Вы тут

Віцебскаму абласному краязнаўчаму музею споўнілася 100 гадоў


Цікава, што падставай для яго стварэння стала перадача дзяржаве калекцыі яе збіральнікам Антонам Рафаілавічам Брадоўскім. Бадай, унікальны выпадак у гісторыі музейнай справы рэспублікі.


Медалі, мінералы, вееры...

Антон Рафаілавіч нарадзіўся ў беднай мяшчанскай сям'і ў Новааляксандраўску (зараз — Зарасай, Літва). Ён самастойна вывучаў розныя дысцыпліны: геалогію, геадэзію, мінералогію, біялогію, палеанталогію, касмаграфію, архітэктуру, фартыфікацыю, археалогію, нумізматыку, геральдыку.

У 1893 годзе ў якасці будаўнічага тэхніка і чарцёжніка Брадоўскі быў пераведзены ў Вільню, у Акруговае ваенна-інжынернае ўпраўленне. Прафесійная дзейнасць і, верагодна, шырокае кола знаёмстваў, спрыялі папаўненню збору. Іх калекцыянер размясціў у двух пакоях сваёй кватэры. Прыватны збор атрымаў назву «Музей старажытнасцяў і мастацкай прамысловасці».

У 1915 годзе разам з супрацоўнікамі інжынернага ўпраўлення Брадоўскі эвакуіраваўся ў Віцебск. Узяў, канешне ж, і свой збор.

У складзенай у 1920 годзе справаздачы аб рабоце музея Брадоўскі прыводзіць пералік 40 калекцый: тут курганныя артэфакты, мінералы, вееры, званочкі, гадзіннікі, курыльныя трубкі, зброя, карціны...

Самай шматлікай і каштоўнай была калекцыя нумізматыкі: манеты Старажытнай Грэцыі, Рыма, Усходу, Расіі, Польшчы і іншых краін. А таксама медалі, ордэны ды іншыя знакі адрознення.

Дык колькі гадоў музею?

Дарэчы, у некаторых СМІ з'явілася інфармацыя, што па сутнасці правільна было б святкаваць 150-ю гадавіну. У музейнай установе растлумачылі, што 150 гадоў таму прынялі рашэнне стварыць музей пры Віцебскім губернскім статыстычным камітэце. Але ж калекцыя захоўвалася ў кардоннай каробцы ў грашовым сейфе. Не гаворачы пра тое, што музейнага будынка, супрацоўнікаў тады не было.

Як растлумачыў намеснік дырэктара па навуковай рабоце Віцебскага абласнога краязнаўчага музея Валерый Шышанаў, афіцыйна ў наш час абласны музей, а ў 1918 годзе Віцебскі губернскі, заснаваны 12 лістапада 1918 года.

— Губернскі аддзел народнай адукацыі даў згоду на прыняцце калекцыі Антона Брадоўскага і выдаў загад № 3407 аб стварэнні на яе аснове губернскага музея і прызначэнні загадчыкам самога калекцыянера. Музей быў адкрыты для наведвання ў маі 1919 года ў адным з памяшканняў былой духоўнай семінарыі, — расказаў суразмоўнік.

Рашэннем СНК БССР ад 4 лістапада 1924 года віцебскаму музею быў перададзены будынак гарадской ратушы, які музей займае да гэтага часу. У тым жа годзе музей атрымаў статус аддзялення Белдзяржмузея ў Віцебску. І адпаведна — дзяржаўнае фінансаванне з рэспубліканскага бюджэту. У склад увайшлі калекцыі былога музея Віцебскай вучонай архіўнай камісіі, былога царкоўна-археалагічнага музея, прыватнага музея В. П. Федаровіча.

Перадавалі экспанаты археолагі

У гады Вялікай Айчыннай вайны фонды былі эвакуіраваны ў Саратаў. Пасля вызвалення Віцебска, 4 верасня 1944 года СНК БССР зацвердзіў пастанову Віцебскага абласнога савета дэпутатаў аб узнаўленні дзейнасці Віцебскага дзяржаўнага гістарычнага музея.

— На працягу другой паловы 1950-х гадоў у стацыянарнай экспазіцыі Віцебскага абласнога краязнаўчага музея былі раздзелы: прыроды, дасавецкага перыяду, савецкага часу (1917—1945 гады), раздзел пасляваеннага сацыялістычнага будаўніцтва, — працягвае Валерый Шышанаў.

У 1960-м быў адкрыты мастацкі аддзел. За той жа час з'явіліся тры філіялы Віцебскага музея: былая турма СД у Віцебску, экспазіцыі, прысвечаныя падпольнай групе «Юныя мсціўцы» — у гарадскім пасёлку Обаль Шумілінскага раёна і генералу Л. М. Даватару — ва Уле Бешанковіцкага раёна.

У 1976 годзе пачаліся работы па падрыхтоўцы рэстаўрацыі галоўнага будынка музея, сімвала абласнога цэнтра — ратушы. У сувязі з гэтым доступ публікі да стацыянарнай экспазіцыі быў абмежаваны, а неўзабаве ўвогуле спынены. Асноўную ўвагу падчас правядзення рэстаўрацыйных работ, якія зацягнуліся на дзесяць гадоў, супрацоўнікі абласнога музея звярнулі на камплектаванне фондавага збору і стварэнне выставак.

