Вы тут

Ці мог Уладзімір Караткевіч любіць Ядвігіна Ш.?


Усё сваё жыццё аўтар «Зямлі пад белымі крыламі» няхай і ў займальна дэтэктыўнай, меладраматычнай манеры, але нязменна і нязломна апяваў хараство нашага краю, яго слаўную міфічную (напалову прыдуманую самім пісьменнікам) мінуўшчыну, мужных высакародных арыстакратаў-ваяроў, прыгожых дзяўчат, якія натхняюць на самыя нечуваныя паводле свайго гераізму подзвігі.


Падобная рамантычная дэкларатыўнасць была для Ядвігіна Ш. чужая. У сваім адным з апошнім твораў, няскончаным рамане «Золата» (1920 г.), пісьменнік парушыў многія табу.

Напрыклад, лічылася (ды і цяпер лічыцца), што трэба славіць хараство менавіта свайго краю, не кідаць яго, не з’язджаць. Колькі было напісана ў нашай літаратуры сентыментальных твораў (ад Максіма Багдановіча да Максіма Танка) пра бедных гаротных эмігрантаў!

Фактычна нідзе вы не знойдзіце ні верша, ні хоць якой празаічнай імпрэсіі, дзе б пісьменнік апісваў радасць, што ён вырваўся з абдымкаў радзімы і жыве цяпер у Тэхасе, каля Ніягарскага вадаспада ці на выспе Тэнерыфе, пачувае сябе добра і славіць хараство, якое яго акружае. Падобнае «ўслаўленне» чужога з’яўляецца як бы кепскім тонам. Такія выказванні для беларуса табуяваныя.

Нельга чамусьці скласці дзівосную паэму пра Каліфорнію і заставацца беларусам, нельга апісаць хараство мексіканскай пустыні, бо твае нешматлікія чытачы адразу ж могуць цябе ўпікнуць: а як жа роднае і даўно пакінутае палескае балота? Дзе твае вечныя слёзы па ім, а таксама па тым лужочку і сцяжыначцы, па якой малым падпаскам бегаў?

Ядвігін Ш. не баяўся ніякіх упікаў. Яго раман «Золата» — страшная паводле свайго зместу і займальная па форме прыпавесць, дзе мае шанц стаць шчаслівым той, хто знайшоў у сабе сілы кінуць бацькаўшчыну. (На пачатку ХХ ст. была вялікая хваля эміграцыі. — Заўв. рэд.)

Менавіта тады, паводле пісьменніка, можна здабыць гэтак даўно жаданую незалежнасць. Чалавек становіцца свабодным фінансава, не падпадае пад уплыў надакучлівых бацькоў, шматлікіх родзічаў і суседзяў, можа быць самім сабой, а не тым, кім яго хоча зрабіць і бачыць родны асяродак.

Дзеянне рамана фактычна ўвесь час адбываецца ў адной і той жа ўмоўнай вёсцы. Яна выступае як бы метафарай радзімы. Сюды выпадкова трапляе малады падарожны Васіль. Ён марыць з’ехаць да брата ў Амерыку. Але вёска (дзе ён толькі думаў пераначаваць адзін раз), бы той монстр з раманаў Стывена Кінга, учапілася ў героя нябачнымі шчупальцамі і не адпускае.

Вёска (у вобразе розных персанажаў) схіляе застацца, пусціць карані, ажаніцца з прыгажуняй Зосяй, стаць заможным гаспадаром і плюнуць на ўсялякія Амерыкі. Васіль пагаджаецца. І з гэтага моманту мы бачым, як паступова манструазная вёска выпівае з яго ўсе сокі, сілы, кроў, робіць нервы хлопца разгайданымі. Мала таго, ператварае Васіля ў забойцу. Зоська (якая была закаханая ў іншага хлапца Лёксу) падбухторвае Васіля супраць сваёй саперніцы, багатай дзяўчыны Прузыны (бацька Лёксы хоча ажаніць сына з гэтай багатыркай).

Васіль губляе ўсялякую волю. Ён укідвае Прузыну ў студню, жэніцца неўзабаве з каварнай Зоськай, чый Лёкса з’язджае ў Амерыку. Сапраўднага забойцу не знаходзяць. Але ж для Ядвігіна Ш. гэта не так і важна. Бо перад намі не дэтэктыў, а хорар-прыпавесць, дзе важна дэталёва паказаць, што можа стаць з чалавекам там, дзе яму, здавалася, нічога не можа пагражаць.

Васіль паступова вар’яцее, і калі ў яго нараджаецца дачка, якую чамусьці назвалі імем забітай ахвяры, то герой не вытрымлівае і кідаецца ў студню. З Амерыкі прыязджае Васілёў брат, дае грошы на помнік, забірае з сабой у Нью-Ёрк (з гэтага страшнага заразнага месца) сына Васіля, які затым будзе пачуваць сябе сярод хмарачосаў вельмі шчасліва.

Ядвігін Ш. у 20-я гады намаляваў жудасную, містычную зону, дзе чалавек не зможа рэалізаваць свае таленты (Васіль ад прыроды быў цудоўны гаспадар, меў шматлікія цудоўныя фермерскія планы), асуджаны на паступовую дэградацыю і чым больш знаходзіцца ў абдымках бацькаўшчыны, тым менш у яго шанцаў застацца ў жывых. Тут забіваюць (і нават ніхто не рупіцца раскрываць забойствы), п’юць, ненавідзяць, баяцца, падпарадкоўваюць сваёй волі, рабуюць, жывуць не паводле разліку, а па нейкай страшнай інерцыі.

Героі, якія трапляюць у Амерыку, не хочуць вяртацца. Лёкса піша Зосьцы, што не паедзе на вёску, пакуль жывы яго дэспат-бацька, брат Васіля мае добрую працу на фабрыцы і яму няма інтэрасу ехаць туды, дзе пануе хваравітае і заразлівае бязладдзе. Адзінае, што ён можа, — уратаваць хаця б свайго пляменніка, забраўшы яго з сабой. Здаецца заканамерным тое, што сваё «Золата» (якая іранічная назва!) Ядвігін Ш. не дапісаў.

Тут не можа быць ніякага лагічнага канца, бо ўслед за няшчасным Васілём асуджаны на такі ж (больш альбо менш гвалтоўны канец) і астатнія героі, а ператвараць твор у бясконцую эпапею татальнага вымірання, вар’яцтва і сызмору Ядвігіну Ш. наўрад ці хацелася, дый маральных і фізічных сіл не было.

Неўзабаве, сам знясілены хваробамі і нястачамі, пісьменнік у крайняй беднасці памірае (у 1922 годзе).

Упэўнены, што той жа Уладзімір Караткевіч вельмі б моцна выказаўся адносна гэтага правакацыйнага рамана. Але ж літаратура — гэта не газетны артыкул і не канспект выдатніка-падлізы, які старанна піша тое, што яму дыктуе «мудры» настаўнік. Таленавітая літаратура павінна правакаваць, злаваць, выклікаць палеміку, урэшце, часам нават выяўляць тое, што ёсць у грамадстве насамрэч.

Цудоўна, калі часам з’яўляюцца такія творцы, як Ядвігін Ш., што выказваюць у сваіх творах «нязручную» праўду пра нас саміх. І зусім нядзіўна, што зараз гэты пісьменнік амаль цалкам забыты, а яго «Золата» не перачытваецца і не перавыдаецца. Выцясняць і забываць усё тое, што можа прынесці кепскі настрой, — асаблівасць чалавечай памяці.

Васіль ДРАНЬКО-МАЙСЮК

Загаловак у газеце: «Золата», пра якое хочацца забыць

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.