні, і гэта моцна). Радуюць студэнцкія работы: зайшла ў каледж Глебава — і атрымала станоўчае ўражанне. Я цікаўлюся ўсімі відамі мастацтваў, наогул удзячны глядач і слухач.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Культура

Як  мастак Май Данцыг ствараў свае карціны

Як мастак Май Данцыг ствараў свае карціны

Наватар, «шасцідзясятнік», ваяўнічы аптыміст — гэта ўсё пра яго.

Грамадства

Як ператварыць звычайны ўрок беларускай літаратуры у творчую майстэрню?

Як ператварыць звычайны ўрок беларускай літаратуры у творчую майстэрню?

Настаўнікі ўпэўнены: ці будуць вучні чытаць, у многім залежыць ад іх саміх. 

Эканоміка

Петришенко: Называть ЕАЭС экономическим союзом сегодня можно только авансом

Петришенко: Называть ЕАЭС экономическим союзом сегодня можно только авансом

Однако наша страна надеется, что это временные трудности.

Грамадства

Апублікаваны поўны тэкст Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі Беларусі

Апублікаваны поўны тэкст Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі Беларусі

Дзяржаўным органам і іншым арганізацыям даручана кіравацца палажэннямі канцэпцыі ў практычнай дзейнасці.