Вы тут

Якімі рэагентамі пасыпаюць нашы вуліцы і да чаго гэта можа прывесці


Сярэдзіна студзеня, а новыя скураныя боты выглядаюць так, быццам вы ў іх прайшлі тысячу кіламетраў па ўзбочыне шашы? Сітуацыя знаёмая кожнаму гараджаніну ў наш час. Чым так шчодра апрацоўваюць дарогі і як ад гэтага абараніць свой абутак, расказаў хімік, старшы выкладчык кафедры аналітычнай хіміі хімфака БДУ
Віталь КОНДРАЎ.


— Карыстацца антыгалалёднымі сумесямі пачалі ў Савецкім Саюзе яшчэ ў далёкія 50—60-я гады. Прыйшла гэтая практыка да нас са скандынаўскіх краін, дзе зімы хоць і мяккія, але даволі працяглыя. У сярэдзіне ХХ стагоддзя ў Маскве, Кіеве, Мінску асфальт пасыпалі ва ўмераных колькасцях хларыдам натрыю — звычайнай кухоннай соллю (яе яшчэ называюць галітам) ці пясчана-салянымі сумесямі. Тады як у паўночных рэгіёнах, дзе тэмпература паветра ў некалькі разоў ніжэйшая і пастаянна лютуе мароз, прыходзілася выкарыстоўваць гэтыя ж рэагенты ў вялікіх колькасцях або «атакаваць» лёд хларыдам кальцыю. Ён даражэйшы, але больш эфектыўны пры нізкіх тэмпературах. А пясчана-саляная сумесь у вадзе замярзае ўсяго пры мінус 2—6 градусах, — пачынае з гістарычнага экскурсу навуковец.

Сёння ў Беларусі няма адзінай схемы барацьбы са «снежна-лёдавай» праблемай на дарогах. Кожная арганізацыя закупае рэагенты, адштурхоўваючыся ад сваіх фінансавых магчымасцяў.

Дарожныя і камунальныя службы збольшага працягваюць выкарыстоўваць «пясок-соль». Танней за ўсё, і «лепш нічога не прыдумалі».

Так, на першага студзеня на апрацоўку сталічных двароў супрацоўнікі ЖКГ патрацілі крыху больш за тысячу тон пясчана-саляной сумесі.

— За дзень ідзе прыблізна 40—50 тон. Лічба вялікая, аднак суаднесенасць складнікаў сумесі залежыць ад надвор'я. Аптымальная канцэнтрацыя солі — каля 30 працэнтаў. Гэтага дастаткова, каб знізіць слізганне на тратуарах і дарожках унутры двароў, — расказала Юлія СІДАРОВІЧ, вядучы інжынер аддзела добраўпарадкавання Мінскай гарадской жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Аднак, на думку Віталя Кондрава, галіт не самы лепшы варыянт для нашых дарог.

— Калі тэмпература паветра вар'іруецца ад плюс да мінус пяці, як у гэтым снежні, — можна смела апрацоўваць дарогі соллю. Але студзень — люты звычайна прыносяць нам нечаканыя начныя маразы. Уявім сітуацыю: днём мы пасыпалі пясчана-саляную сумесь, яна пераўтварыла снег і лёд у вадкасць, якая сцякла з дарог і ў тым ліку трапіла ў асфальт — праз мікрашчыліны і дзірачкі. А ў ноч ударылі 10—15-градусныя маразы. Успамінаем школьны курс хіміі. Вада пры замярзанні расшыраецца ў аб'ёмах амаль на 10 працэнтаў. А разам з ёй «раз'язджаецца» дарожнае пакрыццё. З-за гэтага мы і маем вясной сумную карціну: разам са снегам і соллю сыходзіць асфальт. Таму лепш браць сумесі з хларыдам кальцыю. Перапады тэмператур ім не страшныя. Іншы варыянт — насычаць пясчана-саляную сумесь ізапрапілавым спіртам. Ён пры змяшэнні з вадой паніжае яе тэмпературу замярзання да мінус 40 (напрыклад, калі гарэлку ў маразілку паставіць, нічога з ёй не адбудзецца), — тлумачыць хімік. — Нельга забываць і пра экалогію. Соль «топіць» снег, пасля гэты раствор сцякае ў гарадскія калектары ці сыходзіць у глебавы слой, які знаходзіцца побач з асфальтам. Хларыд натрыю на нашых дарогах — гэта адходы вытворчасці кухоннай солі. Па сутнасці, самой солі там 90—95 працэнтаў, астатняе — цяжкія металы, сульфаты і іншае. Яны актыўна звязваюцца з гумінавымі кіслотамі — асноўным кампанентам глебы — і затрымліваюцца на паверхні. Пасля трапляюць у расліны і літаральна знішчаюць іх. Вядома, гэта можа адбыцца не пасля разавай апрацоўкі дарогі. Камунальныя і дарожныя службы сапраўды не перавышаюць нормы, але акумулятыўны эфект ніхто не адмяняў.

