Вы тут

Фонд краязнаўчай літаратуры можа папаўняцца праз канферэнцыі


Такая думка прагучала на «Краязнаўчай прэзентацыі першага Года малой радзімы», якая сабрала ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі неабыякавых асоб з іскрынкай у вачах не толькі дзеля таго, каб падвесці вынікі года, але і вызначыць, у якім кірунку працаваць далей: 2018-ы — толькі першы, прысвечаны малой радзіме, наперадзе — яшчэ два.


— Краязнаўцы адкрываюць для нас многія малавядомыя рэчы, выклікаюць сапраўднае захапленне. А далей усё залежыць ад кожнага: як далёка мы пойдзем у далейшым вывучэнні, ці наведаем месца. Будзем уносіць прапановы аб правядзенні ў наступным годзе Рэспубліканскай краязнаўчай канферэнцыі, — падзяліўся планамі старшыня Беларускага фонду культуры Тадэвуш СТРУЖЭЦКІ. — Мы да гэтага гатовы, ёсць дастаткова зацікаўленых асоб, можна падрыхтаваць дзясяткі цікавых дакладаў — і зрабіць гэта публічна, шырока. А на канферэнцыі яшчэ раз вярнуцца да даўняй ідэі Рэспубліканскага краязнаўчага таварыства. Ёсць і іншыя думкі, якія варта было б зноў агучыць: гэта аднаўленне і працяг унікальнага навукова-даследчага выдавецкага праекта «Памяць». Дзякуючы яму былі напісаны гістарычныя даведнікі аб усіх раёнах нашай краіны. Але сёння, мы ўпэўнены, застаецца яшчэ шмат белых плямаў, якія выявіліся дзякуючы краязнаўчай дзейнасці. Ёсць шмат новых цікавых гістарычных фактаў, якія патрабуюць асэнсавання і, самае галоўнае, захавання для гісторыі. Таксама мяркую, што ў Нацыянальнай бібліятэцы трэба зрабіць паўнавартасны фонд краязнаўчай літаратуры. Бо тое, што захоўваецца ў фондах бібліятэкі, — толькі частка таго, што выдалі краязнаўцы. А іх кнігі насамрэч вельмі карысныя для даследчыкаў і навукоўцаў. Праз стварэнне такога фонду будзе фарміравацца больш поўная палітра краязнаўчай дзейнасці ў нашай краіне.

Прагучала думка, што грамадству трэба ашчадна ставіцца да тых вёсак, сяліб, якія знікаюць, многія з іх зносяцца бульдозерамі. А разам з імі прападаюць і ўнікальныя экспанаты, якія з’яўляюцца незваротнымі. Здавалася б, самая лепшая крыніца для фарміравання фондаў краязнаўчых музеяў — даследаванне такіх будынкаў, якія разбураюцца і не маюць гаспадароў, — гэта трэба даказваць і ў сябе на месцах, і на ўзроўні рэспублікі. Таму што наша гісторыя нашмат больш багатая, чым мы сёння ўяўляем.

— Мы, магчыма, забылі тыя фэсты, якія раней былі ў кожнай вёсцы, — лічыць галоўны рэдактар «Краязнаўчай газеты» Уладзімір Гілеп. — На маёй малой радзіме ў Капыльскім раёне таксама ладзіўся такі фэст. Гэта было 12 верасня, калі ў вёску з’язджаліся ўсе родзічы. Пазней такія зборы забаранілі. Сёння трэба аднавіць гэтую традыцыю, вярнуцца да сходкі людзей, каб мы не забывалі адзін аднаго. Варта адзначыць, што кожны сельсавет павінен думаць пра тое, што, калі на месцы вёскі і пройдзе бульдозер, там павінен стаяць камень, на якім будуць напісаны прозвішчы жыхароў гэтай вёскі. Я сваю радню з пачатку XVІІІ стагоддзя ведаю. А прозвішчы жыхароў сваёй вёскі ведаю ўсе — яны захаваліся да сённяшняга дня. Нашы з вамі прозвішчы — гэта самы цікавы помнік для гісторыі. У Год малой радзімы трэба паглыбляцца ў такія тэмы.

— Я вылучыў для сябе такі кірунак, як вывучэнне лакальнай культуры — гэта ўсё тое, што датычыцца самой вёскі, яе адносін з іншымі рэгіёнамі, — адзначае краязнаўца Іван Восіпаў, гаспадар аграсядзібы «Братэрства босых бортнікаў». — У дзяцінстве я жыў і працаваў у вёсцы з бабуляй і дзядулем: і кароў пасвіў, і сена зграбаў, і шмат іншага рабіў. Таму вырашыў сабраць звесткі пра вясковы лад — для тых, хто жыў там раней, цяпер жыве ці будзе жыць. І данесці свой пасыл калі не да ўсіх, то да тых, хто звязаны з гэтым месцам. Зараз я раблю кнігу, у якой апісаў метады здабычы рыбы, мясціны, дзе можна гэта зрабіць, прылады, якімі можна карыстацца. Аднак акрамя краязнаўча-этнаграфічнай працы я ўжо 12 гадоў вывучаю і папулярызую дагэтуль малавядомы промысел бортніцтва. Гэта форма пчалярства, а таксама людзі, якія ім займаюцца, асяроддзе. Высакародны промысел захаваўся дзякуючы падыходам мясцовага чалавека да сваёй справы: бортніцтва немагчыма перанесці ў іншы рэгіён. Гэты промысел звязвае чалавека са сваім асяроддзем і краем. Натуральна, што папулярызацыя такіх спецыфічных промыслаў — справа даволі складаная, хоць і цікавая.

Кожны раён багаты па-свойму. Калі паглядзець на свет раскрытымі вачыма, можна пабачыць шмат цікавага.

Ніна ШЧЭРБАЧЭВІЧ

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.