Вы тут

Калі выкідваць ёлку?


«Традыцыйна святкуем Новы год і Каляды з упрыгожанай жывой ёлкай. А калі трэба выносіць навагоднюю прыгажуню з хаты?» — пытаецца Ангеліна Н. з Асіповіч.


Нароўні з іншымі атрыбутамі традыцыйных абрадавых практык — адзеннем, рознымі сімвалічнымі рэчамі, стравамі, магічным словам або песняй, расліны і дрэвы, якія былі ўключаны ў кантэкст абрадаў, утваралі своеасаблівую «хатнюю карту гаспадыні», каляндарны год якой час ад часу месціўся ў покуце. Тут былі галінкі вярбы, асвечаныя ў Вербніцу, галінкі клёна і бярозы, якімі ўпрыгожвалі хату на Сёмуху, святаянскія палявыя кветкі і травы, сабраныя на Купалле, яблыкі, арэхі, мак далучаліся да гэтага шэрагу пасля Спаса, плады і галінкі каліны, рабіны — на Раство і Успенне Багародзіцы і інш.

У структуры беларускага традыцыйнага календара пачатак Новага года звязаны з святкаваннем Калядаў. Сімволіка гэтага свята адначасова мела два пачаткі: провады старога і сустрэчу новага каляндарнага года. Адным з асноватворных знакаў святкавання касмічнага вяртання «на кругі свае» і прыроднага адлюстравання гэтай бясконцай цыклічнасці, а таксама абрадавай фіксацыі «пераходу» з аднаго стану ў іншы стала елка — вечназялёнае хвойнае дрэва.

У больш ранняй традыцыі славяне сустракалі новы год з прыходам доўгачаканага цяпла — вясной. І адным з галоўных атрыбутаў у абрадавых дзеяннях святкавання «провадаў зімы» і «сустрэчы вясны» таксама была елка. У Лельчыцкім раёне Гомельскай вобласці мы былі сведкамі дзвюх святочных падзей. 15 лютага ў вёсцы Новае Палессе святкавалі Грамніцы. Па старадаўняй традыцыі ў гэты дзень тут ладзяць Провады зімы. На скрыжаванні дзвюх вуліц жанчыны вадзілі карагоды, а затым пачалі ўпрыгожваць невялікую ёлачку. Яна перадавалася з рук у рукі, і кожная з удзельніц прымацоўвала да галінак свае стужкі і кветкі. Канчатковай мэтай святочнага шэсця жанчын стаў аброчны крыж, які знаходзіўся ў сярэдзіне вёскі на скрыжаваннях. Да яго і прывязалі абрадавае дрэўца.

У цэнтры падзей Гукання вясны, якія разгортваліся ў вёсцы Тонеж таго ж раёна, апынуліся два атрыбуты: пудзіла Зімы (зробленае з саломы і прыбранае ў адзенне жанчыны) і вяршаліна елкі. Дзяўчаты перадшлюбнага ўзросту ўпрыгожылі дрэўца рознакаляровымі папяровымі стужкамі, кветкамі і «печывам»: фігуркамі казы, каровы, мядзведзя, зайца і птушак. Пасля рытуальнага абходу вёскі ўдзельнікі шэсця накіраваліся за ваколіцу. На пагорку стаяў-узвышаўся шматвяковы дуб. «А цяпер, Андруша, лезь на дуба і прымацуй там нашу ёлачку, туды, бліжэй да сонейка, каб хутчэй вясна прыйшла, птушачкі прыляцелі і нам цёпла было!» — сказала адна з жанчын, і хлапчук пачынаў прымацоўваць абрадавае «дрэўца» да вяршаліны сакральнага дрэва. Побач з дубам развялі вогнішча, у якім пасля працяглага ваджэння карагодаў спалілі пудзіла зімы... Удзельнікі свята апавясцілі свет пра тое, што зіма саступіла месца чарговаму абнаўленню прыроды.

«Жыццё», або перыяд існавання таго ці іншага атрыбута, заўсёды вызначалася рэгламентам абрадавай практыкі: напрыклад, галінкі вярбы будуць спалены ў суботу напярэдадні чарговай Вербніцы. Тое ж самае датычылася і навагодняй ёлкі. Пачатак пераходу на новы гадавы цыкл адбываецца ўвечары з 24 на 25 снежня (менавіта ў гэту ноч у прыродзе адбываецца паварот сонца на новы жыццёвы круг), таму і ёлку лепш за ўсё прынесці ў хату ўвечары 24 снежня, а вынесці яе з хаты варта пасля завяршэння Калядаў (у залежнасці ад таго, да якой хрысціянскай канфесіі вы сябе адносіце). Нагадаем, беларусы-каталікі святкуюць Каляды з 24 снежня па 5—6 студзеня, праваслаўныя беларусы з 6 да 20—21 студзеня), абавязкова да заходу сонца, каб усю тую адмоўную энергію, якую яна «ўвабрала» ў сябе за гэты двухтыднёвы пераходны час, не «перанесці» ў новы год зямнога існавання.

Дарэчы, паўсюдна было прынята невялікія галінкі елкі, якія збіралі пасля Вадохрышча ў храме або каля палонкі, несці дамоў. Лічылася, калі пакласці такую галінку ў покут або пад дах, хата і іншыя гаспадарчыя пабудовы абыдзе ўраган і навальніца: «Каб хлеў віхурай не знесла».

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК

Дасылайце свае пытанні аб каранях і прыстасаванасці да сучаснага жыцця каляндарных і сямейна-побытавых народных традыцый і абрадаў на паштовы або электронны адрас рэдакцыі з пазнакай «Пра радзіннае».

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».