Зразумела, што зусім ад хіміі на дарогах адмовіцца немагчыма. Але мінімізаваць яе аб'ёмы — рэальна.

— Калегі з Маскоўскага дзяржуніверсітэта расказвалі, што ў іх ужо некалькі гадоў пасыпаюць тратуары гранітнай крошкай. Дробныя крупінкі ўпіваюцца ў снег і лёд, тым самым робяць паверхню шурпатай. Ніякай салёнай слоты пад нагамі — а значыць, абутак застанецца цэлым і жывёлы змогуць без боязі хадзіць па вуліцах. Калі ж снег пачне сыходзіць, гранітная крошка проста асядзе на асфальт і плітку. Яе можна змесці, а пасля паўторна выкарыстаць наступнай зімой. Вось вам і эканамічная эфектыўнасць. Тым больш што ў Беларусі ёсць сваё прадпрыемства па здабычы граніту. Экалагічнасць гэтага спосабу пацвярджаюць навукоўцы. Кусты побач з тратуарамі, пасыпанамі гранітнай крошкай, здаравейшыя за тыя, што церпяць ад «саляных паліванняў».

Абутак з натуральнай гладкай скуры псуецца ад галіту яшчэ хутчэй за дрэвы.

— Скура мае поры. Менавіта ў іх трапляе саляны раствор, які пры высыханні праяўляецца белымі плямамі. Каб гэтага не дапусціць, неабходна перад кожным выхадам на вуліцу апрацоўваць боты воданепрымальнымі сродкамі. Такія крэмы, як правіла, змяшчаюць высокамалекулярныя прадукты перапрацоўкі нафты. Разам з тым адным «памазаннем» не абысціся. Вяртаючыся дадому, абавязкова праходзьцеся па ботах вільготнай анучкай. А вось ад абутку з нубуку ці замшы зімой лепш увогуле адмовіцца, — раіць Віталь Кондраў. — Гэтыя матэрыялы ад солі абараніць даволі цяжка. Белыя разводы на іх непазбежныя. Пакутуюць зімой ад солі і сабачкі. Для іх гаспадароў выйсце адно — маленькіх гадаванцаў выносіць на прагулку ў парк на руках, вялікіх «абуваць», як сябе.

Некаторыя любяць прыгадаць даўнія часы, калі абутак служыў не адзін сезон, а 5—10 гадоў. І ў такім выпадку задаюцца пытаннем: а можа, на дарогі не толькі соль сыплюць, раз яна так раз'ядае нават натуральную скуру? Хімік гэтыя сумненні развейвае:

— Па-першае, старэйшае пакаленне са свайго абутку пылінкі здувала і ніколі не грэбавала элементарнымі правіламі догляду. Людзі раней больш цанілі рэчы. Па-другое, успомніце, якой тады была скура. Жорсткая, цвёрдая. Сёння ні адна дзяўчына на такі абутак нават не глянула б — гэта ж быў амаль аналаг керзавых ботаў. Сучасным модніцам падавай вытанчаныя боцікі з мяккіх матэрыялаў, а яны, на жаль, трываласцю не вылучаюцца.

Ганна КУРАК

Выбар рэдакцыі

Культура

Як у Чавускім раёне праводзіліся святыя вечары

Як у Чавускім раёне праводзіліся святыя вечары

Традыцыя варажыць на нарачонага прыйшла з язычніцкіх часоў.

Грамадства

Мастацкі кіраўнік «Песняроў» пра радасці і складанасці сямейнага жыцця

Мастацкі кіраўнік «Песняроў» пра радасці і складанасці сямейнага жыцця

«Я лічу, што мужчына можа заводзіць сям'ю, калі ў яго ўжо ёсць сваё жыллё або выразная перспектыва, калі яно з'явіцца».

Грамадства

Небяспечныя гульні. На што трэба звярнуць увагу бацькам падлеткаў

Небяспечныя гульні. На што трэба звярнуць увагу бацькам падлеткаў

Днямі суд Першамайскага раёна Мінска абвясціў прысуд удзельнікам вечарынкі, падчас якой 19-гадовая дзяўчына загінула ад ужывання псіхатропу

Эканоміка

Падрыхтаваны праект новага ўказа аб аднаўляльных крыніцах энергіі

Падрыхтаваны праект новага ўказа аб аднаўляльных крыніцах энергіі

Так званая «зялёная» энергетыка ў апошнія гады развіваецца ў нашай краіне хуткімі тэмпамі.