Вы тут

Ці такое карыснае вегетарыянства?


Якія небяспекі тоіць абмежаванне ў ежы

На працягу двух апошніх дзесяцігоддзяў у нас распаўсюдзіліся розныя харчовыя прыхільнасці, сярод якіх пераважае вегетарыянства. Як строгае, якое не дапускае ніякіх відаў жывёльнага бялку, — веганства, так і тое, што дапускае ўжыванне некаторых прадуктаў жывёльнага паходжання — такіх як яйкі, малако ці рыба. Радыкальныя формы вегетарыянства заклікаюць да сыраядзення (толькі раслінная і неапрацаваная ежа), «фруктарыянства» (толькі сырыя фрукты) і інш.


Ідэя ўтрымлівацца ад жывёльнай ежы прыйшла да нас і з Захаду — разам з культам падцягнутага цела, модай сачыць за сабой і здароўем, і з Усходу, дзе вегетарыянства звязана з рэлігійна-духоўнай традыцыяй. Ва ўсім свеце, дарэчы, вегетарыянства прытрымліваецца каля 15 % насельніцтва. І прычыны, чаму людзі вырашаюць выконваць правілы гэтага кірунку, могуць быць як дыетычныя (паправіць здароўе ці лепш выглядаць), так і духоўныя (падчас прытрымлівання розных практык і культаў) ці этычныя (напрыклад, не прыносіць болю жывым істотам). Так ці іначай, такі спосаб харчавання не можа не ўплываць на наш арганізм.

— Несумненна, пэўныя плюсы ў вегетарыянства ёсць, і заключаюцца яны ў тым, што ў расліннай ежы — агародніне, фруктах і збожжавых — змяшчаецца шмат вітамінаў, мінералаў, фітанцыдаў, клятчаткі. Лёгкасць ператраўлівання большасці прадуктаў станоўча ўплывае на нашу стрававальную сістэму, — расказвае ўрач-гігіеніст Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Вольга ФІНСКАЯ. — Разам з тым у вегетарыянстве існуюць і негатыўныя моманты.

  • Найперш, гэта незбалансаванасць па асноўных пажыўных рэчывах. У рацыёне пераважаюць вугляводы, зусім мала бялку і тлушчаў, якія неабходны арганізму.
  • Раслінны бялок засвойваецца горш, чым жывёльны, і не змяшчае ўсіх патрэбных нам амінакіслот, якія ў норме мы атрымліваем з мяса. А бялок, між іншым, — гэта будаўнічы матэрыял для клетак і тканак, без яго не могуць выпрацоўвацца гармоны і ферменты.
  • Вегетарыянства тоіць небяспеку развіцця жалезадэфіцытнай анеміі, бо жалеза, якое змяшчаецца ў расліннай ежы, не так добра засвойваецца.
  • Адсутнасць вітамінаў В12 і В2 можа прывесці да развіцця захворванняў нервовай сістэмы, дэпрэсіі і трывогі.
  • У выніку недахопу вітаміну Д у дзяцей развіваецца рахіт, а ў дарослых — астэапароз, разбураецца косная тканка зубоў.
  • Назіраецца дэфіцыт такіх мікраэлементаў, як кальцый, ёд, цынк.

Таму, прымаючы рашэнне стаць вегетарыянцам, варта памятаць і пра негатыўныя наступствы такога выбару. Магчыма, вам давядзецца дадаткова прымаць карысныя рэчывы, якіх не хапае, у якасці харчовых дабавак і кансультавацца са спецыялістам аб дапушчальнасці такога харчавання ў адпаведнасці са станам вашага здароўя.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.