Вы тут

Як правільна ўтылізаваць ёлку


Знакамітая песня «Елачка» заканчваецца словамі пра пацеху і радасць, якую хвоя прыносіць людзям у святочныя дні. Пра тое, што адбываецца з елкай пасля, гаварыць не прынята. Тым не менш з сярэдзіны студзеня сумную карціну можна ўбачыць у кожным двары краіны. Сіратлівымі, высахлымі ялінкамі забітыя практычна ўсе сметнікі.


Раней вастрыня праблемы не адчувалася, бо ў дамах былі печкі. Адгулялі святы, і — «раз, два, тры — ялінка, гары! (у прамым сэнсе)!» Дрэўца прыемна патрэсквае і дае цяпло. Цяпер нават у многія вёскі правялі прыродны газ. Неабходнасць у дрэве як энерганосьбіце адпала. Затое з'явіліся «елачныя могілкі».

Як высветлілася, тэма правільнай утылізацыі жывых елак хвалюе многіх беларусаў. Ва ўсякім разе, у Цэнтр экалагічных рашэнняў у студзені звяртаюцца часцей за ўсё менавіта з гэтым пытаннем.

— У Мінску навагодняе дрэва можна прыбраць трыма спосабамі. Першы варыянт патрабуе часу і пэўных намаганняў, але ён самы правільны з пункту гледжання экалагічнасці. Елку трэба акуратна распіліць, падсушыць і вывезці на лецішча або ў лес, каб выкарыстаць у якасці дроў. Хвоя і дом можа абагрэць, і добрыя вуглі для прыгатавання шашлыкоў з яе атрымаюцца. Другі варыянт усім вядомы: пакінуць дрэва на спецыяльнай пляцоўцы для буйнагабарытнага смецця ў двары. Адтуль ялінку вывезуць на палігон.
І хоць дрэва адносіцца да арганічных адходаў і па ідэі павінна даволі хутка згніць, пад слаямі з іншага смецця працэс зойме значна больш часу, чым у натуральным асяроддзі. Зусім неэкалагічна. Апошні варыянт — адвезці елку ў заапарк. Адны жывёлы не адмовяцца паласавацца хвояй, іншыя будуць радыя «пагуляць» з сухім дрэвам ці пачасаць аб яго спінку, — расказала Дар'я Чумакова, кіраўнік праграмы па экалагічна прыязным ладзе жыцця цэнтра.

Жыхары вёсак і невялікіх гарадоў, побач з якімі ёсць фермы, могуць зазірнуць са сваімі елкамі туды. Але папярэдне абавязкова звяжыцеся з загадчыкамі агракомплексаў і пацікаўцеся, ці патрэбна хвоя для іх скацінкі. Карысць такой дабаўкі ў рацыён жывёлы даўно даказана навукоўцамі. Праўда, аддаючы елку на корм, уважліва ачысціце яе ад мішуры і «дожджыку».

Калі магчымасці вывезці сваю «калючку» няма, можна пусціць яе ў ход, не пакідаючы кватэры. Прыхільнікі народнай медыцыны ведаюць, што хвоя — крыніца вітаміну С. Ён у нашых шыротах зімой асабліва неабходны. Паспрабуйце прыгатаваць хвойны настой для падтрымкі імунітэту. Запарце некалькі галінак разам з іголкамі кіпнем, няхай настаяцца. А пасля дадайце крыху мёду. Лясныя лекі гатовыя! Дарэчы, такім настоем (толькі без мёду) можна і пакаёвыя кветкі падкормліваць.

Заўзятым садаводам і ландшафтным дызайнерам таксама не раім спяшацца выкідваць навагодняе дрэва. Калі перапрацаваць яго ў дранку, то можна атрымаць ідэальны матэрыял для мульчыравання. Дранкай прысыпаюць зямлю вакол раслін, яна захоўвае вільгаць у глебе і не дае распаўсюджвацца пустазеллю.

А як у іншых

У Еўропе, дзе газ, вугаль і тым больш дрэва каштуюць неймаверна дорага, карыснымі рэсурсамі раскідвацца не прывыклі. У Фінляндыі кожны дзясяты дом у студзені і лютым атрымлівае цяпло і гарачую ваду дзякуючы святочным дрэвам. Немцы ў адным толькі Берліне адпраўляюць на перапрацоўку не менш за 400 тысяч елак пасля свят. Усе яны ідуць на ацяпленне гарадскіх кватэр і грамадскіх устаноў. Шведы пайшлі яшчэ далей: ствалы адпраўляюць на фабрыкі мэблі, галінкі з іголкамі — на корм жывёлам. Акрамя таго, тут з хвоі робяць касметыку. Вынаходлівыя канадцы на аснове хвойных экстрактаў з навагодніх дрэў ствараюць лекі ад грыпу.

Нашы найбліжэйшыя суседзі таксама ад сусветных трэндаў не адстаюць. У Расіі пакуль зборы зялёных прыгажунь праходзяць пад лозунгамі накшталт «Сустрэў прыгожа Новы год — вярні елку ў абарот». Валанцёры і мясцовыя ўлады прыстройваюць цэлыя елкі ў заапаркі, перапрацаваныя на дранку ідуць на патрэбы паркаў, сквераў і садоў. Ва Украіне «Кіеўзялёнбуд» заклікае гараджан да экалагічнай свядомасці ўжо чацвёрты год запар. Ва ўсіх раёнах украінскай сталіцы працуюць пункты прыёму навагодніх дрэў. Прычым з кожным сезонам акцыя становіцца больш папулярнай сярод людзей. За мінулыя студзень — люты ўдалося сабраць больш за дзесяць тысяч елак, якія вясной пайшлі на мульчыраванне гарадскіх дрэў і кветак.

Цікава, што падобныя акцыі некалькі разоў пачыналіся і ў беларускіх гарадах, але, не займеўшы належнай падтрымкі сярод жыхароў, згасалі.

— Ёсць надзея, што ў найбліжэйшыя гады камунальныя службы, зялёнбуды і лясгасы ўсё ж падключацца да праблемы. Гэтыя арганізацыі маюць тэхніку, якая перапрацоўвае дрэвы на дранку. Елкі, сосны, туі — цудоўны кампост, нашто тады выкідваць іх на сметнікі? — разважае Дар'я Чумакова. — Вядома, многае залежыць ад саміх людзей і іх жадання зберагчы прыроду. Экалагічныя звычкі выпрацоўваюцца гадамі. Ялінку, з якой сыплюцца іголкі, прасцей данесці да сметніка, чым давезці да пункта прыёму ці ў заапарк. Таму важна працаваць у першую чаргу з сумленнем людзей, пашыраць іх веды ў тэме экалогіі.

Ганна КУРАК, фота аўтара

Загаловак у газеце: Адвязіце прыгажуню... у заапарк

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».