Для папаўнення фондаў наладжваліся комплексныя экспедыцыі, падчас якіх былі сабраны прылады працы і побыту сялян, узоры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, матэрыялы па гісторыі партызанскага руху, калгаснага будаўніцтва, індустрыялізацыі.

Перадавалі ў фонды і знаходкі, зробленыя падчас археалагічных даследаванняў Верхняга і Ніжняга замкаў Віцебска.

У Віцебску раскопкі праводзіліся ў 1970—1980-я гады. У музей перадалі каштоўныя калекцыі керамікі, вырабаў з металу, косці, скуры, дрэва. У тым ліку падвескі, залаты пярсцёнак, выразаныя з косці абразок, крыж, шахматныя фігуркі і многае іншае, — удакладняе намеснік дырэктара.

Манетка... Пушкіна!

У верасні 2016 года адбылося адкрыццё новага філіяла Віцебскага абласнога краязнаўчага музея — Музея гісторыі прыватнага калекцыянавання. Ён размясціўся ў гістарычным будынку канца ХІХ стагоддзя — былой электрастанцыі, якая выпрацоўвала электрычнасць для першага ў Беларусі трамвая.

— Стварэнне новай экспазіцыі было абгрунтавана тым, што менавіта ў гэтым горадзе больш за сто гадоў таму працавала плеяда калекцыянераў, краязнаўцаў, навукоўцаў, чые прыватныя зборы ляглі ў аснову першых музеяў Віцебска. Новы музей з'яўляецца пераемнікам Музея прыватных калекцый, які быў створаны ў 1993 годзе на аснове прыватнага збору Івана Галькевіча.

Адна з прадстаўленых у экспазіцыі манет мае прыгожую легенду і таму з'яўляецца асабліва каштоўнай, хоць гэта звычайная медная манета — 2 капейкі 1811 года. Па легендзе, гэтая манета належала Аляксандру Сяргеевічу Пушкіну. Як жа яна трапіла ў калекцыю Галькевіча?

Пра гэта ва ўспамінах расказваў сам калекцыянер: «У бытнасць сваю ў Пскове Пушкін зайшоў да шаўца Тапаркова адрамантаваць абцас правага чаравіка. За працу ён заплаціў меднымі манетамі. Ведаючы Пушкіна, просты рускі чалавек асобна захаваў дарагія для яго манеты. Некалькі штук ён раздаў сваім сябрам на памяць пра Пушкіна, дзве манеты пакінуў свайму ўнуку Яўграфію Апанасавічу Тапаркову. Апошні адну з іх падарыў у 1915 годзе свайму начальніку, маладому інжынеру Рагоўскаму, які жыў у яго на кватэры.

Рагоўскі, прачытаўшы артыкул «Хатні музей» пра калекцыянера Галькевіча, апублікаваны ў часопісе «Огонек» у 1958 годзе, даслаў Івану Данілавічу гэтую манету з лістом, які скончыў наступнымі радкамі: «Захоўвайце гэтую манету, як захоўвалі яе Тапарковы каля ста гадоў, і 42 гады захоўваў яе я. Гэтая манета — дарагая рэліквія і памяць аб вялікім Пушкіне».

І ўнікальная берасцяная грамата

Аддзел этнаграфіі.

У фондах музея каля 217 тысяч адзінак захоўвання.

Экспануецца крыху больш за 20 тысяч. І звязана гэта з абмежаванасцю экспазіцыйных плошчаў, адсутнасцю пастаянных экспазіцый, якія раскрываюць напрыклад, губернскі, савецкі перыяд. Але многія з прадметаў можна выстаўляць толькі абмежаваны час, паколькі немагчыма забяспечыць іх захаванасць: гэта графіка, фатаграфіі, рукапісы і гэтак далей.

— Якія экспанаты самыя ўнікальныя? — цікаўлюся ў суразмоўніка.

— Складана адказаць на гэтае пытанне, паколькі ў фондах музея шмат унікальных прадметаў, і як казалі даўней «у сваім родзе». Гэта і калекцыі тканіны — прадметы сялянскага і мяшчанскага касцюма ХІХ стагоддзя; набойныя дошкі другой паловы ХІХ стагоддзя; унікальная нумізматычная калекцыя — у тым ліку 14 «яфімкаў з прыкметай» еўрапейскіх талераў з надчаканкамі Маскоўскага манетнага двара (1655 год), якіх усяго вядома крыху больш за 2000 экзэмпляраў.

Сярод іншага ў музеі захоўваюцца прадметы, звязаныя з многімі выдатнымі людзьмі ХІХ—ХХ стагоддзяў. Напрыклад, лісты Яна Баршчэўскага, архіў вядомага віцебскага гісторыка Аляксея Сапунова, калекцыя жывапісу ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя.

Гонар музейных работнікаў — унікальны да гэтага часу для Беларусі прадмет — берасцяная грамата, якая знойдзена ў Віцебску ў 1959 годзе.

Установа культуры, пачынаючы з 1992 года, удзельнічае ў арганізацыі выставачнай праграмы ў межах Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». За апошнія гады найбольш значнымі былі выстаўкі з розных музеяў і прыватных калекцый: выстаўка ранніх работ Марка Шагала, твораў Сальвадора Далі і Пабла Пікаса і іншыя...

У музеі штогод бывае больш за 150 тысяч наведвальнікаў, праводзіцца больш за 100 выставак, каля 2000 экскурсій.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: Векавы юбілей

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.