Зімой, здаецца, сама прырода распарадзілася маркоціцца і хандрыць: дні стаяць кароткія, а сонца мы амаль не бачым. Пасумаваць пару дзён, канешне, не страшна. Але калі дрэнны настрой цягнецца тыднямі, тут размова можа ісці пра дэпрэсію. Да яе схільныя ўсё больш людзей у свеце. І паводле прагнозаў вучоных, да 2020 года яна выйдзе на другое месца па распаўсюджанасці пасля сардэчна-сасудзістых хвароб.
Медыкі тлумачаць, што стрэс — гэта сітуацыя, у якой чалавек аказаўся ўпершыню, і ў яго яшчэ няма вопыту, як вырашыць сваю праблему, няма ведаў пра тое, якія наступствы яго чакаюць. Такая невядомасць сур'ёзна ўплывае на нервовую сістэму, але звычайна востры стан доўжыцца тры-чатыры дні, а затым праходзіць. Калі ж чалавек зноў і зноў аказваецца ў цісках абставін і выдатна ведае, чым для яго абернецца страта работы, скасаванне шлюбу ці фінансавы крызіс, і гэтыя непрыемнасці ідуць чарадой, — атрымліваецца, што ён пастаянна жыве ў стане стрэсу. І вось тут нервовая сістэма, якая не можа справіцца з непасільнай нагрузкай, дае збой. Як ні сумна, перад дэспрэсіяй, як і перад каханнем, усе ўзросты скараюцца. І людзі сталага веку — не выключэнне. Сыход з работы, адзінота і ўзроставыя хваробы толькі пагаршаюць эмацыянальны стан.
Прыкметы дэпрэсіі
Асноўнымі характарыстыкамі дэпрэсіі з'яўляюцца адчуванне стомленасці і апустошанасці, безнадзейнасці і непапраўнасці, маркоты і тугі, у гэтым стане завышана самакрытыка, прысутнічае пачуццё глыбокай віны.
— Чалавек пачынае займацца самаедствам, бясконца сябе вінаваціць, пастаянна наракаючы на абставіны і жыццё ўвогуле, часта крытыкуе навакольных і блізкіх за адсутнасць разумення яго стану, яго раздражняюць пазітыўныя людзі, ён ва ўсім шукае недахопы, ходзячы па крузе, і зноў вяртаецца да сваіх светаадчуванняў, — тлумачыць урач-псіхатэрапеўт Гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Марына Шчаслянок. — Тое, што раней прыносіла задавальненне, яго ўжо не радуе, ён і хацеў бы знайсці гэтаму замену, але не атрымліваецца. Ён жыве ў сваім свеце — адзінокі і не зразумелы нікім, абыякавы да таго, што яго акружае.
Цяжкі эмацыянальны стан узмацняецца фізічнымі недамаганнямі, ці гэта будуць парушэнні функцый сардэчна-сасудзістай сістэмы і абмену рэчываў, ці бяссонніца, адсутнасць апетыту і іншае.
Узроставы крызіс
Больш складаным відам з'яўляецца ўзроставая дэпрэсія. Яна мае свае прычыны: эмацыянальны стан ускладняе пагаршэнне фізічнага здароўя, звязанае з пэўнымі ўзроставымі змяненнямі ў арганізме. Чалавек, які выходзіць на заслужаны адпачынак, вельмі выразна адчувае розніцу паміж сваім ранейшым ладам жыцця і цяперашнім.
Незапатрабаванасць, марнасць, адзінота і адчай становяцца спадарожнікамі пажылога чалавека. Жыццё цячэ марудна і аднастайна. У сувязі з узроставымі абмежаваннямі ўладкавацца на работу праблемна, дзеці выраслі і ў іх свае сем'і, больш за тое, ім ужо не патрэбна бацькоўская апека. Узнікаюць праблемы са здароўем, непазбежныя ўзроставыя змены знешнасці. Мяняецца і асяроддзе кантактавання.
Таму вельмі важна, каб блізкія не пакідалі без увагі сваіх пажылых бацькоў і сваякоў. А тым больш не ігнаравалі стан узроставай дэпрэсіі. Ні ў якім разе нельга наракаць на ўзрост ды непазбежнасць такога стану і ў сувязі з гэтым адсутнасць метадаў лячэння. Не пакідайце чалавека на волю лёсу і сам насам з хваробай.
— Як правіла, да пажылых бацькоў мы прыходзім залечваць свае раны, калі нам цяжка. Аднак забываем, што яны таксама перажываюць і, хутчэй за ўсё, у адзіноце, — нагадвае Марына Шчаслянок.
Як яе пераадолець
Пастарайцеся планаваць сваю будучыню, і не трэба баяцца перамен — услед за імі ваша жыццё напоўніцца новым сэнсам, а паставіўшы перад сабой мэту і імкнучыся да яе, вы не пакінеце ў сваім жыцці месца для дэпрэсіі. Але ваш пасыл у будучыню павінен быць толькі пазітыўным і несці аптымізм, а не смутак.
І самае галоўнае — не бойцеся радавацца жыццю і атрымліваць ад яго асалоду, не хавайце сваіх пачуццяў і эмоцый. Пенсія — гэта не прыгавор. А вашы гады — ваша багацце.
Алена КРАВЕЦ
Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве
Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.