Вы тут

Партрэты кітайскіх сяброў беларускай літаратуры


У Мінску пабачыла свет кніга журналіста і пісьменніка Алеся Карлюкевіча “Колас крочыць па свеце”, дзе пад адной вокладкай сабраны лаканічныя па фармату, але багатыя фактаграфічнымі нарысы пра сяброў беларускай культуры і літаратуры ў свеце.


Болей як 30 паэтам, празаікам, перакладчыкам, літаратуразнаўцам з розных краін свету прысвечаны расповяды, дзе галоўнай па зместу з’яўляецца хроніка іх дружбы з беларускай нацыянальнай літаратурай, беларускімі пісьменнікамі. Аўтар расказвае пра літаратараў з Казахстана, Расіі, Літвы, Украіны, Таджыкістана, Сербіі, Чарнагорыі, Азербайджана, Арменіі, Туркменістана… Сярод герояў кнігі – і кітайскія перакладчыкі, літаратуразнаўцы Гао Ман, Чжан Хуэйцінь.

Гао Ман (нарадзіўся ў 1926 годзе ў Харбіне; памёр у Пекіне ў кастрычніку 2017 года) пераклаў на кітайскую мову зборнік вершаў Максіма Танка (кніга пабачыла свет у 1958 годзе), аповесць “Цынкавыя хлопчыкі” лаўрэата Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры Святланы Алексіевіч (выдадзена ў Пекіне ў 1990 годзе). Кітайскі перакладчык, які доўгі час працаваў у часопісе “Сусветная літаратура”, выдаўцом якога з’яўляецца Акадэмія грамадскіх навук Кітая, - яшчэ і выдатны мастак-каліграф. Акрамя іншых работ ён намаляваў партрэты беларускіх пісьменнікаў – Якуба Коласа, Янкі Купалы, Алеся Адамовіча, Васіля Быкава, Святланы Алексіевіч, Максіма Танка, Навума Гальпяровіча, Алеся Карлюкевіча.

Спадарыня Чжан Хуэйцінь у час працы дэканам факультэта ў Другім Пекінскім дзяржаўным універсітэце замежных моў пры падтрымцы Пасольства Рэспублікі Беларусь у Кітайскай Народнай Рэспубліцы абсталявала Цэнтр культуры Беларусі ў сваёй ВНУ. Ёсць у ім і прадстаўнічая бібліятэка беларускай літаратуры. За час працы Цэнтр культуры Беларусі стаў сапраўдным асяродкам цікаўнасці да беларускай літаратуры і ўвогуле да Рэспублікі Беларусь. І Гао Ман (на жаль, ужо ў мінулым часе), і доктар філалагічных навук Чжан Хуэйцінь – на парцягу некалькіх гадоў сябры Міжнароднага рэдакцыйнага савета кніжнай серыі “Светлыя знакі: Паэты Кітая”, якая выходзіць у Беларусі з 2015 года. За гэты час у творчым праекце былі прадстаўлены пераклады паэзіі Ван Вэя, Ай Ціня, Ду Фу, Лі Бо, Лі Цінчжаа, Мэн Хаажэня і іншых майстроў кітайскай літаратуры.

Сяргей Шычко

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.