Вы тут

«Бэзавы шлях» мастака


Беларуская вёска, схаваная між лясоў і палёў, са старымі дахамі драўляных хат, у якой з кожным годам усё менш жыхароў, вельмі спадзяецца на неабыякавых нашчадкаў. Пакуль яны памятаюць свае карані — мацнець духоўнасці.


Турботы па ўвекавечванні памяці бацькі, кавалера ордэна Францыска Скарыны, жывапісца, пачынальніка творчай дынастыі Барыса Аракчэева часта вядуць мастака Аксану Аракчэеву на Чашніччыну. Хаця мастак нарадзіўся ў Яраслаўскай вобласці, лічыў сваёй радзімай і вёсачку з прыгожай назвай Мар’іна ў Чашніцкім раёне.

Пасля смерці Барыса Уладзіміравіча намаганнямі дачок (а іх у Аракчэева трое) невялічкая хатка ў Мар’іне стала музеем. Развіццё агратурызму ў Беларусі натхніла малодшую на цікавую ідэю. Аксана вырашыла арганізаваць маршрут памяці бацькі. У кастрычніку на Чашніччыне пабывала ўжо трэцяя экскурсія «Бэзавы шлях мастака Барыса Аракчэева». Апошняя бярэ пачатак у Мінску ад дома, дзе ўстаноўлена мемарыяльная дошка і прапісалася аракчэеўская майстэрня. Потым турысты наведваюць горад Крупкі, мастацкая галерэя якога носіць імя мастака. А далей — вельмі дарагая сэрцу творцы Чашніччына.

Старажытнае мястэчка Чарэя знаходзіцца недалёка ад Мар’іна. Барыс Уладзіміравіч пісаў тут азёрны край. У вясковай бібліятэцы захоўваецца яго незавершанае палатно «Ода Чарэі». Наступны прыпынак вандроўнікаў — вёска Гара. На гарскіх могілках мастак пахаваны. Заканчваецца цікавая вандроўка наведваннем Новалукомля, будаўніцтва якога адлюстравана Аракчэевым, Мар’іна і вёскі Белая Царква з унікальным помнікам архітэктуры Свята-Троіцкай царквой.

«Бэзавы шлях» Барыса Уладзіміравіча цягнецца па мясцінах, звязаных з жыццём і дзейнасцю Сапег, Мілашаў. У тыя далёкія часы наваколле славілася бэзам. Вобраз бэзавай Чарэі паўстае ў паэзіі Аскара Мілаша. З любоўю адлюстраваныя гронкі бэза часта сустракаюцца на палотнах Аракчэева. Бэзавы колер — адзін з любімых у палітры мастака. Бэзавы край, дараваны лёсам, моцна звязаў ураджэнца Расіі з беларускай культурай.

Некаторыя палотны, напісаныя Барысам Уладзіміравічам, магчыма, і не з’явіліся б, не спазнай калісьці Аракчэеў маленькую беларускую вёсачку. Да 1962-га яна мела назву Манастыр. Старая назва нагадвае пра часы Льва Сапегі, які заснаваў у гэтым месцы прытулак для манахаў. У Мар’іне жыла цешча мастака — Праскоўя Пятроўна. Да яе ў маленькую драўляную хатку Аракчэевы прыязджалі ўсёй сям’ёй. У сэрцы кожнага з іх час, праведзены тут, пакінуў светлы след. «З 2009 года мы з сястрой вядзём рэканструкцыю хаткі, імкнучыся не толькі захаваць яе, але і ператварыць у музей побыту беларусаў», — распавяла Аксана.

Менавіта з гэтай хаткі, захапіўшы пэндзлі і эцюднік, галава сям’і адпраўляўся да месца будаўніцтва горада беларускіх энергетыкаў Новалукомля. Ён стварыў цыкл карцін пра будні Усесаюзнай камсамольскай будоўлі. Іх хацелі купіць, але сям’я выканала волю Барыса Уладзіміравіча, які марыў размясціць палотны ў музеі Лукомльскай ДРЭС. На ўрачыстасцях, прысвечаных 50-годдзю Новалукомля, Аксана Барысаўна перадала творы бацькі гораду.

Без Мар’іна не было б і многіх іншых палоцен Аракчэева. У гэтым аддаленым ад гарадской мітусні куточку ён пісаў эцюды, з якіх нарадзіліся «Хлеб», «Фарбы восені», «Дары лесу» і інш. Наваколле нагадвала яму роднае Турбанава. Аксана Барысаўна добра памятае паходы з бацькам па грыбы. Дзяўчынка любіла назіраць, як тата адразу браўся маляваць іх. Мастак вызначаўся незвычайнай працавітасцю, але быў зусім абыякавы да славы.

Ірына ТОРБІНА

Выбар рэдакцыі

Культура

Як  мастак Май Данцыг ствараў свае карціны

Як мастак Май Данцыг ствараў свае карціны

Наватар, «шасцідзясятнік», ваяўнічы аптыміст — гэта ўсё пра яго.

Грамадства

Як ператварыць звычайны ўрок беларускай літаратуры у творчую майстэрню?

Як ператварыць звычайны ўрок беларускай літаратуры у творчую майстэрню?

Настаўнікі ўпэўнены: ці будуць вучні чытаць, у многім залежыць ад іх саміх. 

Эканоміка

Петришенко: Называть ЕАЭС экономическим союзом сегодня можно только авансом

Петришенко: Называть ЕАЭС экономическим союзом сегодня можно только авансом

Однако наша страна надеется, что это временные трудности.

Грамадства

Апублікаваны поўны тэкст Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі Беларусі

Апублікаваны поўны тэкст Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі Беларусі

Дзяржаўным органам і іншым арганізацыям даручана кіравацца палажэннямі канцэпцыі ў практычнай дзейнасці.