Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У традыцыйным спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра першы этап прэстыжнага ралі-рэйду «Дакар-2019» і іншыя актуальныя падзеі выхадных.


1. Аляксандра Сасновіч паспяхова правяла стартавы матч на турніры ў аўстралійскім Сіднеі. У гульні 1/16 фіналу беларуска атрымала перамогу над расіянкай Дар'яй Касаткінай — 6:1, 6:4. У 1/8 фіналу Аляксандра згуляе з аўстралійскай тэнісісткай Прысцылай Хон.

Тым часам Арына Сабаленка пацярпела паражэнне на турніры ў аўстралійскім Сіднеі. У паядынку першага раўнда Арына, якая займае 11-е месца ў сусветным рэйтынгу, саступіла восьмай ракетцы планеты чэшцы Петры Квітавай у двух сэтах — 1:6, 5:7.

Ілья Івашка пераможна стартаваў на турніры ў аўстралійскай Канберы, у матчы 1/16 фіналу беларус перайграў аўстралійца Джэймса Фроўлі — 6:4, 1:6, 7:6. У барацьбе за выхад у чвэрцьфінал Ілья Івашка, які займае 94-е месца ў сусветным рэйтынгу, будзе сапернічаць з чылійцам Томасам Барыясам, які знаходзіцца на 333-й пазіцыі рэйтынга АТР.


2. Гоншчык беларускай каманды «МАЗ-СПОРТаўта» Аляксей Вішнеўскі ўвайшоў у дзясятку наймацнейшых першага этапу прэстыжнага ралі-рэйду «Дакар-2019». Стартавы этап у сталіцы Перу Ліме складаўся з 330-кіламетровага ўчастка да гарадка Піска. Працягласць спецадрэзка, які ішоў у залік гонкі, склала 84 км. У заліку грузавікоў першае месца заняў экіпаж КамАЗа Эдуарда Нікалаева. Найлепшым з беларусаў стаў Аляксей Вішнеўскі, які саступіў пераможцу 6 хв. 8 сек. і стаў дзявятым.

Сярэбраны прызёр мінулага года ў агульным заліку грузавікоў беларус Сяргей Вязовіч завяршыў выступленне 14-м з адставаннем у 10 хв. 27 сек. Трэці экіпаж «МАЗ-СПОРТаўта», Аляксандра Васілеўскага, заняў 17-ю пазіцыю ў выніковым пратаколе.

Марафон «Дакар-2019» праходзіць па тэрыторыі Перу. Ралі-рэйд зойме 11 дзён і завершыцца 17 студзеня ў Ліме. Гоншчыкам трэба будзе праехаць каля 5 тыс. км. Больш чым палова маршруту пралягае праз пясчаныя трасы з вялізнымі дзюнамі і іншымі перашкодамі.


3. Мужчынская зборная Беларусі па валейболе саступіла на выездзе камандзе Іспаніі з лікам 0:3 і пацярпела першае паражэнне ў кваліфікацыі да чэмпіянату Еўропы 2019 года. Нягледзячы на паражэнне, за кошт большай колькасці перамог (4-1) зборная Беларусі захавала першае месца ў турнірнай табліцы: Беларусь — 11 ачкоў (5 матчаў), Іспанія — 11 (5), Нарвегія — 8 (5), Грузія — 0 (5).

Заключны тур адбудзецца 9 студзеня, наша каманда ў Осла згуляе з Нарвегіяй, а іспанцы ў Тбілісі сустрэнуцца з Грузіяй.


4. Валейбалісткі «Мінчанкі» пацярпелі паражэнне ад «Зарэчча-Адзінцова» ў гасцявым матчы з лікам 1:3 у чэмпіянаце Расіі ў суперлізе. Беларуская і падмаскоўная каманды ўжо сустракаліся ў гэтым сезоне на папярэдняй стадыі Кубка Расіі, і падапечныя Віктара Ганчарова таксама двойчы пацярпелі паражэнне.

Наступны матч расійскай суперлігі валейбалісткі «Мінчанкі» згуляюць на сваёй пляцоўцы ва «Уруччы» 9 студзеня з лідарам чэмпіянату — калінінградскім «Лакаматывам».


5. Беларускія атлеты 18 студзеня правядуць матчавую сустрэчу па боксе, прымеркаваную да 90-годдзя айчыннай школы бокса, супраць сапернікаў з Францыі і Чэхіі. Турнір пройдзе ў цэнтральным атрыуме гандлёвага цэнтра «Сталіца». Для беларускіх спартсменаў гэты турнір стане адным з вырашальных этапаў падрыхтоўкі да ІІ Еўрапейскіх гульняў, а таксама ліцэнзійнага чэмпіянату свету па боксе, які пройдзе ў верасні 2019 года ў Екацярынбургу.

Усяго за ўзнагароды турніру пазмагаюцца 29 атлетаў.


6. Хакеісты мінскага і рыжскага «Дынама» правядуць матч чэмпіянату КХЛ на адкрытым паветры 15 лютага. Гульня адбудзецца ў Рызе, білеты паступяць у продаж 9 студзеня. Нагадаем, годам раней мінчане атрымалі ў сталіцы Латвіі перамогу з лікам 3:2.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».